Раман Скірмунт

беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, буйны землеўладальнік
(Перанакіравана з «Р. Скірмунт»)

Рама́н Алякса́ндравіч Скі́рмунт (25 красавіка 1868, вёска Парэчча Пінскага павету — 7 кастрычніка 1939) — беларускі і польскі грамадзка-палітычны дзяяч, буйны землеўладальнік. Паходзіў зь беларускага шляхецкага роду Скірмунтаў.

Раман Скірмунт
лац. Raman Skirmunt
Сьцяг Расеі Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расейскай імпэрыі
27 красавіка (ст. ст.) 1906
 — 8 ліпеня 1906
Сьцяг Расеі Сябра Дзяржаўнай Рады Расейскай імпэрыі
1910 — 1911
Сьцяг Беларусі Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту
сакавік 1917 — ліпень 1917
Сьцяг Беларусі Прэм’ер-міністар
Беларускай Народнай Рэспублікі
9 ліпеня 1918 — 20 ліпеня 1918
Папярэднік: Язэп Варонка
Наступнік: Антон Луцкевіч
Сьцяг Польшчы Сябра Сэнату Польскай Рэспублікі
1930 — 1935
Прэзыдэнт: Ігнацы Масьціцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 25 красавіка 1868(1868-04-25)
Памёр: 7 кастрычніка 1939(1939-10-07) (71 год)
Партыя:
Бацька: Аляксандр Скірмунт[d]
Маці: Тэафілія з Любанскіх[d]
Адукацыя:
  • невядома
Раман Мар’ян Скірмунт

Герб «Дуб»[2]
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 25 красавіка 1868(1868-04-25)
Памёр 7 кастрычніка 1939(1939-10-07) (71 год)
Пахаваны
Род Скірмунты
Бацькі Аляксандар Скірмунт
Тэафілія Любанская
Дзеці нашчадкаў ня меў
Рэлігія рыма-каталік
Дзейнасьць палітык

Біяграфія

рэдагаваць

Раньнія гады

рэдагаваць

Нарадзіўся ў маёнтку Парэчча на Піншчыне. Вучыўся ў Рыскай гімназіі[3].

Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолягаў краёўцаў, дамагаўся стварэньня Краёвай партыі Літвы і Беларусі як міжнацыянальнага блёку польскай, беларускай і летувіскай палітычных арганізацыяў. У лістападзе 1905 ён надрукаваў у газэце «Kurier Litewski» (па-беларуску: Літоўскі кур’ер) зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзеньня ўсіх дэмакратычных свабодаў і найперш свабоды нацыянальнага жыцьця і роўнасьці нацыянальнасьцяў, краёвага самакіраваньня, падкрэсьлівала прынцып недатыкальнасьці прыватнай уласнасьці. У пачатку 1906 Скірмунт паўтарыў зварот, зьмяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». 17 чэрвеня 1907 па яго ініцыятыве ў Вільні адбыўся зьезд землеўладальнікаў шасьці беларуска-літоўскіх губэрняў, які прыняў рашэньне пра стварэньне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі». Аднак сам Р. Скірмунт не ўвайшоў у КПЛіБ, яго не задавальняла тое, што партыя ўзьнікала як выключна польская, а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую.

Зьяўляўся старшынём Таварыства па распрацоўцы сельска-гаспадарчых і эканамічных патрэбаў Палесься. Быў сябрам таварыства сельскай гаспадаркі.

3 1906 Р. Скірмунт дэпутат першай Дзяржаўнай думы Расейскай імпэрыі, ініцыятар аб’яднаньня дэпутатаў-краёўцаў у г.зв. Групу заходніх ускраінаў[4]. З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 чалец Дзяржаўнага савету Расейскай імпэрыі. Уваходзіў ва ўправу Віленскага зямельнага банку. З 1911 гласны Менскага губэрнскага земства, з 1914 чалец Менскага губэрнскага камітэту Ўсерасейскага земскага зьвязу, у 1917 загаднік Менскага губэрнскага харчовага камітэту. На зьезьдзе зьвяза зямельных уласьнікаў у пачатку кастрычніка 1917 году быў вылучаны ў Часовую Раду Расейскай рэспублікі (Перадпарлямэнт)[5][6][7].

Дзейнасьць на карысьць Беларусі

рэдагаваць

У студзені 1917 ўзначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. З сакавіка 1917 — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. У красавіку 1917 ўзначаліў беларускую дэлегацыю да расейскага Часовага ўраду з патрабаваньнем аўтаноміі Беларусі[8],[9]. Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ўзначальваў «Менскае беларускае прадстаўніцтва».

У красавіку 1918 ўвайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у траўні 1918 яму даручылі фармаваньне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, з 9 ліпеня 1918 — прэм’ер ураду БНР і сакратар міжнародных справаў. Выказваўся за набыцьцё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, зьбіраньне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу. 20 ліпеня 1918 пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўраду. Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 ў складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Нямеччыне і Швайцарыі з мэтай прызнаньня незалежнасьці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 імкнуўся не дапусьціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі. Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). Выказваўся за ўваходжаньне краю ў склад міжваеннай Польскай Рэспублікі на ўмовах шырокай аўтаноміі.

Пасьля на пэўны час Р. Скірмунт адышоў ад палітычнага жыцьця, жыў у сваім маёнтку Парэчча. Меў тут цукровы завод, бровар, фабрыку сукна, вадзяны млын, збудаваў касьцёл, лякарню, зрабіў падмурак новага палацу. У 1930 абраны сэнатарам Польскай Рэспублікі. Далучыўся да беспартыйнага блёку супрацоўніцтва з урадам, выступаў супраць асыміляцыі нацыянальных меншасьцяў.

Падчас польска-савецкай вайны мясцовае насельніцтва, якое падтрымлівала бальшавікоў, зрабіла фатальную памылку: выбегла сустракаць з чырвонымі транспарантамі цягнік, поўны польскіх жаўнераў. Раман Скірмунт упаў перад апошнімі на калені, каб тыя не каралі мужыкоў[10].

Быў забіты мясцовымі жыхарамі[11] на загад савецкага камісара Холадава[12] пасьля заняцьця Заходняй Беларусі савецкімі войскамі ў 1939 годзе. Старшыня сельсавету загадаў адвесьці яго і ягонага швагра Баляслава ў Пінск. Не даходзячы да гораду, у лесе, іх спынілі, далі ў рукі рыдлёўкі ды загадалі капаць сабе магілы. Раман Скірмунт, якому на той момант споўніўся 71 год, абапёрся аб дрэва і сказаў: «Я не заслужыў, каб сабе самому капаць магілу». Абодвух, расстраляўшы, скінулі ў яму, нават добра не прысыпаўшы[10].

Бібліяграфія

рэдагаваць
  1. ^ Sejm-Wielki.pl (пол.) — 2002.
  2. ^ Roman Skirmunt h. Dąb
  3. ^ Раман Скірмунт, які спыняў агонь, меў сакрэтнае каханне і баяўся публікі. Belsat TV. Праверана 10.11.2019 г.
  4. ^ Алесь Смалянчук. «Краёвец» у Дзяржаўнай Думе Расейскай імперыі(«думскі эпізод» палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта. 1906) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі. : Зборнік навуковых артыкулаў. — Мінск: Выдавец Зьміцер Колас, 2017. — С. 276-288. — ISBN 978-985-7164-11-0.
  5. ^ Съезд Всероссийского союза землевладельцев / А. А. Чупровъ, П. В. Егоровъ // Русскія вѣдомости : газэта. — Москва: 05.10.1917.
  6. ^ Дѣйствія правительства. Объ учрежденіи Временнаго Совѣта Россійской Республики. / М. Б. Войцеховичъ // Вестник Временного правительства : газэта. — Петроград: 1917, 03 окт. (16 окт.). — № № 167(213). — С. 1.
  7. ^ Руднева С.Е. Предпарламент. Октябрь 1917 г.: опыт исторической реконструкции. — Москва: Наука, 2006. — С. 101. — 279 с. — 500 ас. — ISBN 5-02-035534-8
  8. ^ Съѣздъ національныхъ Бѣлорусскихъ организацій // Ревельское Слово : газэта. — Талін: 30 сакавіка 1917. — № 72. — С. 3.
  9. ^ Аляксандар Смалянчук. Раман Скірмунт (1868–1939) як лідэр беларускага руху(сакавік-май 1917 г.) // «Краёвая ідэя» ў беларускай гісторыі зборнік. : Зборнік навуковых артыкулаў. — Мінск: Выдавец Зьміцер Колас, 2017. — С. 289-303. — ISBN 978-985-7164-11-0.
  10. ^ а б Як беларускага прэм’ера прымушалі самому сабе магілу капаць // Наша ніва
  11. ^ Жыццё і смерць Рамана Скірмунта (паводле вусных успамінаў жыхароў Піншчыны)
  12. ^ Глеб Лабадзенка. Страляйце так, я ад людзей ніколі не адварочваўся // Зьвязда : Газэта. — 7 кастрычніка 2009. — № 189 (26547). — С. 7. — ISSN 1990-763x.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць