Рэжым Вішы
Рэжым Вішы́ (па-француску: le régime de Vichy) ці Вішысцкая Францыя (афіцыйная назва Француская дзяржава (па-француску: l'État français)) — калябаранцкі рэжым у Паўднёвай Францыі часоў акупацыі Паўночнай Францыі нацысцкай Нямеччынай пасьля паразы Францыі напачатку Другой сусьветнай вайны і падзеньня Парыжу ў 1940 годзе. Існаваў з 10 ліпеня 1940 па 22 красавіка 1945 году (дэ-факта да 25 жніўня 1944 году). Афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нэўтралітэту, але фактычна праводзіў палітыку ў інтарэсах краінаў «Восі».
Француская дзяржава État français | |||||
| |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «Праца, Сям’я, Айчына» | |||||
Дзяржаўны гімн: «Маршал, мы тут!» | |||||
Афіцыйная мова | француская | ||||
Сталіца | Вішы (дэ-факта) Парыж (дэ-юрэ) Зыгмарынген (1944—1945) | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка |
Назва — ад курортнага гораду Вішы, дзе ў ліпені 1940 году сабраўся Нацыянальны сход, які пастанавіў перадаць дыктатарскую ўладу маршалу Анры Філіпу Пэтэну; гэта адзначыла канец Трэцяй рэспублікі. Урад Пэтэна й у далейшым знаходзіўся ў Вішы, у той час як паўночная частка Францыі з Парыжам была акупавана нямецкімі войскамі. У лістападзе 1942 году Нямеччына акупавала ўсю тэрыторыю Францыі, з гэтага моманту ўлада ўрада стала чыста намінальнай. Пасьля вызваленьня Парыжа ў канцы жніўня 1944 году, урад быў эвакуяваны й існаваў у выгнаньні да канца красавіка 1945 году.
Супрацоўніцтва з акупантамі
рэдагавацьУ кастрычніку 1940 году пасьля асабістай сустрэчы з Гітлерам Пэтэн заклікаў Францыю «супрацоўнічаць» (па-француску: collaborer) з нацыстамі. Рэжым Вішы дзейнічаў у агульным рэчышчы нямецкай палітыкі, праводзячы рэпрэсіі супраць габрэяў, цыганаў, камуністаў, масонаў; на тэрыторыі Францыі дзейнічалі як нямецкія вайсковыя часткі СС і гэстапа, гэтак і ўласная рэпрэсіўная арганізацыя — «Міліцыя» (з 1943 году).
Праводзіліся акцыі супраць Супраціўленьня, практыкаваліся расстрэлы закладнікаў. У 1944 годзе карнікі СС зьнішчылі паўднёвафранцускі пасёлак Арадур (у першапачатковай зоне кантролю Вішы). Была створана сумесная франка-нямецкая дывізія СС — «Шарлемань» (па-француску: Charlemagne, названая ў гонар Карла Вялікага).
У Нямеччыну вывозіліся францускія працоўныя (у абмен на згоду адпусьціць узятых напачатку войны францускіх ваеннапалонных). Аднак 27 лістапада 1942 году асноўныя сілы францускага ваенна-марскога флёту (3 лінкары, 7 крэйсэраў, 15 эсьмінцаў, 12 падводных лодак і 74 іншых караблёў) з санкцыі ўрада Вішы былі затоплены ў Тулёне, каб яны не дасталіся ані краінам Восі, ані антыгітлераўскай кааліцыі.
У лютым 2009 году Адміністрацыйны суд Францыі прызнаў урад рэжыму Вішы адказным за дэпартацыю тысяч габрэяў у нямецкія канцэнтрацыйныя лягеры падчас Другой сусьветнай вайны. Паводле зьвестак суду, падчас кіраваньня рэжыму Вішы з 1942 па 1944 гады ў лягеры было дэпартавана 76 000 габрэяў. Вынесенае рашэньне стала афіцыйным прызнаньнем дачыненьня францускага ўрада часоў Другой сусьветнай вайны да Галакосту[1]. Рэжым Вішы, які праіснаваў са здачы Парыжа нямецкаму войскаму ў 1940 годзе да вызваленьня краіны хаўрусьнікамі ў 1944 годзе, афіцыйна прытрымліваўся палітыкі нэўтралітэту.
Унутраная палітыка
рэдагавацьІдэалягічна рэжым Вішы арыентаваўся на традыцыйна-кансэрватыўныя каштоўнасьці, увасабленьнем якіх у міжваенныя гады лічыўся Пэтэн. Лічылася, што са зьвяржэньнем Францускай рэспублікі й усталяваньнем зьвязу зь Нямеччынай адбылася «Нацыянальная рэвалюцыя» (Révolution nationale). Дэвіз Францускай рэспублікі «Свабода, роўнасьць, братэрства» быў заменены на «Travail, Famille, Patrie» («Праца, Сям’я, Айчына»). Гербам вішысцкага рэжыму была сярэднявечная сякерка-францыска. Гімнам афіцыйна заставалася «Марсэльеза», аднак паводле патрабаваньняў немцаў яна была забаронена, і фактычным гімнам стала песьня ў гонар Пэтэна «Маршал, мы тут!» (па-француску: Maréchal, nous voilà !).
Пэтэн з асабістай ініцыятывы ўвёў на падкантраляваная яму тэрыторыі антысэміцкія законы, габрэі былі перамешчаны ў лягеры, частка дэпартавана на тэрыторыю, занятую гітлераўцамі. Шэраг дзеячаў рэжыму, у прыватнасьці, былы прэм’ер П’ер Эт’ен Фляндэн, будучы прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, патаемна дапамагалі Францускаму Супраціўленьню.
Міжнароднае становішча
рэдагавацьМіжнароднае становішча рэжыму Вішы было неадназначным. Краіны Восі прызнавалі яго законным урадам. Амбасадарам Нямеччыны быў прызначаны Ота Абэц. Дзяржавы, якія знаходзіліся ў стане вайны зь Нямеччынай (перш за ўсё Вялікабрытанія) лічылі, пачынаючы зь ліпеня 1940 году, законным прадстаўніцтвам Францыі ў сьвеце толькі рух дэ Голю, а рэжым Вішы — нелегітымным урадам на чале са здраднікамі. Тым ня менш ЗША і СССР першапачаткова прызналі рэжым Вішы й акрэдытавалі пры ім сваіх амбасадараў, гэтак, амбасадарам у ЗША стаў Эрык дэ Бішап. У 1941 годзе, стаўшы аб’ектам агрэсіі з боку Краінаў восі (СССР у чэрвені, а ЗША ў сьнежні), абедзьве гэтыя дзяржавы перавялі сваіх амбасадараў зь Вішы ў Лёндан, прызнаўшы, такім чынам, урад дэ Голя. Рэжым быў прызнаны Канадай (да акупацыі паўднёвай Францыі) і Аўстраліяй (да сканчэньня вайны). Некаторыя нэўтральныя дзяржавы мелі дыпляматычныя адносіны зь Вішы, іншыя — не.
Адносіны зь Вялікабрытаніяй
рэдагавацьАдносіны з былым хаўрусьнікам, Вялікабрытаніяй, у Францыі былі вельмі няпростымі. Трэба сказаць, што ў французаў для гэтага былі істотныя падставы: разгром францускага войска ў Бэльгіі быў узмоцнены пасьпешным адыходам брытанскіх войскаў, падчас далейшай эвакуацыі зь Дункерка францускія вайскоўцы склалі ўсяго 10% ад агульнай колькасьці эвакуяваных морам[2].
3 ліпеня 1940 году брытанскія ваенна-марскія сілы й авіяцыя нанесьлі ўдар па францускіх караблёх у Мэрс-эль-Кебірэ[3]. У адказ ВПС Францыі пачалі бамбаваньне базы Вялікабрытаніі ў Гібральтары, па словах Ўінстана Чэрчыля — «без асаблівага запалу».
Рэжыму Вішы ўдалося захаваць кантроль амаль над усімі францускімі калёніямі, большасьць заморскіх тэрыторыяў не прызнавалі адкрыта прабрытанскую «Свабодную Францыю» генэрала дэ Голя. У верасьні 1940 году галісцкія сілы пры прамой падтрымцы Вялікабрытаніі распачалі спробу захопу Дакару ў Сэнэгале, якая скончылася поўным правалам. У 1941 годзе Вялікабрытанія пад фармальнай падставай акупавала Сырыю і Лібан, якімі Францыя валодала паводле мандату Лігі Нацыяў. У 1942 годзе Вялікабрытанія пад падставай магчымага выкарыстаньня немцамі Мадагаскару ў якасьці базы для падводных лодак зьдзейсьніла ўзброенае ўварваньне на востраў. Баі працягваліся паўгода й скончыліся капітуляцыяй сілаў вішыстаў у лістападзе 1942 году. Патаемныя перамовы з брытанцамі вялі, паралельна з дэ Голем, некаторыя вядучыя дзеячы рэжыму — Франсуа Дарлян, Анры Жыро й іншыя.
Урад рэжыму Вішы
рэдагавацьНа працягу рэжыму Вішы галавой францускай дзяржавы заставаўся Філіп Пэтэн (1856—1951). Пры ім зьмянілася чатыры кабінэты міністраў, якія ўзначальвалі П’ер Ляваль (1883—1945), П’ер-Эт’ен Фляндэн (1889—1958) і Франсуа Дарлян (1881—1942).
- Пэрыяд рэакцыйных рэваншыстаў (1940—1941)
- Урад Ляваля — з 16 ліпеня па 13 сьнежня 1940 году.
- Урад Фляндэна — з 14 сьнежня 1940 году па 9 лютага 1941 году.
- Пэрыяд тэхнакратаў (1941—1942)
- Урад Дарляна — з 10 лютага 1941 па 18 красавіка 1942 году.
- Пэрыяд прагматызму Ляваля (1942—1943) і пэрыяд ультра-калябарацыяністаў (1944)
- Другі ўрад Ляваля — з 18 красавіка 1942 году па 19 жніўня 1944 году.
Зьвяржэньне
рэдагаваць25 жніўня 1944 году Парыж быў вызвалены. Пэтэн з кабінэтам міністраў былі вывезены нямецкімі войскамі ў Нямеччыну, дзе Фэрнан дэ Брынон заснаваў урад у выгнаньні ў горадзе Зыгмарынген, які праіснаваў да 22 красавіка 1945 году. Пэтэн адмаўляўся ўдзельнічаць у новым урадзе. У Зыгмарынгене было ўласнае радыё (Radio-patrie), СМІ (La France, Le Petit Parisien), а таксама пасольствы Нямеччыны, Італіі й Японіі. Насельніцтва анкляву налічвала 6 тысячаў чалавек, уключаючы вядомых калябарацыянісцкіх журналістаў, пісьменьнікаў і актораў, як то Люі-Фэрдынанд Сэлін, Люсьен Рэбатэ й Рабэр Ле Віган.
Асноўныя кіраўнікі былі асуджаны за дзяржаваўную здраду ў 1945—1946 гадох. Шматлікія дзеячы культуры, якія заплямілі сябе падтрымкай рэжыму, былі прысуджаны да «грамадзкім зганьбаваньнем».
Асобы
рэдагавацьВышэйшы ўрадавы савет
рэдагаваць- Анры Філіп Пэтэн — галава Францускай дзяржавы.
- П’ер Ляваль — прэм’ер-міністар Францускай дзяржавы ў 1940 годзе й 1942—1944 гадох.
- Франсуа Дарлян — прэм’ер-міністар Францускай дзяржавы ў 1941—1942 гадох.
- П’ер-Эт’ен Фляндэн — прэм’ер-міністар Францускай дзяржавы ў 1940—1941 гадох.
Вайсковыя дзеячы
рэдагаваць- Шарль Гюнцыгер — генэрал і міністар абароны
- Максім Вейган — Вярхоўны галоўнакамандуючы й міністр абароны.
- Поль Туўе — глава Францускай міліцыі ў Ліёне.
Іншыя
рэдагаваць- Марсэль Дэа — лідэр Францускай народнай партыі
- Люі-Фэрдынанд Сэлін — пісьменьнік
- Марыс Папон — кіраўнік Службы па габрэйскіх пытаньнях у прэфэктуры Бардо
- Жан Баратра — генэральны камісар па справах спорту ў 1940—1942 гадох
- Шарль Леска — пісьменьнік, журналіст
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Францыя прызнала сваё дачыненьне да Галакосту
- ^ Мемуары Ў. Чэрчыля «Другая сусьветная вайна».
- ^ Энциклопедия кораблей/Сражения/Вторая мировая война/Мерс-Эль-Кебире
Літаратура
рэдагаваць- Руссо А. «Национальная революция» режима Виши // Французский ежегодник 2003. М., 2003.
- Л.-Ф. Селин «Из замка в замок» (перевод с французского, СПб, «Евразия» СПб, 1998)
- Черчилль У. С. Вторая мировая война: в 6 т. /Пер. с англ. под ред. А.Орлова — М.:ТЕРРА — Книжный клуб, 1998.
- Hannsjörg Kowark, Das Ende der französischen Flotte im Zweiten Weltkrieg. Toulon 1940—1944. Hamburg 1998. ISBN 3-8132-0548-7 (ням.)