Валенці Ваньковіч

беларускі мастак
(Перанакіравана з «Вяленці Ваньковіч»)

Валенці Вільгельм Ваньковіч (12 траўня 1800[2], маёнтак Калюжыца Ігуменскага павету — 12 траўня 1842, Парыж) — мастак, прадстаўнік рамантызму, выдатны майстар партрэта першай паловы XIX ст.

Валенці Ваньковіч
Валенці Ваньковіч, аўтапартрэт
Дата нараджэньня 12 траўня 1800
Месца нараджэньня маёнтак Калюжыца Ігуменскага павету, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 12 траўня 1842 (42 гады)
Месца сьмерці Парыж, Францыя
Месца пахаваньня
Адукацыя Віленскі ўнівэрсытэт
Месца вучобы
Занятак жывапіс
Навуковая сфэра жывапіс[1]
Плынь рамантызм

Біяграфія Рэдагаваць

 
Аўтапартрэт, 1848 год

З старажытнага беларускага[3] шляхецкага роду Ваньковічаў гербу «Ліс», сын Мэльхіёра, павятовага судзьдзі, і Схалястыкі з Гарэцкіх. Карані роду Ваньковічаў сягаюць у XVI ст. (першым прадстаўніком стаіць Еры-Юры Ваньковіч), а легендарным родапачынальнікам называецца полацкі князь Ванька, якога Кейстут ажаніў з сваёй дачкой (імя невядомае)[4].

Нарадзіўся ў родавым маёнтку Калюжыцы Ігуменскага павету, дзяцінства прайшло ў родавым маёнтку Сьляпянка пад Менскам.

Навучаўся ў Полацкай езуіцкай калегіі (1811—1818), дзе захапіўся жывапісам, шмат капіяваў з натуры. Потым атрымліваў адукацыю на аддзяленьні літаратуры і прыгожых мастацтваў Віленскага унівэрсытэту ў прафэсара Яна Рустэма (1818—1824), дзе спрабаваў сябе ў партрэце (пераважна сяброў таварыства філяматаў і філярэтаў). Акрамя таго, наведваў заняткі на факультэце фізычных навук, вывучаў оптыку і законы распаўсюджаньня сьвятла. Паводле пастановы ўнівэрсытэцкай рады накіраны на завяршэньне мастацкай адукацыі ў Імпэратарскую акадэмію мастацтваў у Пецярбургу (1825—1828). За дыплёмную праграму «Подзьвіг кіяўляніна ў 988 годзе» В. Ваньковічу прысуджаюць Малы залаты мэдаль з правам стажыроўкі за мяжой.

У лютым 1829 году вярнуўся ў Менск, меў дзьве майстэрні — у Малой Сьляпянцы і ў Менску, дзе працаваў зь сябрам Чэславам Манюшкам, бацькам вядомага кампазытара Станіслава Манюшкі. У гэты час напісаў партрэты бацькі, сястры Станіславы Гарноўскай, Дамініка Манюшкі, дзьдзькі Антона Гарэцкага, жонкі Анэлі зь дзецьмі, мясцовых шляхцічаў. Майстэрню ў Сьляпянцы часта наведвалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі. З пачаткам вызвольнага паўстаньня (1830—1831) меў намер далучыцца да паўстанцаў (купіў зброю і каня), але працяглая хвароба не дала зьдзейсьніцца гэтаму[5]. 21 верасьня 1832 году за партрэты, «пісаныя з натуры», Пецярбурская Імпэратарская акадэмія мастацтваў уганаравала В. Ваньковіча званьня «прызначанага» ў акадэміі і прапанавала для атрыманьня званьня акадэміка напісаць сямейны партрэт зь фігурамі ў поўны рост.

У ліпені 1839 году выехаў у эміграцыю. Перад ад’ездам напісаў тэстамэнт на карысьць жонкі. Наведаў Мюнхэн (у 1840 годзе ўдзельнічаў там у выставе), Дрэздэн, Бэрлін, а 15 верасьня 1841 году прыехаў у Парыж і асталяваўся ў доме свайго сябра А. Міцкевіча на вуліцы Д’Амстэрдам. У Парыжы пачаў новы этап у сваёй творчасьці, у якім узрасьлі містычныя настроі, падтрыманыя даўнім сябрам філёзафам Андрэем Тавянскім (карціны «Апафэоз Напалеона», 1841; «Напалеон над разарванай картай Эўропы», 1841; «Імправізуючы Міцкевіч», 1841; «Ecce homo», 1842). У 1842 годзе стварыў свой апошні аўтапартрэт.

Яшчэ ў Пецярбургу ажаніўся з Анэляй Растоцкай (пам. у 1870), зь якой меў сыноў Адама Вінцэнта (нар. 24 сьнежня 1829 году), Казімера Адама і Яна Эдварда, а таксама дачку.

Памёр у Парыжы ад сухотаў на руках у Адама Міцкевіча, які запісаў яго тэстамэнт: частку з сваіх карцін мастак перадаў сваёй сям’і і сябрам юнацтва — А. Міцкевічу і А. Тавянскаму, астатнія былі прададзеныя з аўкцыёна за пазыкі, але сумы на ўсю выплату не хапіла[5]. Пахаваны на могілках Манмартр-дэ-Сэн-Дэні. Апошняя яго карціна «Маці Божая Вастрабрамская» захоўваецца ў парыскім касьцёле Сэн-Сэвярын.

Творчасьць Рэдагаваць

Працаваў у жанры гістарычнага жывапісу. Творчасьць мастака мае зьвязкі з абшарамі колішняга Вялікага Княства Літоўскага

Напісаў карціны «Подзьвіг маладога кіяўляніна пры аблозе Кіева печанегамі ў 968 годзе» (1827), «Напалеон каля вогнішча» (1834), партрэты Аляксандра Пушкіна (1826—1827), паэта Антонія Гарэцкага, піяністкі Марыі Шыманоўскай з Валоўскіх, музыканта Караля Ліпінскага (1827), сваіх унівэрсытэцкіх сяброў Казімера Пясецкага (1834) і Андрэя Тавянскага (1837), Андрэя Манюшкі, а таксама паэта Тамаша Зана[6]. Таксама сярод работаў ёсьць літаграфіі («Галава старога», «Аўтапартрэт») і малюнкі («Від руінаў у Італіі», «Пэйзаж», «Сажалка») і іншыя.

Да ліку найлепшых твораў мастака належыць кампазыцыйны партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг», напісаны ў 1828 годзе. Адам Міцкевіч паказаны на гэтым палатне ў каўкаскай бурцы на фоне горнага пэйзажу ў момант паэтычнага натхненьня. Выдатна выяўлены яго рамантычны настрой, узьнёслы, адухоўлены выраз твару, роздум паэта над веліччу прыроды.

Творы мастака захоўваюцца ў зборах Вільні, Пецярбургу, Варшавы, Кракава, Парыжу. Многія працы знаходзяцца і ў прыватных калекцыях нашчадкаў тых, каго мастак пісаў у першай палове XIX ст.

Галерэя Рэдагаваць

Памяць Рэдагаваць

 
Музэй «Дом Ваньковічаў» у Менску

У Менску дзейнічае дом-музэй Ваньковічаў — помнік палацава-паркавай архітэктуры эпохі клясыцызму — філія Нацыянальнага мастацкага музэю Рэспублікі Беларусь. У залях музэю экспануюцца архіўныя дакумэнты, фатаздымкі работ Ваньковіча (арыгіналаў няма). Большасьць экспанатаў паходзіць з музэяў Варшавы[7].

Культурная прыналежнасьць Рэдагаваць

З культурнай спадчынай Валянціна Ваньковіча ідэнтыфікуюцца як палякі, так і беларусы. Шматлікая польская прафэсійная літаратура з галіны гісторыі культуры і мастацтва апісвае яго як польскага мастака. Гэта між іншым «Dzieje kultury polskiej» Аляксандра Брікнэра, «Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939» Тадэўша Дабравольскага, «Malarstwo polskie» Стэфана Казакевіча і «Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921)» Маріяна Кукеля[8][9][10][11][12]. Некаторыя беларускія працы апісваюць аднак Валянціна Ваньковіча як мастака зь беларускімі каранямі і з памежжа культураў, зьвязанага таксама з культурай Беларусі. Аўтары кнігі пад назвай «Гісторыя беларускага мастацтва» апісалі яго як творцу, які ўпісаў яркую старонку ў гісторыю беларускага жывапісу першай паловы ХІХ стагодзьдзя[13]. «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» кажа, што мастак паходзіў са старажытнага беларускага роду Ваньковічаў, а яго творчасьць зьвязана з мастацкім жыцьцём Беларусі, Летувы і Польшчы[14]. Польскі журналіст-падарожнік Марэк А. Капроўскі лічыць, што выстава пра Ваньковіча ў музэі ў Менску была падрыхтаванай так, каб ствараць уражаньне, што быў ён мастаком беларускім. Капроўскі называе «беларусізацыю» мастака дзіўнай і штучнай. Ён лічыць, што Ваньковіч у сваёй творчасьці нават не зьвяртаўся да беларускіх матываў, а тое, што тварыў ён на зямлі, якая належыць цяпер Беларусі, не значыць, што можна прыпісваць яго да беларускай культуры.[7]

Крыніцы Рэдагаваць

  1. ^ Van‘kovìč, Valencìj Mel‘chijeravìč // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі Беларусь — Дом Ваньковічаў
  3. ^ Дробаў Л. Ваньковіч Валенцій Мельхіёравіч // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 218.
  4. ^ Янушкевіч К. Эпоха паспалітых тытанаў: Да 210-годдзя Валенція-Вільгельма Ваньковіча. // Роднае слова. — 2010. — № 5. — С. 85.
  5. ^ а б Буйвал В. «Maestro Валенці»: Да 200-годдзя з дня нараджэння Валенція Ваньковіча (1800—1842) // «Наша Вера» № 1 (11), 2000.
  6. ^ Ларыса Цімошык. Колеры Айчыны // Жырандоля. — 29 сакавіка 2014. — № 8 (225).
  7. ^ а б Marek A. Koprowski. Białoruś. Uparte trwanie polskości. — Toruń: Wydawnictwo Adam Marszałek, 2006. S. 216.
  8. ^ Aleksander Brückner: Dzieje kultury polskiej. T. 3: Czasy nowsze do roku 1831. Warszawa: Wiedza Powszechna, 1991, s. 569, 674. ISBN 83-214-0861-3.
  9. ^ Aleksander Brückner: Dzieje kultury polskiej. T. 4: Dzieje Polski rozbiorowej : 1795 (1772)-1914. Warszawa: Wiedza Powszechna, 1991, s. 297, 402. ISBN 83-214-0861-3.
  10. ^ Tadeusz Dobrowolski: Nowoczesne malarstwo polskie 1764—1939. T. 1. Wrocław: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1957, s. 192—194.
  11. ^ Stefan Kozakiewicz: Malarstwo polskie. T. 3: Oświecenie, klasycyzm, romantyzm. Warszawa: Oficyna Wydawnicza «Auriga», Wydawnictwa Artystyczne i Filmowe w Warszawie, 1976, s. 60-63, 287—288.
  12. ^ Marian Kukiel: Dzieje Polski porozbiorowe (1795—1921). London: Puls Publications, 1993, s. 210. ISBN 1-85917-009-9.
  13. ^ pod red. S. Marceleua: Historyja biełaruskaha mastactwa: U 6 t.. T. 3: Kaniec XVIII — paczatak XX stahoddzia. Mińsk: Nawuka i technika, 1989, s. 71. ISBN 5-343-00319-2.
  14. ^ pod red. B. Saczanki: Encykłapiedyja historyi Biełarusi u 6 tamach. T. 2: Bielick — himn. Mińsk: «Biełaruskaja encykłapiedyja» imia Pietrusia Brouki, 1994, s. 218. ISBN 5-85700-142-0.

Літаратура Рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі Рэдагаваць

  Валенці Ваньковічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў