Хатынь
Хаты́нь — колішняя вёска ў Лагойскім раёне Менскай вобласьці Беларусі. 22 сакавіка 1943 году была зьнішчаная(de) падчас рэйду нямецкай акупацыйнай улады пры ўдзеле 118-га батальёну дапаможнай паліцыі у якасьці карнай акцыі за забойства некалькіх нямецкіх ваеннаслужачых. У адпаведнасьці з прынцыпам калектыўнага пакараньня 149 жыхароў вёскі былі расстраляныя або спаленыя жыўцом за магчымае аказаньне жыхарамі вёскі дапамогі савецкім партызанам.
Мэмарыяльны музэй «Хатынь» | |
Месцазнаходжаньне | Беларусь |
---|---|
Закрыты | 22 сакавіка 1943 |
Геаграфічныя каардынаты | 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д.Каардынаты: 54°20′10″ пн. ш. 27°56′26″ у. д. / 54.33611° пн. ш. 27.94056° у. д. |
Мэмарыяльны музэй «Хатынь» | |
khatyn.by |
Паступіла прапанова разьдзяліць гэты артыкул на артыкулы з назвамі Хатынь (вёска), Хатынская разьня і Хатынь (мэмарыяльны комплекс) (абмеркаваньне). |
У 1969 годзе на месцы спаленай вёскі быў адкрыты мэмарыяльны комплекс. Хатынь стала сымбалем масавага зьнішчэньня нацыстамі мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ўсяго былога СССР.
Гісторыя
рэдагавацьНапярэдадні трагедыі
рэдагаваць21 сакавіка 1943 году ў Хатыні заначавалі партызаны з атраду Дзядзі Васі (Васіля Варанянскага). Раніцай 22 сакавіка яны сышлі ў бок Плешчаніц. Адначасова з Плешчаніц ім насустрач у кірунку Лагойску выехаў легкавік і два грузавіка 118 шуцманшафт батальёну 201 нямецкай ахоўнай дывізіі. На скрыжаваньні дарог за 6 км ад Хатыні калёна была абстраляная. Застаецца невядомым, кім былі абстраляныя немцы: ці то партызанамі Дзядзі Васі, ці то нейкай іншай невялікай неарганізаванай узброенай групай. Былі забітыя шэф-камандзір першай роты капітан паліцыі Ганс Вэльке, кулямётчык Шнайдэр і трое паліцаяў, яшчэ двое былі параненыя. Камандзір узводу Мялешка, паранены ў галаву, аддаў загад зьнішчыць партызанаў. Падчас перасьледу карнікі натыкнуліся на жыхароў вёскі Казыры, што працавалі на лесанарыхтоўцы, 26 зь якіх былі забітыя пры спробе ўцячы, а астатнія накіраваныя ў Плешчаніцы. Аб нападзе на карны батальён было дакладзена штурмбанфюрэру СС Оскару Дырлевангеру.
Дырлевангер, дазнаўшыся аб забойстве Ганса Вэльке, чэмпіёна Летніх Алімпійскіх гульняў 1936 году і асабіста знаёмага з Гітлерам, загадаў зьнішчыць Хатынь разам з жыхарамі. Паручэньне было даручанае 118-й шуцманшафт батальёну. У другой палове дня 22 сакавіка 1943 году карнікі атачылі вёску.
118-ы батальён дапаможнай паліцыі
рэдагаваць118-ы батальён дапаможнай паліцыі быў сфармаваны ў чэрвені 1942 году ў раёне Кіеву ў асноўным з ваеннапалонных Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі (РСЧА), якія трапілі ў Кіеўскі кацёл, а таксама мясцовых жыхароў[1]. Камандаваў батальёнам ураджэнец Кубані, былы маёр Войска Польскага Канстантын Смоўскі, начальнік штабу — былы кадравы афіцэр, старшы лейтэнант Чырвонай Арміі Рыгор Васюра, камандзір узводу — былы лейтэнант Чырвонай Арміі Васіль Мялешка. Нямецкім «шэфам» 118-га ахоўнага батальёну быў маёр паліцыі Эрых Кернэр. У канцы 1942-га 118 батальён быў накіраваны на тэрыторыю Беларусі.
Дзеяньні ў Хатыні былі не адзінымі ў «паслужным» сьпісе батальёну. 13 траўня Васюра ўзначальваў баявыя дзеяньні супраць партызанаў у раёне сяла Дальковічы. 27 траўня батальён праводзіць карную апэрацыю ў сяле Осаві, дзе былі расстраляныя 78 чалавек. Далей карная апэрацыя «Котбус» на тэрыторыі Менскай і Віцебскай абласьцей — расправа над жыхарамі вёскі Вялейкі; зьнішчэньне жыхароў вёскі Макоўе і Ўборак, расстрэл 50 габрэяў ля сяла Камінская Слабада. За гэтыя «заслугі» гітлераўцы надалі Васюры званьне лейтэнанта і ўзнагародзілі двума мэдалямі.
У ліпені 1944 году ў выніку адступленьня нямецкіх войскаў зь Беларусі батальён быў перакінуты ў Францыю, дзе амаль у поўным складзе перайшоў на бок францускага Руху Супраціву «Макі». Пасьля вызваленьня тэрыторыі Францыі асабовы склад быў уключаны ў 13-ую паўбрыгаду францускага Замежнага легіёну, у складзе якога ваяваў да канца вайны. Пасьля вайны некаторыя з ацалелых працягнулі службу ў Замежным францускім легіёне.
Спаленьне вёскі і жыхароў
рэдагавацьЖыхары вёскі нічога ня ведалі аб ранішнім інцыдэнце, у адказ на які быў ужыты прынцып калектыўнага пакараньня, які парушае правілы і звычаі вядзеньня вайны.
На загад Кэрнэра і Смоўскага паліцаі пад кіраўніцтвам Васюры сагналі ўсіх жыхароў Хатыні ў калгасны хлеў і замкнулі ў ім. Тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі на месцы. Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя сем’і: так, напрыклад, у сям’і Ёсіфа і Ганны Бараноўскіх было дзевяць дзяцей, у сям’і Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх — сямёра. У хляве замкнулі таксама Антона Кункевіча зь вёскі Юркавічы і Хрысьціну Слонскую зь вёскі Камена, якія апынуліся ў гэты час у Хатыні. Хлеў аблажылі саломай, аблілі бэнзінам, перакладчык-паліцай Луковіч падпаліў яго. Дакладна вядома, што ў ачапленьні падчас карнай апэрацыі стаяў прынамсі і адзін зь мясцовых паліцаяў, нейкі Іван Петрычук зь Плешчаніц.
Драўляны хлеў хутка заняўся. Пад націскам дзясяткаў чалавечых целаў ня вытрымалі і ўпалі дзьверы, людзі кінуліся бегчы, але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі. Згарэлі ў вогнішчы і былі расстраляныя 149 жыхароў вёскі, зь іх 75 дзяцей маладзейшыя за 16 гадоў. Сама вёска была зьнішчана цалкам.
Дзьве дзяўчыны — Марыя Федаровіч і Юлія Клімовіч — цудам змаглі выбрацца з палаючага хлява і дапаўзьці да лесу, дзе іх падабралі жыхары вёскі Хварасьцені Каменскага сельсавету. Пазьней і гэтая вёска была спаленая, і абедзьве дзяўчыны загінулі.
Двое дзяцей, сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі, якія знаходзіліся ў падпаленым хляве, засталіся ў жывых. Віця схаваўся пад целам сваёй маці, якая прыкрыла сына сабой. Дзіця, параненае ў руку, праляжала пад трупам маці да адыходу карнікаў зь вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу куляй, і яго прынялі за мёртвага. Абгарэлых, параненых дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Пасьля вайны дзеці выхоўваліся ў дзіцячым доме ў мястэчку Плешчаніцы. Яшчэ траім — Валодзю Яскевічу, яго сястры Соні і Сашу Жалабковічу — таксама ўдалося схавацца.
З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Ёсіф Ёсіфавіч Камінскі (1887—1973). Зь ягоных словаў, абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасьць толькі позна ўначы, калі аддзелы нацыстаў пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод трупаў аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў сьмяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі. Ёсіф Камінскі з сынам Адамам паслужылі прататыпамі знакамітага помніку ў мэмарыяльным комплексе.
Аднаму з тых, хто выжыў, жыхару Хатыні Антону Бараноўскаму 22 сакавіка 1943 году было 12 гадоў. Ён ніколі не хаваў праўду пра падзеі ў Хатыні, адкрыта пра гэта казаў, ведаў імёны многіх паліцаяў, якія спальвалі людзей. У сьнежні 1969 году — праз 5 месяцаў пасьля адкрыцьця мэмарыяльнага комплексу — Антон загінуў пры нявысьветленых абставінах.
Вэрсію падзей з шэрагам адрозьненьняў апублікаваў у 2012 годзе ўкраінскі гісторык Іван Дэрэйко ў манаграфіі «Місцеві формування німецької армії та поліції у Райхскомісаріаті „Україна“ (1941—1944 роки)». Ён піша, што 118-й паліцэйскі батальён пасьля нападу аддзелу «Народныя мсьціўцы» атакаваў вёску, дзе замест адыходу ў лес зь невядомай прычыны вырашылі замацавацца партызаны. У выніку штурму вёскі было забіта 30 партызан і некаторая колькасьць мірных жыхароў, яшчэ каля 20 чалавек былі захопленыя ў палон. Сама ж вёска з астатнімі жыхарамі пасьля бою на загад обэргрупэнфюрэра Курта фон Готбэрга была спалена батальёнам СС пад камандаваньнем Дырлевангера.
Сьпіс ахвяраў
рэдагавацьУ адпаведнасьці з Актам камісіі Лагойскага выканкаму райсавету народных дэпутатаў ад 26 траўня 1969 году ўстаноўлена дата і час спаленьня вёскі Хатынь 22 сакавіка 1943 году а другой дня, а таксама сьпіс спаленых мірных жыхароў:
Усяго 149 чалавек (зь іх 75 дзяцей), 26 двароў:
- I
- Жалабковіч Андрэй Іванавіч (1897 г.н.) — 46 гадоў
- Жалабковіч Ганна Вікенцеўна (1905 г.н.) — 38 гадоў
- Жалабковіч Сьцяпан (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Жалабковіч Ганна (1929 г.н.) — 14 гадоў
- Жалабковіч Софія (1933 г.н.) — 10 гадоў
- II
- Жалабковіч Пётар Антонавіч (1898 г.н.) — 45 гадоў
- Жалабковіч Стэфаніда (Стэфанія) Аляксееўна (1903 г.н.) — 40 гадоў
- Жалабковіч Вольга (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Жалабковіч Станіслаў (1929 г.н.) — 14 гадоў
- Жалабковіч Раіса (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Жалабковіч Лідзія (1934 г.н.) — 9 гадоў
- III
- Жалабковіч Раман Сьцяпанавіч (1881 г.н.) — 62 гады
- Жалабковіч Стэфаніда (Стэфанія) Іванаўна (1892 г.н.) — 51 год
- Жалабковіч Віктар (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Жалабковіч Галіна (1935 г.н.) — 8 гадоў
- IV
- Бараноўскі Язэп Іванавіч (1899 г.н.) — 44 гады
- Бараноўская Ганна Вікенцеўна (1906 г.н.) — 37 гадоў
- Бараноўскі Мікалай (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Бараноўскі Станіслаў (1929 г.н.) — 14 гадоў
- Бараноўскі Ўладзімер (1931 г.н.) — 12 гадоў
- Бараноўскі Генадзь (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Бараноўская Леаніда (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Бараноўская Марыя (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Бараноўская Софія (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Бараноўская Алена (1936 г.н.) — 7 гадоў
- V
- Навіцкі Аляксандар Раманавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
- Навіцкая Аляксандра (1901 г.н.) — 42 гады
- Навіцкі Леанід (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Навіцкі Яўген (1930 г.н.) — 13 гадоў
- Навіцкая Марыя (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Навіцкая Ганна (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Навіцкі Канстантын (1938 г.н.) — 5 гадоў
- Навіцкі Антон (1939 г.н.) — 4 гады
- Навіцкі Міхаіл (1941 г.н.) — 2 гады
- VI
- Бараноўская Софія (1895 г.н.) — 48 гадоў
- Бараноўская Ванда (1918 г.н.) — 25 гадоў
- Бараноўская Ганна (1926 г.н.) — 17 гадоў
- Бараноўскі Мікалай (1937 г.н.) — 6 гадоў
- VII Дом згарэў без жыхароў
- VIII
- Жыдовіч Савелі Казімеравіч (1905 г.н.) — 38 гадоў
- Жыдовіч Алена Антонаўна (1908 г.н.) — 35 гадоў
- Жыдовіч Сьцяпан (1931 г.н.) — 12 гадоў
- Жыдовіч Казімер (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Жыдовіч Адам (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Жыдовіч Мікалай (1935 г.н.) — 8 гадоў
- Жыдовіч Вячаслаў (1936 г.н.) — 7 гадоў
- Жыдовіч Міхал (1938 г.н.) — 5 гадоў
- Жыдовіч Марыя Антонаўна (1883 г.н.) — 60 гадоў
- IX
- Камінскі Іван Язэпавіч. (1892 г.н.) — 51 год
- Камінская Вольга Антонаўна (1896 г.н.) — 47 гадоў
- Камінскі Вячаслаў (1924 г.н.) — 19 гадоў
- Камінская Марыя (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Камінскі Станіслаў (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Камінская Ганна (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Камінская Юзэфа (1938 г.н.) — 5 гадоў
- X
- Камінская Адэля (1890 г.н.) — 53 гады
- Камінская Ядвіга (1922 г.н.) — 21 год
- Камінскі Адам (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Камінскі Міхал (1930 г.н.) — 13 гадоў
- Камінская віляць (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Кункевіч Антон (1912 г.н.) — 31 год
- XI
- Жалабковіч Іван Іванавіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
- Жалабковіч Софія Антонаўна (1907 г.н.) — 36 гадоў
- Жалабковіч Уладзімер (1922 г.н.) — 21 год
- Жалабковіч Алена (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Жалабковіч Леаніда (1939 г.н.) — 4 гады
- Жалабковіч Міхал (1941 г.н.) — 2 гады
- Жалабковіч Марыя (1885 г.н.) — 58 гадоў
- Яскевіч Іван Антонавіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
- Яскевіч Юлія Іванаўна (1913 г.н.) — 30 гадоў
- Яскевіч Софія (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Яскевіч Алена (1935 г.н.) — 8 гадоў
- Яскевіч Ганна (1939 г.н.) — 4 гады
- Яскевіч Міхал (1941 г.н.) — 2 гады
- XII
- Іотка Казімер Феліксавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
- Іотка Алена Сьцяпанаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
- Іотка Марыя (1925 г.н.) — 18 гадоў
- Іотка Альбэрт (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Іотка Станіслава (1931 г.н.) — 12 гадоў
- Іотка Дамінік (1936 г.н.) — 7 гадоў
- Іотка Рэгіна (1937 г.н.) — 6 гадоў
- Іотка Сьцяпан (1939 г.н.) — 4 гады
- Іотка Юзэфа (1941 г.н.) — 2 гады
- XIII
- Жалабковіч Эўфрасіньня Іванаўна (1883 г.н.) — 60 гадоў
- Жалабковіч Язэп (1904 г.н.) — 39 гадоў
- Жалабковіч Вольга (1909 г.н.) — 34 гадоў
- XIV
- Іотка Іван Аляксандравіч (1904 г.н.) — 39 гадоў
- Іотка Анастасія Сьцяпанаўна (1908 г.н.) — 35 гадоў
- Іотка Казімер (1935 г.н.) — 8 гадоў
- Іотка Юзэфа (1939 г.н.) — 4 гады
- XV
- Рудак Марыя Іванаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
- Мірановіч Стэфаніда (Стэфанія) Кліменцеўна (1875 г.н.) — 68 гадоў
- XVI
- Дражынская Юзэфа Антонаўна (1911 г.н.) — 32 гады
- Дражынская Валянціна (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Дражынская Міхаліна (1938 г.н.) — 5 гадоў
- Доўгель Антон Антонавіч (1888 г.н.) — 55 гадоў
- Доўгель Барыс (1933 г.н.) — 10 гадоў
- XVII
- Мірановіч Язэп Язэпавіч (1899 г.н.) — 44 гады
- Мірановіч Тэкля Мікалаеўна (1901 г.н.) — 42 гады
- Мірановіч Ніна (1925 г.н.) — 18 гадоў
- Мірановіч Хведар (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Мірановіч Пётар (1937 г.н.) — 6 гадоў
- Мірановіч Васіль (1940 г.н.) — 3 гады
- Мірановіч Алена (1941 г.н.) — 2 гады
- XVIII
- Карабан Канстантын Юстынавіч (1897 г.н.) — 46 гадоў
- Карабан Марыя (1900 г.н.) — 43 гады
- Карабан Леакадзія (1928 г.н.) — 15 гадоў
- Карабан Надзея (1933 г.н.) — 10 гадоў
- Карабан Канстантын (1939 г.н.) — 4 гады
- XIX
- Федаровіч Ганна Сідараўна (1892 г.н.) — 51 год
- XX
- Карабан Пётар Васілевіч (1914 г.н.) — 29 гадоў
- Карабан Алена Гаўрылаўна (1925 г.н.) — 18 гадоў
- XXI
- Карабан Юлія Амбросіеўна (1878 г.н.) — 65 гадоў
- Карабан Язэп (1918 г.н.) — 25 гадоў
- Карабан Марыя (1923 г.н.) — 20 гадоў
- Карабан Ганна (1923 г.н.) — 20 гадоў
- Карабан Віктар (1925 г.н.) — 18 гадоў
- Карабан Уладзімер (1941 г.н.) — 2 гады
- XXII
- Яскевіч Антон Антонавіч (1896 г.н.) — 47 гадоў
- Яскевіч Алена Сідараўна (1895 г.н.) — 48 гадоў
- Яскевіч Віктар (1922 г.н.) — 21 год
- Яскевіч Ванда (1923 г.н.) — 20 гадоў
- Яскевіч Вера (1924 г.н.) — 19 гадоў
- Яскевіч Надзея (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Яскевіч Уладыслаў (1936 г.н.) — 7 гадоў
- Яскевіч Антон (1943 г.н.) — 7 тыдняў
- XXIII
- Рудак Стэфаніда (Стэфанія) Антонаўна (1898 г.н.) — 45 гадоў
- Рудак Зіна (1925 г.н.) — 18 гадоў
- Рудак Аляксандар (1932 г.н.) — 11 гадоў
- Рудак Рэгіна (1934 г.н.) — 9 гадоў
- Рудак Антон (1938 г.н.) — 5 гадоў
- XXIV
- Рудак Язэп Іванавіч (1874 г.н.) — 69 гадоў
- Рудак Параска Іванаўна (1877 г.н.) — 66 гадоў
- Рудак Міхал Язэпавіч (1905 г.н.) — 38 гадоў
- Рудак Крыстына (1912 г.н.) — 31 год
- Рудак Софія (1938 г.н.) — 5 гадоў
- Рудак Крыстына (1940 г.н.) — 3 гады
- XXV
- Федаровіч Язэп Сідаровіч (1889 г.н.) — 54 гады
- Федаровіч Пятрунэля Амброзіеўна (1894 г.н.) — 49 гадоў
- Федаровіч Марыя (1922 г.н.) — 21 год
- Федаровіч Антон (1925 г.н.) — 18 гадоў
- Федаровіч Язэп Язэпавіч (1913 г.н.) — 30 гадоў
- Федаровіч Юлія Антонаўна (1913 г.н.) — 30 гадоў
- Федаровіч Кацярына (1938 г.н.) — 5 гадоў
- Федаровіч Ганна (1940 г.н.) — 3 гады
- XXVI
- Клімовіч Антон Максімавіч (1890 г.н.) — 53 гады
- Клімовіч Юлія (1922 г.н.) — 21 год
- Клімовіч Антон (1926 г.н.) — 17 гадоў
- Слонская Крыстына Максімаўна (1895 г.н.) — 48 гадоў
- Сакалоўскі Пётр Лявонавіч (1933 г.н.) — 10 гадоў
Мэмарыяльны комплекс «Хатынь»
рэдагавацьУ памяць беларускіх вёсак, зьнішчаных нацыстамі ў гады апошняй вайны, у студзені 1966 году было прынятае рашэньне аб стварэньні ў Лагойскім раёне мэмарыяльнага комплексу «Хатынь». У сакавіку 1967 быў аб’яўлены конкурс на стварэньне праекту мэмарыялу. У конкурсе перамог калектыў архітэктараў: Юры Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін, скульптар народны мастак БССР Сяргей Селіханаў (усе чацьвёра атрымалі Ленінскую прэмію). Урачыстае адкрыцьцё мэмарыяльнага комплексу «Хатынь» адбылося 5 ліпеня 1969 году[2].
Мэмарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс плошчай 50 гектараў месьціцца на месцы Хатыні, паўтараючы пляніроўку былога селішча, улучаючы Могілкі вёсак, плошчу Памяці, Сьцяну Жалобы і Дрэва жыцьця. У цэнтры кампазыцыі мэмарыялу знаходзіцца шасьцімэтровая бронзавая скульптура «Няскораны чалавек» зь мёртвым дзіцём на руках. Побач злучаныя гранітныя пліты, што сымбалізуюць дах адрыны, у якой былі спаленыя жыхары вёскі. На брацкай магіле зь белага мармуру — Вянок памяці. На ім — наказ загінулых жывым:
Людзі добрыя, памятайце: Арыгінальны тэкст (рас.)
Люди добрые, помните: |
||
Галерэя
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ 118 полицейский батальон ГМК «Хатынь»
- ^ Да 70-годзьдзя Хатынскай трагедыі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 сакавіка 2013 г. Праверана 7 лютага 2016 г.
Літаратура
рэдагаваць- Колокола Хатыни // 100 великих некрополей / Автор-сост. Н. А. Ионина. — М.: Вече, 2004. — С. 448-453. — (100 великих). — 15 000 ас. — ISBN 5-9535-0219-3
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 611Д000279 |