Кернаў
Ке́рнаў (лет. Kernavė) — мястэчка ў Летуве, на правым беразе ракі Вяльлі. Цэнтар староства Шырвінцкага раёну Віленскага павету. Насельніцтва на 2009 год — 350 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўднёвы захад ад Шырвінтаў, за 35 на паўночны захад ад Вільні.
Кернаў лац. Kiernaŭ | |||||
лет. Kernavė | |||||
Гарадзішчы | |||||
| |||||
Магдэбурскае права: | 1571 | ||||
Краіна: | Летува | ||||
Павет: | Віленскі | ||||
Раён: | Шырвінцкі | ||||
Староства: | Кернаўскае | ||||
Насельніцтва: | ▼ 272 чал. (2011) | ||||
Часавы пас: | UTC+2 | ||||
летні час: | UTC+3 | ||||
Паштовы індэкс: | LT-19014 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д.Каардынаты: 54°53′0″ пн. ш. 24°51′0″ у. д. / 54.88333° пн. ш. 24.85° у. д. | ||||
Кернаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.kernave.org/index_en.html |
Кернаў — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Віленшчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага, на этнічнай тэрыторыі беларусаў. Да нашага часу тут захаваўся гістарычна-археалягічны комплекс, улучаны ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Назва
рэдагавацьТапонім Кернаў зьвязваюць з ракой Кернаўкай, назву якой цяжка патлумачыць зь летувіскай мовы[1]. Паводле Хронікі Быхаўца і Хронікі літоўскай і жамойцкай[2], назва паселішча ўтварылася ад імя яго заснавальніка легендарнага князя Кернуса[a], унука Палямона (адзначалася бытаваньне патранамічнага прозьвішча Керновіч: Kiernowicz, 1608—1616 гады[4]). Існуе таксама сучасная вэрсія германскага паходжаньня назвы (як і ў выпадку Трокаў, Эйраголы, Юрбарку ды пэўных іншых старажытных паселішчаў ліцьвінаў): kern у розных германскіх мовах азначае 'зерне'[5] (этымалягічны слоўнік старапольскіх асабовых імёнаў, выдадзены Польскай акадэміяй навук, адзначае гістарычнае бытаваньне ў Польшчы германскага імя Kern-ic[6]).
Варыянты назвы ў гістарычных крыніцах: Kernow (1390, 1413, 1431—1432 і 1434 гады)[7][8][9]; Kiernowo… Kyernowo (6 сьнежня 1522 году)[10]; Кернов (1553 год[11], Хроніка літоўская і жамойцкая[12]); у беларускіх тэкстах таксама ўжываецца форма Кернова[13].
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьПаводле легенды, Кернаў у 1040 годзе заснаваў князь Кярнус (унук мітычнага Палямона). Да 1230 году Кярнаў быў сталіцай, пакуль іншы мітычны князь Рынгольд не перанёс яе ў Наваградак. Некаторыя летувіскія дасьледнікі называюць Кярнаў першай сталіцай Вялікага Княства Літоўскага, бо нібыта ў ім разьмяшчалася рэзыдэнцыя князёў да часоў Гедзіміна, які ў 1321 годзе перанёс яе ў Трокі. Тым часам паводле археалягічных зьвестак, гэтае паселішча, як і Вільню, заснавалі полацкія крывічы[14].
Сучасныя археалягічныя дасьледаваньні выявілі ў Кернаве велізарны масіў хрысьціянскіх могілак канца ХІІІ — пачатку ХІV стагодзьдзя, прытым знойдзеныя нацельныя крыжы адпавядаюць менавіта ўсходнехрысьціянскай (бізантыйскай) традыцыі. На думку гісторыка Алега Дзярновіча, гэтыя пахаваньні сьведчаць пра тое, што насельнікамі раньняга гораду у значнай ступені былі або ўсходнія славяне, або хрысьціяне ўсходняга абраду[15].
Першы пісьмовы ўспамін пра Кернаў датуецца 1279 годам («Старэйшая рыфмаваная хроніка», «Хроніка Германа з Вартбэрга») у зьвязку з рэйдам крыжакоў. Абарончую сыстэму паселішча ў XIII—XIV стагодзьдзях утваралі 5 замкаў, разьмешчаных на правым беразе Вяльлі, ад якіх засталіся гарадзішчы: Замкавая Гара (вышыня 30 м, плошча 5,82 га); Гара Ахвярніка (або Сьвятая Гара; вышыня 13—18 м, плошча 1,3 га); Гара Лізьдзейкі (ці Крывейце; вышыня 25—30 м, плошча 0,4 га); «Сталец Міндоўга» (вышыня 22 м, плошча 1,08 га); Гара Кернава (стаіць асобна ад асноўнай групы, разам з могільнікам займае 1,48 га).
У Кернаве, як мяркуецца, месьцілася рэзыдэнцыя вялікага князя літоўскага Трайдзеня і пачаткова вялікага князя Гедзіміна. Іх лякалізуюць на Гары Ахвярніка. Гандлёва-рамесны пасад разьмяшчаўся вакол замкаў, прадмесьці — на Замкавай Гары. Забудова была драўлянаю[16]. Пахавальны абрад на могільніку сьведчыць пра суіснаваньне ў XIII—XIV стагодзьдзях паганскіх і хрысьціянскіх традыцыяў. У 1365 годзе Кернаў значна пацярпеў ў часе рэйду тэўтонскіх рыцараў. У 1390 годзе аддзел крыжакоў на чале з маршалам Энгельгартам фон Рабе зьнішчыў драўляныя замкі, па чым яны не аднаўляліся. Кернаў значыцца ў «Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», складзеным у канцы XIV стагодзьдзя[17].
У XV ст. у даліне Паяўта (каля 25 га) на беразе Вяльлі зьявілася новае паселішча, што ўваходзіла ў склад Віленскага павету. Каля 1420 годе вялікі князь Вітаўт заснаваў у Кернаве касьцёл. У 1571 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў мястэчку Магдэбурскае права, якое ў 1792 годзе пацьвердзіў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. У XVI—XVII стагодзьдзях аўтары тагачасных гістарыяграфічных твораў («Хроніка» М. Стрыйкоўскага, Густынскі летапіс, «Гісторыя» А. Каяловіча) называлі Кернаў адным з найважнейшых палітычна-адміністрацыйных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага ў XIII—XIV стагодзьдзях.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кернаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Віленскім павеце. У канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у мястэчку дзеялі касьцёл і капліца.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе Кернаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі
Найноўшы час
рэдагаваць25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Керанў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Па польска-летувіскіх баях і падпісаньні пагадненьня паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Летувой у 1919 годзе ён апынуўся ў складзе Летувы. У 1960 годзе тэрыторыю старажытнага паселішча і замкаў абвясьцілі запаведнікам.
У 2004 годзе Кернаў занесьлі ў Сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО.
Насельніцтва
рэдагавацьДэмаграфія
рэдагаваць- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 194 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1833 год — 63 чал.; 1861 год — 260 чал.; 1866 год — 260 чал., у тым ліку 180 каталікоў, 12 праваслаўных і 60 юдэяў[18]; 1886 год — 242 чал.; 1895 год — 294 чал.
- XX стагодзьдзе: 1923 год — 252 чал.; 1959 год — 170 чал.; 1977 год — 170 чал.; 1979 год — 177 чал.; 1985 год — 202 чал.; 1989 год — 289 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2001 год — 307 чал.; 2005 год — 320 чал.
Турыстычная інфармацыя
рэдагавацьІнфраструктура
рэдагавацьДзее Кернаўскі археалягічны і гістарычны музэй-запаведнік.
Славутасьці
рэдагаваць- Гістарычна-археалягічны рэзэрват (XIII—XIV стагодзьдзі)
- Капліца
- Касьцёл Маці Божай Шкаплернай (1914—1924)
- Могілкі хрысьціянскія
- Скульптурныя помнікі
Галерэя
рэдагаваць-
Гарадзішчы
-
На ўзгорку
-
Капліца
-
Касьцёл
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Прыклады імёнаў з Хронікі літоўскай і жамойцкай: «Емелюс, кроль албанский, учинил Ромуля и Румулюся… Устиагес, кроль медский… кроль напреднейши гишпанский Болгорос… зостал вторым царем гишпанским по отцу своем и деду, которому то имя дано Габис… Париса сына Приамусового, кролевича троянского»[3]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Vanagas A. Lietuvos miestų vardai (antrasis leidimas). — Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos institutas, 2004. P. 93—96.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 17.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 39—40.
- ^ Ragauskaitė A. XVII a. pirmosios pusės Kauno miestiečių asmenvardžių kilmė // Acta linguistica Lithuanica. T. 43, 2000. P. 100.
- ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі. — Менск, 2019. С. 31.
- ^ Słownik etymologiczno-motywacyjny staropolskich nazw osobowych. T. 5: Nazwy osobowe pochodzenia niemieckiego. — Kraków, 1997. S. 125.
- ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. P. 634, 641—642, 693—696.
- ^ Akta unji Polski z Litwą, 1385—1791. — Kraków, 1932. S. 55, 78, 100.
- ^ Бучинський Б. Кілька причинків до часів вел. князя Свитригайла (1430—1433) // ЗНТШ. Т. 76. — Львів, 1907. С. 136.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 149, 151.
- ^ Rowell S. C. Acta primae visitationis diocesis vilnensis anno domini 1522 peractae. Vilniaus Kapitulos Archyvo Liber IIb atkūrimas. — Vilnius, 2015. P. 166.
- ^ ПСРЛ. Т. 32. — М., 1975. С. 18.
- ^ Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. С. 203.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 31.
- ^ Сяргей Абламейка, Хто і чаму разьбеларушвае спадчыну Вільні. Алег Дзярновіч пра беларускіх «ліцьвіноў» і ўкраінска-літоўскі хаўрус, Радыё Свабода, 24 кастрычніка 2019 г.
- ^ Дзярновіч А. Кернаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 88.
- ^ Зайкоўскі Э. Літва гістарычная // Наша Слова. № 26 (917) 1 ліпеня 2009 г., № 27 (918) 8 ліпеня 2009 г.
- ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883. S. 47
Літаратура
рэдагаваць- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IV: Kęs — Kutno. — Warszawa, 1883.