Якуб Генрык Флемінг
Якуб Генрык Флемінг (13 сакавіка 1667, Гоф — 30 красавіка 1728, Вена) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Рэчы Паспалітай, Саксоніі. Канюшы вялікі літоўскі (1701—1707 і з 1709); саксонскі генэрал-фэльдмаршал (1711), генэрал кароннай артылерыі (1710—1714), першы міністар Саксоніі (з 1712). Кавалер шэрагу ордэнаў: Крыжа нямецкіх законьнікаў (іянітаў), дацкага Ордэна Слана, расейскага Сьвятога Андрэя Першазваннага.
Якуб Генрык Флемінг. Люі дэ Сыльвэстэр, 1728 | |
Герб «Флемінг» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 13 сакавіка 1667 |
Памёр | 30 красавіка 1728 |
Пахаваны | |
Род | Флемінгі |
Бацькі | Георг Каспар фон Флемінг[d] |
Дзейнасьць | палітык, вайсковец, афіцэр, дзяржаўны дзяяч |
Біяграфія
рэдагавацьПрадстаўнік шляхецкага роду Флемінгаў гербу ўласнага, сын Юрыя Каспэра, брандэнбурскага таемнага дарадцы. Меў стрыечнага брата Яна Юрыя.
Навучаўся ў галяндзкіх унівэрсытэтах. У 1688 выправіўся ў падарожжа ў Ангельшчыну.
Служыў у войску штатгальтэра Галяндыі Вільгельма Аранскага, атрымаў званьне генэрала. З 1693 жыў у Саксоніі, дзе ў 1699 атрымаў званьне генэрал-лейтэнанта. Зблізіўся з курфюстам Фрыдрыхам Аўгустам, адыграў вялікую ролю пры ягоным абраньні каралём польскім і вялікім князем літоўскім.
Саксонскія палкі пад ягонай камандай неаднаразова ўмешваліся ў спрэчкі Сапегаў зь шляхтай Вялікага Княства Літоўскага. Стаяў на баку магнатаў (у тым ліку Радзівілаў, зь якімі меў сваяцкія зьвязкі), адначасна распрацоўваў пляны паступовай ліквідацыі шляхецкіх вольнасьцяў.
Браў актыўны ўдзел у Вялікай Паўночнай вайне (1700—1721). Па адмове Аўгуста Моцнага ад стальца (1706) атрымаў прызначэньне ў 1708 губэрнатарам Дрэздэна. Па Палтаўскай бітве (1709) дапамог таму зноў атрымаць карону.
Актыўна выступаў супраць габсбурскай ідэі падзелу Рэчы Паспалітай. Безвынікова спрабаваў пашырыць уладаньні дзяржавы на Памор’і. Пазьней аддаваў перавагу зьвязу з Аўтрыяй супраць Прусіі і Расейскай імпэрыі. Падтрымліваў рэформы ў Рэчы Паспалітай, выступаў супраць «гетманскага» стылю кіраваньня[1].
Галерэя
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Казлоў Л. Флемінгі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 703.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0