Індыйскі навуковы інстытут
Індыйскі навуковы інстытут — вышэйшая навучальная ўстанова Індыі, заснаваная ў траўні 1909 году ў Бангалоры (цяпер штат Карнатака).
Індыйскі навуковы інстытут | |
кан. ಭಾರತೀಯ ವಿಜ್ಞಾನ ಸಂಸ್ಥೆ | |
Першы будынак ІНІ (2022 год) | |
Заснаваны | 27 траўня 1909 (115 гадоў таму) |
---|---|
Тып | дзяржаўны |
Дырэктар | Гавіндан Рангараджан |
Факультэтаў | 6 (2022 год) |
Колькасьць пэрсаналу | 537 (2022 год) |
Колькасьць студэнтаў | 476 (2022 год) |
Колькасьць магістрантаў | 1317 (2022 год) |
Колькасьць асьпірантаў | 2902 (2022 год)[1] |
Месцазнаходжаньне | |
Геаграфічныя каардынаты | 13°1′14″ пн. ш. 77°33′56″ у. д. / 13.02056° пн. ш. 77.56556° у. д.Каардынаты: 13°1′14″ пн. ш. 77°33′56″ у. д. / 13.02056° пн. ш. 77.56556° у. д. |
Горад | Бангалор |
Штат | Карнатака |
Краіна | Індыя |
Кампус | гарадзкі (140 га) |
Знаходзіцца ў складзе | Міністэрства адукацыі Індыі |
Вэб-сайт | iisc.ac.in |
Індыйскі навуковы інстытут |
На 2022 год звыш 60 % з 4695 студэнтаў складалі дактаранты, а 28 % — магістранты[1].
Будова
рэдагавацьНа 2022 год Індыйскі навуковы інстытут налічваў 6 факультэтаў: 1) біялягічных навук, 2) хімічных навук, 3) электратэхнікі, электронікі і інфарматыкі, 4) міжгаліновых навук, 5) машыназнаўства, 6) фізыка-матэматычных навук. Асобна дзейнічалі асяродкі пры кіраўніку ІНІ і самастойныя таварыствы.
- Біялягічных навук. Меў 4 катэдры: 1) біяхіміі, 2) мікрабіялёгіі і вузавай біялёгіі, 3) малекулярнай біяфізыкі, 4) малекулярнага размнажэньня, разьвіцьця і генэтыкі. Улучаў 4 асяродкі: 1) жывёлаў, 2) экалягічных навук, 3) дасьледаваньня інфэкцыйных хваробаў, 4) нэўралёгіі.
- Хімічных навук. Налічваў 3 катэдры: 1) неарганічнай і фізычнай хіміі, 2) арганічнай хіміі, 3) хіміі цьвёрдага цела і структурнай хіміі. Меў 2 асяродкі: 1) матэрыялазнаўства, 2) ядзернага магнітнага рэзанансу.
- Электратэхнікі, электронікі і інфарматыкі. Улучаў 4 катэдры: 1) інфарматыкі і аўтаматызацыі, 2) распрацоўкі электрасувязі, 3) электратэхнікі, 4) распрацоўкі электронных сыстэмаў.
- Міжгаліновых навук. Налічваў 3 катэдры: 1) вылічальных і зьвесткавых навук, 2) кіраўнічых дасьледаваньняў, 3) матэматычных дасьледаваньняў. Улучаў 8 асяродкаў: 1) інфраструктуры, устойлівых перавозак і гарадзкога плянаваньня, 2) біясыстэмнай навукі і тэхнікі, 3) грамадзтва і палітыкі, 4) нананавукі і інжынэрнай справы, 5) энэргетычных дасьледаваньняў, 6) дасьледаваньняў вады, 7) кібэрфізычных сыстэмаў імя Робэрта Боша, 8) звышкампутараў.
- Машыназнаўства. Меў 5 катэдраў: 1) аэракасьмічнай тэхнікі, 2) хімічнай тэхналёгіі, 3) цывільнага будаўніцтва, 4) распрацоўкі матэрыялаў, 5) машынабудаваньня. Налічваў 6 асяродкаў: 1) навук пра атмасфэру і акіянаграфіі, 2) геанавук, 3) мэханікі матэрыялаў, 4) дызайну і вытворчасьці вырабаў, 5) устойлівых тэхналёгіяў, 6) зьмяненьня клімату імя Арджуна і Дыяны Дывечаў.
- Фізыка-матэматычных навук. Улучаў 4 катэдры: 1) астраноміі і астрафізыкі, 2) прыборабудаваньня і дастасоўнай фізыкі, 3) матэматыкі, 4) фізыкі[2].
Асобна пры кіраўніку ІНІ працавалі:
- Памятная бібліятэка імя Джамшэджы Таты;
- 8 управаў — 1) зносін, 2) дадзеных, 3) міжнародных дачыненьняў, 4) дасьледчых грантаў, 5) разьвіцьця і справаў выпускнікоў, 6) інтэлектуальнай уласнасьці і ліцэнзаваньня тэхналёгіяў, 7) лічбавага студмястэчка і інфармацыйных тэхнапаслугаў;
- 5 асяродкаў — 1) дадатковай адукацыі, 2) спансаваных схемаў і праектаў, 3) навукова-прамысловых парадаў, 4) разьвіцьця адоранасьці, 5) разьвіцьця навыкаў;
- Чалакерскае студмястэчка ў Чытрадурскай акрузе на поўнач ад Бангалора[2].
Самастойна дзейнічалі:
- Таварыства перадавых энергатэхналёгіяў біярэшткаў;
- Тэхнапарк штучнага інтэлекту і робататэхнікі;
- Асяродак дасьледаваньняў мозгу;
- 2 фундацыі — 1) Фундацыя навукі, інавацыяў і разьвіцьця, 2) Фундацыя мэдычнай школы;
- Аб'яднаньне выпускнікоў;
- Плян заахвочваньня маладых навукоўцаў;
- Рада навукі і тэхналёгіяў штата Карнатака[2].
Мінуўшчына
рэдагаваць27 траўня 1909 году ў Бангалоры заснавалі Індыйскі навуковы інстытут паводле статутнага распараджэньня ўраду Брытанскай Індыі, які вылучыў на яго дзейнасьць па 87 500 рупіяў штогод. На яго ўтварэньне Княства Майсур ахвяравала 371 акр зямлі і 500 000 рупіяў, а таксама па 50 000 рупіяў штогод на ўтрыманьне. Да 1904 году прамысловец Джамшэджы Тата ахвяраваў на праект ВНУ, які распрацаваў камітэт пад кіраўніцтвам пэдагога Бурджорджы Падшаха, і яшчэ 125 000 рупіяў на штогадовае ўтрыманьне. Спачатку дзейнічала 2 факультэты з катэдрамі агульнай і дастасоўнай хіміі ды электратэхнікі. У 1911 годзе першая група студэнтаў пачала навучаньне[3].
У 1933—1937 гадох кіраўніком ІНІ быў Чандрасэкара Раман, які ў 1930 годзе атрымаў Нобэлеўскую прэмію ў галіне фізыкі.
За 1995—2021 гады выкладнікі ІНІ атрымалі 1133 патэнтаў. За 2021 год яны выдалі 2928 навуковых артыкулаў[1]. На 2022 год Індыйскі навуковы інстытут налічваў 40 катэдраў у складзе 6 факультэтаў біялягічных навук, хімічных навук, электратэхнікі, міжгаліновых дасьледаваньняў, машыназнаўства і фізыка-матэматычных навук. Новае студэнцкае мястэчка разьмясьцілі ў Чалакеры, што ў Чытрадурскай акрузе штата Карнатака[3].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Морыс Трэвэрс (лістапад 1906 — чэрвень 1914)
- Альфрэд Борн (кастрычнік 1915 — сакавік 1921)
- Марцін Форстэр (лістапад 1922 — сакавік 1933)
- Чандрасэкара Раман (красавік 1933 — ліпень 1937)
- Гнанчандра Гош (жнівень 1939 — сьнежань 1948)
- Манеклал Такер (верасень 1949 — жнівень 1955)
- К. Шрынівасан (жнівень 1955 — сакавік 1957)
- Суры Бхагвантам (сакавік 1957 — сьнежань 1962)
- Саціш Дхаван (сьнежань 1962 — ліпень 1981)
- Сіварадж Рамсешан (жнівень 1981 — ліпень 1984)
- Чынтамані Рао (жнівень 1984 — ліпень 1994)
- Говіндраджан Падманабан ( жнівень 1994 — ліпень 1998)
- Говардхан Мехта (жнівень 1998 — чэрвень 2005)
- Падманабхан Баларам (ліпень 2005 — ліпень 2014)
- Анураг Кумар (жнівень 2014 — 2020)[3]
- Гавіндан Рангараджан[4]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в ІНІ ў лічбах (анг.) // Індыйскі навуковы інстытут, 2022 г. Праверана 1 сьнежня 2022 г.
- ^ а б в Факультэты (анг.) // Індыйскі навуковы інстытут, 2022 г. Праверана 30 лістапада 2022 г.
- ^ а б в Гісторыя (кан.) // Індыйскі навуковы інстытут, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 30 лістапада 2022 г.
- ^ Кіраўнік (кан.) // Індыйскі навуковы інстытут, 2022 г. Архіўная копія ад 2022 г. Праверана 30 лістапада 2022 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Выпускі для прэсы (кан.) // Індыйскі навуковы інстытут, 17 лістапада 2022 г. Архіўная копія ад 17 лістапада 2022 г. Праверана 30 лістапада 2022 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |