Вікіпэдыя:Кансэнсус
Гэтая старонка — частка правілаў Вікіпэдыі. Пададзеным тут нормам мусяць падпарадкоўвацца ўсе ўдзельнікі. Перад рэдагаваньнем упэўніцеся, што зьмены адпавядаюць пагадненьню. Калі маеце сумневы, сьпярша абмяркуйце зьмены на старонцы абмеркаваньня. |
Скарачэньні: ВП:КС ВП:ЗГОДА |
---|
Усе працэсы, зьвязаныя з рэдагаваньнем старонак Вікіпэдыі або яе ўдзельнікамі, так ці іначай спалучаюцца з пошукам згоды (кансэнсусу) датычна зьместу гэтых старонак.
Пры рэдагаваньні артыкулаў кансэнсус звычайна дасягаецца натуральным шляхам — па тым як адзін з удзельнікаў уносіць рэдагаваньне або дадатак на якойсьці з старонак Вікіпэдыі, усе, хто ўбачыць гэтую зьмену, могуць на яе адрэагаваць, зьмяніўшы ці скасаваўшы яе, або пакінуць яе ў сіле. У апошнім выпадку «маўчаньне» (адсутнасьць рэакцыі) зьяўляецца знакам згоды з занесеным рэдагаваньнем, пры ўмове, што пра яе даведалася дастатковая колькасьць удзельнікаў. Калі гаворка вядзецца пра зьмяненьне правілаў і рэкамэндацыяў Вікіпэдыі, пра плянаваныя зьмены варта адмыслова інфармаваць супольнасьць праз адпаведныя форумы, каб забясьпечыць дасягненьне кансэнсусу на значна больш высокім узроўні.
Нязгоду, якая ўзьнікае, варта ўрэгуляваць, ветліва, прыводзячы патрэбныя аргумэнты, падтрымліваючы атмасфэру супрацы — пры патрэбе на старонках абмеркаваньня артыкулаў. У час абмеркаваньняў дзеяньні ўдзельнікаў мусяць імкнуцца выпрацоўваць і падтрымліваць нэўтральныя фармулёўкі, на якія можна дасягнуць кансэнсус. Пры гэтым, калі выяўляецца, што датычна той або іншай групы пытаньняў часта складаецца адно і тое ж агульнае меркаваньне, то яго варта аформіць у выглядзе асобнай рэкамэндацыі, каб пазбавіць удзельнікаў ад патрэбы ўвесь час абмяркоўваць адно і тое ж. У тых рэдкіх выпадках, калі кансэнсус знайсьці вельмі цяжка, варта выкарыстоўваць дадатковыя магчымасьці, выпрацаваныя ў рамках працэдур разьвязаньня канфліктаў, узгодненых супольнасьцю. Сярод іншага гэта запрашэньне да ўдзелу ў дыскусіі незалежных дасьведчаных удзельнікаў і разгляд праблем, якія замінаюць дасягненьню кансэнсусу.
Калі ў абмеркаваньнях у Вікіпэдыі заходзіць гаворка пра «кансэнсус», то заўсёды маецца на ўвазе кансэнсус, дасягнуты «ў рамках усталяваных правілаў і працэдур». Кансэнсус, дасягнуты сярод вызначанай невялікай групы ўдзельнікаў, амаль ніколі ня ў стане пераважыць кансэнсус, дасягнуты супольнасьцю ў цэлым і зафіксаваны ў правілах.
Цьвярозы розум пры пошуку кансэнсусу
рэдагавацьКансэнсус можна знайсьці толькі ў выніку супольнай працы разважных удзельнікаў, якія шчыра імкнуцца да дакладнага і адэкватнага выкладу розных пунктаў гледжаньня на вызначанае пытаньне (пры гэтым настойлівыя спробы ўнесьці ў артыкул малаважны факт насуперак меркаваньню многіх іншых удзельнікаў прызнаюцца парушэньнем кансэнсусу).
Правіламі немагчыма даць дакладнае вызначэньне разважнай пазыцыі. Так, разважныя ўдзельнікі, напрыклад, могуць дапушчаць, што і меркаваньне, процілеглае іх уласнаму, таксама можа мець пэўны грунт. У той жа час упартае прасоўваньне эксцэнтрычнага пункту гледжаньня, спалучанае з адмовай даць сумленную ацэнку іншым меркаваньням, не спрыяе дасягненьню кансэнсусу. У рэдкіх выпадках, праўда, можа выявіцца, што і ў «эксцэнтрычнай пазыцыі» ёсьць пэўныя вартасьці, — у такім выпадку кансэнсус можа з улікам гэтай пазыцыі зьмяніцца.
Нават у тых сытуацыях, калі ўнёсак удзельніка здаецца вам прадузятым, помніце, што яго рэдагаваньні могуць тлумачыцца добрымі намерамі, злучанымі з шчырым жаданьнем палепшыць артыкул. Варта амаль заўсёды меркаваць пра добрыя намеры ў іншых удзельнікаў і заўсёды заставацца ў межах этычных паводзінаў.
Кансэнсус можа зьмяняцца
рэдагавацьКансэнсус не зьяўляецца чымсьці непарушным. Часам супольнасьці варта — і нават бывае трэба — зьмяніць свой пункт гледжаньня на нейкае пытаньне.
Так, напрыклад, часам здараецца, што ў пэўны момант невялікая група ўдзельнікаў дасягае кансэнсусу датычна пэўнага пытаньня на ўзроўні ўсёй супольнасьці. Аднак калі супольнасьць потым такі кансэнсус не прыме, калі агульнае меркаваньне было хібна сфармуляваным або пазьней зьмянілася, то супольнасьць можа прыйсьці да іншага кансэнсусу датычна гэтага ж пытаньня.
Часам невялікай групе аўтараў, якія працуюць над вызначаным артыкулам, атрымоўваецца прыйсьці да кансэнсусу, які можа потым выклікаць пярэчаньні ў шырэйшага кола ўдзельнікаў. У такой сытуацыі спробы гэтай групы аўтараў блякаваць даданьне зьменаў у артыкул толькі на той падставе, што «кансэнсус ужо дасягнулі», будуць няслушнымі, бо ніводны ўдзельнік і ніводная абмежаваная група ўдзельнікаў ня могуць у аднабаковым парадку заяўляць пра наяўнасьць вызначанага кансэнсусу супольнасьці або пра яго зьмену. Калі ж якісьці ўдзельнік (або невялікая група ўдзельнікаў) лічыць, што ў яго ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што раней дасягнуты кансэнсус больш не адпавядае праўдзе, ён мае права ўзьняць гэта пытаньне на адпаведнай старонцы абмеркаваньня артыкула або на адпаведным форуме, запрасіўшы зацікаўленых удзельнікаў выказацца з гэтай нагоды.
З гэтага не вынікае, што Вікіпэдыя ня ўлічвае мінулых прэцэдэнтаў. Сам факт наяўнасьці прэцэдэнту — кансэнсусу датычна таго або іншага пытаньня — зьяўляецца важкім аргумэнтам, які ўсё яшчэ можа захоўваць актуальнасьць. Варта, аднак, адрозьніваць аргумэнтаваныя сумневы, якія выказваюцца з нагоды важнага пытаньня або рэкамэндацыі, і назойлівыя спробы прасунуць асобны пункт гледжаньня, якія парушаюць функцыянаваньне праекту.
Разьвязкі ў Вікіпэдыі маюць схільнасьць да бесьперапынных зьменаў у зьвязку з тым, што кожны дзень у праект прыходзяць новыя ўдзельнікі, у супольнасьці зьяўляюцца новыя ідэі і новая інфармацыя, якія дазваляюць па-іншаму зірнуць на пэўныя рэчы. Менавіта таму важна мець спосаб перагляду ранейшых разьвязкаў, незалежна ад таго, якім чынам гэтыя разьвязкі прыймаліся. Такім чынам, ніводны разьвязак ня варта разглядаць як абсалютна непарушны і не падлеглы перагляду. Пэўныя зь іх — напрыклад, рэкамэндацыя Вікіпэдыя:Не даводзьце да абсурду — падтрымліваюцца вялікай колькасьцю ўдзельнікаў, і для іх магчымага перагляду запатрабавалася б шырокае абмеркаваньне ў межах усёй супольнасьці. Для іншых зьменаў — напрыклад, дробных рэдагаваньняў правіла або зьменаў фармулёвак у тым або іншым артыкуле — можа быць дастаткова звычайнага разгляду на старонцы абмеркаваньня артыкула або на форуме.
«Тата забараніў, паспрабую спытаць у мамы» (пра некарэктныя спосабы пошуку кансэнсусу)
рэдагавацьЧасам можна стварыць ілюзію зьмены кансэнсусу, проста ўздымаючы адное і тое ж пытаньне зноў і зноў у надзеі, што ў гэты раз на абмеркаваньне «зазірнуць» удзельнікі, якім у большай ступені спадабаецца альтэрнатыўны разьвязак. Гэта, аднак, няўдалы спосаб пошуку новага кансэнсусу, бо супярэчыць філязофіі яго дасягненьня. Разьвязкі ў Вікіпэдыі прымаюцца не паводле колькасьці ўдзельнікаў, «якія зазірнулі» і «якія прагаласавалі», а на падставе прыведзеных аргумэнтаў. Спробы зьмяніць кансэнсус мусяць грунтавацца на ясным супастаўленьні ранейшай аргумэнтацыі, якая лягла ў аснову існага кансэнсусу, і новых аргумэнтаў. Таму ў новым разьдзеле старонкі абмеркаваньня трэба падаць рэзюмэ гісторыі абмеркаваньняў азначанага пытаньня з спасылкамі на папярэднія дыскусіі — гэта дасьць магчымасьць новым удзельнікам азнаёміцца з абгрунтаваньнем існага кансэнсусу і абраць разьвязак на падставе максымальна поўнай інфармацыі.
Адной з прыкмет таго, што зьмены кансэнсусу напраўду не адбылося, зьяўляецца тое, што ўдзельнікі, якія актыўна выказваліся раней, амаль не бяруць удзел у новым абмеркаваньні. У такім разе зьмены, якія вы зробіце на падставе такога няпоўнага абмеркаваньня, відаць, адразу будуць «адкатвацца» тымі, хто ня браў удзелу ў новым абмеркаваньні. Не ўступайце ў вайну рэдагаваньняў з тымі ўдзельнікамі, а лепей паспрабуйце далучыць іх да новага абмеркаваньня.
Яшчэ адным няўдалым спосабам атрыманьня большай падтрымкі спробы зьмяніць кансэнсус, якая правалілася, зьяўляецца вынясеньне яго на абмеркаваньне ў новым, менш прыдатным да гэтага месцы Вікіпэдыі. Слушней знайсьці найбольш прыдатнае месца для абмеркаваньня — і абмеркаваць пытаньне менавіта там і толькі адзін раз. Зразумела, калі вы першапачаткова выбралі няўдалую старонку для абмеркаваньня пытаньня, то трэба перанесьці яго на новае месца.
Практыка пошуку кансэнсусу
рэдагавацьНаяўнасьць кансэнсусу не азначае ўсеагульнай падтрымкі абранага варыянту разьвязаньня праблемы. Гэта хутчэй азначае, што ўсе пагаджаюцца «падпарадкоўвацца» абранаму варыянту.
Сярод удзельнікаў, якія выконваюць кансэнсус, будуць тыя, хто падтрымвае прыняты варыянт, але будуць і тыя, хто не падтрымлівае яго, або не надае пытаньню дастатковага значэньня, або ня можа прывесьці дастаткова пераканаўчых аргумэнтаў на карысьць сваёй пазыцыі, а таксама тыя, хто актыўна пратэстуе супраць абранага варыянту, але мусіць яму падпарадкавацца, каб не парушаць правілаў Вікіпэдыі (знойдуцца і актыўныя апанэнты дасягнутага кансэнсусу, хто паспрабуе дзейнічаць насуперак заведзеным правілам). Пераканацца, ці дасягнуты напраўду кансэнсус, можна толькі паспрабаваўшы рухацца наперад, выкарыстоўваючы яго як базу.
У той час як найважнейшым элемэнтам выпрацаваньня кансэнсусу зьяўляецца ўпэўненасьць у тым, што ўсе бакі выслуханы і ўсе аргумэнты разгледжаны, часьцяком бывае вельмі цяжка прыйсьці да адзінага варыянту разьвязаньня праблемы, пагатоў калі многія з удзельнікаў дыскусіі напраўду не імкнуцца да эфэктыўнай супрацы. Часам узьнікаюць сумневы ў магчымасьці, увогуле, дасягнуць кансэнсус па азначаным пытаньні і незразумела, як прасунуцца ў бок яго дасягненьня і ў чым ён, увогуле, можа складацца.
На практыцы, многія людзі, якія цікавяцца азначаным пытаньнем, пачынаюць з таго, што проста заходзяць на старонку абмеркаваньня і ацэньваюць, ці набірае іх уласная пазыцыя хоць бы «большасьць галасоў». Хоць такі грубы спосаб дае вызначаны арыенцір да таго, на чым можна засяродзіць свае высілкі, гэты падыход зусім не зьяўляецца спосабам знаходжаньня кансэнсусу (ці вызначэньнем як складаецца кансэнсус). Дзеля знаходжаньня кансэнсусу патрабуецца старанна ацаніць сілу і якасьць саміх аргумэнтаў, прыведзеных рознымі бакамі, а таксама азначаных нюансаў. У складаных сытуацыях таксама варта залішні раз зазірнуць у правілы і рэкамэндацыі Вікіпэдыі. Толькі такі ўзважаны падыход прымальны для ўдзельніка, які зьбіраецца распачаць якіясьці дзеяньні на падставе кансэнсусу, што складаецца ў абмеркаваньні.
Меркаваньні меншасьці, як правіла, адлюстроўваюць істотныя аспэкты пытаньня, а таму дыскусія мае ставіць на мэту дасягненьне найбольш прымальнага кампрамісу. У сытуацыях, калі працягласьць дыскусіі вызначаецца загадзя, не з усімі ўдзельнікамі атрымоўваецца дасягнуць кампрамісу ў пастаўленыя тэрміны. У гэтай сытуацыі варта выбраць такі варыянт, які задаволіць асноўную колькасьць удзельнікаў (а ня проста адносную большасьць). Простае ігнараваньне аргумэнтаў меншасьці можа толькі прывесьці да незьлічоных праблем. Па-першае, тым самым можна выпусьціць з-пад увагі важныя аспэкты пытаньня, на якія паказвае меншасьць, і ўжо неўзабаве можа быць прапанавана перагледзець кансэнсус. Па-другое, такія дзеяньні, відаць, пакінуць процілеглы бок з пачуцьцем несправядлівасьці і крыўды, што прывядзе да асабістага канфлікту — і, магчыма, ужо заўтра «адгукнецца» вам, калі ў меншасьці апыняцеся вы.
Такім чынам, прыняцьце таго або іншага варыянту разьвязаньня праблемы ў Вікіпэдыі не засноўваецца на фармальным падліку галасоў: Вікіпэдыя — не экспэрымэнт у сфэры дэмакратыі. Галасаваньні або апытаньні самі па сабе не зьяўляюцца асновай для прыняцьця нейкага варыянту, і ніхто ня мусіць падпарадкоўвацца іх вынікам, з выняткам пэўных асобных выпадкаў, калі гэта абумоўліваецца правіламі.
Новым удзельнікам, не знаёмым з паняцьцем кансэнсусу, варта ўсьвядоміць, што галасаваньне хутчэй пачынае абмеркаваньне, а не завяршае яго. Сапраўдны кансэнсус выпрацоўваецца менавіта ў выніку дыскусіі. Таму пры правядзеньні апытаньня адказы мусяць падмацоўвацца аргумэнтацыяй. Гэта паслужыць добрым пачаткам да дыскусіі і выпрацаваньня прымальнага кампрамісу. Бывае і так, што ўдзельнік, які добра падрыхтаваўся, можа практычна ў адзіночку схіліць шалі вялікай дыскусіі ў бок сваёй пазыцыі.
Выняткі
рэдагавацьІснуюць выняткі, калі пэўныя пытаньні разьвязваюцца інакш, бяз пошуку кансэнсусу:
- Заявы Джымба, Рады павераных фундацыі Вікімэдыя або распрацоўнікаў праграмнага забесьпячэньня Mediawiki, якія датычацца пытаньняў заканадаўства (абарона аўтарскіх правоў, абарона асабістай інфармацыі) або нагрузкі на сэрвэры праекту, адразу ж набываюць статус правіла.
- Правілы разьдзелу Вікіпэдыі на беларускай мове не пашыраюцца на дзеяньні прадстаўнікоў адміністрацыі «Фундацыі Вікімэдыя» ў дачыненьні да зьместу вызначаных артыкулаў, якія маюць мэтай выдаленьне спрэчнага або незаконнага зьместу ў зьвязку з скаргамі, што на яго паступілі.
- Варыянты разьвязаньня пэўных пытаньняў, абраныя ў межах аднаго з праектаў, ня могуць зьмяняць больш агульных правілаў, прынятых на аснове шырэйшага кансэнсусу. У межах таго або іншага праекту нельга прыняць пастанову аб тым, што на артыкулы праекту не пашыраецца тое або іншае агульнае правіла.
- Прынцыпы Фундацыі Вікімэдыя зьяўляюцца базавымі прынцыпамі ўсіх праектаў Вікімэдыя і, такім чынам, засноўваюцца на найбольш дасягальным кансэнсусе ў межах усіх праектаў Вікімэдыя. Гэтыя кансэнсусы маюць фундамэнтальны характар, і імі вызначаюцца ўсе астатнія дамовы Вікімэдыя і Вікіпэдыі.
Выкарыстаньне старонак абмеркаваньняў
рэдагавацьПрацэс пошуку кансэнсусу не патрабуе абавязковага выкарыстаньня старонак абмеркаваньняў, аднак калі гэта магчыма, то для вядзеньня дыскусіяў варта выкарыстоўваць менавіта гэтыя старонкі. Перад занясеньнем істотных рэдагаваньняў карысна зазірнуць на старонку абмеркаваньня артыкула, каб высьвятліць, ці не абмяркоўвалася гэтае пытаньне раней. У іншых выпадках сьмела рэдагуйце, бо найгалаўнейшае ў Вікіпэдыі — гэта ўдасканаленьне артыкулаў.
Камэнтары да рэдагаваньняў маюць абмежаваньне паводле даўжыні і іх можна няслушна патлумачыць. У многіх выпадках узьнікаюць непаразуменьні, калі нечаканае рэдагаваньне рабілася да таго, як удзельнік пакінуў на старонцы абмеркаваньне аргумэнты на яго карысьць. Таму ўва ўсіх спрэчных і далікатных сытуацыях рэкамэндуецца выкарыстоўваць старонкі абмеркаваньня для аргумэнтацыі істотных зьменаў перад іх занясеньнем. І наадварот — калі вы ня маеце пэўнасьці датычна чыгогасьці рэдагаваньня, пачакайце нейкі час, і на старонцы абмеркаваньня, магчыма, зьявіцца камэнтар да яго.