Крэва — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны). Да нашага часу тут захаваўся замак уладароў Вялікага Княства Літоўскага, які істотна пацярпеў ад расейскай артылерыі ў часы Першай сусьветнай вайны.

Мястэчка і замак. Н. Орда, 1875 год

Вялікае Княства Літоўскае

рэдагаваць
 
Літаграфія з малюнку Н. Орды

Першы пісьмовы ўпамін пра Крэва як сталіцу Нальшанскай зямлі[1] зьмяшчаецца ў нямецкай хроніцы і датуецца ХІІІ ст. З таго часу назва паселішча неаднаразова фіксуецца ў розных летапісах, дакумэнтах і на мапах. У 1260-я Крэва далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У ХІV ст. яно стала сталіцай асобнага княства, тут збудавалі мураваны замак. У 1338 годзе вялікі князь Гедымін перадаў Крэва свайму сыну Альгерду, потым ім валодаў Ягайла.

У 1382 годзе на загад Ягайлы ў Крэўскім замку забілі Кейстута, бацьку Вітаўта. 14 жніўня 1385 году тут адбылося падпісаньне Крэўскай уніі. У 1387 годзе Ягайла заснаваў у Крэве адну зь першых у Літве каталіцкіх парафіяў. У 1391 годзе загінуў апошні князь крэўскі Вітунд. У 1413 годзе мясьціна ўвайшла ў склад Віленскага ваяводзтва[2].

 
Панарама мястэчка і замка, 1839 год

Зь сярэдзіны ХV да 1-й паловы ХVІ стагодзьдзяў Крэва было сталіцай павету. На 1551 год яно плаціла ў вялікакняскі скарб мінімальную суму падаткаў — 5 коп грошаў[2].

7 красавіка 1559 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Крэву Магдэбурскае права, да канца XVIII ст. ужываўся герб: «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбная зорка»[3] (герб Ляліва). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павету.

10 жніўня 1601 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза зьвярнуўся ў сваім лісьце да крэўскага старосты Валінскага з тым, каб той больш не зьдзяйсьняў злоўжываньняў і гвалтаў у дачыненьні да каралеўскіх сялянаў і местачкоўцаў[4]. З 1636 году пры тутэйшым касьцёле працавалі школа і лякарня.

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) маскоўскія захопнікі двойчы спусташалі Крэва (у 1655 і 1659 гадах)[5]. У ХVІІІ ст. у мястэчку дзейнічалі 6 цэркваў і 1 касьцёл[5]. Паводле інвэнтару (1789), існавалі Рынак (52 дамы, 2 карчмы), вуліцы Зарэчная (56 дамоў), Пяскоўская (9 дамоў), Татарская (13 дамоў), Багданаўская (56 дамоў), Барунская (5 дамоў)[5]. У канцы ХVІІІ ст. мястэчка карысталася пячаткай з гербам Ляліва.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Агульны выгляд мястэчка. Б. Тамашэвіч, 1897 год

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крэва апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе стала цэнтрам воласьці Ашмянскага павету Віленскай губэрні[6]. У ХІХ — 1-й пал. ХХ стагодзьдзях паселішча было адным з найбольшых цэнтраў вытворчасьці керамікі.

Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1866 годзе расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі тутэйшы касьцёл пад царкву Маскоўскага патрыярхату. Паводле вынікаў перапісу (1897), у Крэве было 217 двароў, 2 царквы, сынагога, вучэльня, школа, 2 крамы, штогод праводзілася 5 кірмашоў. У 1898 годзе мястэчка наведаў мастак Фэрдынанд Рушчыц, які напісаў карціну «Крэва».

У Першую сусьветную вайну каля Крэва праходзілася лінія фронту. 21 ліпеня 1917 году ў ходзе артылерыйскай атакі на нямецкія пазыцыі войскі Расейскае імпэрыі ўшчэнт разбурылі муры замка і касьцёла.

Найноўшы час

рэдагаваць
 
Рэканструкцыя аўтэнтычнага выгляду замка, 1938 год

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крэва абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яно ўвайшло ў склад Беларускай ССР[7]. У 1920 годзе Крэва апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 годзе — міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводзтва. У 1929 годзе беларускі мастак Язэп Драздовіч стварыў сэрыю малюнкаў мястэчка. У 1929—1930-х праводзілася ўмацаваньне муроў замка.

У 1939 годзе Крэва ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стала цэнтрам сельсавету Смаргонскага раёну. У 1998 годзе з мэтай спрыяньня захаваньню і адраджэньню Крэўскага замка ўтварыўся міжнародны фонд «Крэва». У 2000-я паселішча атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Былы касьцёл

рэдагаваць
  1. ^ Шаблюк В. Крэва // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 284.
  2. ^ а б Баравы Р. Крэва // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 157.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 179.
  4. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т.X. Акты виленского магистрата и магдебургии. — Вильна, 1879. С. 246—247. [1]
  5. ^ а б в Баравы Р. Крэва // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 158.
  6. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902. S. 165.
  7. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура

рэдагаваць