Атанасыюс Кірхэр
Атана́сыюс Кі́рхэр (па-нямецку: Athanasius Kircher; 1601 ці 1602, Гайза каля Фульды, Сьвятая Рымская імпэрыя — 1680, Рым, Папская вобласьць) — нямецкі езуіцкі дасьледнік і ўнівэрсал, які выдаў каля 40 навуковых працаў па розных галінах, найбольш значныя зь якіх у арыенталізьме, геалёгіі і мэдыцыне. За сваю агромністую сфэру інтарэсаў Кірхэр параўноўваўся з Руджэрам Бошкавічам і Леанардам да Вінчы, а таксама атрымаў тытул «Майстра сотні мастацтваў»[9]. У апошнія дзесяцігодзьдзі ў навуковых колах адбываецца ўзнаўленьне зацікаўленасьці да Кірхэра.
Атанасыюс Кірхэр | |
па-нямецку: Athanasius Kircher | |
Дата нараджэньня | 2 траўня 1602[1][2][3][…] |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 27 лістапада 1680[5][6] (78 гадоў), 28 лістапада 1680[1][2][3][…] (78 гадоў) або 1680[7][8] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | мовазнавец, матэматык, егіптолаг, музыказнаўца, тэарэтык музыкі, унівэрсальны чалавек, вынаходнік, каталіцкі сьвятар, астраном, біёляг, археоляг, прафэсар унівэрсытэту, пісьменьнік, фізык, геоляг, вулканолаг, музэязнавец, кампазытар, гісторык, натураліст, арыенталіст, каталіцкі тэоляг, філёзаф |
Навуковая сфэра | багаслоўе, мовазнаўства, геалёгія і мэдыцына |
Месца працы | |
Вучні | Гаспар Шот[d] і Gioseffo Petrucci[d] |
Кірхэр таксама сьцьвярджаў, што расшыфраваў старажытнае эгіпецкае герагліфічнае пісьмо, аднак надалей большасьць ягоных прыпушчэньняў і перакладаў на гэтай глебе былі прызнаныя бессэнсоўнымі. Тым ня меней, ён слушна ўтварыў сувязь паміж старажытнай эгіпецкай і сучаснай копцкай мовамі, і асобныя навукоўцы называюць яго заснавальнікам эгіпталёгіі. Таксама Кірхэр захапляўся сыналёгіяй і склаў энцыкляпэдыю Кітаю, у якой адзначыў раньнюю прысутнасьць там нэстарыянскіх хрысьціянаў, адначасна паспрабаваўшы зьвязаць гэты факт з эгіпецкай цывілізацыяй і хрысьціянствам; сучасныя дасьледчыкі лічаць апошняе малаверагодным.
Працы Кірхэра па геалёгіі ўлучалі вывучэньне вульканаў і акамянеласьцяў. Кірхэр адным зь першых выкарыстаў мікраскоп для выяўленьня мікробаў і выказаў меркаваньне, што чума была выкліканая заразнымі мікраарганізмамі, а таксама прапанаваў эфэктыўныя меры дзеля запабяганьня распаўсюду хваробы. Таксама навуковец меў глыбокую зацікаўленасьць да тэхналёгіяў і мэханічных вынаходніцтваў; яму прыпісваюць вынаходзтва магнітнага гадзіньніку, разнастайных аўтаматаў і першага мэгафону. Часта яго памылкова называюць і вынаходцам чароўнага ліхтару, але ў ягонай працы «Ars Magna Lucis et Umbrae» сапраўды сустракаецца вывучэньне прынцыпаў працы падобнага аб’екту.
Напрыканцы жыцьця Кірхэрава зорка была заслоненая рацыяналізмам Рэнэ Дэкарта й іншых. Аднак у канцы XX стагодзьдзя эстэтычныя якасьці ягонае працы ізноў былі ацэненыя. Сучасныя дасьледнікі называюць яго «гігантам сярод навукоўцаў XVII стагодзьдзя», «адным з апошніх мысьляроў, які правамоцна мог абвясьціць усе веды сваімі ўладаньнямі»[10], «апошнім чалавекам Адраджэньня».
Жыцьцяпіс
рэдагавацьКірхэр нарадзіўся 2 траўня, аднак сам ня ведаў, ці то 1601, ці то 1602 року ў Гайзе, Бухонія, каля Фульды (цяпер у Гэсэне, Нямеччына). Быў наймаладзейшым зь дзевяці дзяцей у сям’і. У 1614—1618 навучаўся ў езуіцкім коледжы ў Фульдзе, па сканчэньні якога ўступіў у навіцыят Ордэну.
Яшчэ ў школе захапляўся вульканамі, дадаткова вывучаў іўрыт у рабіна. У Падэрборне навучаўся філязофіі і багаслоўю, але ў 1622 быў вымушаны ўцякаць у Кёльн у сувязі з набліжэньнем пратэстанцкіх войскаў. Падчас вандроўкі ледзь не загінуў, праваліўшыся пад лёд на Райне. Гэта быў толькі адзін з мноства эпізодаў, калі ягонае жыцьцё вісела на валаску. Іншым разам, па дарозе ў Гайлігенштат, яго спаймалі і ледзь не павесілі пратэстанты.
У 1622—1624 Кірхэр пачаў свой рэгенцкі пэрыяд у Кобленцы, працуючы настаўнікам. Пасьля гэтага быў прызначаны ў Гайлігенштат, дзе выкладаў матэматыку, іўрыт і сырыйскую мову. Падчас візыту курфюрста-арцыбіскупа Майнца ён зладзіў фаервэркі й рухомыя дэкарацыі, выявіўшы сваю зацікаўленасьць у мэханічных прыстроях.
У 1628 року Атанасыюс Кірхэр высьвячаны ў сьвятары і стаў прафэсарам этыкі й матэматыкі Вюрцбурскага ўнівэрсытэту, дзе выкладаў таксама іўрыт і сырыйскую мову. З гэтае пары ён таксама пачаў дасьледаваць эгіпецкія герогліфы.
У 1631 Кірхэр выдаў першую кнігу «Ars Magnesia», дзе выклаў вынікі сваіх дасьледаваньняў па магнэтызьме. У гэтым самым року з прычыны Трыццацігадовае вайны ён быў вымушаны зьехаць у папскі Авіньёнскі ўнівэрсытэт у Францыі.
У 1633 імпэратар Фэрдынанд II запрасіў Кірхэра ў Вену на пасаду прыдворнага матэматыка замест Ёгана Кеплера. Атанасыюс Кірхэр выправіўся ў шлях на караблі, аднак у гэты час Нікаля-Клёд Фабры дэ Пэйрэск дабіўся ануляваньня дамовы з Габсбургамі і вырашыў накіраваць навукоўца ў Рым дзеля працягу ягоных дасьледаваньняў. Гэты загад ня здолелі перадаць Кірхэру, аднак ягоны карабель па дарозе зьбіўся з курсу і замест Вены прыбыў у Рым. Тут навуковец і застаўся да канца свайго жыцьця. Выкладаў у Каледжыё Рамана матэматыку, фізыку і арыентальныя мовы цягам сямі гадоў, пасьля чаго прысьвяціў сябе дасьледніцкай працы. Вывучаў малярыю і чуму, сабраў калекцыю скамянеласьцяў, якія выставіў разам з уласнымі мэханізмамі ў Кірхэрыянуме.
У 1661 Атанасыюс Кірхэр адкрыў рэшткі царквы, меркавана збудаванай імпэратарам Канстантынам на месцы відзежу сьвятым Яўстахам Хрыста сярод аленіх рагоў. Ён заняў грошы дзеля адбудовы царквы пад назовам Santuario della Mentorella, і па сьмерці ў гэтым храме было пахаванае ягонае сэрца.
Працы
рэдагавацьКірхэр выдаў вялікую колькасьць грунтоўных працаў па розных тэмах, такіх як эгіпталёгія, геалёгія, тэорыя музыкі. Ягоны сынкрэтычны падыход абвяргаў межы паміж дысцыплінамі, якія цяпер агульнапрынятыя: так, ягоная праца «Magnes» была нібыта прысьвечаная магнэтызму, а насамрэч вывучала й іншыя формы прыцягненьня, такія як гравітацыя і каханьне. Верагодна, найбольш вядомым творам Кірхэра зьяўляецца «Œdipus Ægyptiacus» (1652-54), вялізнае вывучэньне эгіпталёгіі і параўнаньня рэлігіяў[11].
Лінгвістыка і культуралёгія
рэдагавацьЭгіпталёгія
рэдагаваць- Асноўны артыкул: Œdipus Ægyptiacus
Да XIX стагодзьдзя, калі Томас Юнг ды Жан-Франсуа Шампальён не расшыфравалі эгіпецкія герогліфы, галоўным знаўцам у гэтай галіне лічыўся грэцкі граматыст Гарапалён, асноўным дасягненьнем якога было памылковае ўяўленьне, што герогліфы былі «піктаграфічнымі напісамі» і будучыя перакладнікі павінны адшукаць у гэтых малюнках сымбалічнае значэньне[12]. Апошні вядомы прыклад эгіпецкіх герогліфаў датаваны 394 рокам, пасьля чаго ўсе веды пра іх былі страчаныя.
Атанасыюс Кірхэр стаў найбольш вядомым зь нямногіх дасьледнікаў-эгіптолягаў паміж старажытнасьцю і нашым часам[13]. У сваёй працы «Lingua Aegyptiaca Restituta» (1643) ён назваў герогліфы «моваю, дагэтуль невядомай у Эўропе, дзе малюнкаў столькі ж, колькі літараў, загадак столькі ж, колькі гукаў, карацей, столькі лябірынтаў, зь якіх трэба выбрацца, сколькі й гор, на якія трэба ўскараскацца»[13]. Пазьней некаторыя зь ягоных уяўленьняў былі абвергнутыя, аднак гэтая праца ўяўляе каштоўнасьць для пазьнейшых дасьледнікаў, і Кірхэр лічыцца першапраходцам ў эгіпталёгіі як галіне сур’ёзнай навукі.
Зацікаўленасьць Кірхэра ў эгіпталёгіі зьявілася ў 1628, калі ён зацікавіўся знойдзенымі ў бібліятэцы Шпаеру герогліфамі. У 1633 ён вывучыў копцкую мову, а ў 1636 выдаў яе першую граматыку, «Prodromus coptus sive aegyptiacus». Пасьля гэтага Кірхэр абвергнуў Гарапалёнава ўяўленьне пра герогліфы ў сваёй працы «Lingua aegyptiaca restituta». Ён давёў, што копцкая мова захавала апошнюю стадыю разьвіцьця эгіпецкай[13][14]. За гэта Кірхэра лічаць сапраўдным «заснавальнікам эгіпталёгіі», паколькі ягоная праца была праведзеная задоўга да выяўленьня Разэцкага камяню. Ён таксама ўсталяваў сувязь паміж гератычным і герагліфічным пісьмом.
У 1650—1654 у кантэксьце ўласных копцкіх дасьледаваньняў Кірхэр выдаў чатырохтомныя «пераклады» герогліфаў[13], якія, аднак, «нават аддалена не адпавядалі арыгінальным тэкстам»[13]. У «Œdipus Ægyptiacus» Кірхэр пад уплывам Гарапалёнавай «Hieroglyphica» даводзіў, што Адам і Эва размаўлялі па-эгіпецку, што Гермес Трысмэгіст быў Майсеем і што герогліфы былі акультнымі сымбалямі, якія «ня могуць быць перакладзеныя словамі, а выражаныя толькі знакамі, сымбалямі й фігурамі». Ён дайшоў да таго, што просты герагліфічны тэкст, які цяпер чытаецца dd Wsr («Асырыс кажа»), ён пераклаў як «Тыфонава здрада сканчаецца ля трону Ісыс; вільготнасьць прыроды аберагаецца пільнасьцю Анубіса».
Нягледзячы на тое, што Кірхэраў падыход да расшыфроўкі эгіпецкіх тэкстаў грунтаваўся на фундамэнтальным заблуканьні, сучасныя навукоўцы лічаць яго піянэрам у сур’ёзным вывучэньні герогліфаў. Сабраныя ім зьвесткі пазьней былі ўзятыя пад увагу Шампальёнам пры расшыфроўцы пісьмёнаў. Кірхэр выказаў меркаваньне, што асобныя герогліфы могуць складаць альфабэт, і вылучыў (памылкова) 21 герогліф, ад якіх нібыта быў створаны грэцкі альфабэт.
Кірхэр таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсталяваньні абэліскаў на рымскіх пляцах, дапісваючы на іх уласныя «герогліфы», якія дадалі нямала клопату сучасным дасьледнікам.
Сыналёгія
рэдагавацьКірхэр рана зацікавіўся Кітаем, паведаміўшы ў 1629 року вышэйшаму чыну ордэну 1629 пра сваё жаданьне зрабіцца місіянэрам у гэтую краіну.
У 1667 Атанасыюс апублікаваў трактат, поўная назва якога гучала «China monumentis, qua sacris qua profanis, nec non variis naturae and artis spectaculis, aliarumque rerum memorabilium argumentis illustrata», цяпер болей вядомы як «China Illustrata», то бок «Ілюстраваны Кітай». Гэта была праца энцыкляпэдычнае шырыні, якая камбінавала матэрыялы рознай якасьці, ад дакладных картаграфічных да мітычных элемэнтаў, такіх як цмокі. Збольшага праца грунтавалася на паведамленьнях езуітаў, якія дзейнічалі ў Кітаі, у прыватнасьці Міхала Бойма[15] і Мартына Мартыні.
«China Illustrata» надавала асаблівае значэньне хрысьціянскім элемэнтам у гісторыі Кітаю, як сапраўдным, так і ўяўным: у кнізе было зазначана раньняе зьяўленьне нэстарыянскіх хрысьціянаў (з лацінскім перакладам Нэстарыянскае стэлы ў Сіяні, зробленым Боймам і ягоным кітайскім паплечнікам Андрэем Дзэнгам[16]), і ў той жа час сьцьвярджалася, што кітайцы былі нашчадкамі Хамавых сыноў, што Канфуцый быў Гермесам Трысмэгістам/Майсеем, і што кітайскія герогліфы паходзяць ад эгіпецкіх.
Паводле Кірхэравае сыстэматыкі ідэаграмы былі ніжэйшыя ад герогліфаў, бо яны азначалі толькі асобныя ідэі замест загадкавых комплексаў ідэяў, а сымбалі цывілізацыяў мая і ацтэкаў былі яшчэ больш ніжэйшымі піктаграмамі, якія абазначалі толькі аб’екты.
Біблеістыка і экзэгетыка
рэдагавацьУ 1675 Атанасыюс Кірхэр выдаў «Arca Noë», вынік ягоных дасьледаваньняў біблійнага каўчэгу Ноя — пасьля Контрарэфармацыі алегарычная інтэрпрэтацыя сярод дасьледнікаў Пісаньня саступала вывучэньню Старога Запавету як літаральнай ісьціне. Кірхэр, прааналізаваўшы памеры каўчэгу і колькасьць вядомых яму відаў жывёлаў (за выняткам казурак і іншых формаў, якія лічыліся здольнымі зараджацца адвольна), разьлічыў, што ў каўчэгу не магло быць перанасяленьня. Ён таксама абмеркаваў лягістыку падарожжа каўчэгу, мяркуючы, што для харчаваньня драпежнікаў на борт магла быць узятая дадатковая скаціна, а таксама апісаў, які мог быць штодзённы рацыён жывёлаў і парадак іхняга догляду.
Іншыя культуралягічныя працы
рэдагавацьЯн Марэк Марці ў 1666 року даслаў Кірхэру рукапіс Войніча ў спадзеве на тое, што апошніі здолее яго расшыфраваць[17]. Рукапіс насамрэч захоўваўся ў Каледжыё Рамана да анэксіі Папскае вобласьці ў 1870 Віктарам Эмануэлем II, аднак праўдзівасьць гісторыі пад пытаньнем.
У працы «Polygraphia nova» (1663) Кірхэр прапанаваў ідэю штучнае міжнароднае мовы.
Фізычныя навукі
рэдагавацьГеалёгія
рэдагавацьНаведаўшы ў 1638 Паўднёвую Італію, дапытлівы Кірхэр спусьціўся ў кратэр Вэзувія, які на той час ужо быў на краі вывяржэньня, каб дасьледаваць ягоныя ўнутранасьці. Ён таксама цікавіўся падземным грукатам, чутным ля Мэсынскай пратокі. Свае геалягічныя і геаграфічныя дасьледаваньні Атанасыюс Кірхэр выклаў у працы «Mundus Subterraneus» (1664), дзе выказаў меркаваньне, што прылівы й адлівы былі выкліканыя рухам вады ў падземным акіяне.
Кірхэр таксама клапаціўся праблемай акамянеласьцяў. Ён усьведамляў, што гэта рэшткі жывёлаў. Ён прыпісваў вялікія косткі гіганцкім расам людзей[18]. Ня ўсе аб’екты, якія ён спрабаваў апісаць, насамрэч былі акамянеласьці, адсюль разнастайнасьць тлумачэньняў. Ён называў горныя хрыбты костнай сыстэмай Зямлі, выкрытай у выніку эрозіі[19].
«Mundus Subterraneus» мае некалькі старонак пра легендарны востраў Атлянтыду і ягоную мапу з лацінскай назвай «Situs Insulae Atlantidis, a Mari olim absorpte ex mente Egyptiorum et Platonis descriptio» («Месца вострава Атлянтыда ў моры паводле эгіпецкіх крыніцаў і Плятонавага апісаньня»[20].
Biology
рэдагавацьУ кнізе «Arca Noë» Кірхэр сьцьвярджаў, што пасьля паводкі новыя віды трансфармаваліся, пасяляючыся ў новых асяродзьдзях, напрыклад, алень, які перайшоў у халаднейшы клімат, стаў паўночным аленем. Акрамя таго, мноства відаў былі гібрыдамі іншых, як напрыклад, браняносцы — камбінацыя чарапахаў і дзікабразаў. Ён таксама абараняў тэорыю адвольнага зараджэньня[21]. З-за такіх гіпотэзаў асобныя гісторыкі лічаць Кірхэра протаэвалюцыяністам[22].
Мэдыцына
рэдагавацьКірхэр склаў блізкую да сучаснага погляду працу па вывучэньні хвароба, ужо ў 1646 скарыстаўшы мікраскоп для дасьледаваньня крыві ахвяраў мору. У сваёй «Scrutinium Pestis» (1658) ён адзначыў наяўнасьць у крыві «маленькіх чарвячкоў», або «анімалкуляў», і зрабіў выснову, што хваробы былі спрычыненыя мікраарганізмамі. Выснова была слушная, аднак падобна, што насамрэч ён палічыў вінаватымі ў захворваньнях чырвоныя або белыя крывяныя вузы, а ня носьбіта чумы. Ён таксама прапанаваў гігіенічныя захады для спыненьня распаўсюду эпідэміі, такія як ізаляцыя, карантын, спальваньне вопраткі заражаных, нашэньне масак дзеля аховы ад удыханьня бактэрыяў.
Тэхналёгія
рэдагавацьУ 1646 Кірхэр апублікаваў працу «Ars Magna Lucis et Umbrae», прысьвечаную вываду на экран выяваў з дапамогай прыстрою, падобнага да чароўнага ліхтару, распрацаванага Крыстыянам Гюйгенсам і іншымі. Кірхэр апісаў канструкцыю «кататрофнай лямпы», якая праекавала выяву на сьцену зацененага пакою з дапамогай адлюстраваньня. Хоць Кірхэр ня вынайшаў гэткі прыстрой, ён зьдзейсьніў удасканаленьні папярэдніх мадэляў і прапанаваў мэтады, якімі экспанэнты маглі выкарыстоўваць прыладу.
Вялікая заслуга Кірхэравае «Ars Magna Lucis et Umbrae» ў тым, што ён дае рацыянальнае тлумачэньне дагэтуль містыфікаванаму працэсу праекцыі выяваў[23]. Так, раней гэтым мэтадам карысталіся дзеля імітацыя звышнатуральных зьяўленьняў (сам Кірхэр падае прыклад, як гэтым спосабам рабіны праекавалі выявы на двары цара Саламона). Кірхэр падкрэсьліваў, што экспанэнты мусяць паклапаціцца пра тое, каб патлумачыць гледачам, што зьяўленьне гэтых праекцыяў ёсьць натуральнай, а не магічнай зьявай.
Атанасыюс Кірхэр таксама сканструяваў магнітны гадзіньнік, мэханізм якога ён апісаў у сваёй працы «Magnes» (1641). Першапачаткова прыстрой вынайшаў іншы езуіт, айцец Лінус Льескі, і гадзіньнік быў апісаны ў 1634. Кірхэраў патрон Пэйрэск сьцьвярджаў, што рух гадзіньніка падтрымлівае касмалягічную мадэль Капэрніка з тае прычыны, што магнітная сфэра ў ім круціцца дзякуючы магнітнай моцы Сонца[24]. Кірхэр абвергнуў гэтую гіпотэзу, паказаўшы, што рух можа адбывацца дзякуючы воднаму гадзіньніку ў аснаваньні прыстрою.
Фактычна выказаўшыся ў «Magnes» супраць капэрнікавае мадэлі і падтрымаўшы Тыха Брагэ, у пазьнейшым творы «Itinerarium extaticum» (1656, перагледжанае 1671) Атанасыюс Кірхэр падаваў некалькі сыстэмаў — у тым ліку й капэрнікаву — як асобныя магчымасьці.
«Musurgia Universalis» (1650) адлюстроўвае Кірхэравы погляды на музыку: ён лічыў, што гармонія музыкі адлюстроўвае прапорцыі сусьвету. У кнізе былі зьмешчаныя пляны па канструяваньні аўтаматычных арганаў, якія б прыводзіліся ў рух вадой, натацыі птушыных сьпеваў і дыяграмы музычных інструмэнтаў. Адна зь ілюстрацыяў паказвае адрозьненьні чалавечага вуха й вушэй жывёлаў. У «Phonurgia Nova» (1673) Кірхэр разглядаў магчымасьць перадачы музыкі на адлегласьць.
Сярод іншых прыдуманых Кірхэрам машынаў — эолава арфа, аўтаматоны кшталту статуі, якая магла гаварыць і слухаць праз перамоўную трубку, вечны рухавік і кацінае фартэпіяна, якое павінна было калоць катам хвасты, каб яны выдавалі адпаведныя таны, аднак невядома, ці насамрэч Кірхэр стварыў гэты інструмэнт.
Камбінаторыка
рэдагавацьГрунтуючыся на ранейшай працы Раймунда Лула, Атанасыюс Кірхэр распрацаваў розныя сыстэмы генэраваньня і падліку ўсіх камбінацыяў канечнага набору аб’ектаў (канечнага мноства), хоць ягоная праца і не была заснаваная на матэматычных падліках. Мэтады і дыяграмы Лула абмяркоўваюцца ў Кірхэравай «Ars Magna Sciendi, sive Combinatoria» (1669). Магчыма, тут упершыню зьяўляюцца выявы поўных двудольных графаў, што стала працягам працы Лула па візуалізацыі поўных графаў[25]. Кірхэр таксама выкарыстаў камбінаторыку пры стварэньні Arca Musarithmica, прылады для складаньня алеаторнай музыкі, якая магла складаць мільёны царкоўных гімнаў з камбінацыяў выпадковых музычных фразаў.
Спадчына
рэдагавацьНавуковы ўплыў
рэдагавацьЦягам большасьці сваёго прафэсійнага жыцьця Кірхер быў адной з найярчэйшых зорак свайго часу: паводле гісторыка Паўлы Фіндлен, ён стаў «першым навукоўцам з сусьветнай рэпутацыяй». Ён меў двухбаковую значнасьць: да вынікаў ягоных экспэрымэнтаў і дасьледаваньняў варта дадаць інфармацыю, сабраную ім зь ліставаньнямі з больш як 760 навукоўцамі, лекарамі і езуітамі па ўсім сьвеце. «Encyclopædia Britannica» называе яго «інтэлектуальным разьліковым цэнтрам з аднаго чалавека». Ягоныя працы, праілюстраваныя паводле ягоных наказаў, мелі вялізарную папулярнасьць, і Кірхер стаў першым самаакупным навукоўцам. Напрыканцы жыцьця ягоныя прыбыткі зьменшыліся, паколькі пачаў пераважаць картэзіянскі рацыяналізм (Дэкарт называў Кірхера «болей знахарам, чым вучоным мужам»).
Культурная спадчына
рэдагавацьДа канца XX стагодзьдзя Кірхер быў забыты. Паступова ягоныя працы пачалі перакладацца, аднак цяпер болей ацэньваюцца іхнія эстэтычныя якасьці, ніж зьмест; на выставах ацэньваецца прыгажосьць ілюстрацыяў у ягоных творах.
Бібліяграфія
рэдагавацьНайбольш грунтоўныя творы Кірхера ў храналягічным парадку:
Рок | Назва | Спасылка | |
---|---|---|---|
1631 | Ars Magnesia | ||
1635 | Primitiae gnomoniciae catroptricae | ||
1636 | Prodromus coptus sive aegyptiacus | ||
1637 | Specula Melitensis encyclica, hoc est syntagma novum instrumentorum physico- mathematicorum | ||
1641 | Magnes sive de arte magnetica | Другое выданьне (1643) | |
1643 | Lingua aegyptiaca restituta | ||
1645-1646 | Ars Magna Lucis et umbrae | Выданьне 1646 року | |
1650 | Obeliscus Pamphilius: hoc est, Interpretatio noua & Hucusque Intentata Obelisci Hieroglyphici | Выданьне 1650 року | |
1650 | Musurgia universalis, sive ars magna consoni et dissoni | Volumes I and Другое выданьне (1650) | |
1652-1655 | Œdipus Ægyptiacus | ||
1654 | Magnes sive (трэцяе, дапоўненае выданьне) | ||
1656 | Itinerarium extaticum s. opificium coeleste | ||
1657 | Iter extaticum secundum, mundi subterranei prodromus | ||
1658 | Scrutinium Physico-Medicum Contagiosae Luis, quae dicitur Pestis | ||
1660 | Pantometrum Kircherianum … explicatum a G. Schotto | ||
1661 | Diatribe de prodigiosis crucibus | ||
1663 | Polygraphia, seu artificium linguarium quo cum omnibus mundi populis poterit quis respondere | ||
1664-1678 | Mundus subterraneus, quo universae denique naturae divitiae | Tomus II (1678); Лічбавае выданьне Tomus I/II Дусэльдорфскае ўнівэрсытэцкае і фэдэральнае бібліятэкі | |
1665 | Historia Eustachio-Mariana | Выданьне 1665 року | |
1665 | Arithmologia sive De abditis numerorum mysterijs | Выданьне 1665 року | |
1666 | Obelisci Aegyptiaci … interpretatio hieroglyphica | ||
1667 | China monumentis, qua sacris qua profanis, nec non variis naturae and artis spectaculis, aliarumque rerum memorabilium argumentis illustrata | Latin edition (1667) (pages with illustrations only); La Chine (Францыя, 1670); Сучасны ангельскі пераклад | |
1667 | Magneticum naturae regnum sive disceptatio physiologica | ||
1668 | Organum mathematicum (рэдактар і выдавец Гаспар Шот) | ||
1669 | Principis Cristiani archetypon politicum | Выданьне 1672 року | |
1669 | Latium | Выданьне 1671 року | |
1669 | Ars magna sciendi sive combinatorica | Выданьне 1669 року | |
1673 | Phonurgia nova, sive conjugium mechanico-physicum artis & natvrae paranympha phonosophia concinnatum | Выданьне 1763 року | |
1675 | Arca Noe | ||
1676 | Sphinx mystagoga: sive Diatribe hieroglyphica, qua Mumiae, ex Memphiticis Pyramidum Adytis Erutae… | Выданьне 1676 року | |
1676 | Obelisci Aegyptiaci | ||
1679 | Musaeum Collegii Romani Societatis Jesu | ||
1679 | Turris Babel, Sive Archontologia Qua Primo Priscorum post diluvium hominum vita, mores rerumque gestarum magnitudo, Secundo Turris fabrica civitatumque exstructio, confusio linguarum, & inde gentium transmigrationis, cum principalium inde enatorum idiomatum historia, multiplici eruditione describuntur & explicantur. Amsterdam, Jansson-Waesberge 1679. | ||
1679 | Tariffa Kircheriana sive mensa Pathagorica expansa | ||
1680 | Physiologia Kircheriana experimentalis | Выданьне 1680 року |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в RKDartists (нід.)
- ^ а б Athanasius Kircher (анг.) — OUP, 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7
- ^ а б BeWeB
- ^ а б Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
- ^ https://www.musiklexikon.ac.at/ml/musik_K/Kircher_Athanasius.xml
- ^ Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
- ^ data.bibliotheken.nl (нід.)
- ^ datos.bne.es (гішп.): El portal de datos bibliográficos de la Biblioteca Nacional de España — 2011.
- ^ Woods, p 108
- ^ Cutler, p 68
- ^ «Kircher, Athanasius.» Encyclopædia Britannica from Encyclopædia Britannica 2007 Ultimate Reference Suite. (2008).
- ^ Frimmer, p 37-39
- ^ а б в г д Frimmer, p 38
- ^ Woods, p 109
- ^ Walravens, Hartmut Michael Boym und die Flora Sinensis
- ^ China Illsutrata; Modern English translation and preface by Dr. Charles D. Van Tuyl
- ^ Tiltman, John H. The Voynich Manuscript: "The Most Mysterious Manuscript in the World". — NSA Technical Journal, Summer 1967. — Т. XII. — № 3.
- ^ Palmer, Douglas (2005) Earth Time: Exploring the Deep Past from Victorian England to the Grand Canyon. Wiley, Chichester. ISBN 978-0-470-02221-4
- ^ The Earth — Richard Fortey, Harper Perennial 2004
- ^ Map of the lost island of Atlantis (анг.). raremaps.com. Праверана 16 лютага 2013 г.
- ^ O Breidbach, MT Ghiselin (2006) Athanasius Kircher (1602—1680) on Noah’s Ark: Baroque «Intelligent Design» Theory, Proceedings of the California Academy of Sciences, Volume 57, No. 36, pp. 991—1002 <http://researcharchive.calacademy.org/research/scipubs/pdfs/v57/proccas_v57_n36.pdf>
- ^ Fairfield Osborn, Henry (1902) From the Greeks to Darwin: An Outline of the Development of the Evolution Idea. MacMillan: London, page 106
- ^ Musser, p 613
- ^ Athanasius Kircher’s Magnetic Clock, accessed 23 Apr 2011
- ^ Donald E. Knuth. Two thousand years of combinatorics // Combinatorics: Ancient and Modern. — Oxford University Press, 2013. — С. 7—37.
Літаратура
рэдагаваць- Alan Cutler. The Seashell on the Mountaintop. — New York: Dutton, 2003.
- Steven Frimmer. The stone that spoke: and other clues to the decipherment of lost languages. — Putnam, 1969.
- Erik Iversen. The Myth of Egypt and its Hieroglyphs. — Copenhagen: 1961.
- Ralf Kern. Wissenschaftliche Instrumente in ihrer Zeit. Zweiter Band: Vom Compendium zum Einzelinstrument. 17. Jahrhundert. — Walther König: Verlag der Buchhandlung, 2010. — ISBN 978-3-86560-866-6
- Joseph MacDonnell. Jesuit Geometers. — St Louis: Institute of Jesuit Sources, 1989.
- Thomas Woods. How the Catholic Church Built Western Civilization. — Washington, DC: Regnery Publishing, 2005. — ISBN 0-89526-038-7
- Paula Findlen: Athanasius Kircher: The Last Man Who Knew Everything. New York, Routledge, 2004. ISBN 0-415-94016-8.
- John Glassie, Athanasius, Underground The Public Domain Review, November 1, 2012.
- John Glassie: A Man of Misconceptions: The Life of an Eccentric in an Age of Change. New York, Riverhead, 2012. ISBN 978-1594488719.
- Godwin, Joscelyn: Athanasius Kircher’s Theatre of the World: The Life and Work of the Last Man to Search for Universal Knowledge. Inner Traditions (2009). ISBN 978-1-59477-329-7
- Caterina Marrone, I geroglifici fantastici di Athanasius Kircher,Viterbo: Nuovi Equilibri, 2002, pp. 166, ISBN 88-7226-653-X.
- Stolzenberg, Daniel. Egyptian Oedipus: Athanasius Kircher and the Secrets of Antiquity. Chicago: University of Chicago Press, 2013. ISBN 0-226-92414-9 (10). ISBN 978-0-226-92414-4 (13).
- Giunia Totaro, L’autobiographie d’Athanasius Kircher. L'écriture d’un jésuite entre vérité et invention au seuil de l'œuvre. Introduction et traduction française et italienne, Bern: Peter Lang 2009, p. 430 ISBN 978-3-03911-793-2.
- Cybèle Varela: Ad Sidera per Athanasius Kircher. Rome, Gangemi, 2008. ISBN 978-88-492-1416-1
Працы Кірхэра
рэдагаваць- Athanasius Kircher Herzog August Bibliothek (Wolfenbütteler Digitale Bibliothek… пошук па Athanasius Kircher
- Athanasius Kircher ECHO (European Cultural Heritage Online)
- Athanasius Kircher Max Planck Institut für Wissenschaftsgeschichte
- Athanasius Kircher Gallica
- Athanasius Kircher Titles; Athanasius Kircher як аўтар books.google.com
- Athanasius Kircher archive.org
- Athanasius Kircher Munich Digitisation Centre (MDZ)
- Athanasius Kircher University of Strasbourg
- Arca Noë (1675)(недаступная спасылка) у лічбавых зборах Бібліятэкі Лінда-холу
- Ангельскі пераклад China Illustrata пад назовам «Appendix» у: Johan Nieuhof. An embassy from the East-India Company of the United Provinces, to the Grand Tartar Cham, emperor of China : delivered by their excellencies Peter de Goyer and Jacob de Keyzer, at his imperial city of Peking wherein the cities, towns, villages, ports, rivers, &c. in their passages from Canton to Peking are ingeniously described by John Nieuhoff; also an epistle of Father John Adams, their antagonist, concerning the whole negotiation; with an appendix of several remarks taken out of Father Athanasius Kircher ; Englished and set forth with their several sculptures by John Ogilby (1673)