Пе́кная эпоха (па-француску: La Belle Époque) — умоўны пэрыяд францускай і эўрапейскай гісторыі, які звычайна датуецца паміж 1871—1880 гадамі і 1914 годам. Гэтая эпоха бярэ свой пачатак ў часы існаваньня Трэцяй Францускай рэспублікі, у той момант, калі гэты час характарызуецца аптымізмам, рэгіянальным мірам, эканамічным росквітам, каляніяльным пашырэньнем і тэхналягічнымі, навуковымі і культурнымі інавацыямі. У гэты час францускае мастацтва, у асаблівасьці парыскае, прыкметна квітнела. За гэтым часам пабачылі сьвет шматлікія шэдэўры літаратуры, музыкі, тэатру і выяўленчага мастацтва. Сам панятак зьявіўся ў рэтраспэктыве, бо пачаў лічыцца кантынэнтальным эўрапейскім «залатым векам» у адрозьненьне ад жахаў напалеонаўскіх войнаў і Першай сусьветнай вайны. Паводле словаў гісторыка Робэрта Палмэра, у Пекную эпоху эўрапейская цывілізацыя дасягнула найвялікшай моцы ў глябальнай палітыцы, а таксама вырабіла максымальны ўплыў на народы па-за межамі Эўропы[1].

Міжнародная выстава ў Парыжы ў 1900 годзе.

Палітыка

рэдагаваць
 
Палітычная мапа Эўропы паводле стану на 1911 год.

Гады паміж Франка-прускай і Першай сусьветнай вайной характарызаваліся незвычайнай палітычнай стабільнасьцю ў Заходняй і Цэнтральнай Эўропе. Не зважаючы на тое, што напружанасьць паміж Францыяй і Нямеччынай захоўвалася ў выніку страты францускага Эльзасу на карысьць Нямеччыны ў 1871 годзе, шэраг дыпляматычных канфэрэнцыяў здолеў разьвязаць спрэчкі, якія пагражалі агульнаму міру. Да прыкладу такіх канфэрэнцыяў адносяцца Бэрлінскі кангрэс 1878 году, Бэрлінская канфэрэнцыя ў справах Конга 1884 году і Альхэсыраская канфэрэнцыя 1906 году. Сапраўды, для многіх эўрапейцаў у гэты пэрыяд транснацыянальная і клясавая прыналежнасьць былі такімі ж важнымі, як і нацыянальная ідэнтычнасьць, асабліва сярод арыстакратыі. Найвышэйшая шляхта магла падарожнічаць па большай частцы Заходняй Эўропы без пашпарту і нават жыць за мяжой зь мінімальным бюракратычным рэгуляваньнем[2]. Першая сусьветная вайна, масавы транспарт, распаўсюджваньне пісьменнасьці і розныя грамадзянскія пытаньні і праблемы зьмянілі такі падыход.

Між тым, быў рэарганізаваны міжнародных рабочы рух, які стаў агульнаэўрапейскім. Найбольш прыкметнай арганізацыяй з яго стаўся Другі інтэрнацыянал. Анархісты розных кірункаў таксама актыўна дзейнічалі ў пэрыяд да Першай сусьветнай вайны. Палітычныя забойствы і спробы забойстваў па-ранейшаму былі рэдкімі ў Францыі, але меліся і некаторыя выключэньні, як то забойства прэзыдэнта Мары-Франсуа Садзі Карно ў 1894 годзе. У 1893 годзе ў Палаце дэпутатаў Францыі была ўзарвана бомба, але аніхто ня быў забіты. Тэрарызм у дачыненьні да мірных жыхароў таксама адбываўся. Гэтак у 1894 годзе было ўчыненае забойства ўладальніка кавярні злачынцам Эмілем Анры.

Францыя мела адносную палітычную стабільнасьць за часам Пекнай эпохі. Раптоўная сьмерць прэзыдэнта Фэлікса Фора, які знаходзіўся на той час на пасадзе, выклікала зьдзіўленьне, але не прывяла да дэстабілізацыі працы ўраду. Самым сур’ёзным палітычным выклікам у той пэрыяд была справа Дрэйфюса. Капітан Альфрэд Дрэйфюс быў памылкова асуджаны за здраду, сфабрыкаваную францускімі дзяржаўнымі чыноўнікамі. Антысэмітызм, накіраваны на Дрэйфюса, меў у пэйнай ступені распаўсюд сярод францускай грамадзкасьці. Вядома пра адкрыты ліст Эміля Заля, якт той адправіў у газэту, асуджаючы карупцыю ўраду і францускі антысэмітызм.

У эўрапейскай палітыцы таксама не назіралася значных зьменаў. Адзіным, бадай што, выключэньнем сталася Партугалія, дзе выбухнула рэспубліканская рэвалюцыя ў 1910 годзе. Аднак напружанасьць сацыялістычнымі партыямі рабочай клясы і буржуазнымі лібэральнымі партыямі ды арыстакратычнымі кансэрватыўнымі партыямі ўзрастала ў многіх краінах. У тым ліку і гэта паўплывала на рост мілітарызму і міжнародную напружанасьць значна ў пэрыяд з 1897 па 1914 гады. Акрамя таго, гэтая эпоха зьведала масіўны заморскі каляніялізм, вядомы як новы імпэрыялізм. Імпэрскае пашырэньне ў асноўным адбывалася ў Афрыцы.

Навука і тэхналёгіі

рэдагаваць
 
Пэжо клясы 3 было выраблена ў Францыі ў 1891 годзе.
 
Апарат да перадачы паведамленьняў, зашыфраваных з дапамогай кода Морзэ.

Пекная эпоха была часам вялікага навуковага і тэхналягічнага прагрэсу ня толькі ў Эўропе, але і ўсім сьвеце. Вынаходзтвы другой прамысловай рэвалюцыі, якія, як правіла, часта сустракаліся ў гэтую эпоху, уключаюць удасканаленасьць вагонаў. У канцы эпохі заможныя жыхары пачалі набываць ва ўласнасьць аўтамабілі. Адным зь піянэрам у галіне вытворчасьці самаходаў была француская кампанія Пэжо. У 1890-я гады францускі інжынэр Эдуар Мішлен вынайшаў здымныя пнэўматычныя шыны для ровараў і аўтамабіляў. Скутэры і мапэды таксама ёсьць вынаходзтвам Пекнай эпохі. Пасьля таго, як тэлеграф атрымаў масавае выкарыстаньне францускі вынаходнік Эдуар Бэлен распрацаваў фотатэлеграф, каб перадаць праз тэлеграф фатаздымкі. Электрычнае сьвятло пачало замяняць газавае асьвятленьне, а ў Францыі былі вынайдзены нэонавыя шыльды. Францыя была лідэрам у стварэньні раньняга кіно. Кінэматаграфічны апарат быў вынайдзены ў Францыі Леонам Булі, а актыўна яго скарысталі браты Люм’ер, якія зладзілі паказы першым фільмаў у сьвеце. Браты далі штуршок індустрыі, якая, аднак, не атрымалі распаўсюду да Першай сусьветнай вайны. Не зважаючы на тое, што самалёты яшчэ былі займальнымі экспэрымэнтамі, Францыя была лідэрам і ў галіне авіяцыі. Гэтак, яна першай у сьвеце стварыла ўласныя нацыянальныя паветраныя сілы ў 1910 годзе. Два францускія вынаходнікі, Люі Брэге і Поль Карню, правялі незалежныя экспэрымэнты зь першымі гэлікоптэрамі ў 1907 годзе. У 1896 годзе Анры Бэкерэль выявіў радыяактыўнасьць, працуючы з фосфарэсцэнтнымі матэрыяламі. Ягоная праца пацьвердзіла і растлумачыла ранейшыя назіраньні за ўранавымі солямі Абэля Ньепса дэ Сэн-Віктора ў 1857 годзе. Менавіта ў гэтую эпоху біёлягі і мэдыкі, нарэшце, зразумелі чыньнікі патагенных захворваньняў, што прывяло да стварэньня бактэрыялёгіі. За гэты час Люі Пастэр стаў, мабыць, самым вядомым навукоўцам у Францыі. Ён распрацаваў пастэрызацыю і вакцыну супраць шаленства. Матэматык і фізык Анры Пуанкарэ зрабіыў важкі ўнёсак у чыстую і прыкладальную матэматыку, а таксама выдаў кнігі для шырокай грамадзкасьці па матэматычных і навуковых прадметах. Фізычка Марыя Складоўская-Кюры жыла і працавала ў Францыі, а пазьней годзе атрымала Нобэлеўскую прэмію ў галінах фізыкі і хіміі. Фізык Габрыель Ліпман вынайшаў інтэгральную тамаграфію, якая выкарыстоўваецца дасюль.

Мастацтва і літаратура

рэдагаваць
 
«Баль у Лё-Мулен-дэ-ля-Галет» працы П’ера-Агюста Рэнуара. 1876 год.

У 1890 годзе памёр Вінцэнт ван Гог. Менавіта па ягонай сьмерці ў 1890-я гады карціны мастака атрымалі ўхвалы, якой бракавала пры жыцьці творцы. У 1870—1880-я гады распаўсюд атрымалі прадстаўнікі імпрэсіянізму. Аднак трохі пазьней выяўленчае мастацтва Парыжу характарызавалася рэакцыяй супраць ідэалаў імпрэсіяністаў. Сярод постімпрэсіянісцкіх рухаў у францускае сталіцы распаўсюд набылі працы групы набі, Салён дэ-ля роз плю круа, рух сымбалістаў, фавізм і раньні мадэрнізм. У пэрыяд з 1900 па 1914 гады экспрэсіянізмам зацікавіліся шмат мастакоў у Парыжы і Вене. Зьявіліся раньнія творы кубізму і абстракцыі. Замежныя ўплывы моцна адчуваліся і ў Парыжы. Гэтак у афіцыйная парыскай школе прыгожых мастацтваў ладзілася выстава японскага друку. Экспанаты афрыканскага племяннога мастацтва таксама захапілі фантазію парыскіх мастакоў на мяжы XX стагодзьдзя.

 
Плякат 1894 году, які фіксуе яскравы дух Пекнай эпохі.

Найбольш папулярна прызнаным мастацкім рухам, які зьвіўся ў гэтае эпосе быў арт-нуво, яшчэ вядомы як мадэрн. Гэты ў значнай ступені дэкаратыўны стыль характарызуецца крывалінейнай формамі, натхнёнымі прыроднымі матывамі. Ягоны распаўсюд прыпаў на пэрыяд зь сярэдзіны 1890-х гадоў. Прыкладам такога мастацтва сталіся станцыі парыскага мэтро працы Эктора Гімара, якія на сёньня ёсьць сапраўднай візытоўкай Парыжу. Да ліку выбітных мастакоў Парыжу часу Пекнай эпохі ўлучаюць такіх постімпрэсіяністаў, як то Адылён Рэдон, Гюстаў Маро, Марыс Дэні, П’ер Банар, Эдуар Вюяр, Поль Гаген, Анры Матыс, Эміль Бэрнар, Анры Русо, Анры дэ Тулюз-Лятрэк, Джузэпэ Амісані і малады Паблё Пікаса. Больш сучасныя формы ў скульптуры таксама пачалі пераважаць, як і ў творах парыскага разьбяра Агюста Радэна. Не зважаючы на тое, што імпрэсіянізм у жывапісе пачаўся задоўга да пачатку Пекнай эпохі, яго першапачаткова сустрэлі з скептыцызмам, бо грамадзкасьць прызвычаілася да рэалістычнага і рэпрэзэнтатыўнага мастацтва, зацьверджанага акадэміяй. У 1890 годзе Манэ пачаў сваю сэрыю карцін «Стагі». Імпрэсіянізм, які лічыўся мастацкім авангардам у 1860-х гадах, не меў вялікай ухвалы ажно да міжваеннага пэрыяду. У Францыі, Нямеччыны, Бэльгіі, Гішпаніі, Аўстрыі, Вугоршчыне, Багеміі, Сэрбіі і Латвіі паўсталі цудоўныя прыклады будынкаў стылю мадэрнізму. Неўзабаве ён распаўсюдзіўся ва ўсім сьвеце, уключаючы Пэру, Бразылію, Аргентыну, Мэксыку і ЗША.

Эўрапейская літаратура зьведала сур’ёзную трансфармацыю падчас Пекнай эпохі. Літаратурны рэалізм і натуралізм дасягнулі новых вышыняў. Сярод самых вядомых францускіх рэалістычных альбо натуралістычных аўтараў былі Гі дэ Мапасан і Эміль Заля. Рэалізм паступова ператварыўся ў мадэрнізм, які паўстаў у 1890-я гады і пачаў дамінаваць у эўрапейскай літаратуры ў апошнія гады Пекнай эпохі і на працягу міжваенных гадоў. Мадэрнісцкая клясыка «Ў пошуках страчанага часу» працы Марсэля Пруста была апублякаваная ўжо па Першай сусьветнай вайне, але пачала стварацца яшчэ да яе. Працы нямецкага пісьменьніка Томаса Мана мелі велізарны ўплыў у Францыі, напрыклад, ягоная праца «Сьмерць у Вэнэцыі», апублікаваная ў 1912 годзе. Калет шакавала Францыю публікацыяй сэрыі раманаў сэксуальнага характару «Кляўдына» ды іншымі творамі. Жарыс-Карл Юйсманс, які стаў вядомым у сярэдзіне 1880-х гадоў, працягваў экспэрымэнтаваць з тэмамі і стылямі, асабліва з сымбалізмам і дэкаданцтвам. Андрэ Гід, Анатоль Франс, Ален-Фурнье, Поль Буржэ ўваходзіць да ліку самых папулярных пісьменьнікаў згаданай эпохі ў Францыі.

У папулярным буржуазным тэатры ў Парыжы пераважалі выступы Жоржа Фэдо і кабарэ. Тэатар узяў на ўзбраеньне новыя сучасныя мэтады і скарыстаў экспрэсіянізм, а многія драматургі пісалі п’есы, якія шакавалі сучасную аўдыторыю альбо сваімі шчырымі выявамі паўсядзённага жыцьця і сэксуальнасьці, альбо незвычайнымі мастацкімі элемэнтамі. Тэатар кабарэ таксама набыў папулярнасьць. У музыцы Пекная эпоха характарызавалася салённай музыкай, якая не лічылася, аднак, сур’ёзнай музыкай, а была накіраваная на шырокую аўдыторыю.

  1. ^ Palmer, Robert Roswell (20 September 2013). «A history of Europe in the modern world». Colton, Joel, Kramer, Lloyd S. (11th ed.). New York, NY. — ISBN 978-0076632855.
  2. ^ A. J. P. Taylor, «English History 1914–1945», і «The Struggle for Mastery in Europe, 1848–1918».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць