Гомон (1884)

беларуская газэта (1884)
(Перанакіравана з «Гомон»)

«Гомон» (Ѓоман) — першая нелегальны часопіс на беларускай і расейскай мовах. Выйшла ўсяго толькі два нумары часопіса — № 1 (люты-сакавік 1884 г.) і № 2 (15 лістапада 1884 г.), а тыраж быў абмежаваны.

Гомон
Адрас Менск
Выдавец Гоман
Дата заснаваньня 1884
Дата закрыцьця 1884
Мова беларуская, расейская

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя часопіса «Гомон» зьвязана з групай прыхільнікаў арганізацыі «Народная воля» — ураджэнцаў беларускіх губэрняў, асяродкі якой паўсталі ў розных унівэрсытэцкіх гарадах Расейскай імпэрыі, але найбольш выразна дзейнічалі ў Санкт-Пецярбургу. У пачатку 80-х гадоў частка радыкальна настроеных пецярбурскіх студэнтаў — выхадцаў зь Беларусі спрабавала незалежна ад Выканаўчага камітэта «Народнай волі» ўзяць на сябе кіраўніцтва нелегальнымі гурткамі, якія існавалі на радзіме. Праграмныя дакумэнты, якія характарызыюць іх погляды: «Гоман» — орган беларускай народніцкай групы, два нумары якога выйшлі ў 1884 годзе й дзьве гектаграфаваныя запіскі: «Лісты аб Беларусі»[1] і «Пасланьне да землякоў-беларусаў»[2], аўтараў якіх паліцэйскія чыноўнікі адносілі да беларускай арганізацыі. Два апошнія дакумэнты разам з «Гоманам» даюць магчымасьць з большай паўнатой і дакладнасьцю меркаваць аб поглядах беларускіх народнікаў і аб існаваньні сярод іх розных плыняў. «Лісты пра Беларусь» задуманы аўтарамі як сэрыя зваротаў да беларускай інтэлігенцыі. Кожны зь лістоў павінен быў быць працягам папярэдніх. Вядомы толькі першы ліст, датыравайны 16 сьнежня 1882 году й падпісаны «Даніла Баравік». Па зьместу выданьня бачна, што «Лісты пра Беларусь» павінны былі зьявіцца своеасаблівым органам пэўнай палітычнай групы беларускай інтэлігенцыі. Аўтары не ідуць далей за патрабаваньняў прадастаўленьня Беларусі мясцовага самакіраваньня й абласной самастойнасьці ў рамках Расейскай імпэрыі й не ставяць пытаньня аб неабходнасьці зьвяржэньня самадзяржаўя, а іх умераная праграма накіравана на паляпшэньне эканамічнага й палітычнага становішча беларускага народа шляхам паступовых рэформ і саступак з боку ўрада. Ліст заклікае мясцовую інтэлігенцыю да дзейнасьці, накіраванай на вывучэньне свайго народа, паступовае паляпшэньне яго побыту. Такая праграма не магла задаволіць рэвалюцыйна настроеную моладзь. І гэтая нездаволенасьць яскрава выявілася ў «Пасланьні да землякоў-беларусаў» ад 1 студзеня 1884 году, падпісаным псэўданімам «Шчыры беларус». «Пасланьне» зьявілася адказам на «Лісты аб Беларусі». «Шчыры беларус» вітае выхад ліста як факт абуджэньня да грамадзкага жыцьця беларускай інтэлігенцыі, аднак аўтар «Пасланьня» не ўхваляе яго зьмест у цэлым. У адрозьненьне ад «Лістоў аб Беларусі», «Пасланьне» прапануе сваім чытачам праграму ў традыцыях рэвалюцыйнага народніцтва й бачыць асноўную задачу беларускай групы ў тым, каб арганізаваць барацьбу «ў імя даўно ўсьвядомленых агульначалавечых прынцыпаў: свабоды, роўнасьці, братэрства, а таксама эканамічнага прынцыпу, выяўленага словамі: прылады працы-працаўнікам». Аўтар ненавідзеў царызм і заклікаў да барацьбы зь ім. У гэтым яго вялізная заслуга як патрыёта сваёй радзімы й рэвалюцыянэра, у гэтым вялікае значэньне яго «Пасланьня да землякоў-беларусаў»[3].

На сходках 1880/81 навучальнага году радыкальна настроенае беларускае студэнцтва Пецярбурскага ўнівэрсытэту стварае ініцыятыўную групу па абʼяднаньні ўсіх рэвалюцыйных гурткоў з ураджэнцаў Беларусі як у Пецярбургу так і ў Беларусі ў адну агульную арганізацыю. Яна выпусьціла заяву й па словах Марцэла Янчэўскага, які чытаў гэту заяву «Ад сацыяльна-рэвалюцыйнай беларускай народнай партыі», што зьяўлялася праграмай будучай партыі, павінна была стаць дапаможнай групай «Народнай волі». У стварэньні партыі актыўны ўдзел прымалі студэнт ураджэнец Віцебску Аляксандар Марчанка й сябра «Народнай волі» Ігнат Грынявіцкі. Першага Марцэл Янчэўскі называў аўтарам заявы. Грынявіцкага, які забіў Аляксандра II, «Гоман» лічыў «адным з гарачых заснавальнікаў беларускай мясцовай фракцыі»[4]. Са шматлікіх судовых спраў і сьледчых матэрыялаў высьветлены ў асноўным склад беларускага гуртка й яго кіраўнічае ядро, зьвесткі пра якіх трапілі ў паліцэйскія дакумэнты. Узначальвалі гурток студэнты Пецярбурскага ўнівэрсытэту Аляксандар Іванавіч Марчанка (*2 чэрвеня 1860 г. Амсьціслаўскі павет) й Xаім-Ізраіль Аронавіч Ратнер (*24 лістапада 1864 г. Шклоў), у склад яго ўваходзілі ўраджэнцы Беларусі — студэнты трэцяга курсу фізыка-матэматычнага факультэта Ўрбан Баніфацьсьвіч Крупскі (выхаванец Слуцкай гімназіі) й Мартын Іванавіч Стацкевіч (ураджэнец Віленскай губэрні), слухач Санкт-Петярбургскага тэхналягічнага інстытуту Станіслаў Іванавіч Касьцюшка-Буйніцкі (ураджэнец Віцебскай губэрні). 3ь дзейнасьцю беларускага гуртка былі зьвязаны землямер зь Менску Лявонці Міхайлавіч Насовіч, пецярбурскі наборнік Балеслаў Міхайлавіч Рынкевіч, вядомы нарадаволец Марцэліт-Эдмунд Янчэўскі, былы гродзенскі гімназіст Л. Гарадзішча, пісар Віцебскага натарыюса Арцём Аляксеевіч Высоцкі, слухачка сталічных жаночых курсаў Аляксандра Аркадзьеўна Ратнер і іншыя. Беларуская група мела і сваю паліграфічную «базу» — гэктограф. «Гомон» № 1 быў знойдзены 23 сакавіка 1884 году пры вобшуку пецярбурскай кватэры, якую арандаваў Хаім Ратнер, якога варта лічыць рэдактарам. Там жа былі канфіскаваны гэктограф, на якім друкаваўся часопіс, 32 асобнікі выпуску й матэрыялы другога нумару[5]. Аднак частка групы пазьбегла арышту. Гамонаўцы, якія засталіся на волі, здолелі аднавіць выданьне свайго органа, і 15 лістапада 1884 г. выйшаў у Менску другі й апошні нумар «Гомону»[6]. Невядомымі засталіся й наступныя выданьні народнікаў, месца іх выданьня, выдаўцы, а таксама іншыя факты, зьвязаныя зь іх выданьнем.

Аўтары «Гомона» фактычна ўпершыню ў палітычным дыскурсе XIX ст. выказалі ідэю, што Беларусь павінна стаць аўтаномным субʼектам палітычнага жыцьця. Абапіраючыся на ідэі фэдэралізму, папулярныя ў тыя часы ў народніцкім асяродзьдзі, беларускія народнікі бачылі месца Беларусі ў якасьці асобнай адзінкі будучай фэдэральнай Расеі. Яны пісалі: «Беларуская народнасьць, захаваўшы сваю адасобленасьць, павінна будзе, без сумневу, заняць у Расеі такое самае месца, якое імкнуцца заняць іншыя больш-менш буйныя народнасьці»[7]. Аўтары часопіса, як студэнты расійскіх унівэрсытэтаў, мелі доступ да шматлікай навуковай літаратуры па праблемах народнага разьвіцьця, а таксама да этнаграфічных дасьледаваньняў беларускага народа, што актыўна праводзіліся ў другой палове XIX ст. Зьяўленьне «Гомона» магло азначаць паступовы пераход ад фазы вывучэньня народа да фазы актыўнага агітаваньня. Паводле высноў сучасных беларускіх дасьледчыкаў, «гоманаўцы» былі першымі, хто сфармуляваў нацыянальны праект i вобраз будучыні Беларусі, а не апеляваў да пошуку сэнсаў у мінулым[7]. Празь сем гадоў пасьля выданьня «Гомона» амаль падобныя ідэі на працэсы разьвіцьця беларускага народа й яго мовы ў лісьце выказваў малады Мітрафан Доўнар-Запольскі — будучы вядомы беларускі гісторык, які выкарыстоўваў нават падобныя словазлучэньні «Мы, беларусы...»[8]. У № 2 надрукавана нацыянальная праграма партыі «Народная воля», у якую ўваходзіў Ігнат Грынявіцкі.

Бібліяграфія

рэдагаваць

Крытыка, рэцэнзіі

рэдагаваць
  • Лев Тихомиров. Запросы времени. // Вѣстник Народной Воли : революционное социально-политическое обозрѣние. — Женева: 1885. — С. 237—243, 225—270.
  • Wroń.(pl) Z powodu odezwy białoruskiej.  (пол.) // Przedświt (L'Aurore) : miesięcznik polityczno-społeczny, organ Polskiej Partyi Socyalistycznej. — 1903 R. 23. — № 2. — С. 53—57.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  • «Гоман» ― беларуская народніцкая пецярбурская група ў 1880-х роках.
  1. ^ Письма о Белоруссии. Б.м. изд. (рас.). Государственный архив Российской Федерации. — ф. 1741 «Коллекция нелегальных изданий (листовок и брошюр), отложившихся в полицейских и судебных органах дореволюционных России», оп. 2 «Коллекция брошюр. 1850—1917 гг.», д. 3158.
  2. ^ Послание к землякам Белоруссам. Б.м. изд. (рас.). Государственный архив Российской Федерации. — ф. 1741 «Коллекция нелегальных изданий (листовок и брошюр), отложившихся в полицейских и судебных органах дореволюционных России», оп. 2 «Коллекция брошюр. 1850—1917 гг.», д. 3211.
  3. ^ С. М. Самбук . Новые документы белорусских народников начала 80-х годов XIX века. // Советское славяноведение : материалы IV конференции историков-славистов (Минск, 31 января ― 3 февраля 1968 г.). — Менск: Издательство БГУ, 1969. — С. 374—382.
  4. ^ О мешанине Марцем Янчевском и др. лицах (рас.). Государственный архив Российской Федерации. — ф. 102. «Департамент полиции Министерства внутренних дел», оп. 181, 7-е делопроизводство. 1884 г., д. 1145, лл. 385..
  5. ^ Об арестованных 3 и в ночь на 4 апреля 1884 г. в СПБ лицах принадлежащих к социально-революционной партии (рас.). Государственный архив Российской Федерации. — ф. 102. «Департамент полиции Министерства внутренних дел», оп. 181, 7-е делопроизводство. 1884 г., д. 417, ч. 1, л. 301..
  6. ^ С. М. Самбук . Революционные народники Белоруссии: (70-е — начало 80-х годов XIX в.). — Менск: Наука и техника, 1972. — С. 136—143. — 248 с. — 1000 ас.
  7. ^ а б Публицистика белорусских народников / складаньне, падрыхтоўка тэкстаў С. X. Александровіча, прадмова, камэнтары І. С. Александровіч. — Менск: БДУ, 1983. — С. 29—32, 120. — 134 с. — 2000 ас.
  8. ^ Мітрафан Доўнар-Запольскі. Выбранае / укладаньне, прадмова ікамэнтары В. Лебедзевай; навуковы рэдактар Арсень Ліс. — Менск: Беларуская навука, 2017. — 668 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2167-6

Літаратура

рэдагаваць