Вікіпэдыя:Старонкі абмеркаваньняў

(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:СА»)

У кожнага артыкула ёсьць старонка абмеркаваньня, на якую можна перайсьці на ўкладцы «абмеркаваньне» наверсе. На гэтай старонцы ўдзельнікі абмяркоўваюць магчымыя паляпшэньні зьместу і шляхі падвышэньня якасьці артыкула. Асабліва важна выкарыстоўваць старонку абмеркаваньня ў выпадку магчымай вайны рэдагаваньняў. Свае старонкі абмеркаваньняў таксама ёсьць і ў іншых старонак Вікіпэдыі, усе яны знаходзяцца ў гэтак званых няцотных прасторах. Дыскусіі, якія ня тычацца якойсьці пэўнай старонкі, звычайна праходзяць на старонках у прасторы «Вікіпэдыя:» — напрыклад, на форуме.

Правілы дыскусіяў

рэдагаваць

Старонка абмеркаваньня артыкула ня мусіць выкарыстоўвацца як месца вядзеньня аддаленых дыскусіяў пра прадмет артыкула або выкладу асабістых поглядаў удзельнікаў, бо зьмест артыкула ўрэшце мусіць грунтавацца на надзейных крыніцах.

У абмеркаваньнях не дазваляюцца абразы, пагрозы і пераходы на асобу апанэнта. Калі ласка, абмяркоўвайце артыкулы, а не аўтараў.

Выкарыстаньне ненарматыўнай і лаянкавай лексыкі дазваляецца толькі на старонках абмеркаваньня артыкулаў пра такую лексыку.

У Вікіпэдыі, як і ўсюды, ня варта ўцягвацца ў бессэнсоўную спрэчку — помніце пра мэту вядзеньня ўсякай дыскусіі — якасьць і праўдзівасьць энцыкляпэдычнага артыкула. Спрэчкі звычайна сканчаюцца дасягненьнем кансэнсусу.

Ня варта зьмяняць тэкст чужых паведамленьняў. Каб зьмяніць уласныя паведамленьні, варта выкарыстоўваць пазнаку <s>закрэсьліваньня</s>.

Свае паведамленьні на старонках абмеркаваньняў абавязкова трэба падпісваць.

Структура старонкі

рэдагаваць
== Тэма 1 ==
...
...

== Тэма 2 ==
...

Старонка абмеркаваньня складаецца з асобных частак — разьдзелаў абмеркаваньня — таксама званых тэмамі. Разьдзелы ствараюцца з дапамогай вылучаных знакамі «=» назоваў (гл. падрабязьней).

Стварэньне тэмы

рэдагаваць

Звычайна новыя тэмы дадаюцца зьнізу з дапамогай укладкі «дадаць тэму» («+» у пэўных тэмах афармленьня), а для назова тэмы ёсьць асобнае поле «тэма/назоў». Аднак на форуме і на пэўных іншых старонках новыя тэмы дадаюцца зьверху, і ў акне рэдагаваньня даводзіцца ўручную дадаваць «== назоў ==».

Назоў мусіць коратка адлюстроўваць сутнасьць новай дыскусіі. Ня варта выкарыстоўваць бессэнсоўныя назовы — «пытаньне», «камэнтар» і іншыя. Ня трэба выкарыстоўваць у назовах шаблёны.

Рэдагаваньне тэмы

рэдагаваць

Каб дадаць паведамленьне ў існую тэму варта націснуць спасылку [рэдагаваць крыніцу] направа ад назова. Пры гэтым тэкст назова аўтаматычна дадаецца ў поле апісаньня рэдагаваньня паміж /* і */. Па запісе рэдагаваньня MediaWiki аўтаматычна пераўтворыць гэта ў спасылку на разьдзел з такой назвай.

На пэўных старонках (напрыклад «Вікіпэдыя:Запыты да адміністратараў») ня варта пачынаць рэдагаваньне з службовага падразьдзелу «Вынік», бо згубіцца спасылка на разьдзел у апісаньні рэдагаваньня.

Афармленьне паведамленьняў

рэдагаваць
Рэпліка [[user:Хтосьці|Хтосьці]] 20:40, 28 верасьня 2018 (UTC)
: Адказ. [[user:Хтосьці 2|Хтосьці 2]] 20:40, 28 верасьня 2018 (UTC)
:: Яшчэ адказ. ~~~~

Сваё паведамленьне варта дадаваць з новага радка ў самым канцы існай дыскусіі. Пры гэтым варта з дапамогай двукроп’яў павялічыць водступ зьлева ў параўнаньні з папярэднім паведамленьнем. У тым выпадку, калі водступ папярэдняга паведамленьня вельмі вялікі, можна зноў перайсьці да левага краю бяз водступаў.

Калі вы жадаеце дадаць паведамленьне ў сярэдзіну дыскусіі, то варта дадаткова павялічыць водступ, каб не было ўражаньня, што наступная (ужо напісаная) рэпліка зьяўляецца адказам на вашу. Альтэрнатыўным варыянтам зьяўляецца даданьне паведамленьня ў самым нізе, але з пазнакай, каму вы адказваеце.