Аўгустын

хрысьціянскі багаслоў, філёзаф, Айцец Царквы
(Перанакіравана з «Аўрэліюс Аўгустын»)

Аўрэ́ліюс Аўгусты́н (па-лацінску: Augustinus Sanctus; 354—430) — філёзаф, прапаведнік, хрысьціянскі багаслоў і палітык. Сьвяты каталіцкай царквы, лічыцца блажэнным у праваслаўі. Адзін з Айцоў Царквы, аказаў велізарны ўплыў на заходнюю філязофію і каталіцкую тэалёгію. Частка зьвестак пра Аўгустыны атрыманая зь яго аўтабіяграфічнай «Споведзі» («Confessiones»).

Аўгустын
Aurelius Augustinus
Аўгустын
Аўгустын
Сьвяты
Сьвецкае імя Аўрэліюс Аўгустын
Нарадзіўся 13 лістапада 354
Памёр 28 жніўня 430[1] (75 гадоў)
Шануецца каталіцтва, праваслаўе
Галоўная сьвятыня Сан П’етра ін Сьель д’Ора, Павія
Дзень памяці 28 жніўня (каталіцтва), 15 (28) чэрвеня (праваслаўе)
Патрон піваварства, тыпаграфія, тэалёгія
Атрыбуты дзіця, голуб, пяро, ракавінка, разьбітае сэрца

Праз маніхейства, скептыцызм і нэаплятанізм прыйшоў да рымскага хрысьціянства, вучэньне якога аб грэхападзеньні і памілаваньні зрабілі на яго моцнае ўражаньне. У прыватнасьці, ён бароніць (супраць Пэлагія) вучэньне аб перадвызначэньні: чалавеку загадзя перадвызначана Богам блажэнства ці пракляцьце. Чалавечая гісторыя, якую Аўгустын выкладае ў кнізе «Пра град Божы», «першай сусьветнай гісторыі», паводле яго ёсьць барацьба двух варагуючых царстваў — царства прыхільнікаў усяго зямнога, ворагаў Божых, гэта значыць сьвецкага царства (лац. civitas terrena ці diaboli), і царства Божага (лац. civitas dei). Пры тым ён атаясамлівае Царства Божае, у адпаведнасьці зь ягонай зямной формай існаваньня, з рымскай царквой. Аўгустын вучыць аб тым, што пры стварэньні сьвету Бог залажыў у матэрыяльны сьвет у зародку формы ўсіх рэчаў, зь якіх яны пасьля самастойна разьвіваюцца. Аўгустын стаў пачынальнікам напрамку нэаплятанізму ў хрысьціянскай філязофіі (аўгустынізма), які панаваў у Заходняй Эўропе да XIII стагодзьдзя, калі яго зьмяніў хрысьціянскі арыстотэлізм Альбэрта Вялікага і Тамаша Аквінскага.

Яго памяць адзначаецца Каталіцкай царквой 28 жніўня, Расейскай праваслаўнай царквой — 15 чэрвеня па старым стылі.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Аўгустын нарадзіўся 13 лістапада 354 году ў афрыканскай рымскай правінцыі Нумідыя, у Тагасьце (цяпер Сук-Арас у Альжыры). Першую адукацыю атрымаў ад хрысьціянкі-маці, аднак яго бацька быў паганцам. У маладосьці Аўгустын быў цалкам сьвецкім чалавекам, шукаў асалодаў, захапляўся лацінскай літаратурай. Скончыўшы школу ў Тагасьце накіраваўся ў бліжэйшы культурны цэнтар — Мадаўру. Восеньню 370 году ён накіраваўся на трохгадовае навучаньне рыторыцы ў Картаген.

Прага да чагосьці вышэйшага абудзілася ў ім толькі пасьля чытаньня «Hortensius» Цыцэрона. Ён зацікавіўся філязофіяй, пачаў чытаць Біблію, далучыўся да папулярнае тады сэкты маніхеяў, зь якім заставаўся разам каля 10 гадоў, але не знайшоўшы нідзе задавальненьня, амаль зьняверыўся і толькі знаёмства з плятанічнай і нэаплятанічнай філязофіяй дапамагло яму знайсьці выйсьце для сябе. У той самы час выкладаў рыторыку спачатку ў Тагасьце, а потым у Картагене. У «Споведзі» Аўгустын падрабязна спыніўся на 9 гадох, змарнаваных ім на «шалуху» маніхейства. У 383 годзе нават духоўны маніхейскі лідэр Фаўст ня даў рады адказаць на ягоныя пытаньні.

Тады ж, у 383 годзе Аўгустын выправіўся з Афрыкі ў Рым, каб знайсьці настаўніцкую працу ў Рыме, але ўжо ў 384 годзе атрымаў працу настаўнікам красамоўства ў Мэдыяляне (сёньня Мілян). Тут, дзякуючы мясцоваму біскупу Амброзіюсу, бліжэй пазнаёміўся з хрысьціянствам, і гэтая акалічнасьць, у зьвязку з чытаньнем пасланьняў апостала Паўла, зрабілі радыкальную перамену ў ягоным ладзе думак і жыцьця. Гэтай падзеі Каталіцкая царква прысьвяціла асобнае сьвята (3 траўня).

Прачытаўшы некаторыя трактаты Плятына на лаціне, Аўгустын азнаёміўся з нэаплятанізмам, які прадстаўляў Бога як нематэрыяльнае трансцэндэнтнае Быцьцё. Наведаўшы прапаведзі Амброзіюса Мэдыялянскага, Аўгустын зразумеў рацыянальную перакананасьць раньняга хрысьціянства. Паводле паданьня аднойчы ў садзе Аўгустын пачуў голас дзіцяці, які казаў яму наўгад адкрыць пасланьні апостала Паўла, дзе яму патрапілася «Пасланьне да рымлянаў». Пасьля таго ён, разам з маткай, братам, абодвума стрыечнымі братамі, сябрам Аліпіюсам і двумя вучнямі, аддаліўся на колькі месяцаў ў Касыцыяк, на вілу аднаго зь сяброў. На ўзор цыцэронавых «Тускулянскіх гутарак», Аўгустын склаў некалькі філязофскіх дыялёгаў.

На Вялікдзень 387 году Аўгустын разам з сваім сынам прыняў хрост ад Амброзіюса. Пасьля вярнуўся ў Афрыку, папярэдне прадаўшы ўсю сваю маёмасьць і амаль цалкам раздаўшы ўсё бедным. Пэўны час прабавіў у строгай самоце кіраўніком духовай грамады і ў 391 годзе, уступіўшы ў духовае званьне з санам прэсьбітара, заняўся дзейнасьцю прапаведніка. У 395 годзе быў пасьвечаны ў біскупы ў Гіпоне.

Аўгустын памёр 28 жніўня 430 году, падчас першай асады Гіпона вандаламі. Пасьля некалькіх перапахаваньняў ягоныя парэшткі ў 1842 годзе зноў былі вернутыя ў Альжыр і захоўваюцца ля помніка Аўгустыну на развалінах Гіпона.


Палітычныя погляды

рэдагаваць

Аўгустын даводзіў перавагу духовай улады над сьвецкай. Дзяржава патрэбная з-за сілы грэхападзеньня чалавека і няздольнасьці самастойна выйсьці на шлях веры. Успрыняўшы вучэньне Аўгустына, царква абвесьціла сябе зямной часткай Божага града, і пазыцыянавала сябе як вярхоўнага арбітра ў зямных справах. Аўгустын рэзка супрацьпастаўляў царкву і дзяржаву. Сваім меркаваньнем пра тое, што «град зямны», то бок дзяржаўнасьць, зьвязаны з царствам д’ябла, ён паклаў пачатак многім сярэдневечным ерасям. Але адначасова ён абмяркоўваў ідэю абнаўленьня «града зямнога» ў рэчышчы хрысьціянскай цноты: усе формы кіраваньня павінны паважаць Бога і чалавека.

Сярод самых вядомых твораў вылучаюць:

  • «Пра град Божы» (лац. De civitate Dei)
  • «Споведзь» (лац. Confessiones), духовая біяграфія
  • «Пра Троіцу» (лац. De Trinitate)
  • «Аб свабоднай волі» (лац. De libero arbitrio)
  • «Перагляды» (лац. Retractationes).

Варта таксама згадаць ягоныя «Meditationes», «Soliloquia» і «Enchiridion» альбо «Manuale».

  1. ^ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr (фр.): плятформа адкрытых зьвестак — 2011.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць