Вольга Дзёмкіна
Вольга Васільеўна Дзёмкіна — беларуская мастачка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Нарадзілася ў вёсцы Забаеньне Чашніцкага раёну. Скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1971), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1977), асьпірантуру Акадэміі мастацтваў (па мастацтве).
Працавала на Менскім вытворчым камбінаце (1979). У пачатку 1980-х бывала ў Зэльве ў Ларысы Геніюш, якую лічыць сваёй улюбёнай паэткай.[1]
У тэхніцы габэлену стварыла шэраг твораў на тэмы беларускай мінуўшчыны («Рэха» 1977, «Песьня з мінулых стагодзьдзяў» 1978, «Ветразь сьвету» 1986, «На строме часу» 1986, «Малітва» 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесься», прысьвечаная сястры Сьвятлане, якая сталася ахвярай чарнобыльскай трагедыі[2], «Крыніца часу», абедзьве 1989, «Узыходжаньне» 1990, «Зорка палын» 1991, «Таямніца сьвятла» 1995), космасу і сусьвету («Пакланіцеся зоркам» 1992, «Песьня вятроў» 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканьне вясны», «Купальле», «Паганскія сымбалі», «Гімн лілеям» (усе 1990) — тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сыстэму беларускіх арнамэнтаў. Стварыла сцэнарныя строі для ансамбляў «Песьняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.
У 1997 выехала ў Францыю, дзе зладзіла больш за 15 пэрсанальных выставаў, атрымала залаты мэдаль Міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры ў Парыжы і мэдаль Нацыянальнай асамблеі Францыі (агульная колькасць розных мэдалёў — 11). Нягледзячы на прапановы францускага боку, захоўвае беларускае грамадзянства.[3]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «За мяжой мастаку трэба пачынаць з нуля» // Радыё Свабода, 2 жніўня 2008
- ^ Мастачка Вольга Дзёмкіна: Мой габелен «Чорная быліна» ў Францыі, Швейцарыі, Англіі ўспрымалі асабліва — як гімн(недаступная спасылка) // БелаПАН, 3 лютага 2009
- ^ Глеб Лабадзенка. Вольга Дзёмкіна, беларуская мастачка, якая скарыла Францыю: Калі французы пабачылі мае габелены, яны не верылі — падыходзілі і мацалі!..(недаступная спасылка) // Звязда № 79 (26687), 24 красавіка 2010
Літаратура
рэдагаваць- Дзёмкіна Вольга Васільеўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0 — С. 110.
- Глеб Лабадзенка. Вольга Дзёмкіна, беларуская мастачка, якая скарыла Францыю: Калі французы пабачылі мае габелены, яны не верылі — падыходзілі і мацалі!..(недаступная спасылка) // Звязда № 79 (26687), 24 красавіка 2010
- Галіна Шпакоўская. На Бацькаўшчыну з Францыі(недаступная спасылка) // «Народнае слова» №40 (2815), 10 красавіка 2010
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьНа гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпэдыі. Калі ласка, прастаўце спасылкі на яго ў іншых артыкулах. |