Міхаіл Цікоцкі
Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі (20 лютага 1922; Бабруйск, цяпер Магілёўская вобласьць, Беларусь — 24 сакавіка 2012; Менск, Беларусь) — мовазнавец і заслужаны журналіст Рэспублікі Беларусь. Доктар філялягічных навук (1972), прафэсар (1973), заслужаны працаўнік адукацыі Рэспублікі Беларусь[1].
Міхаіл Цікоцкі | ||||
Міхась Цікоцкі | ||||
Дата нараджэньня | 20 лютага 1922 | |||
---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Бабруйск, Беларуская ССР | |||
Дата сьмерці | 24 сакавіка 2012 (90 гадоў) | |||
Месца сьмерці | Менск, Беларусь | |||
Месца пахаваньня | ||||
Месца вучобы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1950) | |||
Занятак | мовазнавец, журналіст | |||
Навуковая сфэра | мовазнаўства | |||
Месца працы | Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт | |||
Вядомы як | Заснавальнік беларускай школы стылістыкі | |||
Бацька | Яўген Цікоцкі | |||
Узнагароды | |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і кампазытара Яўгена Цікоцкага. У 1933 г. разам зь сям’ёй пераехаў з Бабруйску ў Менск, дзе ў чэрвені 1941 г. скончыў сярэднюю школу. Улетку 1943 г. савецкія партызаны пераправілі яго з маці і сястрой з занятага нямецкім войскам Менску (Генэральная акруга Беларусь) ў Любанскі раён на выспу Зыслаў(be) (Менская вобласьць, Беларуская ССР). Затым — на самалёце ў Маскву (Расейская СФСР). Увосень 1943 г. пайшоў на фронт у складзе супрацьтанкавага батальёна. Ваяваў на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. У ліпені 1944 г. атрымаў раненьне падчас боя ў Кобрынскім раёне (Берасьцейская вобласьць, БССР) на 1-м Беларускім фронце[прыбраць шаблён]. У студзені-красавіку 1945 г. удзельнічаў у бітве за Каралевец (правінцыя Ўсходняя Прусія, Нямецкая дзяржава) на 3-м Беларускім фронце(be). За ўдзел у баях атрымаў 2 мэдалі «За адвагу» і ордэн Айчыннай вайны 1-й ступені[1].
У 1946 г. дэмабілізаваўся з савецкага войска і паступіў на аддзяленьне журналістыкі філялягічнага факультэту БДУ, дзе ў 1946 г. стварылі катэдру журналістыкі. Падчас навучаньня працаваў у газэце «Савецкі селянін» (цяпер «Сельская газэта»). У 1950 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт з дыплёмам журналіста і працягнуў працу ў газэце «Калгасная праўда» (цяпер «Сельская газэта»). Супрацоўнічаў з гумарыстычным часопісам «Вожык». Адначасна ў 1950—1953 гг. завочна навучаўся ў асьпірантуры пры катэдры журналістыкі на філялягічным факультэце БДУ. У 1953 г. абараніў кандыдацкую дысэртацыю «Публіцыстыка Якуба Коласа» з атрыманьнем навуковай ступені кандыдат філялягічных навук. 26 студзеня 1953 г. нарадзіўся сын Аляксандар, які таксама стаў кандыдатам філялягічных навук[2]. У 1953—1989 гг. працаваў у БДУ (з 1965 г. загаднік катэдры журналістыкі). У кастрычніку 1969 г. стварыў на факультэце журналістыкі БДУ (цяпер Інстыт журналістыкі БДУ) катэдру стылістыкі і літаратурнага рэдагаваньня, якой кіраваў 20 гадоў[1]. У 1971 г. у менскім выдавецтве «Вышэйшая школа» выдаў па-беларуску дапаможнік «Стылістыка публіцыстычных жанраў» (288 c.; 1000 ас.), які насуперак іншамоўнасьці выкарыстоўваўся за савецкім часам у якасьці падручніка ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце. У 1972 г. абараніў доктарскую дысэртацыю «Праблемы публіцыстычнага стылю». У 1973 г. атрымаў вучонае званьне прафэсара[3].
Дасьледаваў стылістыку беларускай мовы газэтных жанраў: «Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстаньня сынтаксічных сродкаў беларускай мовы» (1958), «Практычная стылістыка беларускай мовы» (ч. 1-2; 1962, 1965), «Стылістыка публіцыстычных жанраў» (1971), «Сугучнасьць слоў жывых: нататкі па стылістыцы мастацкай літаратуры» (1981). Аўтар кніг па тэорыі і практыцы журналістыкі «З гісторыі беларускай журналістыкі ХІХ ст.» (1960).[4]. На 2007 г. пераважная большасьць тагачасных журналістаў Беларусі прайшла навучаньне стылістыцы ў Міхаіла Цікоцкага[5].
Ушанаваньне
рэдагавацьЗ 2002 г. на факультэце журналістыкі БДУ (цяпер Інстытут журналістыкі БДУ) кожныя 5 гадоў у лютым ладзіцца Міжнародная навуковая канфэрэнцыя «Жыцьцём і словам прысягаючы», прысьвечаная прафэсару Міхаілу Цікоцкаму[5].
1 красавіка 2012 г. пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску[6].
Бібліяграфія
рэдагаваць- Некаторыя выпадкі стылістычнага выкарыстаньня сынтаксічных сродкаў беларускай мовы. — Менск: БДУ, 1958. — 78 с. — 3250 ас.
- З гісторыі беларускай журналістыкі XIX стагодзьдзя. — Менск: БДУ, 1960. — 127 с. — 1300 ас.
- Практычная стылістыка беларускай мовы ў 2 частках. — Менск: Вучпэдвыд БССР, 1962. — Т. 1. — 137 с. — 4000 ас.
- Практычная стылістыка беларускай мовы ў 2 частках. — Менск: Народная асьвета, 1965. — Т. 2. — 187 с. — 3900 ас.
- У.І.Ленін і пытаньні эстэтыкі публіцыстычнага слова. — Менск: Навука і тэхніка, 1968. — 244 с. — 1700 ас.
- Стылістыка публіцыстычных жанраў. — Менск: Вышэйшая школа, 1971. — 288 с. — 1000 ас.
- Стылістыка беларускай мовы. — Менск: Вышэйшая школа, 1976. — 302 с. — 3000 ас.
- Стылістыка беларускай мовы. — 2-е выд. — Менск: Унівэрсытэцкае, 1995. — 294 с. — 5060 ас. — ISBN 985-09-0099-7
- Сугучнасьць слоў жывых. — Менск: БДУ, 1981. — 191 с. — 1350 ас.
- Міхаіл Цікоцкі, Аляксандар Цікоцкі. Практыкум па стылістыцы беларускай мовы ў 2 частках. — Менск: БДУ, 2001. — Т. 1. — 74 с. — 150 ас. — ISBN 985-445-497-5
- Міхаіл Цікоцкі, Аляксандар Цікоцкі. Практыкум па стылістыцы беларускай мовы ў 2 частках. — Менск: БДУ, 2001. — Т. 2. — 73 с. — 100 ас. — ISBN 985-485-514-7
- Стылістыка тэксту. — Менск: Беларуская навука, 2002. — 223 с. — 1200 ас. — ISBN 985-08-0528-5
- Урокі моўнага майстэрства. — Менск: Адукацыя і выхаваньне, 2009. — 87 с. — 100 ас. — ISBN 978-985-471-323-6
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в Уладар слоў // Зьвязда : газэта. — 27 сакавіка 2012. — № 58 (27173). — ISSN 1990-763x.
- ^ Цікоцкі, Аляксандар Міхайлавіч // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015 г. Праверана 21 верасьня 2016 г.
- ^ Віктар Іўчанкаў. Жыцьцём і словам прысягаючы // «Народная газэта», 20 лютага 2007 г. Праверана 21 верасьня 2016 г.
- ^ Цікоцкі Міхаіл // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2003. — Т. 17. — С. 113. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0279-2
- ^ а б Тацяна Падаляк. Жыцьцём і словам прысягаючы // Зьвязда : газэта. — 20 лютага 2007. — № 34 (25899). — ISSN 1990-763x.
- ^ Сяргей Пульша. Памёр адзін з заснавальнікаў школы беларускай стылістыкі Міхаіл Цікоцкі // БелаПАН, 27 сакавіка 2012 г. Праверана 21 верасьня 2016 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Цікоцкі, Міхаіл Яўгенавіч // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2015 г. Праверана 21 верасьня 2016 г.
- Цікоцкі, Міхаіл Яўгенавіч // Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа, 2015 г. Праверана 21 верасьня 2016 г.