Даніла Васілеўскі
Дані́ла Мі́навіч Васіле́ўскі (нар. 17 сьнежня 1889, вёска Новае Сяло, Полацкі павет, цяпер у Шумілінскім раёне Віцебскай вобласьці — † 28 сьнежня 1963, Феадосія, Крым) — беларускі краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, пэдагог. Псэўданімы й крыптанімы: «А. Вітэнь; Д. Вітэнь; Д. В.; М. Доброведовский; Шчыры; Д. Шчыры; Шчырый; Д. Шчырый».
Даніла Васілеўскі | |
Дата нараджэньня | 17 сьнежня 1889 |
---|---|
Месца нараджэньня | вёска Новае Сяло, Полацкі павет, Віцебская губэрня |
Дата сьмерці | 28 сьнежня 1963 |
Месца сьмерці | Феадосія, Крым |
Месца вучобы | Віцебскі настаўніцкі інстытут |
Занятак | краязнавец, гісторык, літаратуразнаўца, пэдагог |
Навуковая сфэра | пэдагогіка, гісторыя, археалёгія, літаратуразнаўства, краязнаўства |
Месца працы | дэкан геаграфічнага факультэту Магілёўскага пэдагагічнага інстытуту |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьДаніла Васілеўскі нарадзіўся 17 сьнежня 1889 году ў вёсцы Новае Сяло[a][1] ў сялянскай сям’і. Асьвету атрымаў у Обалі[b][1] ў Ануфрыеўскай 2-кляснай школе, Полацкай настаўніцкай сэмінарыі й Віцебскім настаўніцкім інстытуце. У 1907 годзе ўпершыню пачаў чытаць беларускую літаратуру, якую сэмінарысты набывалі ў полацкай кніжнай краме Шэндэра Гофэншэфэра.[2] У 1909 годзе ўвайшоў у гурток сэмінарыстаў «Весьнік ведаў», што знаходзіўся пад уплывам народніцтва й сацыял-дэмакратаў. Тады ж прымаў удзел у працы настаўніцкага таварыства культасьветы й узаемадапамогі «Адукацыя». Будучы студэнтам Віцебскага настаўніцкага інстытуту, пасылаў допісы ў газэту «Школа и Жизнь» пад псэўданімам М. Дабраведаўскага і ў «Нашу Ніву» пад імем Шчырага, Вітэня й сваім уласным прозьвішчам.
Даніла Васілеўскі з чэрвеня 1917 да траўня 1918 году ў партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, прымаў удзел у Першым Усебеларускім зьезьдзе ў Менску — быў абраны ад павятовых і губэрнскіх земстваў.[3]
У 1914-18 гг. выкладаў у школе «Таварыства працоўнай дапамогі», дзе пачаў знаёміць моладзь зь беларускай літаратурай і працаваў у розных установах Полацку, а з 1919 году на Віцебшчыне інструктарам школ. Арганізаваў у 1923 годзе «Віцебскае губэрнскае бюро краязнаўства» пры «Аддзеле Асьветы», якое было зьвязанае з Інбелкультам і ставіла мэтаю вывучэньне Віцебшчыны. У 1924 годзе Даніла Васілеўскі працуе на Аршаншчыне. Стаў кандыдатам Аршанскай філіі «Маладняка» ў 1925 годзе.
З 1930 у Магілёве, дэкан геаграфічнага факультэту Магілёўскага пэдінстытуту. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж. Арыштаваны 9 сьнежня 1936 году, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравіком у Варкуце. Пасьля вызваленьня з 1945 геолягам у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі.[4][5]
Творчасьць
рэдагаваць3 1910 г. пачаў зьбіраць фальклёр у вёсцы Старыца Мікалаеўскай воласьці, Полацкага павету і адсылаў яго інспэктару народных вучэльняў Віцебскай губэрні. Супрацоўнічаў у мясцовых віцебскіх выданьнях, як «Придвинский Край» і інш. У 20-я гады ён стаў актыўным прыхільнікам палітыкі беларусізацыі, якая зьявілася спробай ва ўмовах савецкай улады ажыцьцявіць беларускае нацыянальнае адраджэньне. Дасьледаваў гісторыю беларускай літаратуры ХІХ ст., беларускага кнігадрукаваньня, пытаньні краязнаўства, этнаграфіі і сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця. Выявіў у архівах і апублікаваў невядомыя каштоўныя матэрыялы. Друкаваўся ў часопісах: «Асьвета», «Полымя», «Наш край» і газэтах «Савецкая Беларусь» і інш.
Бібліяграфія
рэдагаваць
|
|
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Міхалоўшчынскай воласьці (цэнтар у сяле Любічы), Полацкі павет
- ^ Петрапаўлаўская воласьць, Полацкі павет
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б «Списокъ населенных мѣстъ Витебской губерніи» / Подъ редакціей члена-секретаря Губернскаго Статистическаго Комитета А. П. Сапунова.. — Витебскъ: Изданіе Витебскаго Губернскаго Статистическаго Комитета и Губернской Типо-Литографіи., 1906. — С. LXXXI; 314 (№ 62); 319 (№ 96). — LXX;LXXXIII;456 с.
- ^ «Памятная книжка Витебской губерніи на 1910 годъ». — Витебскъ: Изданіе Витебскаго Губернскаго Статистическаго Комитета, 1910. — С. 354. — VIII,445,168 с.
- ^ 0045. Пратакол №1 прыватнае нарады сяброў Усебеларускага Зьезду ў Менску 5.12.1917 (рас.) // Укладаньне, падрыхтоўка тэксту, уступны артыкул, камэнтары, пераклады: Сяргей Шупа Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. — Вільня, Нью-Ёрк, Менск, Прага: БІНІМ, Таварыства Беларускага пісьменства, Наша Ніва, 1998. — Т. 1, кніга 1. — С. 15, 16. — ISBN 9986-9219-2-9.
- ^ «Вывучэньне культурнага стану краю». (З досьвіду Віцебшчыны). / С. Плаўнік // Наш край : штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Інстытуце Беларускай Культуры. — Менск: жнівень—верасень 1927. — № чэрвень—ліпень 6—7 (21—22). — С. 67—68.
- ^ Маракоў Л. У. «ВАСІЛЕЎСКІ Даніла Мінавіч» // Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі : Энцыкляпэдычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). — Менск: 2003. — Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. — ISBN 985-6374-04-9.
Літаратура
рэдагаваць
|
|
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Даніла Васілеўскі: «Прадзьвінскі край — гісторыя, сучаснасьць»