Чарнобыльская катастрофа
Чарнобыльская катастрофа — радыяцыйная аварыя, што адбылася 26 красавіка 1986 году на Чарнобыльскай АЭС ва Ўкраінскай ССР (цяпер Украіна). Выбух і наступны за ім пажар спрычынілі масавы выкід (5,2 млн тэрабэкерэляў)[2] радыяактыўных рэчываў у атмасфэру, якія распаўсюдзіліся на большую частку Эўропы. У захадах стрымліваньня радыяактыўнага забруджваньня і прадухіленьня шырэйшай катастрофы задзейнічалі звыш 880 тыс. ліквідатараў катастрофы[3], што каштавала каля 18 млрд рублёў і стала моцным ударам па эканоміцы СССР[4].
Чарнобыльская катастрофа | |
Чацьверты рэактар ЧАЭС пасьля выбуху | |
Краіна | СССР |
---|---|
Месца | Прыпяць, Украінская ССР |
Тып катастрофы | радыяцыйная аварыя |
Дата | 26 красавіка 1986 |
Час | 01:23:45 (EEST) |
Наступствы | |
Загінулі |
|
Пацярпелі | 134 |
Каардынаты | 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д.Каардынаты: 51°23′22″ пн. ш. 30°05′56″ у. д. / 51.38944° пн. ш. 30.09889° у. д. |
Чарнобыльская катастрофа | |
Здарэньне адбылося падчас выпрабаваньняў абсталяваньня АЭС групай Аляксандра Акімава 26 красавіка 1986 на чацьвёртым рэактары Чарнобыльскай атамнай станцыі. Раптоўны выкід атамнай энэргіі, наступная за ім спроба аварыйнага адключэньня рэактара і паўторнае павышэньне магутнасьці спрычынілі пашкоджаньне гермэтычнай абалонкі, што выклікала сэрыю выбухаў. У выніку гэтых падзеяў агаліліся графітавыя стрыжні, якія пры кантакце з паветрам пачалі расьпякацца[5]. Запачаткаваныя ад выбуху клубы пажару ўтварылі надзвычай радыяактыўнае воблака, якое перамяшчалася над большай часткай СССР і Эўропы. Цягам 1986—2000 гадоў, 350 400 чалавек былі эвакуяваныя з найбольш моцна забруджаных тэрыторыяў Беларусі, Украіны і Расеі[6][7]. Паводле афіцыйных пасьлясавецкіх зьвестак[8][9], каля 60% радыяактыўных ападкаў аселі на тэрыторыі Беларусі.
Катастрофа выклікала скептычнае стаўленьне да бясьпечнасьці савецкай ядзернай індустрыі і ядзернай энэргетыкі ўвогуле, што запаволіла яе разьвіцьцё на некалькі гадоў і прымусіла савецкае кіраўніцтва стаць менш засакрэчаным у дачыненьні да ядзерных працэдураў. Для Расеі, Украіны і Беларусі гэты інцыдэнт зазначыў пачатак працяглай дэкантамінацыі і грашовых выдаткаў на лячэньне пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы.
Характарыстыкі АЭС
рэдагавацьЧарнобыльская АЭС (ЧАЭС) разьмешчаная на тэрыторыі Ўкраіны паблізу гораду Прыпяць, за 18 км ад гораду Чарнобыль, за 16 км ад мяжы з Рэспублікай Беларусь і за 110 км ад Кіева.
Да часу катастрофы на ЧАЭС выкарыстоўваліся чатыры рэактары РБМК-1000 (рэактар вялікай магутнасьці канальнага тыпу) з электрычнай магутнасьцю 1000 МВт (цеплавая магутнасьць 3200 МВт) кожны. Яшчэ два аналягічныя рэактары будаваліся па суседзтве. ЧАЭС вырабляла прыкладна дзясятую частку электраэнэргіі Украінскай ССР.
Перадумовы
рэдагавацьУвесну 1986 году некалькі разоў адклалі спыненьне рэактара на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС праз дыспэтчарскія абмежаваньні. Гэта ўскладніла кіраваньне магутнасьцю рэактара. 25 красавіка 1986 году на 4-м энэргаблёку прызначылі выпрабаваньне сыстэмы бясьпекі. Адразу пасьля гэтага рэактар мелі спыніць на плянавы рамонт[10].
Выбух
рэдагавацьПрыкладна ў 1:24 26 красавіка 1986 году на 4-м энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух, які цалкам разбурыў рэактар. Будынак энэргаблёку часткова абваліўся, пры гэтым загінулі 2 чалавекі — Валер Хадамчук (апэратар помпаў Галоўнага цыркуляцыйнага насосу; цела ня знойдзена, завалена пад абломкамі двух 130-тонавых барабан-сэпаратараў) і Ўладзімер Шашанок (супрацоўнік пуска-наладкавага аддзелу; памёр ад пералому хрыбетніка і шматлікіх апёкаў а 6:00 у Прыпяцкай МСЧ, раніцай 26-га красавіка). У розных памяшканьнях і на даху пачаўся пажар. Пасьля рэшткі актыўнай зоны расплавіліся. Сумесь з расплаўленага мэталу, пяску, бэтону і часьцінак паліва расьцяклася па падрэактарных памяшканьнях і там застыла. У выніку катастрофы адбыўся выкід у навакольнае асяродзьдзе радыёактыўных рэчываў, у тым ліку нуклідаў урану, плютону-240 (пэрыяд паўраспаду 6537 гадоў)[11], ёду-131 (пэрыяд паўраспаду 8 дзён), цэзу-134 (пэрыяд паўраспаду 2 гады), цэзу-137 (пэрыяд паўраспаду 33 гады), стронцу-90 (пэрыяд паўраспаду 28 гадоў). У рэактары энэргаблёка № 4 Чарнобыльскай АЭС на час выбуха было 192 тоны ўзбагачанага ўрана (98% — уран-238, 2% — уран-235). Выбух выкінуў у навакольнае асяродзьдзе звыш 3,5% (6,72 тоны) гэтай масы ў выглядзе гарачых часьцінак і аэразоляў[12].
Ліквідацыя наступстваў
рэдагавацьКалектыўны подзьвіг зьдзейсьнілі 28 байцоў-пажарнікаў у першую гадзіну пасьля катастрофы на ЧАЭС 26 красавіка 1986 году. Асабліва тады адзначыўся майстар спорту СССР старэйшы лейтэнант Васіль Ігнаценка, кандыдат у майстры спорту лейтэнант унутранай службы Віктар Кібянок, першаразраднік лейтэнант унутранай службы Уладзімер Правік, маёр унутранай службы Леанід Цялятнікаў і шмат іншых.
28 красавіка 1986 году начальнік Штаба грамадзянскай абароны Савецкага Саюзу Аверкій Грышагін аддаў распараджэньне аб захадах бясьпекі для насельніцтва ў закранутых радыяцыях вобласьцях. Прадугледжвалася забарона на ўжываньне малака і выкарыстаньне адкрытых крыніцаў вады, абмежаваньне знаходжаньня дзяцей па-за памяшканьнямі і раздача сродкаў асабістай абароны. У Гомельскай вобласьці Беларускай ССР у той самы дзень пачалі працу 664 пасты радыяцыйнага назіраньня. Пры гэтым у Штабе грамадзянскай абароны СССР спынілі падрыхтоўку да вучэньняў Арганізацыі Варшаўскай дамовы[13].
Доўгачасовыя наступствы
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Наступствы Чарнобыльскай катастрофы
Забруджваньню падвергнулася больш 200 000 км² на тэрыторыі Беларусі (прыкладна 70%), Расеі і Ўкраіны. Радыяактыўныя рэчывы распаўсюджваліся ў выглядзе аэразоляў, якія паступова асаджваліся на паверхню зямлі. Высакародныя газы расьсеяліся ў атмасфэры і не рабілі ўнёсак ў забруджваньне прылеглых да станцыі рэгіёнаў. Забруджваньне было вельмі нераўнамерным, яно залежала ад кірунку ветру ў першыя дні пасьля катастрофы. Найболей моцна забруджваліся вобласьці, у якіх у гэты час прайшлі дажджы. Вялікая частка стронцу і плютону выпала ў межах 100 км ад станцыі, бо яны ўтрымоўваліся ў асноўным у буйнейшых часьціцах. Ёд і цэз распаўсюдзіліся на шырэйшую тэрыторыю.
З пункта гледжаньня ўзьдзеяньня на насельніцтва ў першыя тыдні пасьля катастрофы найбольшую небясьпеку ўяўляў радыяактыўны ёд-131 з параўнальна малым пэрыядам паўраспаду (восем дзён) і радыяактыўны тэлюр. У цяперашні час (і ў бліжэйшыя дзесяцігодзьдзі) найбольшую небясьпеку ўяўляюць ізатопы стронцу-90 і цэзу-137 з пэрыядам паўраспаду каля 30 гадоў. Найбольшыя канцэнтрацыі цэзу-137 выяўленыя ў павярхоўным пласьце глебы, адкуль ён пападае ў расьліны й грыбы. Забруджваньню таксама падвяргаюцца казуркі і жывёлы, якія імі сілкуюцца. Радыяактыўныя ізатопы плютону і амэрыцу захаваюцца ў глебе на працягу сотняў, а магчыма і тысячаў гадоў, аднак іх колькасьць па-за межамі зоны адчуджэньня нязначная. Тым ня менш, некаторыя экспэрты лічаць, што праблемы, зьвязаныя з забруджваньнем трансуранавымі элемэнтамі, патрабуюць дадатковага вывучэньня. У выніку бэта-распаду Pu-241 на радыяактыўна забруджаных тэрыторыях адбываецца ўтварэньне радыяактыўнага ізатопу амэрыцу-241 (Am-241). У цяперашні час унёсак гэтага ізатопу ў агульную альфа-актыўнасьць складае 50%. Рост актыўнасьці глеб, забруджаных трансуранавымі ізатопамі, за кошт Am-241 будзе працягвацца да 2060 г. і яго ўнёсак складзе 66,8%. У прыватнасьці, у 2086 годзе альфа-актыўнасьць глебы на забруджаных плютонам тэрыторыях Рэспублікі Беларусь будзе ў 2,4 разы вышэй, чым у пачатковы пасьляаварыйны пэрыяд.
У гарадах асноўная частка небясьпечных рэчываў назапашвалася на роўных участках паверхні: на лужках, дарогах, дахах. Пад узьдзеяньнем ветру і дажджоў, а таксама ў выніку дзейнасьці людзей, ступень забруджваньня моцна зьнізілася і цяпер узроўні радыяцыі ў большасьці месцаў вярнуліся да фонавых значэньняў. У сельскагаспадарчых абласьцях у першыя месяцы радыяактыўныя рэчывы адкладаліся на лісьці расьлінаў і на траве, таму забруджваньню падвяргаліся траваядныя жывёлы. Затым радыёнукліды разам з дажджом або апалым лісьцем патрапілі ў глебу, і цяпер яны паступаюць у сельскагаспадарчых расьлінах, у асноўным праз каранёвую сыстэму. Узроўні забруджваньня ў сельскагаспадарчых раёнах значна зьнізіліся, аднак у некаторых рэгіёнах колькасьць цэзу ў малацэ ўсё яшчэ можа перавышаць дапушчальныя значэньні. Гэта адносіцца, напрыклад, да Гомельскай і Магілёўскай абласьцей у Беларусі, Бранскай вобласьці ў Расеі, Жытомірскай і Ровенскай вобласьці ва Ўкраіне.
Значнаму забруджваньню падвергнуліся лясы. З-за таго, што ў лясной экасыстэме цэз стала рэцыркулюе, а не выводзіцца зь яе, узроўні забруджваньня лясных прадуктаў, такіх як грыбы, ягады і дзічына, застаюцца небясьпечнымі. Узровень забруджваньня рэк і большасьці азёраў у цяперашні час нізкі. Аднак у некаторых «замкнёных» азёрах, зь якіх няма сьцёку, канцэнтрацыя цэзу ў вадзе і рыбе яшчэ на працягу дзесяцігодзьдзяў можа ўяўляць небясьпеку.
Забруджваньне не абмежавалася 30-кілямэтровай зонай. Было адзначана падвышанае ўтрыманьне цэзу-137 у лішайніку і мясе аленяў у арктычных абласьцях Расеі, Нарвэгіі, Фінляндыі і Швэцыі. З-за павышэньня радыяцыйнага фону прыйшлося адсяліць шэраг вёсак па-за 30-цікілямэтровай зонай адчуджэньня (у Гомельскай і Магілёўскай абласьцях Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі).
Беларусь
рэдагавацьЗабруджваньне цэзам-137 закранула 66% плошчы краіны (звыш 130 тыс. км²), у тым ліку са шчыльнасьцю вышэйшай за 1 Ci/км² амаль 20% сельскагаспадарчых угодзьдзяў (звыш 18 тыс. км²) і чвэрць лесу (амаль 20 тыс. км²)[14]. На Беларусь прыпала 35 % выпаданьня радыяактыўнага цэзу-137 у Эўропе, таму для Беларусі наступствы аварыі сталі нацыянальным экалягічным бедзтвам. 2 траўня 1986 году ў Беларускай ССР, да мяжы з якой было 16 км ад Чарнобыльскай АЭС, пачалося адсяленьне людзей зь земляў, дзе магутнасьць апрамяненьня перавышала 25 міліРэнтген/гадз. Пазьней адсяленьне пашырылі на землі ў радыюсе 30 км ад АЭС, дзе апрамяненьне перавышала 5 мР/гадз. У выніку ападкаў да 10 траўня на паўночны захад ад АЭС утварылася пляма забруджаньня на паўднёвым захадзе Гомельскай вобласьці і пасярэдзіне Берасьцейскай, Гарадзенскай і Менскай вобласьцяў. Яшчэ адна пляма знаходзілася на поўначы Гомельскай вобласьці і пасярэдзіне Магілёўскай вобласьці. На забруджаных землях апынулася 3678 паселішчаў з насельніцтвам 2,2 млн чалавек. З пацярпелых паселішчаў адсялілі 137 700 чалавек, з іх 75 % у Гомельскай вобласьці. Самастойна сваё жытло пакінула яшчэ амаль 200 000 чалавек. У выніку 479 паселішчаў перасталі існаваць. Зоны адсяленьня закранулі 13 раёнаў Гомельскай і Магілёўскай вобласьцяў Беларусі[10].
Асноўная частка Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніка (плошча — 2160,93 км², Гомельская вобласьць) застанецца па-за гаспадарчым карыстаньнем нават у аддаленай будучыні праз забруджваньне глебы доўгажывучымі ізатопамі плютону і амэрыцу са шчыльнасьцю да 5 Ci/км²[14]. 8 чэрвеня 1992 году Ўрад Беларусі ўхваліў Пастанову № 343 аб стварэньні Адміністрацыі зонаў адчужэньня і адсяленьня. Яе прадстаўнікі сталі працаваць у 13 адпаведных раёнах. У зоне адсяленьня працягнулі толькі рамонт лініяў электраперадачы і аўтадарог, а ў зоне адчужэньня — навуковыя дасьледаваньні[10].
На пачатак 2016 году на забруджаных тэрыторыях знаходзіцца 2371 населены пункт (зь іх 28 гарадоў і мястэчак), дзе пражывае 1141,8 тысячы чалавек (12% насельніцтва Беларусі)[15]. За 27 гадоў плошча адчужэньня і адсяленьня скарацілася на 15,6% да 2661 км². У абарот вярнулі амаль 170 км² земляў. Па-ранейшаму не выкарыстоўваюцца 2400 км². На 1 студзеня 2013 году забруджанымі цэзам-137 заставаліся 14,5% плошчы краіны (30 100 км²), у тым ліку 11,1% сельскагаспадарчых земляў (9819 км²) і 18,6% лесу (15 046 км²) Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. 69,3% такіх земляў (20 860 км²) мелі шчыльнасьць забруджваньня 1—5 Ci/км², 21,9% (6600 км²) — 5—15 Ci/км², 7,4% (2220 км²) — 15—40 Ci/км², 1,4% (420 км², зь іх 370 км² у Гомельскай вобласьці і 50 км² у Магілёўскай) — больш за 40 Ci/км²[14].
14 лістапада 2022 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 405 «Аб Міністэрстве па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь», якім скасаваў Дэпартамэнт ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Яго паўнамоцтвы перадалі ў Дэпартамэнт ядзернай і радыяцыйнай бясьпекі МНС Беларусі[16]. Да 2023 году насельніцтва забруджаных земляў зьменшылася на 57 % (1,255 млн чал.) да 945 тыс. чалавек, у тым ліку 189 тыс. дзяцей[10].
Наступствы для здароўя людзей
рэдагавацьУ студзені 1987 году ў Беларусі зарэгістравана незвычайна вялікая колькасьць выпадкаў сындрому Даўна,аднак тэндэнцыі да павелічэньня захворваньня не назіралася [17] .
Пераадоленьне
рэдагаваць28 ліпеня 1992 году ўхвалілі Дзяржаўную праграму пераадоленьня ў Беларусі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС на 1993—1995 гады. Наступныя праграмы зацьвярджалі на пяцігодзьдзе. Пры гэтым стварылі Дзяржаўны рэгістар асобаў, якія зведалі ўздзеянне радыяцыі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У яго ўнесьлі 1,6 млн чалавек, у тым ліку 344 тыс. (21 %) дзяцей. У 2003 годзе ў Гомлі адчынілі Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай мэдыцыны і экалёгіі чалавека. За 2021—2022 гады звыш 160 тыс. чалавек прайшлі аздараўленьне. За гэтым ж час набылі 800 мэдычных прыладаў. На 2023 год працавала 12 дзіцячых рэабілітацыйна-аздараўленчых цэнтраў. Да 2023 году плошча забруджаных у Беларусі земляў скарацілася амаль удвая да 12,3 % тэрыторыі краіны. На пачатак 2023 году забруджанымі на ўзроўні звыш Кюры/кв.км заставаліся звыш 15 000 кв.км лесу (15,5 %) і 8250 кв.км сельскагаспадарчых земляў (каля 11 %)[10].
У мастацтве
рэдагаваць- «Зона» — паэма У. Някляева (1986)
- «Чорная быль» — паэма С. Законнікава (1989)
- «Апакаліпсіс па графіку» — кніга А. Адамовіча (1992)
- «Чарнобыльская малітва» — кніга С. Алексіевіч (1997)
- «Развітанне на пачатку вясны» — раман У. Глушакова (2001)[18]
- «Быць! = To be!» — кніга Р. Барадуліна (2006)
- «Чарнобыль» — гістарычны міні-серыял, створаны Крэйгам Мэйзінам (2019)
Выяўленчае мастацтва
рэдагавацьПомняцца вобразы жывапісных палотнаў «Апаленыя крылы» І. Белановіча, «Боль маёй Беларусі» У. Вальнова, «Мёртвая вёска» В. Валынца, «Жанчына з кветкай» Л. Гоманава, «За што, Госпадзі» Л. Дударэнкі, «Трывожная цішыня» У. Кухарава, «Чарнобыль. Тут былі людзі» У. Маскоўскіх, «Адвечны боль» А. Рыбчынскага, серыя «Чарнобыль» В. Шкарубы, серыя «Чарнобыльская хроніка» У. Кожуха, серыі і карціны «Палессе пасля Чарнобыля», «Чарнобыльская трагедыя», «Пахаванне ў чарнобыльскай зоне», «Дарога ў зону», «Палескія крыжы», «Маці» В. Шматава, палотны «Эвакуацыя», «Кінуты двор», «Трывожны крык», трыпціхі «Зона» і «Тут была вёска» В. Барабанцава, серыя «Палессе. Драма ХХ стагоддзя», палотны «Перасяленцы», «Чырвоныя дрэвы», «Час каметы Галея», «Край майго дзяцінства», «Музыка мёртвых струнаў», «Замест некралога, або Ваневы тапачкі», «Пеўні тут болей не спяваюць» У. Гардзеенкі ; у графіцы — «Зона забруджання» М. Арсаланава, серыя «Квадрат Чарнобыля» Л. Асецкага, «Пакутніцы духоўнага Чарнобыля» У. Басалыгі, серыя «Прывіды маёй маленькай Радзімы» У. Васюка, «Бабіна лета ў Мазыры» П. Дурчына, трыпціх «Прадчуванне бяды» А. Кашкурэвіча, серыя «Маўчанне» У. Савіча, «Сухія кветкі» А. Сеслікавай, серыя «Краіна забыцця» Р. Сітніцы. Помняцца скульптурныя творы «Загінулым пры тушэнні пажару на АЭС прысвячаецца» М. Дробыша, «Людзі і дрэвы» А. Купрыянава, «Чорная вестка» У. Слабодчыкава, «Апагей» Л. Яшэнкі; у кераміцы — «Метамарфозы» А. Зіменкі, «Кліч» Т. Курачыцкай, «Жанчыны Палесся» А. Ярмоленкі; у габелене — «Чарнобыль» Аляксандра Кішчанкі (10 х 4 метры, знаходзіцца ў будынку ААН), «Чорная быліна» («Пра ненароджаных дзяцей Палесся»; 1989), «Крыніца часу», «Зорка Палын» (1991) Вольгі Дзёмкінай; у ручніках — «Дакрананне», «Травень», «Дзічкі» П. Бондара, плакаты «26 красавіка 1986 году» Л. Гоманава, «Божа, злітуйся» У. Жука, «Нябачная вайна» Я. Хайруліна; серыя мастацка-графічных рэканструкцый «Нацыянальны касцюм раёнаў Чарнобыля» М. Раманюка. Цыкл манументальных палотнаў М. Савіцкага «Чорная быль» («Крыж надзеі», «Эвакуацыя», «Плач па зямлі», «Рэквіем», «Відушчы», «Настальгія», «Пакінутыя», «Чарнобыльская мадонна», «Доля», «Забароненая зона») па моцы ўздзеяння можна параўнаць з яго ж вядомым ваенным цыклам «Лічбы на сэрцы»[19].
Вядомыя асобы,звязаныя з ліквідатарамі аварыі на Чарнобыльскай АЭС
рэдагаваць- Украінскі паэт Юрый Іздрык з канца траўня 1986 году працаваў ліквідатарам наступстваў Чарнобыльскай катастрофы [20] .
- Бацька Уладзімер Клічко і Віталія Клічко, Клічко Уладзімір Радзівонавіч, удзельнічаў у пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС [21] .
- Бацька вакалісткі ўкраінскага электра-фолк гурта "ONUKA" Наты Жыжчанкі быў адным з ліквідатараў наступстваў трагедыі на АЭС [22] .
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ World Health Organization Chernobyl: the true scale of the accident (анг.)
- ^ Наступствы «Фукусімы» могуць пераўзысьці Чарнобыль // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2011. — № 69 (26933). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
- ^ Папрасіўся добраахвотнікам // Ахова. — 26 красавіка 2011. — № 4 (20). — С. 6.
- ^ Паводле інтэрвію зь Міхаілам Гарбачовым, Гансам Бліксам і Васілём Несьцярэнкам. The Battle of Chernobyl. Discovery Channel. Relevant video locations: 31:00, 1:10:00.
- ^ Frequently Asked Chernobyl Questions. IAEA Division of Public Information (травень 2005). Праверана 23 сакавіка 2011 г.
- ^ Table 2.2 Number of people affected by the Chernobyl accident (to December 2000) (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
- ^ Table 5.3: Evacuated and resettled people. The Human Consequences of the Chernobyl Nuclear Accident (PDF). UNDP and UNICEF (22 студзеня 2002). Праверана 17 верасьня 2010 г.
- ^ ICRIN Project International Chernobyl Portal chernobyl.info. — 2011.
- ^ International Atomic Energy Agency Environmental consequences of the Chernobyl accident and their remediation: Twenty years of experience. Report of the Chernobyl Forum Expert Group ‘Environment’. — Vienna: 2006. — 180 с. — ISBN 92–0–114705–8
- ^ а б в г д Да 37-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2023 г. Праверана 28 красавіка 2023 г.
- ^ Уладзімер Капуза (26 красавіка 2012) Званы Чарнобыля зьвіняць. Газэта «Зямля і людзі». Праверана 1 студзеня 2013 г.
- ^ Валеры Чарняўскі. Абеднены ўран выклікае лейкемію // Зьвязда : газэта. — 30 студзеня 2001. — № 22 (24138). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
- ^ Валяр'ян Шкленьнік. Сьпякотная вясна 86-га // Зьвязда : газэта. — 25 красавіка 2014. — № 77 (27687). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в Палескаму дзяржаўнаму радыяцыйна-экалягічнаму запаведніку 25 гадоў // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 26 красавіка 2013 г. Праверана 4 красавіка 2017 г.
- ^ 12% беларусаў жывуць на радыяцыйна забруджаных тэрыторыях
- ^ Скасоўваецца Дэпартамэнт па ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС // БелТА, 14 лістапада 2022 г. Праверана 15 лістапада 2022 г.
- ^ Down syndrome time-clustering in January 1987 in Belarus: link with the Chernobyl accident? (анг.) Архіўная копія ад 2023-05-15 г.
- ^ Пакуль Чарнобыль глядзіць у душу. Верхнедвинская центральная районная библиотека им. Т.Хадкевича. Праверана 2016-10-03 г. Архіўная копія ад 26 лютага 2017 г. (рас.)
- ^ Галія Фатыхава. Памяць праз вобраз // Літаратура і мастацтва № 16 20 красавіка 2012 г
- ^ Юрій Іздрик: Нащо мені “почесне громадянство Калуша”, якщо я не маю за що жити? (укр.) 09 февраля 2015 г. Архіўная копія ад 21 марта 2023 г. Праверана 09 февраля 2015 г.
- ^ Помер батько братів Кличків (укр.) 13 июля 2011 г. Архіўная копія ад 19 апреля 2021 г. Праверана 13 июля 2011 г.
- ^ Музичний гурт ONUKA Архіўная копія ад 28 ноября 2023 г. Праверана 08 февраля 2024 г.