Лісьцьвін

вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі

Лісьцьві́н[1] — вёска ў Беларусі, уваходзіць у склад Паселіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2004 год — 194 чалавекі. Знаходзіцца за 6 км на паўднёвы ўсход ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Хвойнікі — Брагін.

Лісьцьвін
трансьліт. Liśćvin
Дата заснаваньня: перад 1512 годам
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Хвойніцкі
Сельсавет: Паселіцкі
Насельніцтва:
  • 112 чал. (2019)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2346
СААТА: 3254836051
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 51°51′17″ пн. ш. 30°3′14″ у. д. / 51.85472° пн. ш. 30.05389° у. д. / 51.85472; 30.05389Каардынаты: 51°51′17″ пн. ш. 30°3′14″ у. д. / 51.85472° пн. ш. 30.05389° у. д. / 51.85472; 30.05389
Лісьцьвін на мапе Беларусі ±
Лісьцьвін
Лісьцьвін
Лісьцьвін
Лісьцьвін
Лісьцьвін
Лісьцьвін

Вёска паўстала ў раўніннай мясцовасьці, пра якую князь Аляксандар Вішнявецкі 15 сакавіка 1574 году, дзелячы з братам Міхаілам «именя наши отчизные брягинские», пісаў[2]:

Што ся дотычет подданых моих села Листвина, иж они дубровы собе на поля розробили и вычертили первеи сего и тепер ново от острова его милости князя, брата моего, Рудакова, который ся его милости на делу от мене зостал, тогды вже болшь тое дубровы вычертивати роспахивати не мают над тые теперешние и старые поля и чертежи. Але тых всих своих пол, чертежов яко старых, так и новых вечне вживати мають.

Ад тых дуброваў, разробленых альбо і некранутых, паходзіць назва паселішча. А на поўнач ад Лісьцьвіна — узвышша, парослае хвайнікамі, якія ў сваю чаргу «падказалі» назву для вёскі, ўзьніклай яшчэ далей на поўнач ад іх, на ўскрайку балота — Хвойнікі/Хвайнікі.

Гісторыя

рэдагаваць

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Упершыню паселішча згаданае 7 сакавіка 1512 году ў акце абмежаваньня Брагінскай воласьці, складзеным на загад караля і вялікага князя Жыгімонта Старога дзеля чалабітнай князя Міхаіла Васільевіча Збараскага, якому воласьць аддавалася «на вечнасьць»[3][a]:

Лета Божага тысяча пяцьсот дванаццатага месяца марца сёмага дня_За Указам Гасударскім Найясьнейшага Караля Яго Міласьці Зыгмонта, а за паданым чалабіцьцем князя Міхайла Васілевіча Збараскага, я, Іван Андрэевіч Кміцічаў, дзяржаўца трактамірскі і дымірскі, дваранін.., аглядаў я рубеж той воласьці, каторая пачынаецца з гары рэчкаю Брагінкаю ўніз да ракі Дняпра, а Дняпром угору да сяла брагінскага Галэк, ад таго сяла ідучы да места Брагіня ад рогу вострава Юркоўскага… у востраў Жэрдзен савенскі ў Хвашчы востраў брагінскі…, у балота брагінскае Ржавец, тым балотам Ржаўцом у сяло Ліштвін брагінскае прама мяжою праваю стараною ў Роў Вялікі, з таго Рову ў балота Чысцец...

Адміністрацыйна тая воласьць належала да Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага.

 
Герб Карыбут князёў Вішнявецкіх.

Пасьля М. В. Збараскага[5] Брагінская фартуна перайшла да яго сына князя Хведара Вішнявецкага, а потым да другога сына князя Аляксандра Вішнявецкага[6]. У 1559 годзе князі-браты Міхаіл, Максім і Аляксандар Аляксандравічы Вішнявецкія ізноў жа атрымалі каралеўскі прывілей на Брагін. Але князь Максім у 1565 годзе памёр без нашчадкаў[7].

Напярэдадні Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва, а разам і Брагінскі маёнтак з Лісьцьвіном, былі далучаныя да Кароны Польскай[8].

Каралеўства Польскае ў Рэчы Паспалітай

рэдагаваць

Пры разьдзеле «именя Брягин» у 1574 годзе цяпер ужо паміж двума братамі «Село Листвин з людми заседелыми и незаседелыми, з даню грошовою и медовою, з лесы, чертежами, полями, сеножатми и ловы зверинными» дасталося князю Аляксандру Аляксандравічу Вішнявецкаму[9]. На 1581 год, калі яго часткай маёнтка валодала ўдава княгіня Аляксандра з роду Капустаў Вішнявецкая, у Лісьцьвіне налічвалася 30 дымоў сялян асадных, зь якіх выбіралася па 15 грошаў, і 6 агароднікаў, зь якіх — па 4-6 грошаў падатку[10].

У датаваным 13 сакавіка 1581 году дакумэнце паведамляецца, што пан земскі пісар кіеўскі Дзмітры Ялец надзелены паўнамоцтвамі ў справе размежаваньня Астраглядавіцкіх добраў пана падкаморага кіеўскага Шчаснага Харлінскага з уладаньнямі княгіні Вішнявецкай і яе дзяцей па-польску: «jmienia Brahina, Mikulic, Listwina y innych sioł do Brahinia nalezących»[11].

 
Урывак з тэксту «darowizny Brahinia» пані Крысьціны з князёў Вішнявецкіх Даніловічавай 1641 г.

Пазьней, да 1622 году, у частцы Брагінскіх добраў ўключна з Лісьцьвіном гаспадарыў князь Адам Аляксандравіч Вішнявецкі. 20 ліпеня 1641 году пані Крыстына, дачка князя Адама, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх быў і Лісьцьвін[12]. Брагінскі маёнтак малодшай галіны роду Вішнявецкіх ізноў быў аб’яднаны ў руках князя Ярэмія Вішнявецкага.

На 7 сакавіка 1650 году дзяржаўцам Брагіна і той часткі воласьці, якая да 1641 г. належала пані Крысьціне Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч. Тады ў Лісьцьвіне, Веляціне, Мікулічах, частцы Сяльца разам налічвалася 130 дымоў (≈780 жыхароў)[13].

Пасьля сьмерці князя ваяводы рускага Ярэмія ў 1651 годзе вёска пэўны час была ўладаньнем сына, будучага караля Міхала Карыбута, але апошні саступіў яе маці княгіні Грызэльдзе Канстанцыі з роду Замойскіх Вішнявецкай. Пасьля спачыну ў 1672 годзе княгіні Грызэльды Канстанцыі (з Замойскіх) Брагінскія ўладаньні дасталіся яе пляменьніку Станіславу Канецпольскаму. 22 жніўня 1682 году апошні склаў тэстамэнт, паводле якога ўсе добры пераходзілі ўсынаўлёнаму ім пану Яну Аляксандру Канецпольскаму[14]. На 1683 год вядома, што двума дымамі ў вёсцы Лісьцьвін валодаў пан Сіліч[15].

 
Герб Побуг роду Канецпольскіх.

У 1687 годзе Лісьцьвін названы сярод паселішчаў Брагінскага маёнтку пана ваяводзіча бэлзскага Яна Канецпольскага, якія моцна пацярпелі ад працяглага пастою (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. Тут у дзесяці дварах разьмясьціліся дваццаць пяць казакоў і двое коней. Тады вяскоўцы справілі 7 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, аддалі 10 пар хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў, 5 злотых на порах, здору, агулам на 111 злотых, гарэлкі, рыбы, алею, солі на 43 злотых, легуміны 23 вядры, авёсу 38 вёдраў, 8 кабаноў (wieprzow karmnych), 36 падсьвінкаў, 80 кур; палкоўніку Шчуроўскаму і сотніку Русановічу далі адпаведна 10 і 8 злотых, ды збожжа на 18 злотых[16].

Пасьля сьмерці ў 1719 годзе апошняга спадчыннага ўладальніка пана серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і шматгадовага знаходжаньня (яшчэ і пры жыцьці нябожчыка) ў заставе ў паноў Войнаў[17], прыкладна ад 1733 году Лісьцьвін стаў уласнасцю князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта ў тым годзе ці не ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[18].

Самая раньняя у гэтай частцы Брагінскіх добраў царква зьявілася ў найбуйнейшым сяле Мікулічы, і ад пачатку Лісьцьвін мусіў быць у яе прыходзе. Наколькі ж памяталі самі лісьцьвінцы ў 1802 годзе, яны здаўна належалі да прыходу царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах[19], а апошні заснаваны ў 1708 годзе адразу як уніяцкі[20]. У 1734 годзе Лісьцьвін трымалі ў заставе паны Войны[21]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Лісьцьвін быў у ліку паселішчаў, сярод жыхароў якіх і парафіяне Астраглядавіцкага касцёла Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[22](верагодна, шляхта і яе служба).

 
Герб Равіч паноў Ракіцкіх.
 
Лісьцьвін на мапе «Беларускія землі ў канцы XVIII ст.» другога тому Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі.[23].

У 1754 годзе з 45 двароў (×6 — каля 270 жыхароў) вёскі Лісьцьвін Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 7 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 28 злотых[24]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў дачкі князя Міхала Сэрвацыя пані Эльжбэты Міхалавай Замойскай панам войскім ашмянскім Францам Антоніем Ракіцкім. Паводле запісаў у мэтрычных кнігах Астраглядаўскага касьцёла 1759 і 1767 гадоў, у Лісьцьвіне пражывалі шляхетныя Марцін Станіслаў і Францішка Стравінскія, верагодна, пасэсары (часовыя ўладальнікі) вёскі. Пані Францішка ў 1768 годзе яшчэ прысутнічала пры хросьце немаўляці ў Хвойніцкай уніяцкай царкве, выкананым астраглядаўскім пробашчам, ксяндзом Мацеем Шэмяткоўскім[25][b].

 
Wieś Listwin i grunt Listwinski. Фрагмэнт эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Перапісы габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў засьведчылі пражываньне ў Лісьцьвіне адпаведна 9, 5 чалавек (głow), прыналежных да Брагінскага кагала, і хрысьціяніна (пагалоўшчыне не падлягаў)[26]. Магмыма, выбух гайдамацка-сялянскай Каліеўшчыны ў 1768 годзе паўплываў на зьмяншэньне колькасьці габрэяў у вёсцы, а пасьля і на прыняцьце адным зь іх, верагодна галавой сямейства, хрысьціянства.

Вёска Лісьцьвін і яе ўгодзьдзі згаданыя ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Лісьцьвін на схематычным пляне Рэчыцкага павету 1800 г.

Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) — у межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[27]. У крыніцы, заснаванай на зьвестках рэвізіі 1795 году, сказана што сяло Лісьцьвін было ў заставе ад Людвіка Прозара[c] ў пана судзьдзі оўруцкага Міхала Паўшы, хоць уласьнікамі яго зьяўляліся графы Ракіцкія[28][d]. Яшчэ за часоў уніі асноўная частка жыхароў вёскі была далучана да прыходу Мікуліцкай Багаяўленскай царквы, у 1795 годзе павернутай да расейскага праваслаўя[29]. Існавала і капліца Астраглядаўскай рыма-каталіцкай парафіі[30]. Ёсьць звесткі пра ксяндзоў-капэлянаў лісьцьвінскіх — а. Яна Кладкевіча (1789 г.) і а. Гаспара Урбанскага (1798)[31]. У прыходзе Мікуліцкай царквы Лісьцьвін названы і ў 1801 годзе[32]. 26 лютага 1802 году лісьцьвінцы, падданыя графаў Ракіцкіх, прасілі Рэчыцкую духоўную ўправу вярнуць іх да прыходу царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах[33].

Паводле сялянскай рэвізіі, складзенай 30 верасьня 1811 году, 23 дварамі ў вёсцы Лісьцьвін, ад графа Рафала Ракіцкага «по купле доставшихся», валодаў пан Тадэвуш[e] Забела[34]. Згодна з шляхецкай рэвізіяй ад 13 сьнежня 1811 году, оўруцкі падкаморы Міхал Паўша з жонкай Ёганнай арэндным правам ад пана Шымана Забелы трымаў фальварак і вёску Лісьцвін, вёскі Веляцін, Карпілаўка, Высокае; меў у Лісьцьвіне двор з трыма шляхцічамі на службе[35]. У ведамасьці 1818 году засьведчана, што да прыходу царквы ў Мікулічах належала вёска Лісьцьвін з 94 асобамі мужчынскага полу і 107 жаночага полу верных[36]. Яшчэ на 1822 год 89 мужчын і 91 жанчына з жыхароў Лісьцьвіна заставаліся ў прыходзе Мікуліцкай Багаяўленскай царквы[37]. Але ў дакумэнце 1829 году сказана, што сярод прыхаджанаў царквы Раства Багародзіцы ў Губарэвічах былі 116 мужчын і 141 жанчына з прыгонных сялян графа Міхала, сына Рафала, Ракіцкага, рэчыцкага маршалка, якія жылі ў 29 дварах вёскі Лісьцьвін[38]. На 1834 год у 28 дварах вёскі таго ж уладальніка налічвалася 97 душ мужчынскага і 118 душ жаночага полу (тут, аднак, сьпіс двароў і жыхароў няпоўны). У шэрагу выпадкаў лісьцьвінцаў пераводзілі ў сяло Мікулічы, вёскі Веляцін, Пудакоў, Высокае і Рыжкаў таго ж Брагінскага маёнтку, а двух жыхароў зь Веляціна і аднаго з хутара Карпілаўкі перасялілі ў Лісьцьвін. У час паміж рэвізіямі 1816 і 1834 гадоў шасьцёра сялян былі аддадзеныя ў рэкруты, зь якіх адзін толькі вярнуўся з уцёкаў. Яшчэ трое ўцекачоў вярнуліся — адзін у 62 гады, сьляпы, двое адразу і памерлі; трое сялян зьбеглі, адзін зь іх — яшчэ ў 1812 годзе. Найбольш пашыраныя ў вёсцы прозьвішчы жыхароў, на той час яшчэ не заўсёды ўстойлівыя, — Амельчанкі (у іншых крыніцах тыя самыя людзі зваліся Жэбітамі), Анісавы (Анісенкі), Міхаленкі, Півавары, Цімафеевы (Цімафеенкі; у іншых выпадках яны ж — Калыханы), Казачэнкі[39]. На 1850 год, паводле энцыкляпэдыі «Гарады і вёскі Беларусі», Лісьцьвіном валодала графіня Ракіцкая і было ў ім 28 двароў з 198 жыхарамі[40].

 
Фальварак і вёска Лісьцьвін на мапе Ф. Ф. Шубэрта, сярэдзіна XIX ст.

У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 207 жыхароў вёскі Лісьцьвін зьяўляліся прыхаджанамі Бабчынскай Крыжаўзьдзьвіжанскай царквы, 9 мужчын і 10 жанчын зь ліку жыхароў фальварку і вёскі былі парафіянамі Астраглядаўскага касьцёлу Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[41].

У парэформавы пэрыяд — у Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. У пачатку 1870 года тут — 107 мужчын-гаспадароў зь ліку сялян уласьнікаў, прыпісаных да Лісьцьвінскага сельскага таварыства[42]. У 1879 годзе вёска названа сярод паселішчаў прыходу Бабчынскай Крыжаўзьвіжанскай царквы[43]. Згодна з перапісам 1897 году, у Лісьцьвіне налічваўся 61 двор з 400 жыхарамі, існавалі школа граматы, вятрак; у аднаіменным фальварку было 2 двары і 17 жыхароў[40]. На 1909 год у вёсцы 82 двары, у якіх 498 жыхароў; у фальваркавым двары 8 жыхароў. Побач месьцілася аколіца Лісьцьвін[44].

Найноўшы час

рэдагаваць

9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскай мірнай дамовы з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Лісьцьвін у складзе Мікуліцкай воласьці Рэчыцкага павету, аднак, апынуўся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[45].

 
Лісьцьвін на мапе 1924-26 гг.

1 студзеня 1919 г. згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.

У 1930 годзе арганізаваны калгас імя В. М. Молатава, працаваў вятрак. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 54 вяскоўцы.

Паводле перапісу 1959 году, у Лісьцьвіне налічвалася 684 жыхары. У складзе калгаса «Сьвітаньне» з цэнтрам у вёсцы Паселічы.

Геаграфія

рэдагаваць

Вёска знаходзіцца за 6 км на паўднёвы ўсход ад раённага цэнтру і чыгуначнае станцыі Хвойнікаў (на лініі Васілевічы — Хвойнікі ад лініі ГомельКалінкавічы), за 109 км ад Гомля. На захадзе мэліярацыйны канал, злучаны з ракой Прыпяцьцю (доплыў ракі Дняпра).

Насельніцтва

рэдагаваць
  • 1850 год — 28 двароў, 198 жыхароў.
  • 1897 год — 61 двор, 400 жыхароў; ваколіца — 25 двароў, 150 жыхароў і фальварак — 2 двары, 17 жыхароў (паводле перапісу).
  • 1908 год — вёска — 82 двары, 498 жыхароў; околица — 42 двора, 210 жителей и фольварак — 8 жителей.
  • 1959 год — 684 жителя (паводле перапісу).
  • 2004 год — 74 гаспадаркі, 194 жыхары.

Забудова

рэдагаваць

Плян Лісьцьвіна складаецца з простай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, да якой з захаду далучаецца кароткая вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу[46].

  1. ^ Поўны зьмест дакумэнту гл.:[4]
  2. ^ Гэта сьведчаньне таго, што людзі роду Стравінскіх, да якога належалі Хведар, знакаміты артыст Марыінскага тэатру ў Пецярбургу, яго сын Ігар, адзін з буйнейшых кампазытараў XX ст., жылі ў Хвойніцка-Брагінскім рэгіёне і ў XVIII ст.
  3. ^ Тут, напэўна, дапушчана памылка прачытаньня тэксту рэвізіі, бо ў ёй згаданая Людвіка з князёў Шуйскіх Прозарава, жонка абознага Караля.
  4. ^ Гэткая падвойная застава, надта пашыраная была ў Рэчы Паспалітай і ў дарэформавай Расейскай імпэрыі.
  5. ^ Імя ўяўляецца памылковым, бо анідзе-ніколі больш не сустракаецца. Паўсюдна — Шыман Забела.
  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
  2. ^ Беларускі археаграфічны штогоднік (далей: БАШ). Выпуск 1. — Мінск, 2000. С. 187, 192 [// https://web.archive.org/web/20200605102849/http://www.belniidad.by/sites/default/files/bash/bash01_2000.pdf Публікацыя М. Ф. Сьпірыдонава.]
  3. ^ НГАБ у Менску. Ф. 1728. Воп. 1. Спр. 19. А. 1049-1049адв.
  4. ^ С. Бельскі. Акт абмежаваньня Брагінскай воласьці; Бельскі С. В. З гісторыі ўладароў і маёнткаў Брагіншчыны XVI—XVIII стст. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 9—11
  5. ^ Раней, у 1490, 1511, 1512 гадох ён, бывала, падпісваўся Вішнявецкім, а ў 1517 годзе, незадоўга да сьмерці, Вішнявецкім і Збараскім. Усе сыны, старэйшы Хведар, Іван, Аляксандар, малодшы Хведар (Федка) пісаліся ўжо толькі Вішнявецкімі.
  6. ^ Зимницька С. П. Родові володіння Вишневецьких на території Волині, Брацлавщини і Київщини в рецепції українських і польських істориків / С. П. Зимницька // Гуманітарний журнал. — 2005. № 1-2. С. 130
  7. ^ Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy od czternastego wieku. — Warszawa, 1895. S. 556
  8. ^ Volumina Legum. Tom II. — Petersburg: Nakładem i drukiem Józafata Ohryzki, 1859. S. 84-87; Падалінскі, У. [Рэцэнзія] / У. Падалінскі // Беларус. гіст. агляд. — 2012. Т. 19. С. 329—337. — Рэцэнзія на кн.: Litwin H. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569—1648. — Warszawa, 2009
  9. ^ БАШ. С. 187, 188
  10. ^ Źródła dziejowe. T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław) / A. Jabłonowski — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
  11. ^ Руська (Волинська) метрика [Текст]: регести документів Коронної канцелярії для укр. земель (Волинське, Київське, Брацлавське, Чернігівське воєводства) 1569—1673 / Держ. ком. арх. України, Центр. держ. істор. арх. України, м. Київ, Ін-т укр. археографії та джерелознавства ім. М. С. Грушевського НАН України, Генер. дирекція держ. арх., Голов. арх. давніх актів; ред. і упоряд Г. Боряк [та ін.]; передм. П. К. Грімстед. — Київ, 2002. С. 301—302
  12. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 8-13
  13. ^ Національно-визвольна війна в Україні. 1648-1657. Збірник за документами актових книг / Керівник проекту Музичук О. В.; Упор.: Сухих Л. А., Страшко В. В. Державний комітет архівів України. Центральний державний історичний архів України, м. Київ. – Київ, 2008. С. 534
  14. ^ Pamiętniki o Koniecpolskich. Przyczynek do dziejów polskich XVII wieku. / Wydał Stanisław Przyłęcki. — Lwów, 1842. S. 383
  15. ^ Архив Юго-Западной России (далей: Архив ЮЗР). Ч. 7. Т. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489
  16. ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 154
  17. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287
  18. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  19. ^ НГАБ у Мінску. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 1362. А. 10
  20. ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 378
  21. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. – Біла Церква, 2015. С. 287
  22. ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
  23. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі ў 4-х тамах: Т. 2. — Мінск: Белкартаграфія, 2013. С. 122
  24. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 190; гл. таксама: С. 13-15, 20-22
  25. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 155, 157, 158
  26. ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 711
  27. ^ Насевіч, В., Скрыпчанка, Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
  28. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 72
  29. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 326
  30. ^ Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи»… С. 74
  31. ^ НГАБ. Ф. 1781. Воп. 27. Спр. 202. А. 167, 195
  32. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40420. А. 56
  33. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 1362. А. 10, 6адв.
  34. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 261. А. 517—519
  35. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 159, 210
  36. ^ НГАБ. ф. 136. Воп. 1. Спр. 40523. А. 64
  37. ^ НГАБ. ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66
  38. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40604. А. 33адв.
  39. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 340. А. 289, 291адв.-299
  40. ^ а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6. С. 446—447
  41. ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 381, 722
  42. ^ Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 71
  43. ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 15
  44. ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 107
  45. ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918 – 1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 – 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн, О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. – Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286 – 296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. — С. 85
  46. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.

Літаратура

рэдагаваць