Віктор Юго

францускі літаратар
(Перанакіравана з «Віктор Гюго»)

Вікто́р Юґо́ (па-француску: Victor-Marie Hugo; 26 лютага 1802, Бэзансон, Францыя — 22 траўня 1885, Парыж, Францыя) — францускі пісьменьнік, раманіст, драматург, лідэр рамантычнага руху ў Францыі. Лічыцца адным з найвялікшых і самых выбітных францускіх пісьменьнікаў. У Францыі, літаратурная слава Юґо прыйшла да яго ў першую чаргу праз паэзію, але таксама зьвязана з раманамі і драматычнымі творамі. Па-за Францыяй найбольш вядомымі творамі пісьменьніка лічацца раманы «Адрынутыя» (1862), «Катэдра Парыскай Божай Маці» (1831) і «Чалавек, які сьмяецца» (1869)[9].

Віктор Юго
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 26 лютага 1802(1802-02-26)[1][2][3][…]
Памёр 22 траўня 1885(1885-05-22)[1][2][6][…] (83 гады)
Пахаваны
Бацькі Жазэф Леапольд Сыгісбэр Юго[d][5]
Сафі Трэбюшэ[d][5]
Сужэнец Адэль Фушэ[d][5]
Дзеці Адэль Юго[d][5], Шарль Юго[d][7][5], Франсуа-Віктор Юго[d][7][5] і Леапальдына Юго[d][5]
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці палітык, драматург, навэліст, малявальнік, лібрэтыст, эсэіст, пісьменьнік, ілюстратар, пісьменьнік-падарожнік, паэт, мастацтвазнавец, публіцыст, графік
Гады творчасьці 18191883
Жанр памфлет
Мова француская мова[8]
Узнагароды
афіцэр Ордэну Ганаровага Легіёну кавалер ордэна Ганаровага Легіёну
Подпіс Выява аўтографу

У маладосьці Юґо быў прыхільнікам раялістаў, але зь цягам часу зьмяніў свае погляды да рэспубліканізму. У сваіх працах Віктор закранае палітычныя і сацыяльныя праблемы свайго часу. Пахаваны ў Пантэоне.

Біяграфія

рэдагаваць
 
Партрэт маладога Віктора Юґо працы Жана Алё. 1825 год.

Віктор нарадзіўся ў сям’і генэрала напалеонаўскай арміі Леапольда Сыгісбэра Юґо, якому быў прадастаўлены тытул графа, па сямейнай традыцыі Жазэфам Банапартам, каралём Гішпаніі. Маці пісьменьніка — Сафі Трэбюшэ. Віктор быў самым малодшы сынам у сям’і, а таксама меў двух братоў. Ягонае дзяцінства прайшло ў Парыжы. Частыя знаходжаньні ў Нэапалі і Гішпаніі з прычыны вайсковых прызначэньняў бацькі адбілася на ягоным раньнім узросьце. У 1811 годзе ён разам з братам Эжэнам навучаўся ў рэлігійнай установе Мадрыду, каледжы для шляхцічаў. У 1813 годзе па разрыве шлюбу бацькоў, Віктор разам з маці вярнуўся у Парыж.

У 1817 годзе ён прыняў удзел у конкурсе літаратурнай акадэміі ў Тулюзе. Праз два гады ён стаў ляўрэатам гэтай акадэміі. У 1819 годзе Юґо атрымаў Залатую лілею за «Оду» у гонар ўсталяваньня статуі Генрыху IV і ў 1820 годзе атрымаў яшчэ адную узнагароду як заахвочвальны прыз за іншую оду: «Майсей на Ніле».

Першы высьпелы мастацкі твор Віктора Юґо быў апублікаваны ў лютым 1829 году без пазначэньня імя аўтара і адлюстроўваў вострыя сацыяльныя пытаньні, якімі прасякнутыя ягоныя пазьнейшыя творы. «Апошні дзень асуджанага на сьмерць» зробіць глыбокі ўплыў на такіх пазьнейшых літаратараў, як то Альбэр Камю, Чарлз Дыкенз і Фёдар Дастаеўскі. Кароткі дакумэнтальны аповяд «Клёд Гё», які распавядае пра рэальнага забойцу, пакаранага сьмерцю ў Францыі, быў апублікаваны ў 1834 годзе. Сам Юґо пазьней лічыў яго папярэднікам сваёй вялікай працы аб сацыяльнай несправядлівасьці «Адрынутыя».

Юґо стаў лідэрам рамантычнага літаратурнага руху з п’есамі «Кромўэл» (1827) і «Эрнані» (1830)[10]. «Эрнані» абвесьціў аб надыходзе францускага рамантызму. Гэтая п’еса ставілася ў тэатры Камэдзі-Франсэз і выклікала абурэньне з боку традыцыяналістаў, якім не спадабалася наўмыснае ігнараваньне п’есай неаклясычных правілаў. Папулярнасьць Юґо як драматурга ўзрасла з наступнымі п’есамі, як то «Марыён Дэлёрм» (1831), «Кароль забаўляўся» (1832) і «Руй Бляс» (1838)[11]. Раман Юґо «Катэдра Парыскай Божай Маці» пабачыў сьвет у 1831 годзе і хутка быў перакладзены на іншыя мовы ва ўсёй Эўропе. Адным з наступстваў раману стала ганьба ўладаў Парыжа за тое, што яны не сьпяшаліся аднавіць занядбаную катэдру. З гэтага часу яна прыцягвала тысячы турыстаў, якія прачыталі папулярны раман.

 
Віктор Юґо ў 1829 годзе.

Пасьля трох няўдалых спробаў Юґо быў, у рэшце рэшт, абраны ў Францускую акадэмію ў 1841 годзе, што ўмацавала ягоныя пазыцыі ў сьвеце францускага мастацтва і літаратуры. Група францускіх акадэмікаў, асабліва Эт’ен дэ Жуі, змагалася супраць «рамантычнай эвалюцыі» і здолела адтэрмінаваць абраньне Віктора Юґо. Пасьля абраньня літаратар усё больш актыўна браў удзел у французскай палітыцы. Юґо стаў дэпутатам верхняй палаты парлямэнту як пэр у 1845 годзе, дзе выступаў супраць сьмяротнай кары і сацыяльнай несправядлівасьці, а таксама абараняў свабоду друку. У 1848 годзе Юґо быў абраны ў Нацыянальны сход Другой рэспублікі як кансэрватар. У 1849 годзе ён спыніў стасункі з кансэрватарамі, калі выступіў зь вядомай прамовай, заклікаючы пакласьці канец бяздольлю і галечы. Іншыя выступы заклікалі да ўсеагульнага выбарчага права і бясплатнай адукацыі для ўсіх дзяцей. Барацьба літаратара за адмену сьмяротнага пакараньня набыла сусьветную вядомасьць.

Юґо выказваў думку, што вайна паміж эўрапейцамі паводле сутнасьці ёсьць грамадзянскай вайной[12]. Ён быў зацятым прыхільнікам стварэньня Злучаных Штатаў Эўропы. Свае погляды на гэты конт як палітык ён выказаў у прамове, з якой выступіў падчас Міжнароднага кангрэса міру, які ладзіўся ў Парыжы ў 1849 годзе. Кангрэс, прэзыдэнтам якога быў Юґо, меў міжнародны посьпех, прывабіўшы такіх вядомых філёзафаў, як Фрэдэрык Бастыя, Чарлз Гілпін, Рычард Кобдэн і Гэнры Рычард. Канфэрэнцыя дапамагла літаратару стаць вядомым прамоўцам і спрыяла ягоной міжнароднай вядомасьці, а таксама прасунула ідэю Злучаных Штатаў Эўропы.

 
Юґо ў высылцы на востраве Джэрзі ў пэрыяд з 1853 па 1855 гады.

Калі Люі-Напалеон захапіў усю ўладу ў краіне ў 1851 годзе, прасунуўшы антыпарлямэнцкую канстытуцыю і агаласіўшы сябе Напалеонам III, Юґо адкрыта абвесьціў яго здраднікам Францыі. Ён пераехаў у Брусэль, а потым на востраў Джэрзі, адкуль быў выгнаны за падтрымку адной зь мясцовых газэтаў, якая крытыкавала каралеву Вікторыю. Нарэшце ён пасяліўся з сваёй сям’ёй у Атвіль-гаўсе на востраве Гернсі, дзе жыў у выгнаньні з кастрычніка 1855 па 1870 гады. Знаходзячыся ў эміграцыі, Юґо публікаваў свае знакамітыя палітычныя памфлеты супраць Напалеона III. Памфлеты былі забароненыя ў Францыі, але, тым не менш, мелі там моцны ўплыў. Літаратар таксама напісаў або апублікаваў некаторыя з сваіх найлепшых твораў падчас часу жыцьця на Гернсі, у тым ліку «Адрынутых» і тры ўхваленыя зборнікі паэзіі.

Юґо пачаў плянаваць вялікі раман пра сацыяльныя пакуты і несправядлівасьць яшчэ ў 1830-х гадах, але спатрэбілася цэлых 17 гадоў, каб твор «Адрынутыя» быў скончаны і, нарэшце, апублікаваны ў 1862 годзе. Аўтар выправіўся ў Тулён, каб наведаць мясцовую турму ў 1839 годзе. Там ён зрабіў шмат нататак, але пісаць кнігу пачаў толькі ў 1845 годзе. На адной з старонак нататніку пра турму Юґо вялікімі друкаванымі літарамі пазначыў імя свайго галоўнага героя — Жан Трэжан. Аднак, калі кніга пабачыла сьвет імя героя зьмянілася на Жан Вальжан[13].

Юґо добра ўсьведамляў якасьць раману, пра што сьведчыць ліст, які ён напісаў свайму выдаўцу Альбэру Лякруа 23 сакавіка 1862 году, што ён перакананы ў тым, што гэтая кніга стане адной з найлепшых ягоных працаў[14]. Права на публікацыю твору атрымала бэльгійскае выдавецтва Лякруа-і-Вэрбукговэн, якая прапанавала самую выгадную цану. Бэльгійцы распачалі незвычайную для таго часу маркетынгавую кампанію, надаслаўшы прэсавыя рэлізы пра твор за паўгоды да выхаду твору ў друк. Таксама першапачаткова была апублікаваная толькі першая частка раману («Фантына»), якую адначасова распаўсюджвалі ў буйных гарадах. Часткі кнігі разышліся за некалькі гадзінаў і зрабілі велізарны ўплыў на францускае грамадзтва.

 
Юґо на фатаздымку 1861 году.

Вядомыя крытыкі агулам варожа паставіліся да раману. Іпаліт Тэн палічыў працу няшчырай, Барбэ д’Арэвільлі паскардзіўся на ейную вульгарнасьць, Гюстаў Флябэр не знайшоў у ёй «ані праўды, ані велічы», браты Ганкур крытыкавалі ейную штучнасьць, а Шарль Бадлер, не зважаючы на прыхільныя водгукі ў газэтах, крытыкаваў яе ў прыватным парадку як агідную і няўмелую. Тым ня менш, «Адрынутыя» набылі вялікую папулярнсьць у масах, што пытаньні, якія асьвятляліся ў рамане, неўзабаве трапілі на парадак дня Нацыянальнага сходу Францыі. Сёньня раман застаецца самым вядомым творам літаратара. Папулярны ён ўва ўсім сьвеце і быў адаптаваны для кіно, тэлебачаньня і сцэнічных шоў.

Распаўсюджаная, але непацьверджаная, гісторыя[15], якая распавядае пра самую кароткую ў гісторыі перапіску паміж Юґо і ягоным выдаўцом у 1862 годзе. Юґо быў у адпачынку, калі быў апублікаваны ягоны раман. Літаратар запытаўся пра рэакцыю на твор, даслаўшы выдаўцу тэлеграму з адным сымбалем «?». Выдавец адказаў сымбалем «!», каб пазначыць посьпех твору[16]. Юґо адышоў ад сацыяльных і палітычных пытаньняў у сваім наступным рамане «Працаўнікі мора», апублікаваным у 1866 годзе. Кніга была таксама ўхваленая, магчыма, дзякуючы папярэдняму посьпеху «Адрынутых». Новы раман быў прысьвечаны востраву Гернсі, дзе Юґо жыў 15 гадоў свайго выгнаньня. Твор распавядае пра чалавека, які спрабуе здабыць ухвалу бацькі сваёй каханкі, выратаваўшы карабель, капітан якога спадзяецца ўцячы з скарбам. Рыбак выжывае ў зьнясільнай бітве чалавечай тэхнікі супраць сілаў мора і амаль мітычнага марскога зьвера, якім у рамане паказаны гіганцкі кальмар. Зважаючы на тое, што твор мае прыгодніцкі характар, адзін зь біёграфаў Юґо выказаў здагадку, што гэта была мэтафара XIX стагодзьдзя, часу тэхнічнага прагрэса, творчага генія і цяжкай працы, каб пераадолець іманэнтнае зло матэрыяльнага сьвету[17]. Слова, якое выкарыстоўвалася на Гернсі дзеля абазначэньня кальмара (франц. pieuvre) атрымала шырокае выкарыстаньне ў францускай мове, дзякуючы менавіта Юґо. Аўтар вярнуўся да палітычных і сацыяльных праблемаў у сваім наступным рамане «Чалавек, які сьмяецца», які быў апублікаваны ў 1869 годзе і маляваў крытычную карціну арыстакратыі. Раман ня быў такім пасьпяховым, як ягоныя папярэднія творы. Сам Юґо пачаў адзначаць усё большую дыстанцыю паміж ім і ягонымі літаратурнымі сучаснікамі, як то Гюставам Флябэрам і Эмілем Заля, чые рэалістычныя і натуралістычныя раманы цяпер перавышалі папулярнасьць ягоных твораў.

 
Фатаздымак Віктора Юґо 1883 году.

Не зважаючы на тое, Напалеон III абвесьціў амністыю ўсім палітычным дзеячам у 1859 годзе, Юґо адмовіўся вяртацца на радзіму, бо гэта азначала, што яму давядзецца скараціць сваю крытыку ўраду. Толькі пасьля таго, як Напалеон III адышоў ад улады і была абвешчаная Трэцяя рэспубліка, Юґо вярнуўся ў Францыю ў 1870 годзе, дзе краіна вітала яго як нацыянальнага героя. Ён быў хутка абраны ў Нацыянальны сход. 14 ліпеня 1870 году пісьменьнік пасадзіў гэтак званы дуб Злучаных Штатаў Эўропы ў садзе Атвіль-гаўса, дзе ён жыў падчас свайго выгнаньня на Гернсі. Літаратар быў у Парыжы падчас ягонай аблогі прускай арміяй у 1870 годзе. Вядома, што ён еў жывёлаў, перададзеных яму з Парыскага заапарку. Паколькі аблога працягвалася, а ежа станавілася ўсё больш дэфіцытнай, ён пазначыў у сваім нататніку, што быў вымушаны «есьці невядомае»[18].

 
Камунары на барыкадах абараняюць вуліцу Рывалі.

За часам існаваньня рэвалюцыйнай Парыскай камуны, якая здабыла ўладу 18 сакавіка 1871 году і трымалася да 28 траўня, Віктор Юґо жорстка крытыкаваў зьверствы, учыненыя з абодвух бакоў. 9 красавіка ён напісаў у сваім нататніку, што камуна такая ж ідыёцкая, як люты Нацыянальны сход, адзначыўшы глупства з абодвух бакоў[19]. Тым ня менш, ён падтрымліваў сябраў камуны, якіх жорстка рэпрэсавалі. Літаратар з 22 сакавіка быў ў Брусэлі, калі ў нумары бэльгійскай газэты L’Indépendance за 27 траўня Юґо асудзіў адмову бэльгійскага ўраду даць палітычны прытулак камунарам, якім пагражалі турэмнае зьняволеньне, выгнаньне або пакараньне[20]. Гэта выклікала вялікі розгалас, а ўвечары таго ж дня натоўп зь пяцідзесяці ці шасьцідзесяці чалавек паспрабаваў уварвацца ў дом пісьменьніка з заклікамі яго забіць. Не зважаючы на сваю папулярнасьць, літаратар ня здолеў пераабрацца ў Нацыянальны сход у 1872 годзе. Свой апошні раман «Дзевяноста тры» Юґо апублікаваў у 1874 годзе. Ён прысьвечаны тэме, якую Юґо раней пазьбягаў, то бок панаваньне тэрору за час Францускай рэвалюцыі. Не зважаючы на тое, што папулярнасьць аўтара ў той час ужо значна зьнізілася, гэты твор часам лічыцца творам нароўні з больш вядомымі раманамі Юґо.

Масавыя забойствы балканскіх хрысьціянаў туркамі ў 1876 годзе натхнілі яго напісаць прамову «За Сэрбію» ў газэце сваіх сыноў Le Rappel. Гэтая прамова сёньня лічыцца адным з асноватворных актаў эўрапейскага ідэалу[21]. Усё жыцьцё Юґо верыў у нястрымны гуманістычны прагрэс. У сваёй апошняй публічнай прамове 3 жніўня 1879 году ён аптымістычна прарочыў, што ў XX стагодзьдзі зьнікнуць войны, эшафот, нянавісьць, межы і догмы, і толькі чалавек без усяго памянёнага працягне існаваць[22].

 
Натоўп на пахаваньні літаратара.
 
Катафалк зь Юґо ля Трыюмфальнай аркі.

У 1868 годзе памерла жонка літаратара Адэль. Не зважаючы на асабістую страту, Юґо заставаўся адданым справе палітычных пераменаў. 30 студзеня 1876 году ён быў абраны ў наваствораны Сэнат. Гэты апошні этап ягонай палітычнай кар’еры быў прызнаны правальным, бо ён дамогся нязначнага ў Сэнаце. 27 чэрвеня 1878 году ён перанёс лёгкі інсульт[23][24]. Юґо шырока дзначыў сваё 80-годзьдзе, якое суправаджалася ўрачыстасьцямі ў гонар пісьменьніка. Гэтак 25 чэрвеня 1881 году яму была падораная сэўрская ваза, традыцыйны падарунак для сувэрэнаў. 27 чэрвеня адбыўся адзін з найбуйнейшых парадаў у гісторыі Францыі. Марш расьцягнуўся ад авэню д’Элё, дзе жыў аўтар, уздоўж Элізэйскіх палёў і ажно да цэнтру Парыжа. Працэсія цягнулася ажно шэсьць гадзінаў. Юґо ўвесь гэты час сядзеў ля вакна свайго дома і назіраў за ёй. Кожная дэталь падзеі была прысьвечаная юбіляру. Гэтак удзельнікі шэсьця нават прычаплялі на адзеньне валошкі ў якасьці алюзіі на песьню Фантыны ў «Адрынутых». 28 чэрвеня ўлады Парыжу зьмянілі назву авэню д’Элё на авэню Віктора Юґо. Лісты, накіраваныя аўтару, з тых часоў былі пазначаныя як «Мсье Віктору Юґо, на ягоную авэню, Парыж».

За два дні да сьмерці ён пакінуў цыдулку з апошнімі словамі: «Кахаць — значыць дзейнічаць». 20 траўня 1885 году Le Petit Journal апублікаваў афіцыйную мэдычную даведку аб стане здароўя Юґо. Літаратар быў у сьвядомасьці і ўсьведамляў, што больш няма недзеі на акрыяньне. Юґо пайшоў з жыцьця 22 траўня 1885 году ў веку 83 гадоў. Чыньнікам сьмерці была пнэўманія. Па сьмерці аўтара ў краіне была агалошаная нацыянальная жалоба. Яго шанавалі ня толькі як выбітнага літаратара, але як дзяржаўнага дзеяча, які сфармаваў Трэцюю рэспубліку і дэмакратыю ў Францыі. Усё сваё жыцьцё ён заставаўся абаронцам свабоды, роўнасьці і братэрства, а таксама непахісным прыхільнікам францускай культуры. Не зважаючы на тое, што ён прасіў сьціплага пахаваньня, указам прэзыдэнта краіны Жуля Грэві, была учыненая дзяржаўная ганаровая цырымонія, якую Ніцшэ ахарактаразаваў як «сапраўдную оргію кепскага густу»[25]. Больш за два мільёны чалавек далучыліся да пахавальнай працэсіі Юґо ў Парыжы, якая крочыла ад Трыюмфальнай аркі да Пантэона, дзе і быў пахаваны Юґо. Ягоныя парэшткі дзеляць склеп у Пантэоне з Аляксандрам Дзюма і Эмілем Заля.

Ушанаваньне

рэдагаваць
 
Шыльда вуліцы Вітора-Юґо ў Парыжы.
 
Помнік Юґо ў Рыме.

Ягоная спадчына была ўганараваная рознымі спосабамі, у тым ліку ягоны партрэт быў зьмешчаны на францускай грашовай адзінцы. На Гернсі была ўсталяваная статуя літаратара працы скульптара Жана Бушэ ў Кэндзі-Гардэнз у памяць аб тым, што Юґо жыў на астравах. У дамах літаратара Атвіль-гаўс на востраве Гернсі ды па адрасе пляц Вуж у Парыжы сёньня месьцяцца музэі. Дом, дзе пісьменьнік спыняўся ў люксэмбурскім Віяндэне ў 1871 годзе, таксама стаў мэмарыяльным музэем.

Авэню Віктора-Юґо ў 16-й акрузе Парыжа носіць імя літаратара і зьвязвае пляц Этуаль з навакольлем Булёнскага лесу праз пляц Віктора-Юґо. На гэтым пляцу маецца прыпынак парыскага мэтро, які таксама носіць імя Юґо. У горадзе Бэзье галоўная вуліца, школа, шпіталь і некалькі кавярняў уганароўваюць у сваёй назьве знакамітага пісьменьніка. Шэраг вуліцаў і праспэктаў ва ўсёй Францыі носяць ягонае імя. Ліцэй Віктора Юґо быў закладзены ў горадзе ягонага нараджэньня, то бок у Бэзансоне. Вуліцы імя Юґо таксама можна знайсьці ў Канадзе і ЗША.

Насупраць музэю Карлё Білёцьці ў Рыме стаіць помнік Юґо. У Гаване на Кубе ёсьць парк, названы ў гонар літаратара. Бюст Юґо стаіць ля ўваходу ў Стары летні палац у Пэкіне. Мазаіка ў памяць аб Юґо ўсталяваная на столі будынка Томаса Джэфэрсана комплексу Бібліятэкі Кангрэсу. Юґо ўшаноўваецца як сьвяты ў віетнамскай рэлігіі каадай, новай рэлігіі, заснаванай у Віетнаме ў 1926 годзе[26]. Ягоным імём названы кратэр на плянэце Мэркур.

Беларускія пераклады

рэдагаваць
  • «Адвержаныя»:
    • Гаўрош: Апавяданне для дзяцей / Апрац. С. А. Іванчына-Пісарава. — Мн.: Белдзяржвыд, 1931.
    • Казэта: З роману «Адрынутыя» / Пер.з руск. А. Р. Ламацкага. — Мн.: ДВБ.Юндзетсектар, 1932.
    • Дзевяноста трэці: Раман / Віктар ГЮґо. — Мн.: Дзяржвыд Беларусі. Юн. літ., 1937.
    • Казета: Пер. з рус. мовы / В.ГЮґо. — Мн.: ДВБ. Дзіцячая. літ., 1937.
    • Адвержаныя: Скароч. тэкст: Пер. з рус. мовы. — Мн.: ДВБ. Дзіцячая. літ., 1938.
    • Гаўрош: Пер. з рус. мовы / Віктор ГЮґо. — Мн.: ДВБ. Дзіцячая літ., 1938.
    • Гаўрош: Пер. з рус. — Мн.: Дзярж. выд-ва БССР, 1946.
    • Казета (Урывак з рамана «Адвержаныя»): Для малод. узросту / Пер. У.Шахаўца. — Мн.: Белдзяржвыд. Рэд. дзіцяч.і юнац. літ., 1957.
  • На барыкадзе (перакл. Ю. Жалезка) // Annus Albaruthenicus = Год Беларускі. № 1/2000.
  1. ^ а б Victor Hugo (нід.)
  2. ^ а б Victor Hugo (фр.) / Assemblée nationale
  3. ^ Victor Marie Hugo (фр.)ministère de la Culture.
  4. ^ а б Архіў гістарычных запісаў — 1808.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
  6. ^ Victor Hugo // KulturNav (анг.) — 2015.
  7. ^ а б в Венгерова З. Гюго, Виктор (рас.) // Энциклопедический словарьСПб: Брокгауз — Ефрон, 1893. — Т. IXа. — С. 956—959.
  8. ^ Hugo, Victor, 1802-1885 // CONOR.SI
  9. ^ Год Віктора Гюго. Золата Свабоды/Вострая брама. Радыё Свабода
  10. ^ «Victor Hugo: Les Misérables». State Library of Victoria.
  11. ^ Brockett, Oscar G. (1999). «History of the Theatre». Eight Edition. Boston: Allyn & Bacon. — С. 339.
  12. ^ Hugo, Victor (1972) «Choses vues». Gallimard. — С. 258. — ISBN 2-07-036141-1.
  13. ^ «Le Bagne de Toulon (1748–1873)». Académie du Var, Autres Temps Editions (2010). — ISBN 978-2-84521-394-4.
  14. ^ «Les Misérables de Victor Hugo». Alalettre.com.
  15. ^ Garson O’Toole. «Briefest Correspondence: Question Mark? Exclamation Mark!». Quote Investigator.
  16. ^ McWhirter, Norris (1981). «Guinness Book of World Records: 1981 Edition». Bantam Books. — p. 216.
  17. ^ Robb 1997. С. 414.
  18. ^ «Victor Hugo’s diary tells how Parisians dined on zoo animals». The Spokesman-Review.
  19. ^ Hugo, Victor (1972). «Choses vues, 1870–1885». Gallimard. — С. 164. — ISBN 2-07-036141-1.
  20. ^ Hugo, Victor (1.01.1872). «Actes et paroles: 1870–1871–1872». Michel Lévy frères.
  21. ^ «Bicentenaire de Victor Hugo (1802—2002)». Sénat.
  22. ^ Victor, Hugo (18.02.2014). «La Fin de Satan: Nouvelle édition augmentée». Arvensa editions. — ISBN 9782368413029.
  23. ^ Robb 1997. С. 506.
  24. ^ Liukkonen, Petri. «Victor Hugo». Books and Writers. Finland: Kuusankoski Public Library.
  25. ^ Friedrich Nietzsche (1886). «Beyond Good and Evil». OUP Oxford. — С. 145. — ISBN 978-0-19-953707-5.
  26. ^ «Caodaism: A Vietnamese-centred religion». Religious Tolerance.

Літаратура

рэдагаваць
  • Robb, Graham Victor Hugo: A Biography. — W. W. Norton & Company, 1997. — ISBN 9780393318999

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць