Валёнская мова
Валёнская мо́ва — гэта адна з раманскіх моваў, на якой размаўляе частка насельніцтва Валёніі, Бэльґія. Валёнская мова адносіцца да той жа групы, што і француская, аднак яе не разглядаюць у якасьці дыялекту: франкамоўны чалавек зь цяжкасьцю разумее валёнца. Таксама валёнскую мову нельга блытаць з бэльгійскім варыянтам францускае мовы.
Валёнская | |
Walon | |
Ужываецца ў | Бэльґіі, Францыі |
---|---|
Рэгіён | Заходняя Эўропа |
Колькасьць карыстальнікаў | 600 тысяч |
Клясыфікацыя | Індаэўрапейская |
Афіцыйны статус | |
Статус: | 6b Пад пагрозай[d][1] |
Пісьмо | лацінскае пісьмо |
Коды мовы | |
ISO 639-1 | wa |
ISO 639-2(Б) | wln |
ISO 639-2(Т) | wln |
ISO 639-3 | wln |
SIL | wln |
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьВалёнская мова фармавалася ў пэрыяд між VIII ды XII стагодзьдзямі. Мае значны кельцкі і германскі субстрат. На 100 клясічных валёнскіх словаў 90 будзе лацінскага паходжаньня, 9 — германскага, 1 — кельцкага. Аднак сёньняшняя валёнская мова мае шмат запазычаных словаў з францускае мовы.
Геаграфічнае распаўсюджаньне
рэдагавацьНа валёнскай мове размаўляюць жыхары поўначы Францыі botte de Givet, у дэпартамэнце Ардэны і розных вёсках у дэпартамэнце Нор. Невялікая колькасьць носьбітаў валёнскае мовы пражывае ў ЗША, ў штаце Вісконсін. Афіцыйнага статусу гэтая мова ня мае, але ў 1990 року яна была прызнаная мясцовай мовай. У цяперашні час па-валёнску размаўляе каля 600 тысячаў асобаў, хаця на пачатку XX стагодзьдзя ёю карысталася 90 % насельніцтва Валёніі (больш за чатыры мільёны асобаў). Нязначная частка людзей, якія нарадзіліся ў паваенны час, вольна валодае гэтай мовай. Многія толькі ведаюць некаторыя словы і выразы па-валёнску.
Цяпер валёнская амаль цалкам выцесьненая францускай, якая мае статус афіцыйнае мовы Бэльґіі. Валёнская мова знаходзіцца ў сьпісе 500 моваў сьвету, якім пагражае выміраньне ў XXI стагодзьдзі. Тым ня менш, у апошнія рокі ў Валёніі назіраецца адраджэньне цікавасьці да валёнскае мовы.
Дыялекты
рэдагавацьВалёнская мова налічвае некалькі дыялектаў, якія можна суаднесьці з рэгіёнамі Валёніі:
- Цэнтральны дыялект, на якім размаўляюць у Намюры (па-француску: Nameur) — сталіцы Валёніі. Гэта адзін з найбольш кансэрватыўных і ідыёсынкратычных дыялектаў.
- Заходні дыялект — дыялект, які найбольш набліжаны да францускае мовы дзякуючы моцнаму ўплыву зь Пікардыі. Распаўсюджаны ў раёне местаў Шарлеруа (па-француску: Charleroi) ды Нівэль (па-француску: Nivele)
- Паўднёвы — распаўсюджаны ў Ардэнскім рэгіёне Бэльґіі.
Нягледзячы на мясцовыя фанэтычныя асаблівасьці, ў Валёніі назіраецца рух за прыняцьце адзінага правапісу — «rfondou walon». Гэтая артаграфія дае магчымасьць розным чытачам па-рознаму вымаўляць словы. Гэты канцэпт быў узяты з брэтонскае мовы і дазваляе прымірыць сучасныя фанэтычныя нормы з традыцыямі напісаньня словаў.
Прыклады фразаў
рэдагавацьВалёнская | Француская | Нідэрляндзкая | Беларуская | Вымаўленьне (паводле IPA) |
---|---|---|---|---|
Walon | Wallon | Waals | валёнская | walɔ̃ |
Diè wåde | Adieu | Vaarwel | Пакуль / Бывай | [djɛ woːt] / [djɛ wɔːt] |
Bondjoû | Bonjour | Goedendag | Дзень добры / Вітаю | [bɔ̃dʒuː] |
A | Salut | Hoi | Прывітаньне | a |
A rvey | Au revoir | Tot ziens | Да пабачэньня | [arvɛj] |
Cmint dit-st on | Comment dit-on | Hoe zegt men | Як сказаць / Як кажуць | [kmɛ̃ dɪstɔ̃] |
Cmint daloz ? | Comment allez-vous? | Hoe gaat het? | Як маесься? | [kmɛ̃ dalɔ] |
Dji n' sais nén | Je ne sais pas | Ik weet het niet | Я ня ведаю | [dʒɪn sɛː nɛ̃ ] / [dʒɪn se nẽ] |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць Вікіпэдыя мае вэрсію валёнскай мовай |
- Валёнская граматыка анляйн(недаступная спасылка) (фр.)