Адзіная Расея

палітычная партыя Расеі

Каардынаты: 55°44′16″ пн. ш. 37°32′0″ у. д. / 55.73778° пн. ш. 37.53333° у. д. / 55.73778; 37.53333

«Адзі́ная Расе́я» — палітычная партыя Расеі, заснаваная 1 сьнежня 2001 году шляхам аб’яднаньня партыяў «Адзінства» (суполка дэпутатаў у Думе) і «Айчына — уся Расея».

«Адзіная Расея»
рас. Единая Россия
Выява лягатыпу
Лідэр партыі Дзьмітры Мядзьведзеў
Заснавальнік Юры Лужкоў, Сяргей Шайгу, Мінцімер Шайміеў
Дата заснаваньня 1 сьнежня 2001 (23 гады таму)
Штаб-кватэра Масква, Заходняя адміністрацыйная акруга, раён Дарагамілава, Кутузаўскі праспэкт, д. 39[1]
Саюзьнікі і блёкі Агульнарасейскі народны фронт(ru)
Ідэалёгія кансэрватызм[2]
Інтэрнацыянал Цэнтрысцкі дэмакратычны(en)
Моладзевая арганізацыя Маладая гвардыя(ru)
Колькасьць 2 073 772 (2011)
Колькасьць дэпутатаў
· Дзяржаўная Дума (2021)
336 / 450
[3]
· Савет Фэдэрацыі (2021 год)
140 / 170
[4][5]
· Рэгіянальныя парлямэнты(en)
2840 / 3980
Афіцыйны сайт er.ru

Цяпер найбольшая й самая ўплывовая партыя ў Расеі. Пад час выбараў 2003 году стала найбольшай партыяй у Думе, а ў 2007 годзе мела ўжо 2/3 складу Думы. Галоўная задача партыі «Адзіная Расея» — падтрымка У. Пуціна[6]. Першапачаткова галаўная сядзіба ў Маскве месьцілася па Банным завулку(ru), д. 3а.

Праграма

рэдагаваць

8 сьнежня 2018 году 18-ы зьезд партыі «Адзіная Расея» ўхваліў праграму «Посьпех кожнага — посьпех Расеі», якая складалася з 8 частак: 1) «Якасьць дзяржавы», 2) «Эканоміка росту і дабрабыту», 3) «Сацыяльная палітыка», 4) «Разумная сіла і культурнае лідэрства», 5) «Здаровая будучыня», 6) «Быць гаспадаром ва ўласным доме», 7) «Аграрная звышдзяржава», 8) «Справядлівасьць і бясьпека для сьвету і Расеі»[7]. Першая частка праграмы падзялялася на 6 разьдзелаў: 1) «Рост палітычнай канкурэнцыі і магчымасьцяў наўпроставага народаўладзьдзя», 2) «Зручная даступнасьць і новая якасьць дзяржаўных паслугаў», 3) «Супрацьдзеяньне хабарніцтву і абарона грамадзкіх зацікаўленасьцяў», 4) «Справядлівы суд», 5) «Вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва», 6) «Выніковасьць і празрыстасьць дзяржаўных закупак». Гэтыя разьдзелы прадугледжвалі ўвядзеньне: электронных дазволаў на будаўніцтва, зьняволеньня да 20 гадоў за крадзеж у галіне дзяржаўных закупак, электроннага кабінэта прыстава для ўзаемінаў з грамадзянамі і комплекснай праверкі прадпрыемстваў аднойчы на 3 гады замест асобных праверак кожным наглядным органам. У 2-й частцы налічвалася 8 разьдзелаў: 1) «Моцны каштарыс, нізкае зьняцэньваньне, устойлівы рубель, надзейныя банкі»; 2) «Справядлівыя падаткі»; 3) «Выніковасьць народнай гаспадаркі»; 4) «Уся Расея — тэрыторыя росту і разьвіцьця»; 5) «Правадырскі справавы клімат»; 6) «Малы і сярэдні бізнэс — аснова новай гаспадаркі»; 7) «Новая прамысловасьць: краіна жыве, пакуль працуюць заводы»; 8) «Вырабляць, спажываць і вывозіць расейскае». У іх прапаноўвалася пашырыць выкарыстаньне расейскай валюты ў разьліках між краінамі Эўразійскага эканамічнага зьвязу і парышыць продаж стратных дзяржаўных прадпрыемстваў[8].

Трэцяя частка праграмы зьмяшчала 5 разьдзелаў: 1) «Захаваньне і павышэньне ўзроўню дабрабыту», 2) «Годная праца і прафэсійнае самасьцьвярджэньне для ўсіх», 3) «Зьберажэньне і прымнажэньне народу», 4) «Роўныя магчымасьці і якасьць жыцьця для ўсіх», 5) «Грамадзянская дзейнасьць і грамадзкае пачынаньне — аснова грамадзкага разьвіцьця». У гэтай частцы прадугледжвалася за 3 гады забясьпечыць дзялянкамі шматдзетных бацькоў і ўкараніць дзяржаўны заказ грамадзкіх паслугаў для некамэрцыйных арганізацыяў. У 4-й частцы было 5 разьдзелаў: 1) «Будучыня краіны нараджаецца за школьнай партай» 2) «Разумная Расея», 3) «Адкрыць дарогу адораным», 4) «Будучыня расейскай навукі: новыя лябараторыі для новых геніяў», 5) «Бясцэнны капітал расейскай культуры». У іх згадвалася: стварэньне ліцэяў пры ўнівэрсытэтах і шматгаліновых каледжаў у буйных гарадах, укараньне ў студэнцкіх гуртажытках шыракапалоснага доступу ў Сеціва і ахоп 75 % школьнікаў дадатковай адукацыяй. 5-я частка праграмы зьмяшчала 5 разьдзелаў: 1) «Мэдыцына для ўсіх: даступнасьць, якасьць, прафэсіяналізм»; 2) «Якасныя лекі па даступных цэнах»; 3) «Здароўе дзяцей — шчасьце бацькоў»; 4) «Здароўе як лад жыцьця краіны»; 5) «Інавацыйныя магчымасьці і чалавечы капітал аховы здароўя». Іх зьмест прадугледжваў: улучэньне навыкаў здаровага ладу жыцьця ў навучальныя праграмы пэдагогаў, даданьне ў Агульнае пагадненьне між працадаўцамі, прафсаюзамі і ўрадам Расеі абавязка ўмацаваньня здароўя. У 6-й частцы налічвалася 6 разьдзелаў: 1) «Даступнае жытло для ўсіх і на справядлівых умовах», 2) «Расея без лядачага і аварыйнага жытла», 3) «Зрабіць дом сучасным», 4) «За выніковыя кіраўнічыя прадпрыемствы», 5) «Новыя дамы і сучасныя гарады для расейскіх сем'яў», 6) «Новыя дарогі для будучыні краіны». У гэтай частцы прапаноўвалася: запусьціць Дзяржаўную інфармацыйную сыстэму жыльлёва-камунальнай гаспадаркі з магчымасьцю аплачваць анлайн і атрымліваць зьвесткі пра паслугі, праводзіць сходы жыхароў і падаваць скаргі; налічваць укладныя адсоткі на сродкі ў рахунках для капітальнага рамонту[8].

У 7-й частцы праграмы налічвалася разьдзелаў: 1) «Харчовы сувэрэнітэт краіны», 2) «Моцны селянін — гаспадар зямлі», 3) «Будучыня вёскі — людзі і інавацыі», 4) «Новая якасьць сельскага жыцьця». Гэтая частка прадугледжвала: накіраваньне 5 % дарожных фондаў на будаўніцтва і рамонт аўтадарог да вёсак, гранты для малых прадпрыемстваў на стварэньне інфраструктуру падарожжаў на вёску. У апошняй 8-я частцы згадвалася: гаспадарчае задзіночаваньне ў Саюзнай дзяржаве Беларусі і Расеі, а таксама ў Эўразійскім эканамічным зьвязе; задача падрыхтаваць пагадненьне аб супрацы ЭАЭЗ зь Кітаем. Сярод іншага, зьмяшчалася прапанова: «Галоўным прынцыпам міжнародных дачыненьняў мае стаць прынцып суіснаваньня разнаякіх рэгіянальных парадкаў». Таксама галоўным напрамкам у Азіі называлася ўзмацненьне стратэгічнага партнэрства зь Кітаем. Прадугледжвалася «актывізаваць працу прасоўваньня расейскай адукацыі, мовы і культуры, працу з суайчыньнікамі, асабліва на пасьлясавецкай прасторы». У рамках гэтай прапановы прадугледжвалася накіраваць замежную дапамогу «на адрасную падтрымку людзей і некамэрцыйных арганізацыяў, здольных і гатовых прасоўваць расейскія зацікаўленасьці, тэхнічную дапамогу краінам былога СССР у стварэньні гаспадарчай інфраструктуры і ўстаноўча-прававога асяродзьдзя, падтрымку адукацыі — як у расейскіх ВНУ, гэтак і ва ўнівэрсытэтах краінаў-партнэрак на расейскай мове»[8].

Колькасьць

рэдагаваць
 
Сядзіба «Адзінае Расеі» ў Тальяці
  • У ліпені 2000 году пасьля стварэньня партыі мела каля 150 тыс. сябраў.
  • У сакавіку 2003 году ў «Адзінае Расеі» было ўжо 400 тыс. чальцоў.
  • Пасьля выбараў у 2003 годзе старшыня партыі назваў лічбу сяброў каля 680 тыс.
  • Па стане на сярэдзіну 2006 году — 1 096 000.
  • Па стане на 27 лютага 2008 году ў партыі было 1,8 млн чалавек.
  • Па стане на 23 верасьня 2010 году колькасьць склала 2 055 602 чалавекі.

Вынікі ўдзелу ў выбарах

рэдагаваць

Паводле зьвестак Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі «Адзіная Расея» набрала на выбарах у Думу ў 2011 годзе 49,3 % галасоў. Аднак назіральнікі ад Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе адзначылі яўнае маніпуляваньне падлікам галасоў на карысьць дадзенай партыі[9].

Вынікі Адзінае Расеі на выбарах у Дзяржаўную думу.
выбары Галасоў пададзеных за
краёвы сьпіс, %
Колькасьць дэпутатаў Адсотак дэпутатаў у
Дзяржаўнае думе
Выбары ў Дзяржаўную думу (2003) 37,57 220 48,9
Выбары ў Дзяржаўную думу (2007) 64,30 315 70,0
Выбары ў Дзяржаўную думу (2011) 49,30 238 52,9
  1. ^ Кантакты Цэнтральнага выканаўчага камітэту (рас.) // Партыя «Адзіная Расея», 2021 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  2. ^ «Ведамасьці»(ru). Адзінаросы плянуюць кантраляваць будучы Эўразійскі парлямэнт // Газэта «Новы час», 12 траўня 2012 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  3. ^ Фракцыі (рас.) // Дзяржаўная дума Расеі, 2021 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  4. ^ Сэнатары РФ (рас.) // Партыя «Адзіная Расея», 2021 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  5. ^ Сэнатары (рас.) // Савет Фэдэрацыі Расеі, 2021 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  6. ^ Пэры Андэрсан(en). Расейская «кіраваная дэмакратыя» // ARCHE Пачатак : часопіс. — 2007. — № 5 (56). — С. 100-109. — ISSN 1392-9682.
  7. ^ Праграма (рас.) // Партыя «Адзіная Расея», 8 сьнежня 2018 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  8. ^ а б в Праграма «Посьпех кожнага — посьпех Расеі» (рас.) // Партыя «Адзіная Расея», 8 сьнежня 2018 г. Праверана 14 красавіка 2021 г.
  9. ^ АБСЭ: Выбары ў Расеі несумленныя // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 5 сьнежня 2011 г. Праверана 23 жніўня 2015 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць