Зьміцер Мазепін
Зьмі́цер Арка́дзевіч Мазе́пін (1968, Менск, цяпер Беларусь) — буйны расейскі прадпрымальнік беларускага паходжаньня.
Зьміцер Мазепін | ||||
наркам. Дзмітрый Мазепін | ||||
Род дзейнасьці | прадпрымальніцтва | |||
---|---|---|---|---|
Дата нараджэньня | 18 красавіка 1968 (56 гадоў) | |||
Месца нараджэньня | Менск, Беларуская ССР, СССР | |||
Грамадзянства | Расея | |||
Адукацыя | вышэйшая, кандыдат навук (2012) | |||
Месца вучобы | Менская сувораўская вайсковая вучэльня (1985), Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных зносін (1992), Санкт-Пецярбурскі інстытут эканомікі і кіраваньня (2008) | |||
Прафэсія | мэнэджэр | |||
Навуковая сфэра | эканоміка | |||
Месца працы | «Уралхім» | |||
Гады дзейнасьці | зь 1991-га | |||
Пасада | Кіраўнік «Уралхіму» | |||
Тэрмін | зь 2007 году | |||
Бацька | Аркадзь Мазепін | |||
Жонка | разьведзены | |||
Дзеці | сын Мікіта Мазепін (нар. 1999) | |||
Узнагароды | |
Кіраўнік і ўласьнік «Уралхіму» (зь 2007 году), мажарытарны пайшчык «Уралкалію» (Беразьнікі, Пермскі край) пасьля 2016 году. Кандыдат эканамічных навук (2012).
Жыцьцяпіс
рэдагавацьУ 1985 годзе скончыў Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню. Пазьней вучыўся на вайсковага перакладніка. У 1986—1988 гадах служыў у Савецкім войску ў Аўганістане, але без удзелу ў баявых дзеяньнях Аўганска-савецкай вайны. Пасьля перасяліўся ў Расею, дзе ў 1992 годзе скончыў эканамічны факультэт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносін. У 1991 годзе стварыў страхавое прадпрыемства «Інфістрах». У 1993—1995 гадах узначальваў аддзяленьне «Беларусбанку». Пасьля вярнуўся ў Расею, дзе 5 гадоў быў намесьнікам кіраўніка ў банку «Фалькон» і прадпрыемстве «Рознаімпарт», «Цюменскай нафтавай кампаніі» і «Ніжнявартаўскнафтагазе» (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга), а таксама ў банку «Флёра-Масква». У 1999 годзе ўладкаваўся дарадцам у Расейскі фонд фэдэральнай маёмасьці (РФФМ), дзе ў 2002 годзе пад кіраўніцтвам Уладзімера Маліна даслужыўся да пасады 1-га намесьніка. У 2002—2003 гадах кіраваў нафтагазахімічным прадпрыемствам «Сыбур», якое належала «Газпраму». У 2004 годзе «Канструктыўнае бюро» Мазепіна набыло на аўкцыёне РФФМ звыш паловы паёў «Кірава-Чарапецкага хімічнага камбінату» (Кіраўская вобласьць), які вырабляў азотныя ўгнаеньні. У 2005—2006 гадах праз «Канструктыўнае бюро» набыў паі пермскіх заводаў «Галаген» і «Мінугнаеньні», а таксама заводу «Азот» у Беразьніках (Пермскі край) за кошт атрыманых пазыкаў. У 2007 годзе перайменаваў «Канструктыўнае бюро» ў Аб’яднаную хімічную кампанію «Ўралхім», якую ўзначаліў. У чэрвені 2008 году набыў 75 % паёў «Васкрасенскіх мінэральных угнаеньняў» у Маскоўскай вобласьці. У 2008 годзе скончыў Санкт-Пецярбурскі інстытут эканомікі і кіраваньня (СПІЭК) па спэцыяльнасьці «мэнэджмэнт арганізацыі». У 2009 годзе стварыў у Рызе (Латвія) дачыннае прадпрыемства для вываду прыбытку. У красавіку 2012 году стаў дэпутатам Заканадаўчага сходу Кіраўскай вобласьці ад партыі «Адзіная Расея» пасьля адстаўкі іншага дэпутата ад партыі, аднак сышоў з пасады ў траўні 2014 году. У 2012 годзе абараніў у СПІЭК кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Ўтварэньне мэтадычнага падыходу да кіраваньня патэнцыялам прадпрыемствам нафтаздабыўной галіны». На люты 2013 году вартасьць маёмасьці Зьмітра Мазепіна складала 1,7 млрд даляраў[1].
У сьнежні 2013 году Мазепін праз «Уралхім» набыў 20 % паёў «Уралкалію» (Беразьнікі, Пермскі край) у Сулеймана Керымава (нар. 1966, Дзярбент, цяпер Дагестан). Яшчэ 22 % паёў у Керымава набыў Міхаіл Прохараў празь інвэстыцыйны фонд «Анэксім»[2]. Па выніках 2013 году «Уралхім» заняў 2-е месца ў Расеі паводле вытворчасьці азотных угнаеньняў. Таксама прадпрыемства было найбольшым у Расеі вытворцам аміяку і аміячнай салетры. У сакавіку 2014 году Мазепін заняў пасаду намесьніка старшыні Рады кіраўнікоў ААТ «Уралкалій»[3]. 18 красавіка 2014 году на сустрэчы з А. Лукашэнкам у Менску заявіў: «Спад цэнаў на калійныя ўгнаеньні прывёў да поўнага спаду цэнаў і на ўсе іншыя ўгнаеньні». Пры гэтым, ён адзначыў: «Мая мэта як аднаго з асноўных акцыянэраў — забясьпечыць гэтае разьвіцьцё для кампаніяў і, прымаючы рашэньне аб тым, каб увайсьці ў капітал кампаніі «Уралкалій», — прымножыць тое, што было, а ніяк не разбурыць або штосьці дэстабілізаваць. Я прадпрымальнік, я не палітык»[4][5]. У ліпені 2016 году ўласьнік беларускага прадпрыемства «Юрас Ойл» Зьміцер Лабяк набыў 20 % паёў «Уралкалію» у фонду «Анэксім» Міхаіла Прохарава. Пры гэтым, «Юрас Ойл» зьяўляўся афіцыйным дылерам «Уралхіму» ў Беларусі, а Зьміцер Лабяк быў аднакурсьнікам Мазепіна па Менскай сувораўскай вайсковай вучэльні, зь якім служыў у адной роце[6].
19 сьнежня 2018 году пры спрыяньні расейскага амбасадара ў Беларусі Міхаіла Бабіча ўзначаліў Беларуска-расейскую справавую раду, якую стварыла Гандлёва-прамысловая палата Расеі[7]. 14 жніўня 2020 году абнародаваў «Зварот ад імя Беларуска-расейскай справавой рады», у якім зьмясьціў заклік да «кіраўніцтва Беларусі, — безадкладна спыніць бессэнсоўнае кровапраліцьце і гвалт супраць мірных грамадзянаў» у ходзе пасьлявыбарчых вулічных пратэстаў. У 2-й частцы закліку адзначыў: «палітыкам патрэбна стварыць Камітэт нацыянальнага выратаваньня, які ад імя насельніцтва зможа размаўляць з уладай на роўных». Тамсама Мазепін напісаў: «Ад імя расейскага і беларускага бізнэсу зьвяртаемся да прэзыдэнта А.Р. Лукашэнкі з просьбай ... сесьці за стол мірных падрабязных перамоваў». Урэшце Мазепін адзначыў: «Зьвяртаемся да кіраўніцтва Расейскай Фэдэрацыі: не заставайцеся ў баку ад працэсу ўрэгуляваньня канфліктаў у Беларусі, каб Саюзная дзяржава (Беларусі і Расеі) ... не была разбуранай»[8]. Калі ў жніўні частка руднікоў «Беларуськалію» (Салігорск) прыпыніла працу ў сувязі са стачкай, «Уралкалій» на загад Мазепіна заключыў дамовы на пастаўку калійных угнаеньняў ранейшым пакупнікам беларускага вытворцы. Пасьля апавяшчэньня пра такі крок Мазепіна стачачнікі аднавілі працу[9]. 1 кастрычніка 2020 году на сумесным паседжаньні справавых радаў Беларусі і Расеі, якое прайшло ў Беларускай гандлёва-прамысловай палаце, Мазепін паведаміў пра распрацоўку ўрадам Расеі заахвочваньня для беларускага боку «больш актыўна выкарыстоўваць расейскія партовыя магутнасьці». Ён таксама адзначыў: «праз тое, што многія міжнародныя сувязі зараз парушыліся, у Расеі і Беларусі ёсьць гістарычны шанец паглыбіць інтэграцыю»[10]. На той час прадпрыемствы Беларусі пераважна выкарыстоўвалі Клайпедзкі порт у Летуве.
11 лістапада 2020 году на форуме «Моцныя ідэі для новага часу» ў Сочы (Краснадарскі край) заявіў: «велізарная колькасьць студэнтаў была адлічаная апошнім часам з унівэрсытэтаў у Менску (пасьля 10-тысячанага страйку ў верасьні). Хочам запусьціць ініцыятыву і дапамагчы адлічаным студэнтам, каб яны не зьязджалі ў Польшчу і ў Летуву (Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт), а прыехалі ў Маскву ці ў Піцер для таго, каб змаглі далей навучацца»[11]. У чэрвені 2021 году Зьміцер Мазепін пазычыў для «Уралкалію» 1,5 млрд даляраў у 18 банках, сярод якіх былі «Альфа-банк» і «Ашчадбанк Расеі», а таксама «Міжнародная нідэрляндзкая група» (Амстэрдам) і «Натыксіс» (Парыж, Францыя). 23 чэрвеня «Уралкалій» і «Уралхім» выйшлі з Расейскай асацыяцыі экспартэраў угнаеньняў. 8 ліпеня 2021 году кіраўнік беларускага «Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў» Арсень Сівіцкі заявіў, што «Уралкалій», мажарытарным пайшчыкам якога зьяўляецца Мазепін, ёсьць «адным з галоўных фінансавых донараў актыўнасьцяў беларускай апазыцыі, падтрымка якой паступае пад выглядам фінансавых ахвяраваньняў ад імя прадстаўнікоў беларускай дыяспары». Сівіцкі заўважыў, што Мазепін ажыцьцяўляў лябізм санкцыяў супраць «Беларуськалію» ў Эўразьвязе, уведзеных у 4-м пакеце 21 чэрвеня, і ЗША (9 жніўня) дзеля перахопу долі на сусьветным калійным рынку ў памеры да 20 %[12].
Сям’я
рэдагаваць- Сын — Мікіта Мазепін (нар. 1999, Масква), аўтагоначнік першынства сьвету «Формула-1» у складзе амэрыканскай дружыны «Хаас» (з 21-га сэзону ў 2021 годзе) і першынства «Формула-2» (3-е месца са 162 баламі, да 2020 году) у складзе брытанскай дружыны «Хайтэк». Чацьверты ўраджэнец Расеі, які стаў пілётам «Формулы-1»[13].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ягор Марціновіч. Пяць фактаў пра Дзьмітрыя Мазепіна // Газэта «Наша ніва», 4 лютага 2013 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ «Уралкалій» вернецца ў Беларусь толькі на сваіх умовах — Злотнікаў // Беларуская служба Радыё «Свабода», 23 сьнежня 2013 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Далейшы плян дзеяньняў з «Уралкаліем» абмяркоўвалі сёньня ў кіраўніка дзяржавы // Белтэлерадыёкампанія, 18 красавіка 2014 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Канфлікт з БКК не пайшоў на карысьць калійнаму рынку - акцыянэр «Уралкалію» // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 18 красавіка 2014 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Ад калійнага канфлікту ня выйграў ніхто // Зьвязда : газэта. — 19 красавіка 2014. — № 73 (27683). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Пульша. «Уралкалій» будзе беларускім // Новы час : газэта. — 15 ліпеня 2016. — № 28 (493). — С. 1. — ISSN 2218-2144.
- ^ Зянон Пазьняк. Вяртаемся да прачытанага // Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ, 11 чэрвеня 2021 г. Архіўная копія ад 14 чэрвеня 2021 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Зьміцер Мазепін. Зварот ад імя Беларуска-расейскай справавой рады (рас.) // «Уралхім», 14 жніўня 2020 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Лукашэнка: цяпер усе прадпрыемствы ў Беларусі працуюць, ніводны завод з-за забастовак не спыніўся // БелТА, 9 верасьня 2020 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Марыя Дадалка. Гістарычны шанц // Мясцовае самакіраваньне. — 2 кастрычніка 2020. — № 37 (573). — С. 6.
- ^ Віктар Талочка. У Расеі гатовыя дапамагчы адлічаным беларускім студэнтам з вучобай // Радыё «Спадарожнік», 12 лістапада 2020 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Арсень Сівіцкі: «Уралкалій» мае намер захапіць беларускую долю сусьветнага рынку // Газэта «Новы час», 8 ліпеня 2021 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
- ^ Гоншчык беларускага паходжаньня стаў пілётам «Формулы-1» // Партал «Наша ніва», 1 сьнежня 2020 г. Праверана 30 верасьня 2021 г.
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |