Браты Агюст Мары Люі Нікаля (па-француску: Auguste Marie Louis Nicolas; 19 кастрычніка 1862, Бэзансон, дэпартамэнт Ду, рэгіён Франш-Камтэ − 10 красавіка 1954, Ліён, рэгіён Авэрнь — Рона-Альпы) і Люі Жан (па-француску: Louis Jean, 5 кастрычніка 1864, Бэзансон — 6 чэрвеня 1948, Бандоль, дэпартамэнт Вар, рэгіён Праванс-Альпы-Лазурны бераг) Люм’ер (па-француску: Lumière) увайшлі ў сусьветную гісторыю як вынаходнікі і стваральнікі кінэматографу, аўтары найпершых фільмаў і пачынальнікі яго галоўных жанраў.

Браты Люм’ер
IMDb ID co0014436

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіліся ў сям’і бізнэсоўцы, мастака і фатографа Антуана Люм’ера (1840—1911) і Жаны Жазэфіны Касьціль (1841—1915). Мелі брата Эдуарда (1884—1917) і сясьцёр Жану (1870—1926), Жульет (1873—1924) і Франсін (1882—1924).

Сумесная дзейнасьць братоў пачалася на іх сямейнай вытворчасьці ў 1883 годзе, у Ліёне, куды сям’я пераехала з Бэзансону. Гэта быў выраб фотапластынаў, прычым арыгінальную тэхналёгію распрацаваў 19-гадовы Люі Жан. Справа ішла ўдала-на пачатак 90-ых гадоў капітал фірмы складаў 3 міліёны франкаў (1 франк па наміналу — 5 гр. срэбра). Напрыканцы лета 1894 году Антуан Люм’ер зьвяртае ўвагу на адну з вынаходак Т. А. Эдысана — кінэтаскоп, які дазваляў глядзець, дзякуючы пакадрава састаўлянай пэрфарыраванай плёнцы і адмысловаму мэханізму яе працяжкі, рухаючыяся фатаздымкі-тое, што зараз завецца фільмам. Але назіраць за падзеямі трэба было не на экране, а ў акуляры апарату, прыстасаванага выключна для асабовага прагляду. Кінэтаскоп Эдзісона быў, так бы мовіць, асабістым кінатэатрам. Рэвалюцыйным было таксама і тое, што састаўляліся не разьдзеляныя фатаздымкі, зробляныя па чарзе фотаапаратам, а зафіксаваная іх пасьлядоўнасьць з натуры, зьнятая новым апаратам-кінетографам. Акрамя таго, галава фаміліі быў абазнаны і ў тагачаснай мультыплікацыі, бо ў 1892 годзе ў Парыжы быў паказаны першы анімацыйны фільм Эміля Рэно. Сям’я бярэцца за працу і 26 сьнежня 1894 году ў газэце «Ліёнскі рэспубліканец» зьяўляецца анонс будучага вынаходніцтва Люм’ер. Тэхнічным бокам будучага «сінематографа» займаецца Люі Жан, на той момант афіцыйны ўладальнік фабрыкі Люм’ер, дапамагае яму ў гэтым інжынэр Жуль Карпанцье, якому належыць гонар канструяваньня праекцыйнага апарату для дэманстрацыі фільмаў, Агюст бярэ на сябе арганізацыйныя і фінансавыя клопаты. Першыя паказы для вузкага кола робяцца на пачатку 1895 году, а 13 лютага падаецца патэнтная заява на вынаходніцтва, 22 сакавіка з новым цудам знаёміцца Парыж, зноў жа-спачатку адмыслоўцы, а 28 сьнежня ў Індыйскім Салёне (назва склепу) Гранд Кафэ на бульвары Капуцынак адбылася першая камэрцыйная дэманстрацыя дакумэнтальнага фільму «Выйсьце работнікаў з фабрыкі Люм’ер у Ліёне» — першага ў сьвеце фільму, зьнятага 19 сакавіка 1895 і гульнёвага «Паліты палівальшчык». Кошт сеансу быў 1 франк.

Гэта быў пачатак — гучны і сенсацыйны. Разгалос ад падзеі быў такі, што за два гады з навінкаю на жыва азнаёміўся ўвесь сьвет. Праўда, пакрыўджаны Эдзісан справакаваў патэнтную вайну, што стрымала цікавасьць да падзеі ў ЗША. Але гэта была звычайная чалавечая зайздрасьць. І гісторыя зрабіла свой выбар менавіта на карысьць братоў, на тое, што неўзабаве стала «сёмым мастацтвам». Здымкамі кіно браты займаліся да 1898 году, агулам было зроляна каля 1800 стужак. Паступова канкурэнцыя ўзрастала, а прыбыткі ад гэтай дзейнасьці менавіта ў Люм’ер рабіліся ўсё больш сьціплымі. Яны сыйшлі з гэтага бізнэсу, працягваючы займацца фотаграфіяй, асабліва каляровай, акрамя таго былі вынаходніцтвы і зьвязаная зь імі вытворчасьць у галіне медыцыны.

Браты, спыніўшы кінадзейнасьць, не перастаюць ёю цікавіцца, што праўда, цікавасьць гэта паступова набывае скандальную славу, так яны падтрымліваюць захады італьянскіх фашыстаў, скіраваныя на зьмяньшэньне амэрыканскага кінапракату. І тэндэнцыя гэта набірае імпэт падчас ІІ усясьветнай вайны, калі актыўная супраца з рэжымам маршалу Пэтэну робіцца для братоў важнай справай, ажно да ўдзелу ва ўладавай вертыкалі. І гэта адаб’ецца на іх пасьмяротным прызнаньні ў Францыі, да сёньня выклікаючы спрэчкі і непаразуменьні. У кожным разе, іх заслугі перад сьветам кіно спрэчак не выклікаюць, яны — ёсьць, так, як ёсьць і кіно.