Шляхта

дваранскае саслоўе Каралеўства Польскага, а потым і Рэчы Паспалітай
(Перанакіравана з «Шляхецтва»)

Шля́хта — прывілеяваны стан на тэрыторыі цяперашніх Беларусі, Польшчы, Украіны, Летувы, Чэхіі ў XIII—XX стагодзьдзях. Эканамічная аснова паноўнага становішча шляхты — фэадальная ўласнасьць на зямлю. Узаемныя дачыненьні паміж рознымі пластамі шляхты грунтаваліся на прынцыпах фэадальнай герархіі.

Януш Радзівіл

Доступ у шляхецкі стан

рэдагаваць

Доступ у стан шляхты быў магчымы толькі ў вынятковых выпадках за вялікія заслугі. Шляхі пераходу ў шляхецкі стан:

  • набілітацыя — наданьне шляхецтва каралём, соймам, гетманам на полі бою;
  • адопцыя — прыём у геральдычны род прадстаўнікоў іншых станаў;
  • індыгенат — прызнаньне шляхтай прадстаўнікоў прывілеяваных станаў іншых краінаў.

Герархія

рэдагаваць

Падзел шляхты:

  • магнаты;
  • сярэдняя шляхта (валодала ад адной да некалькіх вёсак);
  • заградовая шляхта (мела сваю гаспадарку, але ня мела ва ўласнасьці сялянаў);
  • шляхта-галота (ня мела сваёй зямлі і жыла пры магнацкіх дварах у якасьці слугаў).

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Больш за 80% шляхты Вялікага Княства Літоўскага мелі беларускае паходжаньне[1].

Вядомыя прадстаўнікі шляхты ВКЛ (князі, ваяводы, кашталяны, гетманы, канцлеры) — Радзівілы, Сапегі, Глябовічы, Хадкевічы, Пацы, Вішнявецкія, Агінскія, Астроскія, Кішкі, Завішы, Тышкевічы, Валовічы, Гальшанскія.

У XVII ст. да шляхецкага стану належаў прыкладна кожны дзясяты жыхар ВКЛ[1], на канец XVIII ст. — да 12 % насельніцтва анэксаваных Расейскай імпэрыяй земляў[2].

Адным з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі стала пазбаўленьне мясцовага насельніцтва афіцыйнага шляхецтва («дваранства»): колькасьць шляхты штучным чынам скарацілі з 12—13% да 3% ад усяго насельніцтва[3]. Пры гэтым пазбаўленыя правоў прадстаўнікі шляхты абкладаліся падаткамі і павіннасьцямі. Значную колькасьць гэтых людзей расейскія ўлады высылалі ўва ўсходнюю Ўкраіну, на Каўказ і ў іншыя раёны імпэрыі[4]. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў расейскія ўлады адабралі афіцыйнае шляхецтва яшчэ ў 10 тысячаў жыхароў колішняга Вялікага Княства Літоўскага[5].

У XIX ст. шляхта колішняга ВКЛ хоць і карысталася польскай мовай, але добра ведала беларускую мову і традыцыйную народную культуру. Паводле перапісу насельніцтва 1897 году, каля паловы «дваранаў» (афіцыйна прызнанай уладамі Расейскай імпэрыі шляхты ВКЛ) назвалі роднай мовай беларускую[1].

Шляхцянкі: выхаваньне і адукацыя

рэдагаваць
 
Барбара Радзівіл

У другой палове XVIII стагодзьдзя роля жанчыны ў грамадзкім асяродзьдзі Вялікага княства Літоўскага пад уплывам Францыі павышаецца. Перадавая частка шляхты пачала прытрымлівацца думкі, што для трывалай шляхецкай сям’і і стабільнага грамадзтва неабходна выхаваная і адукаваная кабета: ад яе залежыць сямейны дабрабыт і выхаваньне будучага пакаленьня. Пашыраецца дзейнасьць манаскіх ордэнаў, якія займаліся выхаваньнем шляхцянак, жаночыя пансіёны, школкі. Набывае папулярнасьць замежная адукацыя. Але дамінантнай застаецца хатняе навучаньне.

Хатняе выхаваньне шляхцянак

рэдагаваць

Хатняя адукацыя ў заможнай і сярэдняй шляхты

рэдагаваць

Доўгі час шляхцянак навучалі толькі хатнія настаўнікі, якіх паводле свайго жаданьня і фінансавых магчымасьцяў наймалі бацькі. Выбар асобаў, на якіх ускладваліся абавязкі выхавальніка і настаўніка, часьцей за ўсё падаў на выпускнікоў навучальных установаў, што ўтрымліваліся каталіцкай, уніяцкай і праваслаўнай цэрквамі, або колішніх студэнтаў, слухачоў буйных унівэрсытэтаў Эўропы. Так, Я. Пашкоўскі (1684—1757), выпускнік Віленскай акадэміі, вучыў дзяцей М.-К. Радзівіла Рыбанькі. Буйнымі філёзафамі, пэдагогамі, пісьменьнікамі і дзяржаўнымі дзеячамі былі настаўнікі дзяцей віленскага ваяводы Я. Гільзена, надворнага маршалка Вялікага Княства Літоўскага Сцыпіна дэ Кампа, падскарбія надворнага літоўскага, гарадзенскага старосты А. Тызэнгаўза, Соф’і Чартарыйскай і Ганны Сапегі з роду Замойскіх.

Сярэдняя шляхта таксама зьвярталася да паслугаў хатніх настаўнікаў. Аднак у поле яе зроку часьцей за ўсё траплялі выпускнікі калегіюмаў або іншых навучальных установаў ня вельмі высокага рангу. У XVIII ст. грамадзкая думка Вялікага княства Літоўскага пачала разьвівацца пад значным уплывам Францыі. Францускі ўплыў адчуваўся і ў адукацыі. Праявай франкаманіі было зьяўленьне ў шляхецкіх дамах вялікай колькасьці замежных гувэрнэраў і гувэрнантак, якія навучалі гаспадарскіх дзяцей розным навукам і суправаджалі іх ад самага дзяцінства і часам нават перадаваліся, нібы ў спадчыну, ад старэйшых дзяцей да малодшых.

 
Катэхізіс С. Буднага

Хатняя адукацыя Соф’і Замойскай

Соф’я Замойская з роду Чартарыйскіх была малодшая ў сям’і, яе выхаваньнем займалася гувэрнантка панна Petit, якая выхоўвала яшчэ яе старэйшую сястру. Панна Petit вучыла Соф’ю францускай мове, геаграфіі, гісторыі і Катэхізісу. Пра сваю адукацыю Соф’я зазначала, што яна была вельмі павярхоўная, за посьпехамі і недахопамі навучаньня ніхто з бацькоў не сачыў, а панна-выхавацелька была ўжо ў даволі сталых гадах, каб актыўна займацца навучаньнем гаспадарскай дачкі. У Соф’і яшчэ было некалькі настаўнікаў: ангельскай мове яе навучала жонка камэрдынэра, быў настаўнік ігры на фартэпіяна, таксама настаўнік танцаў.

Падарожжа як неабходны дадатак адукацыі

рэдагаваць

Неабходным дадаткам хатняй адукацыі шляхецкіх дзяцей зрабіліся падарожжы па Эўропе. Традыцыя ад’яжджаць за мяжу з мэтай атрыманьня адукацыі сфармавалася яшчэ ў часы Адраджэньня. А ў другой палове XVIII ст. яна ня толькі захавалася, але і распаўсюдзілася, што было абумоўлена пашырэньнем палітычных і гандлёвых сувязяў і большай адкрытасьцю грамадзтва — зьявай, характэрнай для Новага часу. Замежныя падарожжы давалі магчымасьць шляхцянкам удасканаліць валоданьне мовамі, пашырыць свае веды ў геаграфіі і гісторыі, пазнаёміцца з эўрапейскімі славутасьцямі і адначасова паказаць свае здольнасьці. Заможныя шляхцянкі зь Вялікага княства Літоўскага імкнуліся абавязкова наведаць Парыж, Вену, Бэрлін, Рым.

Кляштарнае выхаваньне шляхцянак

рэдагаваць

Значнасьць кляштароў для разьвіцьця жаночай асьветы

рэдагаваць
 
Кляштар брыгітак у Горадні

Значнасьць арганізацыі ў Вялікім княстве Літоўскім жаночых кляштароў для разьвіцьця жаночай асьветы была велізарнай. Большасьць з манаскіх ордэнаў мелі ў статуце палажэньне аб асьветніцкай дзейнасьці. Менавіта таму практычна заўсёды адкрыцьцё ў месьце ці мястэчку кляштару азначала зьяўленьне там школы (часьцей за ўсё пачатковай). Дзякуючы гэтаму ўжо ў сярэдзіне XVII ст. у Вялікім княстве Літоўскім сфармавалася асобная сыстэма жаночай адукацыі. А на пачатку XVIIІ ст. дзейнічала некалькі жаночых манаскіх ордэнаў: бэрнардынкі, бэнэдыктынкі, брыгіткі, дамініканкі, кармэліткі, марыявіткі, візыткі. Але колькасьць іх была невялікай. Жаночых кляштароў на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага было значна менш, чым мужчынскіх. Адпаведна і магчымасьцяў аддаць сваіх дачок на выхаваньне манашкам у мясцовай шляхты было значна менш. Адначасова існавалі і невялікія школкі, разьлічаныя на дзяцей зьбяднелых шляхціцаў, якія ўтрымліваліся за кошт кляштару, а часьцей — фундатара.

Навучаньне ў кляштары праводзілі манашкі, якія выкладалі найбольш неабходныя прадметы: чытаньне, пісьмо, лічэньне, рукадзельле, а таксама танцы і музыку. Вывучэньне Сьвятога Пісаньня займала найбольш часу і лічылася самым неабходным у адукацыі. Але агульны ўзровень адукацыі быў даволі нізкім і нярэдка абмяжоўваўся толькі сярэднявечнай схалястыкай. Толькі ў сярэдзіне XVIIІ ст. вучэбныя праграмы большасьці кляштароў былі некалькі зьмененыя.

Мода на францускую адукацыю

рэдагаваць
 
Кляштар візытак у Вільні

Значна зьмянілася сытуацыя ў Вялікім княстве Літоўскім са зьяўленьнем ордэну візытак, якія прынесьлі моду на францускую адукацыю. Зь сярэдзіны XVIII ст. ствараліся адмысловыя пансіёны для шляхцянак, выкладаньне ў якіх арыентавалася на Францыю і яе культуру, а мовай выкладаньня была француская. Рэлігійнае навучаньне ў пансіёнах захавала свае пазыцыі, але павялічылася ўвага і да прадметаў сьвецкага характару. Так, для навучаньня мовам, сьпевам, танцам, маляваньню, якія сталі неабходнымі для кожнай шляхетнай дзяўчыны, адмыслова наймаліся сьвецкія выкладнікі.

З пансіёнаў візытак выходзілі дзяўчаты, якія несьлі ў грамадзтва францускую культуру і своеасаблівы касмапалітычны сьветапогляд. Мода на францускае пачала ахопліваць усё княства: жанчыны сталі насіць францускую вопратку, карыстацца францускай мовай, літаратурай і, галоўнае, пераймалі стыль паводзінаў, які прадугледжваў актыўнае сьвецкае жыцьцё жанчын вышэйшага стану, валоданьне мастацкімі талентамі, больш вольныя адносіны ў шлюбе. Француская мода ліквідавала і недахоп цікавасьці да музыкі і нават пэўную непрыязнасьць да яе, што ўсталявалася яшчэ ў XVII ст.

На неабходнасьць наладжваньня адукацыі больш сьвецкаарыентаванага характару ў сярэдзіне XVIIІ ст. зьвярнулі ўвагу і іншыя жаночыя манаскія ордэны. Адбыліся зьмены ў школках бэнэдыктынак і ў бэрнардынскіх канквіктах. Тут вучылі чытаць, пісаць, лічыць, сьпяваць, а таксама размаўляць па-француску. У падобным кірунку працавалі і сёстры-брыгіткі.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 113.
  2. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 313.
  3. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 227.
  4. ^ Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). — Менск, 2005. С. 228.
  5. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 326.

Літаратура

рэдагаваць
  • Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
  • Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя. Том 1. — Менск, 1978
  • Гардзіенка Н. Кляштарнае выхаванне шляхцянак у Вялікім княстве Літоўскім у XVIII ст. // Адукацыя і Выхаванне. № 4, 2001.
  • Рэлігія і царква на Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Менск: БелЭн, 2001. — 386 с.: іл. ISBN 985-11-0220-2.
  • Самусік А. Жаночая асвета на беларускіх землях у канцы XVI — першай палове XIX ст. // Адукацыя і Выхаванне. № 9, 1998.
  • Сліж Н. Статус жанчыны-шляхцянкі ў ВКЛ (XVI—XVIII ст.) // Беларускі гістарычны часопіс. № 4, 1996.
  • Чарапанава Л. Гендэрныя аспекты адукацыі і выхавання // Адукацыя і Выхаванне. № 4.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць