Кальварыйскія могілкі
могілкі | |
Кальварыйскія могілкі
| |
Брама Кальварыйскіх могілак
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Каардынаты | 53°54′28.72″ пн. ш. 27°30′15.34″ у. д. / 53.9079778° пн. ш. 27.5042611° у. д.Каардынаты: 53°54′28.72″ пн. ш. 27°30′15.34″ у. д. / 53.9079778° пн. ш. 27.5042611° у. д. |
Першае згадваньне | кан. XVIII стагодзьдзя |
Дата заснаваньня | 1808 |
Статус | Ахоўваецца дзяржавай |
Кальварыйскія могілкі | |
Кальварыйскія могілкі на Вікісховішчы |
Кальвары́йскія мо́гілкі — могілкі ў Менску, самыя старыя з захаваных у горадзе. Налічваюць больш за 30 000 пахаваньняў.
Гісторыя
рэдагавацьМогілкі ўзьніклі ў XVIII ст. Спачатку тут хавалі больш багатых, потым усіх гараджанаў.
У часе сталінскіх рэспрэсіяў тут адбываліся адзіночныя расстрэлы, трупы закапвалі ў існуючыя магілы, ці паміж іх[1].
У 1990 годзе рашэньнем Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту комплекс усіх збудаваньняў разам з пахаваньнямі ўключаны ў дзяржаўны сьпіс помнікаў горадабудаўніцтва й архітэктуры Менску. У 2001 годзе Кальварыйскія могілкі атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці першай катэгорыі як аб’ект міжнароднага значэньня.
З 1967 году для пахаваньняў закрытыя. Аднак паводле заканадаўства пры наяўнасьці неабходных санітарна-тэхнічных умоваў магчымае пахаваньне побач з раней памерлымі блізкімі сваякамі й шлюбнікамі. З 1990-х гадоў на могілках адбываюцца камэрцыйныя захаваньні[2], пры гэтым часам зносяцца старыя магілы.
Касьцёл
рэдагавацьУ цэнтры могілак разьмешчаны Касьцёл Узвышэньня Сьвятога Крыжа. Пабудаваны ў 1839 годзе з бутавага каменю на месцы драўлянага касьцёлу, разабранага ў 1830 годзе. У 1899 годзе адрамантаваны. У 1930-я гады закрыты. Да 1984 году выкарыстоўваўся пад мастацкія майстэрні. Пасьля рамонту вернуты вернікам. Касьцёл — помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Аднанефавы храм, накрыты двухсхільным дахам. Над нартэксам узвышаецца масіўная квадратная ў пляне вежа. Інтэр’ер быў упрыгожаны абразамі мастака Яна Дамеля (каля 1840 году). Пад усім будынкам скляпеністая крыпта, у якой пахаваныя мастак Ян Дамель і біскуп Матэвуш Ліпскі.
Брама
рэдагавацьВароты Кальварыйскіх могілак, узьведзеныя ў першай палове XIX ст., зьяўляюцца ўзорам брамы ў стылі клясыцызму. Брама пабудаваная ў 1830 годзе на сродкі Юрыя Кабылінскага ў гонар сваёй памерлай жонкі.
Гэта манумэнтальны сьцяна з паўцыркульнымі праёмамі: вялікім, сярэднім і двума невялікімі, разьмешчанымі сымэтрычна. Плоскасьць брамы дзеліцца карнізам на два ярусы. Ніжні ярус упрыгожаны рустам, верхні — ляпной геральдыкай. Вянчае браму магутны карніз, які надае кампазыцыі пэўную статычнасьць.
Сярод пахаваных на могілках
рэдагавацьНа могілках знаходзяцца пахаваньні:
- салдат напалеонаўскай арміі,
- палонных аўстрыйскіх салдатаў, якія памерлі ў гады Першай сусьветнай вайны,
- польскіх салдатаў, якія загінулі падчас польска-савецкай вайны 1919—1920 гг.
- савецкіх салдат, якія загінулі ў гады Другой сусьветнай вайны (142 брацкія магілы),
- 3000 жыдоў зь менскага гета (пахаваньні часоў Другой сусьветнай вайны),
- ахвяраў рэвалюцыйнага тэрору,
- палітыкаў, паэтаў, мастакоў і многіх іншых.
Асобы
рэдагаваць- Вячаслаў Адамчык (1933—2001) — беларускі празаік, драматург, кінасцэнарыст
- Алесь Асташонак (1954—2004) — беларускі літаратар, перакладчык
- Сяргей Астапчук (1990—2011) — беларускі й расейскі хакеіст — левы нападнік
- Гаўрыла Віер (1890—1964) — мастак
- Яўген Гарэлік (1938—2005) — беларускі журналіст, дасьледнік гістарычных падзеяў Другой сусьветнай вайны й сталінскіх рэпрэсіяў
- Ніна Гілевіч (1931—2003) — беларускі лінгвіст, выкладчыца БДУ. Жонка Ніла Гілевіча
- Ян Дамель (1780—1840) — маляр, прадстаўнік мастацкай школы Віленскага ўнівэрсытэту
- Пятро Драчоў (1937—2005) — беларускі мастак, графік
- Вацлаў Іваноўскі (1880—1943) — беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч
- Юры Кабылінскі (1778(?)—1858) — сакратар Менскага дваранскага дэпутацкага сходу, літаратар, мастак, мэцэнат і калекцыянэр. Дакладнае месца пахаваньня на могілках невядомае
- Уладзіслаў Казлоўскі (1896—1943) — беларускі грамадзка-палітычны дзеяч, паэт. Адзін з арганізатараў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі й Беларускай народнай самапомачы
- Генадзь Кісялёў (1931—2008) — беларускі гісторык, літаратуразнавец, пісьменьнік і археограф
- Яўген Кулік (1937—2002) — беларускі мастак пасьляваеннага пэрыяду, аўтар эталёну гербу «Пагоня» ў якасьці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991—1995 гг.
- Матэвуш Ліпскі (1769—1841) — грэка-, а пасьля рыма-каталіцкі дзяяч, біскуп
- Ян Баляслаў Луцкевіч (1831—1895) — штаб-капітан расейскае арміі, паўстанец 1863—1864 гг., бацька Яна і Антона Луцкевічаў
- Аляксандар Люцко (1941—1997) — заснавальнік і першы рэктар Міжнароднага інстытуту радыеэкалёгіі імя А. Сахарава
- Ян Матусевіч (1948—1998) — беларускі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, сьвятар
- Ян Неслухоўскі (ён жа Янка Лучына; 1851—1897) — беларускі паэт-дэмакрат, мысьляр
- Іван Навуменка (1925—2006) — беларускі пісьменьнік, літаратуразнавец
- Канстантын Палікарповіч (1889—1963) — беларускі археоляг
- Алесь Пісьмянкоў (1957—2004) — беларускі паэт, эсэіст, перакладчык
- Аляксандар Сіпайла (1854—1886) — каталіцкі сьвятар
- Галіна Сяржаніна (1930—2008) — навуковец-біёляг
- Алесь Траяноўскі (1925—2005) — беларускі пісьменьнік, літаратуразнаўца, перакладчык
Крыніцы
рэдагаваць- ^ У пошуках праўды аб Трасцянцы. Ігар Кузьняцоў // Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі / пад. рэд. Анны Камінскі. — 2011. — С. 21. — 278 с.
- ^ Кальварыйскія могілкі
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 711Д000049 |
Кальварыйскія могілкі — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў