Савічы (Брагінскі раён)
Са́вічы[1] — вёска ў Брагінскім раёне Гомельскай вобласьці. Уваходзіць у склад Чамярыскага сельсавету.
Савічы | |
трансьліт. Savіčy | |
Дата заснаваньня: | перад 1512 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Чамярыскі |
Насельніцтва: | 17 чал. (2023) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
Паштовы індэкс: | 247637 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°37′0″ пн. ш. 30°19′0″ у. д. / 51.61667° пн. ш. 30.31667° у. д.Каардынаты: 51°37′0″ пн. ш. 30°19′0″ у. д. / 51.61667° пн. ш. 30.31667° у. д. |
± Савічы |
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУпершыню паселішча згаданае 7 (17) сакавіка 1512 году[2][a], калі кароль Жыгімонт Стары падараваў Брагінскую воласьць князю Міхайлу Васільевічу Збараскаму, родапачынальніку князёў Вішнявецкіх:
«Лета Божага тысяча пяцьсот дванаццатага месяца марца сёмага дня_За Указам Гасударскім Найясьнейшага Караля Яго Міласьці Зыгмонта, а за паданым чалабіцьцем князя Міхайла Васілевіча Збараскага, я, Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трактамірскі і дымірскі, дваранін Яго Міласьці Каралеўскай,.. аглядаў я рубеж той воласьці, каторая пачынаецца з гары рэчкаю Брагінкаю ўніз да ракі Дняпра, а Дняпром угору да сяла Брагінскага Галэк, ад таго сяла ідучы да места Брагіня ад рогу вострава Юркоўскага… у востраў Жэрдзен Савенскі ў Хвашчы востраў Брагінскі…
З гэтага вынікае, што сяла Савічаў востраў Жэрдзен[b] быў памежным з воласьцю Брагінскай урочышчам, прыналежным да Любецкай воласьці Вялікага Княства Літоўскага.
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва, названае княствам (разам зь Любечам і Савічамі), як раней Падляская і Валынская землі, было далучана («вернута») да Кароны Польскай[4].
Карона Каралеўства Польскага
рэдагавацьНадалей Савічы прысутныя ў падатковым рэестры ад 6 студзеня 1571 году як сяло воласьці Любецкага замку ў Кіеўскім ваяводзтве Кароны. Тады ў ім налічвалася 6 паўнавартых дымоў (×6 — прыкладна 36 жыхароў), а яшчэ жылі людзі ўбогія, усяго 23 чалавекі, няздольныя плаціць зусім[5]. 2-м жніўня 1578 году датаваны прывілей караля Стэфана Баторыя пану Станіславу Клапоцкаму на сёлы ў Любецкім старостве — Савічы і Хракавічы[6].
Згаданая вёска Савічы ў люстрацыі старостваў Кіеўскага ваяводзтва 1616 году. Належала яна да Любецкай воласьці аднаіменнага староства, якое пажыцьцёва трымаў пан Мікалай Струсь. Агульны пабор з 24 савіцкіх падданых складаў 171 злоты і 20 грошаў[7].
Маецца зьвестка пра Савічы і ў датаваным 15 лютага 1754 году запісе «wieczystego prawa darownego» на добра Ёлча, Бярозкі, Савічы, Грушнае «і іншых»[d], відавочна, прыналежных да Ёлчанскага ключа[e], ад падканцлера літоўскага графа Міхала Сапегі войскаму ашмянскаму пану Францішку Ракіцкаму, за подпісам вялікага канцлера літоўскага князя Міхала Чартарыйскага, замацаваным вялікай пячаткай[10].
Расейская імпэрыя
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Савічы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[11]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што сяло Грушна, слабада Нежыхаў, вёскі Савічы, Калыбань, Піркі, Капоранка, Крукі, Кулажын, хутар Чэрнеў і іншыя былі ў заставе ў пана Ігнацыя Шышкі, а належалі (зноў жа застаўным правам) ротмістру троцкаму пану Валенцію Зялёнку[12].
У парэформавы пэрыяд Савічы – цэнтар воласьці Рэчыцкага павету.
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Савічы, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[13].
1 студзеня 1919 г., згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Савічы ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня вёска разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі перададзена ў склад РСФСР.
1 сьнежня 2009 году перададзеная зь ліквідаванага Хракавіцкага сельсавету ў склад Чамярыскага сельсавету[14].
Насельніцтва
рэдагаваць- 1999 год — 113 чалавек
- 2004 год — 86 чалавек
- 2010 год — 42 чалавекі
- 2019 год — 27 чалавек
- 2023 год — 17 чалавек[15]
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Поўны зьмест дакумэнту гл.:[3]
- ^ Будучая вёска Жэрднае ў межах сучаснага Брагінскага раёну.
- ^ Апошнія дзьве назвы, аднак, мелі розныя паселішчы, зь якіх Радзін панам Сапегам даўно не належаў.
- ^ У гістарычна-генэалягічных і маёнтковых матэрыялах Сапегаў удакладняецца, што добры Ёлча складаліся з фальварку Савічы і вёсак Бярозкі (Berezno), Грушнае, Крукі, Перкі з слабодкай Кулажын alias Radzyn[8][c].
- ^ Ёсьць згадка пра інвэнтар Ёлчанскага ключа 1771 году[9]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 77
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049-1049адв.
- ^ С. Бельскі. Акт абмежаваньня Брагінскай воласьці; Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 9—11
- ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 77 — 87; Падалінскі У. // Беларускі гістарычны агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337 (Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009)
- ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 30
- ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569-1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів ; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.] ; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 295
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 296, 299
- ^ Sapiehowie: materjały historyczno-genealogiczne i majątkowe. T. 3. – Petersburg, 1894. S. 313
- ^ Аrchiwum Główny Akt Dawnych w Warszawie. Аrchiwum Рrozorów і Jelskich (надалей: APiJ). Sygn. 1. S. 1
- ^ АРіJ. Sygn. 1. S. 205
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
- ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 73
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. — С. 85
- ^ «Об изменении административно-территориального устройства Брагинского района Гомельской области». Решение Гомельского областного Совета депутатов от 1 декабря 2009 г. № 276 (рас.)
- ^ Чамярыскі сельсавет
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.