Алена Мазанік

Герой Савецкага Саюзу

Алена Рыгораўна Мазанік (22 сакавіка (4 красавіка) 1914 — 7 красавіка 1996) — савецкая выведніца, непасрэдная выканаўца зьнішчэньня генэральнага камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. Герой Савецкага Саюзу (1943).

Алена Мазанік
22 сакавіка 19147 красавіка 1996
Мянушка Галіна
Месца нараджэньня Паддзягцярня, Пухавіцкая воласьць, Ігуменскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Месца сьмерці Менск, Беларусь
Частка партызанская брыгада «Дзіма»
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Ордэн Айчыннай вайны 1 ступені
Сувязі Марыя Восіпава

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзілася ў шматдзетнай сям'і ў вёсцы Паддзягцярня Пухавіцкай воласьці (Ігуменскі павет). Скончыла 6 клясаў школы ў Блужы. У 17 гадоў уладкавалася афіцыянткай у сталовую Савета народных камісараў Беларускай ССР. Неўзабаве выйшла замуж за кіроўцу Браніслава Антонавіча Тарлецкага, які працаваў у Народным камісарыяце ўнутраных справаў Беларускай ССР[1].

Улетку 1941 году ў выніку нямецкага ўварваньня ў Савецкі Саюз згарэў дом, у якім яна жыла, а муж эвакуяваўся на ўсход. На прапанову нямецкага афіцэра ўладкавалася прыбіральніцай у вайсковую часьць. Пазьней перавялася працаваць афіцыянткай на фабрыку-кухню, зь якой у казіно для афіцэраў, якое адчыніў Генэральны камісарыят Беларусь. На пачатку чэрвеня 1943 году паступіла на працу ў 3-павярховы асабняк генэральнага камісара Вільгельма Кубэ на 18 пакояў паводле парады яго ад'ютанта Ота Вільдэнштайна. Працавала на 3-м паверсе, дзе месьціўся працоўны кабінэт. Жыла на вуліцы Алаізы Пашкевіч, д. 9[1].

У 1948 годзе скончыла Найвышэйшую рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1952 годзе скончыла Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут і да 1960 году працавала намесьніцай кіраўніка Фундамэнтальнай бібліятэкі Акадэміі навук Беларускай ССР. У 1958 годзе «Беларусьфільм» выпусьціў фільм «Гадзіньнік спыніўся апоўначы» паводле матываў забойства Кубэ. У 1980 годзе атрымала годнасьць заслужанай працаўніцы культуры Беларусі. У 1981 годзе выдала кнігу «Помста».

Забойства Вільгельма Кубэ

рэдагаваць

На пачатку верасьня 1943 году ў вёцы Янушкавічы (Лагойскі раён) камандзір выведвальна-дывэрсійнай групы партызанскай брыгады «Дзіма» Пётар Трашкоў навучыў Марыю Восіпаву ставіць міну на баявы зарад, каб замінаваць ложак. У доме Пятра і Фёклы Вярбіцкіх з памагатым камандзіра атрада Сяргеем Хрэнавым распрацавалі спосаб дастаўкі мінаў у Менск. Міну ўклалі ў кошык з брусьніцамі, які прынесла зь лесу суседзкая дзяўчынка Надзея Бялькевіч. На ягады вырашылі пакласьці паўдзясятак яек, каб пару зь іх разьбіць і тым адахвоціць немцаў на кантрольна-прапускным пункце ад адбіраньня тых ягадаў[1].

3 верасьня Восіпава пазнаёмілася ў Менску з Валянцінай Шуцкай, якая была сястрой Алены Мазанік. 20 верасьня 1943 году Восіпава прынесла міну на кватэру Мазанік, дзе растлумачыла, як ёй карыстацца. У ноч на 21 верасьня Мазанік і Шуцкая зарадзілі міну, бо гадзіньнікавы мэханізм меў спрацаваць праз содні ў часе сну Кубэ. А палову на 7-ю гадзіну раніцы Мазанік паклала загорнутую ў насоўку міну ў сваю сумку і пайшла на працу ў асабняк Кубэ. Пасьля таго, як а 10-й гадзіне Кубэ выйшаў з дома на працу, зайшла ў яго спальню на 2-м паверсе і падклала зараджаную міну пад спружыны матраца. Затым спаслалася на выправу да зубніка з дазволу гаспадыні Аніты і сышла з працы. Тым часам, Восіпава загадзя дамовілася з шафёрам адвезьці Мазанік і Шуцкую ў партызанскі атрад за горад. Апоўначы адбыўся выбух міны, у выніку якога Вільгельм Кубэ загінуў[1].

У кастрычніку 1943 году ў Маскве пра абставіны падрыву Мазанік распыталі народны камісар дзяржаўнай бясьпекі СССР Усевалад Мяркулаў, ягоны намесьнік Багдан Кабулаў і начальнік выведвальнай управы Генэральнага штабу Чырвонай арміі Фёдар Кузьняцоў. Па выніках справаздачы 29 кастрычніка атрымала годнасьць Героя Савецкага Саюзу і ордэн Леніна. 1 ліпеня 1945 году ў газэце «Зьвязда» выйшаў артыкул Т. Міхайлава «Па прыгаворы народа», у якім упершыню назвалі поўныя імёны Алены Рыгораўны Мазанік і Марыі Барысаўны Восіпавай як выканаўцаў забойства Кубэ[1].

11 лістапада 1967 году супрацоўнікі партыйнага архіва Інстытуту гісторыі партыі пры Цэнтральным камітэце Камуністычнай партыі Беларусі паведамілі 1-му сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву пра заключэньне кіраўніка бэрлінскай камісіі Бэндорфа аб забойстве Кубэ 22 верасьня 1943 году. Заключэньне знайшлі ў Кіеве (Украінская ССР) сярод набытых у ЗША мікрафільмаў. З заключэньня стала вядома пра ўдзел у падрыхтоўцы падрыву, разам з Мазанік і Восіпавай, Марыі Дубровай, Георгія Кулікова і Галіны Ліпскай[1].

У Менску па вуліцы Пашкевіч, д. 9 усталяваная памятная дошка са словамі: «У гэтым доме жыла ўдзельніца Менскага антыфашысцкага падпольля ў часы Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюзу, заслужаны работнік культуры БССР Алена Рыгораўна Мазанік»[1].