Белпалівагаз
Каардынаты: 53°53′49″ пн. ш. 27°33′22″ у. д. / 53.89694° пн. ш. 27.55611° у. д.
«Белпалівагаз» — дзяржаўнае вытворчае аб’яднаньне паліва і газіфікацыі Беларусі, заснаванае ў лістападзе 1958 году ў якасьці Галоўнай управы газіфікацыі Беларускай ССР.
«Белпалівагаз» | |
Тып | дзяржаўнае аб’яднаньне |
---|---|
Заснаваная | 6 лістапада 1958 (66 гадоў таму) |
Заснавальнікі | Савет міністраў Беларускай ССР |
Уласьнікі | Міністэрства энэргетыкі Беларусі |
Краіна | Беларусь |
Разьмяшчэньне | Менск |
Адрас | Ленінскі раён, мікрараён Новае Места, вул. К.Маркса, д. 14[1] |
Ключавыя фігуры | Аляксей Кушнарэнка (генэральны дырэктар), Зьміцер Шаўлоўскі (1-ы намесьнік)[2] |
Галіна | горная справа, машынабудаваньне |
Прадукцыя | паліўны брыкет, тарфяная сушонка, верхавы і паліўны торф, торфадраўнянае паліва, фрэзэрны барабан, пагрузчык, газавы балён, воданагравальнік і лічыльнік, вогнетушыльнік |
Лік супрацоўнікаў | 23 000 (2022 год) |
Матчына кампанія | Міністэрства энэргетыкі Беларусі[3] |
Даччыныя кампаніі | Завод тарфянога машынабудаваньня «Бальшавік» (Гомельскі раён), «Наваградзкі завод газавай апаратуры» |
На 2022 год улучаў 28 прадпрыемстваў, якія налічвалі звыш 23 000 супрацоўнікаў. Пастаўляў звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) чыгункай і загадваў сеткай разьмеркавальных газаправодаў у Беларусі. Вёў здабычу торфу і вытворчасьць паліўных брыкетаў. Выконваў праектаваньне ў тарфяной прамысловасьці і будаўніцтва газавых сетак. Вырабляў газавыя эўрабалёны, газавыя і электрапліты, прылады газазабесьпячэньня і машыны для здабычы і перапрацоўкі торфу. Ажыцьцяўляў навучаньне ў прамысловай цеплаэнэргетыцы і торфаздабычы[4].
Будова
рэдагавацьНа 2022 год «Белпалівагаз» улучаў:
- 12 торфабрыкетных заводаў — «ТБЗ Усяж» (Смалявіцкі раён), «Лідзкі ТБЗ» (Першамайскі, Лідзкі раён), «Жыткавіцкі ТБЗ» (Чырвонае, Жыткавіцкі раён), «Браслаўскі ТБЗ» (Ахрэмаўцы, Браслаўскі раён), «Старобінскі ТБЗ» (Салігорскі раён), «Туршоўка» (Ухвала, Крупскі раён), «Гатча-Асоўскі ТБЗ» (Ленінскі, Жабінкаўскі раён), «Торфапрадпрыемства Глінка» (Лука, Столінскі раён), «Ляхавіцкі ТБЗ» (Тухавічы, Ляхавіцкі раён), «ТБЗ Дзітва» (Лідзкі раён), «ТБЗ Нёман» (Стаўпецкі раён) і «Дняпроўскае торфапрадпрыемства» (Гадылёва, Быхаўскі раён);
- 7 газазабесьпячальных прадпрыемстваў — «Берасьцеаблгаз», «Віцебскаблгаз», «Магілёўаблгаз», «Гомельаблгаз», «Горадняаблгаз», «Менгаз» і «Менскаблгаз»;
- 7 галіновых прадпрыемстваў — «СД-Транс» (Наваполацак), «Белгазтэхніка», «Газ-Інстытут», «Навуковая арганізацыя працы», «Наваградзкі завод газавай апаратуры», «Белпалівагазкамплект» і «Белдзіпрапалівагаз»;
- Завод тарфянога машынабудаваньня «Бальшавік» (Гомельскі раён)[5].
Вырабы
рэдагавацьНа 2022 год прадпрыемствы «Белпалівагазу» выраблялі:
- паліўны брыкет, верхавы і паліўны торф, тарфяную сушонку і торфадраўнянае паліва[6];
- машыны для мэханічнай і пнэўматычнай здабычы кавалкавага і фрэзэрнага торфу — фрэзэрны барабан, варашылка, валкавальнік, скрэпэрна-бункерныя машыны на вусенічным ходзе, штабэлявальныя машыны, пнэўмаўборачныя машыны на пнэўмаколавым ходзе, машыны здабычы кавалкавага торфу, пагрузчыкі і транспартныя сродкі для кавалкавага торфу[7];
- побытавыя газавыя балёны ёмістасьцю 5, 12, 27 і 50 літраў, вэнтылі, кляпаны, рэгулятары ціску вады і газу, газавыя воданагравальнікі, вузлы газавых плітаў, газавыя лічыльнікі, парашковыя вогнетушыльнікі і апаратуру пераводу самаходаў на звадкаваны і сьціснуты прыродны газ[8].
Мінуўшчына
рэдагаваць6 лістапада 1958 году Савет міністраў Беларускай ССР ухваліў Пастанову № 738 «Аб пляне газіфікацыі гарадоў і населеных пунктаў Беларускай ССР у 1959—1965 гадах». Паводле 3-га пункту Пастановы, стварылі Галоўную ўправу газіфікацыі БССР (Галоўгаз БССР) для кіраваньня праектаваньнем, будаўніцтвам і выкарыстаньнем сетак і газавых станцыяў. У склад Галоўгазу БССР улучылі абласныя і сталічная газавыя гаспадаркі Беларусі. На той час доля торфу ў паліўным балянсе БССР дасягала 60 %. У сьнежні 1960 году ўвялі магістральны газаправод «Дашава — Менск» для пастаўкі прыроднага газу са Львоўскай вобласьці Ўкраінскай ССР. Наступны пуск газаправодаў «Таржок — Менск — Івацэвічы» і «Таржок — Даліна» дазволіў падаць газ з паўночных радовішчаў і распачаць газіфікаваньне гарадоў Беларусі. У 1978 годзе Галоўгаз БССР пераўтварылі ў Дзяржаўны камітэт газіфікацыі БССР (Дзяржкамгаз БССР). У 1988 годзе Савет міністраў БССР ухваліў Пастанову аб пераўтварэньні Дзяржкамгазу БССР у Дзяржаўны камітэт паліва і газіфікацыі БССР (Дзяржкампалівагаз БССР) у выніку далучэньня Міністэрства паліўнай прамысловасьці БССР[9].
13 красавіка 1992 году Савет міністраў Беларусі зацьвердзіў Пастанову № 204 аб пераўтварэньні Дзяржкампалівагазу ў канцэрн «Белпалівагаз». 24 верасьня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 516, якім падпарадкаваў «Белпалівагаз» Міністэрству энэргетыкі Беларусі. 30 лістапада 2006 году Міністэрства энэргетыкі Беларусі зацьвердзіла Загад № 326 аб пераўтварэньні канцэрну «Белпалівагаз» у дзяржаўнае аб’яднаньне[9]. На 2014 год «Белпалівагаз» меў у сваім складзе 26 торфаздабыўных прадпрыемстваў, у склад якіх уваходзіла 19 торфабрыкетных заводаў. Торфабрыкеты пастаўлялі для патрэбаў звыш 200 000 сельскіх дамоў. Гадавая здабыча торфу склала каля 3 млн тонаў пры геалягічных запасах у 4 млрд тонаў на амаль 9000 тарфяных радовішчах плошчай 24 000 кв.км. За год вырабілі 1,3 млн тонаў торфабрыкетаў. Доля торфу ў энэргабалянсе Беларусі перавышла 2 %, што дазволіла замяніць 590 млн кубамэтраў прыроднага газу коштам 107,7 млн даляраў[10]. На 2022 год «Белпалівагаз» налічваў 28 прадпрыемстваў, дзе працавала звыш 23 000 чалавек. Спажыўцам пастаўлялі торф і паліўныя брыкеты зь яго, а таксама звадкаваны (ЗПГ) і прыродны газ[9].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Кантактная інфармацыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Кіраўніцтва (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Вышэйстаячая арганізацыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Аб аб'яднаньні (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Падведамныя прадпрыемствы (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Тарфяная прадукцыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Машынабудаваньне (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Газавае абсталяваньне (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ а б в Гісторыя (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
- ^ Сяргей Куркач. Грошы на балоце // Зьвязда : газэта. — 20 сакавіка 2014. — № 51 (27661). — С. 1, 4. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Навіны (рас.) // ДВА «Белпалівагаз», 19 сьнежня 2022 г. Праверана 27 сьнежня 2022 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |