Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак (Вільня)

помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Вільні (Летува)
Помнік сакральнай архітэктуры
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′54.80″ пн. ш. 25°16′51.83″ у. д. / 54.6818889° пн. ш. 25.2810639° у. д. / 54.6818889; 25.2810639Каардынаты: 54°40′54.80″ пн. ш. 25°16′51.83″ у. д. / 54.6818889° пн. ш. 25.2810639° у. д. / 54.6818889; 25.2810639
Канфэсія каталіцтва
Эпархія Архідыяцэзія Вільнюса[d] 
Архітэктурны стыль віленскае барока
Аўтар праекту Ян Гляўбіц
Дата заснаваньня 1625
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак на мапе Летувы
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак
Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак на Вікісховішчы

Касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак — помнік архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ў Старым Месьце, на рагу Бэнэдыктынскай і Віленскай вуліцаў[a]. У касьцёле праводзяцца канцэрты духоўнай музыкі і выставы, кляштар існаваў да 1942 году. Твор архітэктуры віленскага барока, адзін з найбольш яскравых узораў стылю. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Віленскі бэнэдыктынскі кляштар — найбуйнейшы архітэктурны ансамбль эпохі барока ў Вільні. Комплекс складаецца з касьцёла і кляштарнага корпуса.

Гісторыя

рэдагаваць
 
Абраз Маці Божай Бялыніцкай з касьцёла

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць

Кляштар бэнэдыктынак у Вільні каля 1620 году спрабавалі заснаваць Мікалай і Кацярына Гарадзіскія, якія ў сваёй камяніцы разьмясьцілі некалькі манашак зь Нясьвіжу, аднак тыя памерлі, не пасьпеўшы ўзаконіць фундацыю. Рэальным заснавальнікам у 1622 годзе стаў біскуп Яўстах Валовіч, які запрасіў яшчэ 12 манашак і ўзяў будаваньне кляштару пад сваю апеку. 3 1625 году кляштару належаў маёнтак Вязынь у Ашмянскім павеце. У 1632 годзе адбылося асьвячэньне касьцёла.

У 1650 годзе збудавалі новы мураваны касьцёл. За часамі вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у 1655 годзе будынак касьцёла пацярпеў пры штурме места маскоўскімі захопнікамі.

У 1682 годзе кляштар набыў Галін і Парудаміну, таксама браў у заставу шматлікія вёскі і фальваркі на Віленшчыне і Меншчыне. Найбольшы пасаг кляштару па сваіх дочках Сыбіле (1686 год) і Ганьне (1691 год) даў падкаморы вялікі Фэлікс Ян Пац: Дзісну, Астравец і Цьверач зь вёскамі (1688 год). У XVII—XVIII стагодзьдзях у кляштары было каля 30—40 законьніцаў, існаваў навіцыят, працавала школа. Тут выдавалася шмат кніг, асабліва ў XVIII ст., а кляштарная бібліятэка колькасьцю кніг была другой у Хэлменскай кангрэгацыі (цяпер гэтыя кнігі захоўваюцца ў Летувіскай нацыянальнай бібліятэцы імя Марцінаса Мажвідаса)[1].

У 1703 годзе касьцёл адбудавалі і асьвяцілі: да ўсходняга боку прыбудавалі прэзьбітэрыюм з апсыдай. Кляштарны комплекс моцна пацярпеў ад спусташальнага пажару 1737 году. У 1741—1743 гадох яго рэканструяваў архітэктар Ян Гляўбіц. У 1746 годзе з паўднёвага боку дабудавалі капліцу. У 1752—1753 гадох наноў стварылі касьцельныя алтары. У 1759 годзе дзеля алтара набылі некалькі карцінаў мастака Шымана Чаховіча. У 1760-х гадох канчаткова сфармаваўся інтэр’ер касьцёла.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. У вайну 1812 году касьцёл пацярпеў, яго будынак выкарыстоўвалі як аптэчны склад.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1843 годзе расейскія ўлады адабралі кляштарную маёмасьць і зачынілі школу, а па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у 1864 годзе — забаранілі навіцыят, чым выраклі кляштар на згасаньне[2] (у 1905 годзе гэтую забарону скасавалі).

Найноўшы час

рэдагаваць

З 1918 году сёстры-бэнэдыктынкі кіравалі жаночай гімназіяй. У 1922 годзе ў сквэры перад касьцёлам адкрылі помнік кампазытару Станіславу Манюшку (скульптар Баляслаў Балзукевіч).

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1942 годзе нацысты зьмясьцілі бэнэдыктынак у вязьніцу на Лукішках. У 1944 годзе савецкія ўлады зачынілі кляштар, а будынак касьцёла перарабілі пад склад угнаеньняў і хімікатаў[3]. У памяшканьнях былога кляштару разьмясьціліся розныя ўстановы і жылыя кватэры.

У 1990 годзе касьцёл вярнулі каталікам. У 2003—2006 гадох праводзілася рэстаўрацыя касьцёла, які прыстасавалі дзеля канцэртавай дзейнасьці і правядзеньня выставаў.

Архітэктура

рэдагаваць

Касьцёл — помнік архітэктуры віленскага барока. Ад пачатку гэта 1-нэфавая пабудова з вузейшым і ніжэйшым за нэф прэзьбітэрыюмам, які заканчваецца паўкруглай апсыдай. Пры рэканструкцыі паводле праекту Яна Глаўбіца да галоўнага фасаду прыбудавалі дзьве 4-ярусныя вежы з новым франтонам паміж імі. Малая колькасьць дэкаратыўных элемэнтаў на ніжнім ярусе вежаў засяроджвае ўвагу на багата дэкараваным партале, вылучаным пілястрамі і калёнамі, аздобленым рэльефным картушам з гербамі і арнамэнтамі. Трэці ярус нязначна адрозьніваецца ад другога. Высокі франтон паміж вежамі робіць незаўважнай іх адлучанасьць ад нэфу. Чацьверты ярус прыкметна звужаецца. Гэтае звужэньне згладжваецца ажурнымі кратамі, дэкаратыўнымі вазамі, кутнімі пілястрамі, якія вырастаюць з валютаў. У пышным пераплёце кратаў значыцца год «1743». Вышыня пятага ярусу ў два разы меншая за чацьверты. Сылюэты вежаў завяршаюцца фігурнымі купаламі-банямі. Кампазыцыю галоўнага фасаду вызначае рытмічная раўнавага вэртыкальных лініяў пілястраў і гарызантальных лініяў карнізаў. Над прэзьбітэрыюмам узвышаецца вытанчаны дэкаратыўны франтон зь дзьвюма нішамі для скульптураў Сьвятога Бэнэдыкта і Сьвятой Кацярыны абапал акна другога ярусу. Да паўднёвага бакавога фасаду далучаецца 6-гранная звонку і паўкруглая ўсярэдзіне капліца. Зь яе вуглоў на высокім цокалі стаяць парныя белыя калёны. Над карнізам узвышаецца барабан, над купалам з 12-кутным дахам — шасьцікутны ліхтар.

Унутраная прастора перакрываецца цыліндрычнымі скляпеньнямі зь люнэтамі. Інтэр’ер аздабляюць 9 пышных алтароў і амбон.

Да касьцёла далучаецца кляштар, які адрозьніваюцца асабліва складаным плянам некалькіх карпусоў і двароў рознай плошчы і канфігурацыі.

Гістарычная графіка

рэдагаваць

Гістарычныя здымкі

рэдагаваць

Сучасныя здымкі

рэдагаваць
  1. ^ Афіцыйны адрас — Vilniaus g. 30
  1. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 426.
  2. ^ Kaczorowski B. Zabytki Starego Wilna. — Warszawa, 1991. S. 88.
  3. ^ Wałejko K. Praktyczny przewodnik po Wilnie / red. ks. M. Borysiak, A. Franko, I. Jutkiewicz, K. Jutkiewicz. — Suwałki, 2003. S. 88—89.

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць