Трэ́цяя Ўстаўна́я гра́мата — юрыдычны акт, прыняты Радай БНР 25 сакавіка 1918 году ў Менску (у доме Маліна), згодна зь якім Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай дзяржавай. Угодкі гэтае гістарычнае падзеі традыцыйна адзначаюцца беларусамі як сьвята аднаўленьня дзяржаўнае незалежнасьці.

Устаўная грамата
Трэцяя Ўстаўная грамата
Заканадаўчы орган
Нумар 3
Прыняцьце 25 сакавіка 1918 (106 гадоў таму)
Ухваленьне Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
Падпісаньне Язэп Варонка
Уступ у сілу 25 сакавіка 1918
Поўны тэкст у Вікікрыніцах? .

Экзэмпляр Трэцяе Ўстаўное граматы захоўваецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь[a][1].

Гісторыя

рэдагаваць
 
Трэцяя Ўстаўная грамата

Прыняцьце Трэцяе Ўстаўное граматы праходзіла ва ўмовах, калі паводле Берасьцейскага міру Савецкая Расея пагадзілася на акупацыю большае часткі тэрыторыі Беларусі Нямецкай імпэрыяй. Дакумэнт падсумаваў вынікі ўнутранага змаганьня ў кіраўніцтве Беларускае Народнае Рэспублікі (БНР) і ў Беларускай сацыялістычнай грамадзе (БСГ) па прыняцьці Другое Ўстаўное граматы да народаў Беларусі, якая незадаволіла незалежніцкую плынь у БСГ (Язэп Лёсік, Аляксандар Прушынскі, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч і інш.). Фактычны лідар БСГ Аркадзь Смоліч 9 сакавіка 1918 году зьвярнуўся зь лістом да Івана Луцкевіча, у якім сьцьвярджаў, што ў кіраўніцтве БНР няма дастаткова сьвядомых прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. 18 сакавіка 1918 году на сходзе Рады Ўсебеларускага зьезду 1917 году прыхільнікі незалежнасьці дамагліся ейнага перайменаваньня ў Раду БНР. Яны прынялі пастанову аб ўвядзеньні ў склад Рады БНР Вацлава Ластоўскага, Антона й Івана Луцкевічаў, Яна Станкевіча, Дамініка Сямашкі й Язэпа Туркевіча — прадстаўнікоў Віленскае беларускае рады (ВБР), якая 19 лютага 1918 году напярэдадні прыняцьця Першае Ўстаўное граматы да народаў Беларусі абвясьціла пра разрыў паміж Беларусяй і Расеяй. 23 сакавіка 1918 году Вацлаў Ластоўскі, браты Луцкевічы, Ян Станкевіч і Язэп Туркевіч прыбылі ў Менск. У гэты дзень прыйшоў адказ ураду Нямецкае імпэрыі на заяву Народнага Сакратарыяту Беларусі ад 9 сакавіка 1918 году аб абвяшчэньні БНР. Паводле тэлеграмы, райхсканцлер Ґеорґ фон Ґертлінґ ня быў здольны прыняць заяву Народнага Сакратарыяту, бо гэта азначала б умяшаньне ва ўнутраныя справы Расеі. Такім парадкам урад Нямецкае імпэрыі па-ранейшаму лічыў Беларусь складовай часткай Расеі й не прызнаваў БНР. З тое прычыны, што бальшавікі ў час адыходу зь Менска 19 лютага 1918 году вывезьлі з сабой скарбы Дзяржаўнага банку, з 23 сакавіка 1918 году Народны Сакратарыят пастанавіў зьвярнуцца па пазыку да ўраду Ўкраінскае Народнае Рэспублікі. На гэтым паседжаньні прысутнічалі прадстаўнікі ВБР. Па нарадзе з братам, Антон Луцкевіч прапанаваў абвясьціць поўную незалежнасьць Беларусі ад Расеі — на знак пратэсту супраць гандлю беларускімі землямі зь Нямецкай імпэрыяй. Прапанову Антона Луцкевіча з разуменьнем сустрэў Народны Сакратарыят. Старшыня Народнага Сакратарыяту Язэп Варонка заявіў, што гэтую прапанову трэба абмеркаваць на паседжаньні фракцыі БСГ, бо прадстаўнікі гэтае партыі складалі большасьць у Радзе БНР. У фракцыі група сябраў БСГ на чале з Макарам Краўцовым спачатку выказалася супраць прапановы дзеячоў БНР, але ўрэшце згадзілася з большасьцю[2].

 
Мапа Беларускай Народнай Рэспублікі, 1918 г.

24 сакавіка 1918 году а 8-й гадзіне вечара пачалося пленарнае паседжаньне Рады БНР. 3 дакладам пра палітычнае становішча Беларусі выступіў Аркадзь Смоліч. Ён прапанаваў прыняць акт аб абвяшчэньні незалежнасьці БНР. Супраць ідэі беларускіх сацыялістаў выступілі расейскія й польскія земскія дзеячы й прадстаўнікі Бунду. Пры галасаваньні ўстрымаліся прадстаўнікі Аб’яднанае жыдоўскае сацыялістычнае рабочае партыі, Жыдоўскае сацыял-дэмакратычнае рабочае партыі й расейскіх сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. Земская фракцыя абвясьціла пра выхад з Рады БНР. 25 сакавіка 1918 году а 8-й гадзіне раніцы Рада БНР прыняла Трэцюю Устаўную грамату большасьцю галасоў[2].

 
Межы беларускай этнічнай тэрыторыі

     Паводле Я. Карскага (1903)

     Паводле М. Доўнар-Запольскага (1919)

     Сучасныя дзяржаўныя граніцы

Рада БНР выступіла з патрабаваньнем перагледзець Берасьцейскую мірную дамову. На землях былой Расейскае імпэрыі, дзе жыве й мае колькасную перавагу беларускі народ, абвяшчалася вольная, незалежная дзяржава; у ейны склад ўвайшлі Магілёўская, Менская, Віцебская, беларускія часткі Гарадзенскае, Віленскае, Смаленскае, Чарнігаўскае й суседніх губэрняў (меліся на ўвазе Сувалкаўская й Ковенская губэрні[2]). Пацьвярджаліся таксама правы й вольнасьці грамадзянаў і народаў Беларусі, абвешчаныя Другой Устаўной граматай ад 9 сакавіка 1918 году.

Падпісанты

рэдагаваць

Арыґінальная грамата — машынапісны аркуш паперы, падпісаны з адваротнага боку й замацаваны дзяржаўнай пячаткай. Сьпіс падпісантаў граматы:

  1. Старшыня ўраду й народны сакратар замежных справаў Язэп Варонка,
  2. Народны сакратар вайсковых справаў Кастусь Езавітаў,
  3. Народны сакратар гаспадаркі Ян Серада,
  4. Народны сакратар земляробства Тамаш Грыб,
  5. Кіраўнік справамі Лявон Заяц
  6. Народны сакратар юстыцыі Яфім Бялевіч
  7. Народны сакратар кантролю Пётра Крачэўскі
  8. Народны сакратар асьветы Аркадзь Смоліч,
  9. Народны сакратар апекі Палута Бадунова,
  10. Народны сакратар пошты й тэлеграфу Аляксандар Карабач.

У мастацве

рэдагаваць
 
Эміграцыйная налепка з Пагоняй да Дня Незалежнасьці, 1948 г.

25 сакавіка 1920 году Янка Купала, які ў 1919 годзе быў намесьнікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэту (фактычна віцэ-прэм’ерам Беларусі[3]), напісаў верш «25.III.1918 — 25.III.1920. Гадаўшчына — памінкі»[4]:

 

Не сьвята сьветлае спраўляці
Сягоньня будзе наш народ.
А трызну па айчыне-маці
Ён справе ў гэты цяжкі год.

 

У вершы паэт выказвае расчараваньне ў выніках прызнаньня незалежнае Беларускае дзяржавы тагачаснай міжнароднай супольнасьцю (у першую чаргу Савецкай Расеяй і міжваеннай Польскай Рэспублікай)[5].

Прыняцьце Трэцяе Ўстаўное граматы як дзень аднаўленьня незалежнасьці Беларусі апяваецца ў вершах «На 25 сакавіка» (1932 год)[6] і «На дзень 25.III.1933» (1933 год) Язэпа Германовіча[7] «25 сакавіка» (1935 год) Міхася Машары[8], «Паслухай, што кажа курган» (1944 год), «25 сакавік» (1946 год) і «Былі героі» (1962 год) Алеся Змагара[9], «25-ты сакавік» (1950 год) Натальлі Арсеньневай[10]. Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які ў 1991 годзе актыўна выступаў за ўсталяваньне 25 сакавіка ў якасьці дзяржаўнага сьвята, мае верш з радкамі «І першым сьвятам Бацькаўшчыны стане Дзень Дваццаць Пятага Сакавіка!»[11]. Верш «25 Сакавіка», напісаны Народным паэтам Беларусі Рыгорам Барадуліным, завяршаецца наступнымі радкамі:

 

Дваццаць пятага сакавіка —
Наша сьвята,
Пароль
І прысяга![12]

 

Вялікая колькасьць мастацкіх паштовак, налепак і кувэртаў, зьвязаных зь сьвяткаваньнем даты прыняцьця Трэцяе Ўстаўное граматы як Дня Незалежнасьці, выйшла з друку намаганьнямі Беларускага замежжа[13].

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ НАРБ. Ф. 325, воп. 1, атр. 21, арк. 124—125.
  1. ^ Сакалоўскі, У. Надзвычайная місія БНР у Нямеччыне // ARCHE. Пачатак. — 2009. — № 3. — С. 54.
  2. ^ а б в Сідарэвіч А. Трэцяя Устаўная грамата // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 537.
  3. ^ Трефилов С. Янка Купала был де-факто вице-премьером Беларуси, а год спустя его за это арестовали(недаступная спасылка) // Камсамольская праўда, 23 лютага 2018 г.
  4. ^ Янка Купала. 25.III.1918-25.III.1920 Гадаўшчына-памінкі
  5. ^ Сідарэвіч А. Поўны не акадэмічны // ARCHE Пачатак. № 6 (11), 2000 г.
  6. ^ Адважны, В. Выбраныя творы / Вінцук Адважны; уклад., прадм., камент. І. Багдановіч. — Менск: Кнігазбор, 2011. С. 20.
  7. ^ Беларуская крыніца. № 13, 1933. С. 2.
  8. ^ Шлях моладзі. № 3 (76), 1935. С. 1.
  9. ^ Алесь Змагар. Да згоды. — Кліўлянд: Выдавецтва Літаратурнае Сустані «Баявая Ўскалось», 1962.
  10. ^ Наталля Арсеннева. 25-ты сакавік, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  11. ^ Гілевіч Н. «І запануе воля» // Літаратурная Беларусь. № 3 (139), 2018. С. 1.
  12. ^ Рыгор Барадулін. 25 Сакавіка, Наша Ніва, 25 сакавіка 2017 г.
  13. ^ 25 Сакавіка ў паштоўках, канвертах, налепках беларускай эміграцыі — ФОТА, Наша Ніва, 25 сакавіка 2016 г.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць