Гердзівіл
Гердзівіл (Ердзівіл, Эрдзівіл) — літоўскі князь, які ў мірнай умове 1219 году разам зь Вікінтам называецца «жамойцкім князем».
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | XII стагодзьдзе |
Памёр | па 1219 |
Дзеці | мерк. Транята |
Імя
рэдагавацьВільгерд (Vilgerd, Vilgerðr) — імя германскага паходжаньня[1][2]. Іменная аснова -гард- (-герд-, -герт-) (імёны ліцьвінаў Альгерд, Мундыгерд, Тэўтыгерд; германскія імёны Algardus, Mundgerd, Teutgerdis) паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека'), а аснова -віл- (імёны ліцьвінаў Вільбут, Вільгейда, Мунтвіл; германскія імёны Willebut, Williheid, Muntwil) — ад гоцкага wilja 'воля'[3]. Такім парадкам, імя Гердзівіл азначае «ахова волі»[4] (тое ж, што і імя Вільгерд).
Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Ерьдивилъ (1219 год).
Біяграфія
рэдагавацьПершы і адзіны варты даверу ўпамін пра князя Гердзівіла датуецца 1219 годам, калі ён разам зь іншымі літоўскімі князямі браў удзел у падпісаньні міру з Галіцка-Валынскім княствам. Ён і Вікінт называюцца ў гэтай умове жамойцкімі князямі:
Въ лѣт 6723. Б(о)жиимъ повелениемъ прислаша кнѧзи Литовьскии к великои кнѧгини Романовѣ и Данилови и Василкови, миръ дающе. Бѧхоу же имена Литовьскихъ кнѧзеи: се старѣшеи Живинъбоудъ · Давъѧтъ · Довъспроункъ · братъ его Мидогъ · брат · Довьяловъ · Виликаилъ. А Жемотьскыи: кнѧз Ерьдивилъ · Выкынтъ. А Роушьковичев: Кинтибоуть · Вонибоут · Боутовить · Вижѣикъ и с(ы)н его Вишлии · Китении · Пликосова. А се Боулевичи: Вишимоут, егоже оуби Миндого тъ и женоу его поѧлъ и братью его побилъ · Едивила · Спроудѣика. А се кнѧзи из Дяволтвы: Юдьки · Поукѣикъ · Бикши · Ликиикъ. Си же вси миръ даша кн(я)зю Данилови и Василкоу, и бѣ землѧ покоина. | ||
Усходняя частка Жамойці, якой кіраваў Гердзівіл, падтрымлівала літоўскага князя Міндоўга, тым часам як заходняя частка, якой кіраваў Вікінт, была варожай да Міндоўга. Некаторыя гісторыкі лічаць, што пляменьнік Міндоўга Транята, быў сынам Гердзівіла, аднак большасьць лічыць Траняту сынам Вікінта.
Літоўскія (беларускія) летапісы ў рэчышчы легенды пра Палямона даюць мітычную вэрсію жыцьця Гердзівіла (Эрдзівіла) як сына вялікага князя жамойцкага Мантывіла. Даведаўшыся пра спусташэньне земляў Русі мангола-татарамі, Мантывіл адправіў туды свайго сына Эрдзівіла, які нібы збудаваў (або адбудаваў) гарады Наваградак, Горадню, Берасьце, Дарагічын, Мельнік (паводле Мацея Стрыйкоўскага, таксама Мерач, Ваўкавыск і Мсьцібогаў). Эрдзівіла зрабіў Наваградак сваёй сталіцай, прыняў тытул вялікага князя наваградзкага, а ад яго сына Мінгайлы, вялікага князя наваградзкага і полацкага, пайшлі дынастыі наваградзкіх і полацкіх князёў. У летапісах Красінскага і Эўраінаўскім замест Эрдзівіла значыцца імя Скірмант, а ў «Хроніцы літоўскай і жамойцкай» і ў гісторыка XVI ст. Аўгустына Ратундуса Эрдзівіла называецца Радзівілам (відаць, дзеля ўзвышэньня роду Радзівілаў). Рэальнасьць існаваньня Эрдзівіла не пацьвярджаецца іншымі тагачаснымі крыніцамі[6].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Kruken K., Stemshaug O. Norsk Personnamnleksikon. — Det Norske Samlaget, 1995.
- ^ Vilgerd, Nordic Names
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 22.
- ^ Договор литовских князей с Галицко-Волынским княжеством (1219), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
- ^ Пазднякоў В. Эрдзівіл // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 769.
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. Аўтарскае выданне. — Менск, 2019. — 459 с. — (сьціслая вэрсія кнігі: Вытокі Вялікае Літвы. — Менск, 2021. — 89 с.)