Віленская вуліца (Вільня)
Ві́ленская ву́ліца[1] (лет. Vilniaus gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Зьвязвае Зялёны мост з скрыжаваньнем вуліцаў Дамініканскай, Троцкай і Нямецкай.
Віленская лац. Vilenskaja | |
вуліца | |
2020 | |
Агульная інфармацыя | |
---|---|
Гістарычны раён | Старое Места |
Былыя назвы | Гіры |
Даўжыня | 1,2 км |
Паштовыя індэксы | LT-01102, LT-01119, LT-01402, LT-01506 |
На мапе | |
Вуліца Віленская ў Вікісховішчы |
Архітэктурныя дамінанты вуліцы — комплекс кляштару бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятой Кацярыны ў стылі віленскага барока, палац Радзівілаў у стылі рэнэсансу і Малы палац Радзівілаў, помнікі архітэктуры XVII—XVIII стагодзьдзяў. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся палац Аскеркаў.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьВуліца атрымала назву ад ракі Вяльлі, куды яна вяла ад гістарычнага Рынку. У 1536 годзе праз раку Вяльлю перакінулі першы мураваны мост, які пазьней атрымаў назву Зялёнага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ доме № 20 на рагу з Новай вуліцай (не захаваўся) у 1908—1910 гадох знаходзілася рэдакцыя газэты «Наша Ніва»[2]. Менавіта сюды прыйшоў у верасьні 1908 году Іван Луцэвіч (Янка Купала), які стаў супрацоўнікам газэты на грамадзкіх пачатках (з 1914 году заняў пасаду рэдактара)[3].
Найноўшы час
рэдагавацьПа Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі вуліцу ў імя летувіскага паэта Людаса Гіры. У наш час вуліцы вярнулі традыцыйную гістарычную назву.
Агульныя зьвесткі
рэдагавацьДаўжыня каля 1,2 км. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад скрыжаваньня з Жыгімонцкай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
Перасякаецца вуліцамі Альбэрта Гаштольда (налева) і Маставой (направа), праспэктам Гедзіміна. З правага боку адыходзяць гістарычная Пясковая (цяпер Вінцэнта Кудзіркі), Дабрачынная, Людвісарская і Бэнэдыктынская, зь левага — Яўхіма Лялевеля, Ісьляндзкая, Паланская і Клайпедзкая вуліцы.
Паміж Зялёным мостам і праспэктам Гедзіміна мае асфальтавую праезную частку, паміж праспэктам Гедзіміна і вуліцамі Троцкай і Дамініканскай — брукаваную.
Будынкі
рэдагавацьНяцотны бок
рэдагаваць- № 21 — дом Янушэўскага, таксама вядомы як рэдакцыя газэты «Наша Доля». Дом збудавалі ў 1898 годзе паводле праекту архітэктара Юльяна Янушэўскага. З 14 верасьня да 14 сьнежня 1906 году тут месьцілася рэдакцыя газэты «Наша Доля»[4] (у гэты час дом меў адрас Віленская вуліца, 32[3]). У 1913 годзе яго набыў граф Сяргей Лапацінскі.
- № 37 — у гэтым доме ў 1923—1926 гадох у кватэры № 7 жыў Браніслаў Тарашкевіч — лідэр беларускага рэвалюцыйна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, аўтар Беларускага клясычнага правапісу. Мэмарыяльная дошка на фасадзе будынка паведамляе пра гэты факт. У левым крыле дома ў розны час месьціліся рэдакцыі радыкальных часопісаў, бюро Таварыства беларускай школы, Школьнай рады, Беларускі студэнцкі саюз. У некалькіх пакоях тут жылі дзеячы беларускага адраджэньня: кампазытар Антон Грыневіч і мастак Язэп Драздовіч[5].
- № 39 — Дом настаўніка. У 1913 годзе тут адбылася прэм’ера спэктаклю «Паўлінка», якую наведаў сам аўтар — Ян Луцэвіч (Янка Купала). Гэта стала магчымым дзякуючы высілкам Віленскага беларускага музычна-драматычнага гуртка, у які ўваходзіў шэраг вядомых беларускіх дзеячоў культуры[6].
- № 41 — Малы палац Радзівілаў, таксама вядомы як Беларускі банк. З XVII ст. тут знаходзілася галоўная віленская рэзыдэнцыя роду Радзівілаў. У канцы XVIII — першай палове XIX стагодзьдзяў палац выконваў функцыю мескага тэатру. У XX ст. у будынку працавалі некалькі беларускіх установаў і арганізацыяў: Беларускі каапэратыўны банк, якім кіраваў праваслаўны сьвятар Аляксандар Коўш, Студэнцкі саюз, Беларускае каапэратыўнае таварыства «Пчала», рэдакцыі дзіцячага часопіса «Заранка» і сельска-гаспадарчага «Саха». У другой палове 1920-х гадоў тут жыў ідэоляг беларускага адраджэньня Антон Луцкевіч. У наш час тут месьціцца Летувіскі музэй тэатру і кіно[7].
Цотны бок
рэдагаваць- № 14 — дом, у якім у 1907—1908 гадох жыў беларускі паэт Ян Луцэвіч (Янка Купала). У 1914—1915 гадох тут месьцілася рэдакцыя «Нашай Нівы» (тады дом меў адрас Віленская вуліца, 14)[8]. Пра гэта напамінае мэмарыяльная дошка, усталяваная на фасадзе будынка ў 1994 годзе (абноўленая ў 2013 годзе[9]). Да другой паловы 1910-х гадоў у гэтым доме таксама месьціўся Беларускі клюб[3].
- № 22 (таксама Гарбарская вуліца, 3 і Людвісарская вуліца, 2) — палац Радзівілаў, збудаваны ў XVII ст. ваяводам віленскім Янушам Радзівілам паводле праекту архітэктара Яна Ульрыха. У XIX ст. Радзівілы перадалі палац Віленскаму філянтрапічнаму таварыству, якое валодала ім да 1940 году. З прычыны войнаў і пажараў на пачатак XX ст. будынак быў практычна разбураным. Па Першай сусьветнай вайне ацалела толькі паўночнае крыло палаца. У 1967 годзе пачалася рэканструкцыя палаца, якая не завяршылася да нашага часу. З 1990 году ў будынку месьціцца філія Летувіскага мастацкага музэю[10].
- № 30 — касьцёл Сьвятой Кацярыны і кляштар бэнэдыктынак. У 1620 годзе зь Нясьвіжа ў Вільню прыбылі сёстры-бэнэдыктынкі. У 1632 годзе яны збудавалі тут драўляны касьцёл, у 1650 годзе — мураваны. У 1741—1773 гадох паводле праекту архітэктара Яна Гляўбіца праводзілася рэканструкцыя сьвятыні ў стылі віленскага барока.
Сквэр Станіслава Манюшкі
рэдагавацьЗ усходняга боку вуліцы, каля касьцёла Сьвятой Кацярыны знаходзіцца сквэр, названы ў гонар кампазытара Станіслава Манюшкі. У сквэры перад касьцёлам стаць помнік С. Манюшку, створаны скульптарам Баляславам Балзукевічам ў 1922 годзе на пастамэнце, які застаўся ад былога помніка Аляксандру Пушкіну[11].
Галерэя
рэдагаваць-
Бэнэдыктынскі касьцёл Сьвятой Кацярыны. М. Янушэвіч, 1835 г.
-
Бэнэдыктынскі касьцёл. М. Янушэвіч, XIX ст.
-
Бэнэдыктынскі касьцёл. Н. Орда, 1875 г.
-
Бэнэдыктынскі касьцёл. А. Гляц, 1918 г.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Наша Ніва. № 1, 1994. С. 7.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 36.
- ^ а б в Корбут В. Па віленскім бруку. Беларускія вуліцы літоўскай сталіцы [1] // Туризм и Отдых. № 29 (664). 24 ліпеня 2008.
- ^ Лашкевіч К. Страчаная сталіца. Дапаможнік-гід па беларускай Вільні, TUT.BY, 6 жніўня 2009 г.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 56.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 97.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 99.
- ^ Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai. — Вільня, 2012. С. 38.
- ^ Тацяна Поклад, У Вільні зьявілася новая мэмарыяльная дошка Купалу, Радыё Свабода, 29 студзеня 2013 г.
- ^ Лашкевіч К. «Страчаная сталіца». 10 палацаў Вільні, якія варта пабачыць беларусу, TUT.BY, 29 сакавіка 2011 г.
- ^ Лашкевіч К. Помнікі беларускім героям на вуліцах Вільні, TUT.BY, 16 жніўня 2010 г.
Літаратура
рэдагаваць- Беларускія старонкі Вільні = Vilniaus gudų puslapiai / К. Атаманчык і інш. — Вільня, 2012. — 145 с.
- Луцкевіч Л. Вандроўкі па Вільні. — Вільня: Рунь, 1998.— 160 с.: іл. ISBN 9986-9228-2-8.