Палямо́навічы — легендарная дынастыя літоўскіх князёў, якая ўзыходзіць да мітычнага рымскага нобіля Палямона.

Вывад Гедзімінавічаў ад Палямона (фрагмэнт радаводу Палубінскіх). А. Тарасевіч, 1672 г.

Гісторык беларускай літаратуры Мікола Хаўстовіч зьвяртае ўвагу на тое, што ідэя пра неславянскае (рымскае) паходжаньне ліцьвінаў узьнікла як спроба абараніцца ад тагачасных ідэалягічных нападаў Маскоўскай дзяржавы. Аднак у XVIII—XX стагодзьдзях гісторыкі і палітыкі Расейскай імпэрыі і СССР выкарысталі гэтую легенду дзеля расейскай імпэрскай канцэпцыі (у рэчышчы русіфікацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага): нібы праз тое, што балты калісьці захапілі славянскія землі, заваёва («вяртаньне») гэтых земляў Расеяй ёсьць аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці[1].

Гісторыя

рэдагаваць

Мяркуецца, што паданьні пра Палямона, рымскага нобіля, які пасяліўся ля Нёману і даў пачатак мясцовай арыстакратыі, склаліся ў XV—XVI стагодзьдзях. Яшчэ ў другой палове XV стагодзьдзя Ян Длугаш пісаў, што ў літвы рымскія карані, але не паглыбляўся ў дэталі. Сама легенда пра Палямонавічаў упершыню зьявілася толькі ў другой рэдакцыі беларуска-літоўскіх летапісаў, створанай у 1520-х або 1530-х гадох[2].

На падставе легенды ўзьніклі фантастычныя сьцьверджаньні, што літоўская шляхта паходзіць з Рымскай імпэрыі і трапіла ў Літву праз Балтыйскае ўзьбярэжжа Жамойці, а пацьверджаньнем гэтаму ёсьць нібыта падобная на лаціну мова сялянаў. Адпаведныя сьцьверджаньні можна сустрэць у нататках Міхалона Ліцьвіна 1550 году, выдадзеных у 1615 годзе («руская мова чужая нам, ліцьвінам, гэта значыць італійцам, што паходзяць з краіны Італіі», а мова сялянаў — «форма лаціны, якая вырадзілася», але яе, маўляў, ачысьцілі і надрукавалі дакумэнты на сапраўднай лаціне Ягайла і Вітаўт), і ў прадмове да лацінскага перакладу II Літоўскага статуту Аўгустына Ратундуса 1576 году (ліцьвіны, паходзяць ад рымлян і родная мова іх лаціна, адна з трох, якімі Бог дазволіў славіць сябе; адпаведна, лаціна як «прыродная мова» мусіць быць вернутая ліцьвінам ва ўсіх сфэрах жыцьця, таксама ў хаце, замест «барбарскай мовы русінаў»; гэта дапаможа частцы «рускіх баяраў» адмовіцца ад грэцкай мовы)[3]. У якасьці наймацнейшага аргумэнту апошні прыводзіў тое, што, на яго думку, руская мова была агульнай з Маскоўскай дзяржавай — спрадвечным ворагам Літвы[4].

Розныя вэрсіі легенды адносяць перасяленьне Палямона або да часоў Нэрона (I стагодзьдзе), або да часоў войнаў з гунамі (V стагодзьдзе). Некаторыя крыніцы пераносяць гэтую падзею нават у X стагодзьдзе. Гэтыя зьмены, з усяго відаць, абумовіла невялікая колькасьць пакаленьняў, якія ў легендзе праходзілі ад Палямона да Гедзіміна. Таксама ў некаторых варыянтах імя Палямон выводзіцца ад больш дарэчнага для рымляніна імені Публій Лібон. Паданьне называла сынамі Палямона Боркуса, Кунаса і Сьпера. Кунас (уяўны эпанім Коўны) быў, паводле гэтае легенды, продкам Гедзімінавічаў. У найранейшую вэрсію легенды не ўлучалі Міндоўга — ён зьявіўся ў пазьнейшай перапрацоўцы ў Хроніцы Быхаўца. Апроч таго, нобілям, што прыйшлі з Палямонам, прыпісвалі шэраг рэальна існых гербаў. У прыватнасьці, «Хроніка Літоўская і Жамойцкая» кажа:

    А межы тою шляхтаю былі чатыры дамы найвышшыя: першы з гербу Катоўруса Даспронгус, другі з гербу Калюмнаў Прасьперце Спрымнус, Корсінус і Ўліянус, і Гектар з гербу Рожай.

Доўгі час асобныя гісторыкі ставіліся да гэтай легенды як да гістарычнага сьведчаньня, але ў наш час яе разглядаюць звычайна толькі як ілюстрацыю ідэялягічных настрояў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагодзьдзі.

Адасобленасьць жамойтаў

рэдагаваць

Гісторык Павал Урбан зьвяртае ўвагу на тое, што ў другой палове XVI ст. зьявілася свая асобная вэрсія «рымскага» паходжаньня жамойтаў (адрозная ад легенды пра Палямона для ліцьвінаў). Ураднік швэдзкай часткі Лівоніі храніст Тамаш Герн працытаваў з напісанага па 1582 годзе трактату Яна Ласіцкага, што жамойты паходзілі ад тых рымлянаў або італікаў, якіх за часоў рымскага імпэратара Нэрона за нейкую правіну выслалі на пустынны востраў Гіярас у Эгейскім моры. Імпэратар рыхтуючыся да выправы меўся залучыць гэтых выгнанцаў у сваё войска, ён тры разы дасылаў да іх свае караблі. На трэці раз выгнанцы згадзіліся ўзысьці на гэтыя караблі, але тут жа перабілі эмісараў Нэрона, захапілі караблі і паплылі ў адваротным кірунку — у Чорнае мора. Адтуль «італікі-жамойты» праз дрымучыя лясы перабраліся на поўнач да берагоў Балтыйскага мора[5].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ Хаўстовіч М. Наш Міцкевіч // XIX стагоддзе: Навукова-літаратурны альманах. Кніга другая. — Менск: Кафедра гісторыі беларускай літаратуры БДУ, 2000. С. 6.
  2. ^ Ivinskis Z. Palemonas // Lietuviu enciklopedija. — Boston, Massachusetts: Lietuviu enciklopedijos leidykla, 1953—1966. — Vol. 21. — P. 400—401.
  3. ^ Астравец С. З «Іліядай» пад падушкай, Радыё Свабода, 26 лістапада 2014 г.
  4. ^ Свяжынскі У. Праблемы афіцыйнай мовы ВКЛ у літоўскай і украінскай гістарыяграфіях // «Мова — Літаратура — Культура»: матэрыялы V Міжнароднай навуковай канферэнцыі (да 80-годдзя прафесара Льва Міхайлавіча Шакуна), Мінск, 16—17 лістапада 2006 года [Тэкст] / Беларускі дзярж. ун-т; у аўтарскай рэдакцыі. — Менск: Права і эканоміка, 2007. — 654 с. — 250 экз. — ISBN 978-985-442-381-4. — С. 128.
  5. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 17—18.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць