Мікалай Судзілоўскі

Мікала́й Канстанці́навіч Судзіло́ўскі (псэўданім Ніко́лас Ру́сэль; 15 сьнежня 1850, Магілёў — 30 красавіка 1930) — філёзаф, прыродазнаўца, рэвалюцыянэр, удзельнік грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, Расеі, Швайцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітая і іншых краінаў. Прэзыдэнт Сэнату Гавайскіх астравоў.

Мікалай Судзілоўскі

лац. Mikałaj Sudziłoŭski
Мікалай Судзілоўскі
Дата нараджэньня 15 сьнежня 1850(1850-12-15)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 красавіка 1930(1930-04-30) (79 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Бухарэсцкі ўнівэрсытэт (1877)
Занятак палітык, пісьменьнік, лекар, рэвалюцыянэр, сельскагаспадарнік, хімік, этнограф, генэтык, журналіст, вайсковец, падарожнік, падарожнік-дасьледнік, авантурыст, навуковец
Навуковая сфэра Мэдыцына
Вядомы як Адкрывальнік цельца Русэля
Псэўданімы Николас Руссель
Сябра ў Q56364438?
Бацька Канстанцін Судзілоўскі[d]
Узнагароды
ордэн Зоркі Румыніі

Падарожнік-географ, аўтар публіцыстычных твораў, спэцыяліст у галіне этнаграфіі, энтамалёгіі, хіміі, біялёгіі, аграноміі. Адкрыў шэраг астравоў цэнтральнай часткі Ціхага акіяна, пакінуў каштоўныя геаграфічныя апісаньні Гаваяў і Філіпінаў. Доктар, зь імем якога зьвязаныя пэўныя дасягненьні ў хірургіі, тэорыі тубэркулёзу і іншых хваробаў. Яму належаць некалькі важных працаў па мэдыцыне.

Быў таксама чальцом Амэрыканскага таварыства генэтыкаў, некалькіх навуковых таварыстваў Японіі і Кітаю.

Валодаў васьмю эўрапейскімі мовамі, а таксама японскай і кітайскай.

Маладосьць

рэдагаваць

Нарадзіўся 3 (15) сьнежня 1850 г. у Магілёве ў беларускай шляхецкай сям’і, якая валодала маёнткам у в. Фастава Мсьціслаўскага павету. Яго бацька быў сакратаром Магілёўскай палаты цывільнага і крымінальнага суда. У сям’і было 8 дзяцей, сярод якіх Мікалай быў старэйшым.

Пасьля заканчэньня Магілёўскай мужчынскай гімназіі Судзілоўскі вучыўся на мэдыцынскім факультэце Кіеўскага ўнівэрсытэту. У Кіеве ён стварыў студэнцкі народніцкі гурток, потым выехаў у Швайцарыю, дзе пазнаёміўся зь лідэрамі рэвалюцыйнай эміграцыі Лаўровым, Бакуніным ды інш.

Пасьля вяртаньня ў 1873 годзе Мікалай узначаліў Кіеўскую камуну студэнтаў. Захоплены народніцкай ідэяй «хаджэньня ў народ», у лютым 1874 году Судзілоўскі выехаў у Хэрсонскую, а потым у Самарскую губэрню з мэтай прапаганды сярод сялянства і наладжваньня работы прапагандыстаў.

Аднак у траўні 1874 году ахранка пачала арышты народнікаў. Цудам Мікалаю, які выдаў сябе за нямецкага каляніста, удалося пазьбегнуць арышту і эміграваць. У Расеі Судзілоўскі быў залічаны ў сьпіс небясьпечных дзяржаўных злачынцаў. Яго родная сястра Яўгенія за рэвалюцыйную прапаганду ў жніўні 1874 году была арыштаваная і каля двух гадоў знаходзілася ў Петрапаўлаўскай крэпасьці (Пецярбург). Шлях на бацькаўшчыну быў закрыты. З 1875 году і да канца жыцьця Судзілоўскі пражыў у эміграцыі.

Эміграцыя

рэдагаваць

У эміграцыі рэвалюцыянэр апынуўся спачатку ў Лёндане, дзе ўдзельнічаў у рабоце эмігранцкіх арганізацыяў. 23 студзеня 1875 году ён выступіў на сходзе, які быў прысьвечаны гадавіне паўстаньня 1863 г., на якім сярод іншых выступалі Ф. Энгельс і К. Маркс.

Але ўжо летам 1875 году Судзілоўскі накіроўваецца ў Румынію, а на шляху ў Бухарэст прыпыняецца ў Жэнэве, дзе піша тэзісы сваёй доктарскай дысэртацыі. У Румыніі Мікалай Судзілоўскі займаўся ўрачэбнай практыкай і рэвалюцыйнай дзейнасьцю. Наш суайчыньнік стаў адным з пачынальнікаў румынскага сацыял-дэмакратычнага руху, арганізоўваў сацыялістычныя гурткі. Актыўна ўдзельнічаў у падрыхоўцы антытурэцкага Красавіцкага паўстаньня ў Баўгарыі ў 1876 годзе. Бярэ псэўданім Ніколас Русэль і ў далейшым жыве пад гэтым прозьвішчам. У 1877 годзе Судзілоўскі скончыў унівэрсытэт у Бухарэсьце.

Вёў рэвалюцыйную прапаганду сярод параненых расейскіх салдат і афіцэраў падчас 1877—1878 гг., выдаваў у 1879 годзе газэту «Бэсарабія». Нягледзячы на тое, што за ўратаваньне сотняў хворых і параненых румынскі ўрад узнагародзіў Судзілоўскага залатым мэдалём, у 1881 годзе ўлады за рэвалюцыйную дзейнасьць выслалі яго, як і іншых расейскіх сацыялістаў, у Канстантынопаль.

У Жэнэве і Парыжы Судзілоўскі аднавіў адносіны з расейскай палітычнай эміграцыяй, сустракаўся і спрачаўся з Пляханавым, Засуліч, Аксельрод. З 1882 годзе ён працуе ва Ўсходняй Румеліі (Баўгарыя), але з-за ганеньняў вымушаны пакінуць і гэтую краіну, а затым і кантынэнт.

 
Мікалай Судзілоўскі, 1890 г.

1 жніўня 1887 году Судзілоўскі прыбыў у Нью-Ёрк, затым абаснаваўся ў Сан-Францыска, дзе займаўся лячэбнай практыкай. У ЗША Мікалай Канстацінавіч надрукаваў некалькі навуковых артыкулаў, быў абраны віцэ-прэзыдэнтам грэка-руска-славянскага таварыства.

Судзілоўскі атрымоўвае амэрыканскае грамадзянства. І ў Амэрыцы ён адстойвае свае сацыялістычныя перакананьні, абараняе правы беднякоў. У 1889 годзе Судзілоўскі ўступіў у канфлікт з прадстаўніком сьвяцейшага Сынода ў ЗША япіскапам Уладзімерам, абвінаваціўшы апошняга ў хабарніцтве і маральнай разбэшчанасьці. У выніку япіскап быў адкліканы ў Расею.

Пражыўшы 5 гадоў у Каліфорніі, Судзілоўскі ў траўні 1892 году пераехаў на Гавайскія астравы, дзе займаўся ўрачэбнай практыкай. Пасьля захопу амэрыканцамі ў 1898 годзе астравоў доктар рашуча ўключыўся ў барацьбу за незалежнасьць мясцовых палінэзійцаў-канакоў. У 1900—1901 гг. пад імем Каўка Лукіні (па-ангельску: Kauka Lukini) ён быў сэнатарам, а потым і прэзыдэнтам Сэната тэрыторыі Гаваі — калегіяльнай урадавай установы гэтай фэдэральнай тэрыторыі ЗША.

 
Мікалай Судзілоўскі, 1904 г.

Пасьля выхаду ў адстаўку з паста сэнатара Гавайскага парлямэнту Судзілоўскі пераехаў у Шанхай (Кітай). У траўні 1905 году ён ужо знаходзіўся ў Японіі, дзе арганізаваў камітэт дапамогі расейскім ваеннапалонным расейска-японскай вайны, стварыў для непісьменных салдат школы. Зь яго дапамогай у Нагасакі сацыялісты пачалі выпускаць рэвалюцыйную газэту «Воля». У Токіё Судзілоўскі выпускаў газэту «Ўсходні агляд», дапамагаў японскім дэмакратам выпускаць часопіс «Рэвалюцыйны весьнік», актыўна праводзіў прапаганду сацыялістычных ідэяў.

Па патрабаваньні Расейскага міністэрства замежных справаў урад ЗША ануляваў ягонае амэрыканскае грамадзянства.

У 1912 годзе нястомны Судзілоўскі пераехаў на Філіпіны. Там наш суайчыньнік акрамя мэдыцынскай практыкі займаўся, як заўсёды, грамадзкай і асьветніцкай дзейнасьцю. Потым ён вярнуўся ў Японію.

Лютаўскую рэвалюцыю, якая адбылася ў Расеі, Судзілоўскі сустрэў з радасьцю, але кастрычніцкі пераварот быў успрыняты ім як «зігзаг гісторыі». Марксізм ён лічыў дактрынёрствам і разглядаў яго толькі як адно з многіх сацыялістычных вучэньняў.

У 1921 годзе Мікалай Канстанцінавіч пасяліўся зь сям’ёй у кітайскім горадзе Цяньцзынь, дзе працаваў урачом. Адносіны да бальшавікоў сталі ў яго больш памяркоўныя. Ён арганізаваў першы ў Азіі «Камітэт дапамогі галадаючым Расеі». Напрыканцы жыцьця ён нават пачаў думаць пра вяртаньне на Бацькаўшчыну. Але яго намер ня зьдзейсьніўся.

Мікалай Судзілоўскі памёр 30 красавіка 1930 году ва ўзросьце 80 гадоў. Цела яго паводле ўсходняй традыцыі было спаленае.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць
  1. ^ http://www.biolex.ios-regensburg.de/BioLexViewview.php?ID=1714