Вільгэльм Кубэ

(Перанакіравана з «В. Кубэ»)

Вільгельм Рыхард Паўль Кубэ (ням. Wilhelm Richard Paul Kube; 1887, Глёгаў, цяпер Глогуў, Ніжнесылескае ваяводзтва, Польшча — 1943, Менск, цяпер Беларусь) — нямецкі палітычны дзяяч, генэральны камісар Генэральнае акругі «Беларусь» Райхскамісарыяту «Остлянд» (1941—1943), адзін з галоўных тэарэтыкаў антысэмітызму.

Вільгельм Кубэ
па-нямецку: Wilhelm Kube
Генэральны камісар
Генэральнае акругі «Беларусь»
1 верасьня 1941 — 23 верасьня 1943
Прэзыдэнт: Адольф Гітлер
Прэм’ер-міністар: А. Гітлер
Папярэднік: пасада заснаваная
Наступнік: Курт фон Готбэрг
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 13 лістапада 1887(1887-11-13)[1]
Глёгаў, правінцыя Сылезія, Нямецкая імпэрыя
Памёр: 22 верасьня 1943(1943-09-22)[1] (55 гадоў)
Партыя: Нямецкая нацыянал-сацыялістычная работніцкая партыя
Адукацыя: Бэрлінскі ўнівэрсытэт (1912)
Узнагароды:


Раньнія гады

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сям'і вайскоўца[2]. Скончыў гуманітарную гімназію ў Бэрліне й Бэрлінскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў гісторыю, паліталёгію й тэалёгію (1908—1912).

Пачатак палітычнай кар’еры

рэдагаваць

Адзін з заснавальнікаў Нямецкага нацыянальнага зьвязу студэнтаў, яго кіраўнік (1911—1914). Рэдагаваў друкаваны орган арганізацыі «Deutschvölkische Hochschullblätter». Сябар Нямецкае сацыяльнае партыі ў 1911—1913, ад 1912 рэдактар друкаванага органу «Mecklenburgische Warte». У 1913—1919 сябар Нямецкае кансэрватыўнае партыі, быў рэдактарам органу «Schlesische Morgenzeitung» і супрацоўнікам «Schlesische Boten». Займаў пасаду акруговага сакратара партыі ў Брэславе. У 1917 браў удзел у баявых дзеяньнях на фронце. У 1919 быў адным з заснавальнікаў Нямецкае нацыянальнае народнае партыі. Неўзабаве стаў генэральным сакратарам акруговае арганізацыі ў Сылезіі (1919), потым у Бэрліне (1920). У 1922—1923 быў дэпутатам Бэрлінскае рады. У 1923 быў адным з заснавальнікаў (разам зь сябрамі тады забароненае Нямецкае нацыянал-сацыялістычнае работніцкае партыі) Нямецкае сацыялістычнае партыі свабоды, ад якое ў 1924 прайшоў у Райхстаг. У 1925 стаў рэдактарам «Der Markische Adler», на старонках якое прапагандаваў ідэі NSDAP.

Сяброўства ў нацыянал-сацыялістычнай партыі

рэдагаваць

1 сьнежня 1927 уступіў у Нямецкую нацыянал-сацыялістычную работніцкую партыю (ННСРП), праз колькі тыдняў прызначаны гаўляйтарам партыйнае акругі Остмарк. Дэпутат прускага Ляндтагу (травень 1928), кіраўнік фракцыі нацыянал-сацыялістых (6 чалавек). За гады ягонага кіраваньня ў Остмарку колькасьць сяброў ННСРП узрасла да 80 тыс. чал. У 1932 быў кіраўніком грамады бэрлінскіх вернікаў і ўзначальваў Сынод Бэрліну. Выступіў ініцыятарам Сусьветнага руху нямецкіх хрысьціянаў. Пасьля перамогі ННСРП, 25 сакавіка 1933 прызначаны обэр-прэзыдэнтам Бэрліну й Брандэнбургу, а 1 чэрвеня 1933 — гаўляйтарам партыйнае акругі Курмарк (былыя землі Остмарку й Брандэнбургу). У 1933 уступіў у SS. У 1933—1936 зноў быў дэпутатам Райхстагу й адначасова дзяржаўным дарадцам у Прусіі. Зь невядомых прычынаў у красавіку 1936 выслаў ананімны ліст да галоўнага судзьдзі ННСРП райхсьляйтэра Вальтэра Буха, абвінавачваючы таго ў перасьледаваньні жыдоў, адначасова паказваючы на жыдоўскае паходжаньне жонкі апошняга. Пасьля выкрыцьця аўтарства й у сувязі з высокапастаўленым сваяцтвам Буха (зяцем Буха быў Мартын Борман), Кубэ быў вымушаны пакінуць усе дзяржаўныя й партыйныя пасады, і толькі дзякуючы актыўнаму заступніцтву Гітлера захаваў сваё сяброўства ў ННСРП, дэпутацтва ў Райхстагу й гаўляйтарства. У 1936—1941 ня граў актыўнае ролі ў палітычным жыцьці Нямеччыны. У 1940 быў ротэнхвюрэрам SS у канцлягеры Дахаў.

Генэральны камісар «Беларусі»

рэдагаваць

Пачатковая дзейнасьць

рэдагаваць

Сытуацыя зьмянілася з нападам Нямеччыны на CCСР. Напачатку Гітлер хацеў-быў прызначыць В. Кубэ гаўляйтэрам Масквы, але празь няўдачы на фронце паставіў яго на чале Генэральнае акругі «Беларусь». Добрае стаўленьне Гітлера да Кубэ спрычынілася да таго, што апошні пачаў на свой манер інтэрпрэтаваць інтарэсы Райху на Беларусі, вынікам чаго сталіся канфлікты зь іншымі нацыскімі кіраўнікамі. Кубэ пачаў рабіць шмат для росту беларускага нацыяналізму, як найгалоўнейшае супрацьвагі савецкім уплывам.

Першыя крокі В. Кубэ былі скіраваныя на адраджэньне беларускае культуры. 10 верасьня 1941 выдаў інструкцыю пра абавязковую адукацыю ўсіх дзяцей у веку 7—14 гадоў, апроч жыдоў. Мясцовая адміністрацыя была абавязаная ствараць сетку пачатковых школаў, з уціскам у праграме на выхаваньне ў гітлераўскім духу. Быў створаны генэральны камісарыят у Менску й акруговыя камісарыяты, у межах якіх ствараліся беларускія школьныя інспэкцыі. У студзені 1942 у Менску пачала выходзіць газэта «Беларуская школа», прызначаная для настаўнікаў і вучняў.

22 верасьня 1941 Кубэ выдаў адозву «Да жыхароў Беларусі!», у якой абвяшчаў адбудову ваенных зьнішчэньняў, вызваленьне з-пад бальшавіцкага прыгнёту, надыход дабрабыту й новага жыцьця ў межах «новае Эўропы» на чале з ІІІ Райхам. Аднак дэклярацыя Кубэ адрозьнівалася ад рэальных дзеяньняў Вэрмахту й СС. Спробы выратаваць беларускае насельніцтва спрычыняліся да канфліктаў з вайсковымі й паліцэйскімі структурамі. За свае выступы супраць нечалавечага стаўленьня да жыдоўскага насельніцтва й спробы зьменшыць памеры ягонага вынішчэньня атрымаў ад палітычных апанэнтаў ярлык «жыдалюбца». Вынікам усяго стаўся востры канфлікт з райхсфюрэрам СС Гэнрыхам Гімлерам. У той самы час праз адсутнасьць патрэбнае колькасьці беларускіх кадраў Кубэ быў змушаны прызначаць у мясцовую адміністрацыю й небеларусаў.

Улетку 1942 году склаў справаздачу ў Бэрлін аб выкананьні пляну поўнага зьнішчэньня жыдоўскага насельніцтва ў Генэральным камісарыяце Беларусь. Дазволіў расстрэл партызанаў разам зь іх знаёмымі. Ладзіў прымусовы вываз беларускага насельніцтва ў веку 15—35 гадоў на працу ў Нямеччыну[2].

Спрыяньне беларускаму руху

рэдагаваць

У такой сытуацыі Кубэ вырашыў стварыць цэнтральны орган беларускае адміністрацыі, нягледзячы на крытыку з боку райхсміністра акупаваных усходніх тэрыторыяў Альфрэда Розэнбэрґа. Напачатку верасьня 1941 Кубэ заснаваў беларускі адпаведнік генэральнага камісарыяту — гэтак званае Нэбэнбюро на чале з Радаславам Астроўскім. Аднак у кастрычніку той быў зьняты з гэтае пасады праз скаргу кіраўніка Беларускае народнае самапомачы (БНС) Івана Ермачэнкі на супрацоўніцтва Астроўскага ў міжваенны пэрыяд з камуністамі й палякамі. 22 кастрычніка В. Кубэ разам зь Ермачэнкам выдаў афіцыйную адозву да беларускага насельніцтва пра заснаваньне БНС, мэтай якое была апека над беларускім насельніцтвам у справах аховы здароўя й паляпшэньні побыту. 16 лютага 1942 Кубэ распачаў аграрную рэформу, што мела дапамагчы гаспадарчай актывізацыі беларускага сялянства. У выніку ўвесну таго году ўсе калгасы на ўсходзе Беларусі былі распушчаныя, а іхныя землі й інвэнтар падзеленыя між сялянскімі сем’ямі, злучанымі ў сельскагаспадарчыя таварыствы[3]. Гэтыя крокі выходзілі за межы пастановаў з Бэрліну.

Адначасова Кубэ распачаў беларусізацыю царкоўнага жыцьця. Ён паспрыяў стварэньню Беларускае аўтакефальнае праваслаўнае царквы на Саборы 30 жніўня - 2 верасьня 1942 году й пазбаўленьня ў ёй ад усялякіх расейскіх уплываў. Гэтаксама легалізаваў дзейнасьць беларускага ўніяцкага экзархату й распачаў беларусізацыю каталіцкага касьцёлу.

Вялікія праблемы для Кубы стварыла нежаданьне Розэнбэрґа ствараць у Менску цэнтральны орган беларускага самакіраваньня. Разумеючы, што дадзеная адмова адштурхне ад немцаў беларусаў, Кубэ спрабаваў улагодзіць гэтае пытаньне шляхам стварэньня зьмешанае адміністрацыі, што яднала нямецкі кіраўніцкі пэрсанал і беларускі выканаўчы апарат у межах акруговых і генэральнага камісарыятаў.

У сувязі з пашырэньнем антынямецкага партызанскага руху В. Кубэ ў чэрвені 1942 пачаў актывізоўваць беларускіх нацыяналістаў. Абапіраючыся на адзіную легальную беларускую арганізацыю — БНС — 29 чэрвеня прызначыў ейнага кіраўніка Івана Ермачэнку сваім дарадцам і давераным, прызначыўшы гэтаксама яшчэ трох давераных ў генэральным камісарыяце й па адным у кожным акруговым камісарыяце. У новай сытуацыі ў ліпені 1942 Кубэ дазволіў стварэньне 12-асабовае Рады БНС на чале зь Ермачэнкам. У кожнай акрузе паўсталі мясцовыя рады, што ў будучыні маглі б пераняць уладу ад немцаў. Тады ж В. Кубэ выдаў дазволы на стварэньне Беларускага навуковага таварыства, прафзьвязаў, беларускае судовае сыстэмы і Жаночае Лігі. 27 ліпеня 1942 году выдаў Распараджэньне аб беларускіх народных азнаках:

  1. «Я дазваляю ў Генэральным камісарыяце Беларусі пры розных урачыстасьцях, ці для пазнаньня беларускае нацыянальнасьці, побач нямецкіх адзнакаў вывешваць на дамох і насіць беларускія нацыянальныя азнакі й эмблемы.
  2. За нацыянальныя азнакі й эмблемы беларускія на аснове гэтага распараджэньня прызнаюцца: а) беларуская нацыянальная «Пагоня» паводле паданага ўзору, б) беларускі Нацыянальны сьцяг таксама паводле паданага ўзору, в) наручная апаска для ўрадаўцаў Беларускае народнае самапомачы. Усе гэтыя азнакі й эмблемы знаходзяцца пад гаспадарсьцьвенай апекай»[3].

У жніўні 1942 году распачалося адкрыцьцё беларускіх гімназіяў, пачалі гучаць прапановы наконт адраджэньня Ўнівэрсытэту ў Менску. У верасьні выйшаў загад пра зьмену адміністрацыйных назоваў: раёнаў — на паветы, бургамістраў — на начальнікаў паветаў, воласьці, гораду ці вёскі. Вялікую ўвагу В. Кубэ надзяляў папулярызацыі сваёй палітыкі ў беларускай і нямецкай прэсе; запрашаў у Менск шматлікіх журналістаў з Райху, інсьпіраваў адпаведныя артыкулы й высновы. Напрыканцы ліпеня В. Кубэ дазволіў правядзеньне ў Менску чатырохдзённага зьезду акруговых і раённых кіраўнікоў БНС. Спрыяў зьмене Статуту арганізацыі й наданьню ёй самакіраўніцкіх функцыяў. 16 ліпеня 1942 г. выдаў загад аб утварэньні Беларускага корпусу самааховы (БКС)[4] для змаганьня з савецкай партызанкай. Беларускі бок лічыў гэта першым крокам у стварэньні нацыянальнага войска, але цэнтральныя нямецкія ўлады згадзіліся толькі на дзейнасьць корпусу ў якасьці паліцэйскіх батальёнаў, кіраўніцтва ў якіх перадавалася немцам.

Канфлікт з вайсковымі ўладамі

рэдагаваць

На мяжы 1942—1943 у Генэральнай акрузе «Беларусь» канчаткова склалася двоеўладзьдзе: з аднаго боку была цывільная прабеларуская адміністрацыя на чале з Кубэ, зь іншага — паліцыя й СС, што любымі сродкамі намагаліся задушыць партызанскі рух. Памнажаліся ўзаемныя непаразуменьні. У студзені 1943 зьявіўся нават праект ліквідацыі цывільнае адміністрацыі на Беларусі й падпарадкаваньні ейных земляў выключна вайсковаму камандаваньню. В. Кубэ прыступіў да абароны Генэральнае акругі. 3 лютага ён выслаў А. Розэнбэргу ліст, у якім зьвяртаў увагу на шэраг прычынаў (эканамічных, палітычных, прапагандысцкіх) за захаваньне Акругі. У выніку ў сярэдзіне траўня было прынятае рашэньне на карысьць В. Кубэ.

У той самы час пачаліся акцыі па палітычнай дыскрэдытацыі В. Кубэ як прыхільніка шкодных для Райху беларускіх нацыяналістычных тэндэнцыяў. Кіраўнік СС і паліцыі ў Генэральнай акрузе Курт фон Готбэрг распачаў дзейнасьць супраць створанае Кубам БНС і ейнага кіраўніка Ермачэнкі, за якога, баронячы разам з тым і сваю палітыку, заступіўся В. Кубэ. У гэтай сытуацыі да разьбяральніцтва далучылася Галоўнае міністэрства па бясьпецы Райху, у выніку чаго былі зьліквідаваныя БНС і Вольны корпус самааховы. Такім чынам, В. Кубэ, ратуючы І. Ермачэнку, абараніў свае пазыцыі, але заплаціў за гэта зьнішчэньнем цэлага мэханізму свае палітычнае дзейнасьці ад верасьня 1941.

Дзеля атрыманьня палітычнае падтрымкі сваіх намаганьняў у кіраўніцкіх колах Нямеччыны В. Кубэ напачатку 1943 высунуў ідэю пра нардычнае паходжаньне беларусаў, бо, паводле расавае тэорыі, славяне лічыліся ніжэйшай расай (а беларусы-ліцьвіны мелі балцкі субстрат у фармаваньні народнасьці). У сувязі з пашырэньнем партызанскага руху ў 1-й палове 1943 распачаў шэраг праектаў з мэтай прывабліваньня беларускага насельніцтва. У сакавіку выйшла пастанова пра камасацыю зямлі, падзеленае ў выніку аграрнае рэформы, што мела на мэце стварэньне эканамічна пасьпяховых сельскіх гаспадарак. Разам з гэтым прапанаваў А. Розэнбэргу праект прыватызацыі зямлі на ўсходзе Беларусі, з чым быў зьвязаны таксама намер стварэньня абаронных вёсак. У выніку Розэнбэрг 3 чэрвеня 1943 выдаў дэкрэт адносна прыватызацыі зямлі на ўсходзе. 13 траўня ў Магілёве быў адкрыты Мэдычны інстытут на чале зь беларускім прафэсарам Мікалаем Сьцяпанавым. 22 чэрвеня ў выніку даўгіх намаганьняў В. Кубэ ў Менску быў заснаваны Саюз беларускай моладзі, які быў адной зь нешматлікіх арганізацыяў, санкцыяваных у Бэрліне. 27 чэрвеня ў Менску паўстала Беларускае навуковае таварыства.

Адначасова В. Кубэ працягваў свае намаганьні па стварэньні беларускага цэнтральнага органу самакіраваньня. 27 чэрвеня ў Менску была заснаваная Рада даверу. Згоду на стварэньне далі як галоўны камісар Райхскамісарыяту «Остлянд» Гінрых Лёзэ, гэтак і А. Розэнбэрг. Пачалося новае змаганьне з паліцыяй і СССР. Ня маючы магчымасьці кіраваць паліцыяй, В. Кубэ загадаў акруговым камісарам высылаць яму ўсе дадзеныя наконт пацыфікацыйнае дзейнасьці паліцыі й СС. 24 сакавіка — праз два дні пасьля спаленьня Хатыні — В. Кубэ выслаў Розэнбэргу рапарт камісара Менскае акругі пра карныя апэрацыі й вынішчэньне беларускага насельніцтва ў акрузе. У жніўні 1943 В. Кубэ выслаў Г. Лёзэ абагульнены рапарт пра розныя мэтады акупацыі, выконваныя цывільнай і вайскова-паліцэйскай адміністрацыямі, і пра іхны канфлікт, што на той час дасягнуў сваёй кульмінацыі. Кіраўніцтва СС працягвала прымаць захады да супрацьстаяньня В. Кубэ. Тым часам 22 чэрвеня ў менскім тэатры адбылася няўдалая спроба бомбавага замаху на В. Кубэ. Паліцыя распачала новую атаку на яго, з мэтай скінуць яго з пасады. 25 ліпеня СД прадставіла рапарт па справе В. Кубэ, дзе прадставіла довады варожасьці яго да СС, настойвала на яго частковай некампэтэнтнасьці ў справе кіраваньня, крытыкавала ягоную беларускую палітыку й супраціў вынішчэньню жыдоў. А. Розэнбэрг адмыслова выслаў у Менск свайго прадстаўніка.

Забойства

рэдагаваць

Уночы з 21 на 22 верасьня В. Кубэ быў забіты. Традыцыйны ў савецкай гістарыяграфіі погляд на арганізацыю бомбавага замаху на яго прыпісвае ініцыятыву й падрыхтоўку камандаваньню партызанскага аддзелу «Дзіма», а непасрэднае выкананьне Алене Мазанік, прыбяральніцы, якая падклала міну пад ложак В. Кубэ, і Марыі Восіпавай, якая перадала ёй міну й была зьвязаная з партызанамі. Абедзьве жанчыны пасьпелі ўцячы да партызанаў, а надалей самалётам перабрацца ў Маскву. Да гэтае ж вэрсіі прыйшла й Вялікая спэцыяльная камісія, што вяла дасьледаваньне й складалася з найвышэйшых афіцэраў СС. Аднак існуе меркаваньне, што выступіць арганізатарамі замаху мелі повад (востры палітычны канфлікт СС і Кубэ) і магчымасьць высокія сілы ў СС, мажліва, на ініцыятыву Гімлера, які пасьля сьмерці Кубэ, выказаўся, што «толькі сьмерць уратавала яго ад канцлягеру». Цела В. Кубэ было прывезенае ў Бэрлін і ўрачыста там пахаванае.

1 ліпеня 1945 году ў газэце «Зьвязда» выйшаў артыкул Т. Міхайлава «Па прыгаворы народа», у якім упершыню назвалі поўныя імёны Алены Рыгораўны Мазанік і Марыі Барысаўны Восіпавай як выканаўцаў забойства Кубэ[2]. Пасьля вайны часопіс «Работніца і сялянка» надрукаваў артыкул пра гераінь. Побач зь іх здымкамі быў зьмешчаны пералік заслуг, але пра апэрацыю па ліквідацыі Кубэ там не было ні слова[5].

Ацэнкі дзейнасьці

рэдагаваць

Фармальна, паводле структуры Генэральнага камісарыяту й дэкрэту А. Гітлера ад 17 ліпеня 1941, Кубэ падлягалі ўсе сілы СС і паліцыі на падуладнай яму тэрыторыі.

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в г д Handbuch Deutsche Musiker 1933–1945 — 2 — 2009.
  2. ^ а б в Яўген Бараноўскі. Хто спыніў гадзіньнік апоўначы // Зьвязда : газэта. — 10 траўня 2014. — № 85 (27695). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ а б Натальля Голубева. Калябаранты. Цана адраджэньня // Зьвязда : газэта. — 13 сакавіка 2021. — № 47 (29416). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Павал Берасьнеў. Неажыцьцёўлены праект (частка 4) // Зьвязда. — 4 студзеня 2011. — № 1 (26865). — С. 13.
  5. ^ Кастусь Лашкевіч. Юры Туронак: І «Пагоня» вернецца, і мова таксама // Tut.by, 22 траўня 2010 г. Праверана 23 красавіка 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Jerzy Turonek. Białoruś pod okupacją niemiecką. — Warszawa-Wrocław, 1989

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Вільгэльм Кубэсховішча мультымэдыйных матэрыялаў