Унія (часопіс)

беларускі грэка-каталіцкі часопіс у 1990—1995 роках

«У́нія» — непэрыядычны рэлігійны часопіс, які выдаваўся ў Менску ў 1990—1995 роках. Першапачаткова ставіў сваёй задачай дасьледаваць беларускую духоўнасьць і ініцыяваць адраджэньне Грэка-каталіцкай (Уніяцкай) Царквы ў Беларусі. Выйшлі чатыры нумары беларускай мовай клясычным правапісам, адзін зь якіх таксама быў выдадзены па-ўкраінску.

Унія
Краіна Беларусь Беларусь
Заснавальнік Сяржук Абламейка
Выдавец Суполка «Унія»
Галоўны рэдактар Ірына Дубянецкая
Дата заснаваньня 1990
Дата закрыцьця 1995
Мова беларуская, украінская
Аб’ём 32—48 старонак
Наклад 2000—10 000

МінуўшчынаРэдагаваць

Ініцыятыва нарадзілася ў асяродку нефармальных моладзевых суполак, аб’яднаных вакол ідэі нацыянальнага адраджэньня і дэмакратычных пераўтварэньняў напрыканцы 1980-х рокаў, калі Беларусь была ў складзе СССР. Першапачатковая ідэя старонкі пра рэлігійныя пошукі і Унію ў газэце «Супольнасьць» Канфэдэрацыі беларускіх моладзевых суполак пераўтварылася ў часопіс «Унія» дзеля вывучэньня беларускай духоўнасьці праз гісторыю і культуралёгію[1].

Першы нумар часопісу меў падзагаловак «Выданьне беларускае ўніяцкае моладзі». У ім паведамлялася, што 13 ліпеня 1990 року ў Менску ўтварылася суполка «Унія», якая будзе выдаўцом часопісу. 6 жніўня 1990 року ў Доме літаратара адбылася вечарына, на якой часопіс быў упершыню прадстаўлены. Ён быў надрукаваны ў друкарні «Liesma» (Рыга, Латвія) накладам 10 тыс. асобнікаў[2]. У ягонай падрыхтоўцы бралі ўдзел Ірына Дубянецкая, Караліна Мацкевіч і Міхал Анемпадыстаў[3]. Часопіс прадаваўся распаўсюднікамі непадцэнзурных выданьняў на мітынгах, вечарынах, зьездах і пад.

Другі нумар выйшаў у канцы 1990 року з новым падзагалоўкам — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя». Сябры рэдакцыі: Сяржук Абламейка (заснавальнік), Ігар Бабкоў, Юрась Быкаў, Сяржук Вітушка, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (галоўная рэдактарка), Галіна Жарко, Генадзь Лойка (мастацкі рэдактар), Караліна Мацкевіч (тэхнічная рэдактарка) і Алена Ткачова[4].

Трэці нумар выйшаў у 1991 року. Паралельна часопіс быў выдадзены на ўкраінскай мове для распаўсюду ва Ўкраіне. Часопіс атрымаў дзяржаўную рэгістрацыю (заснавальнік — Сяргей Абламейка) і мог распаўсюджвацца празь дзяржаўную сетку распаўсюду. У складзе рэдакцыі пазначаныя Ірына Дубянецкая (галоўная рэдактарка), Караліна Мацкевіч (адказная рэдактарка), Алена Ткачова (мастацкая рэдактарка), Галіна Дубянецкая, Генадзь Лойка, Андрусь Пазьняк і Эдвард Тарлецкі. У ліку фундатараў нумара: Уладзімер Арлоў, Юрась Беленькі, Галіна Дубянецкая, айцец Аляксандар Надсан (Вялікабрытанія), Алесь Палескі (Канада), Лія Салавей, Натальля і Зьміцер Санько і Эдвард Тарлецкі[5].

Чацьверты нумар выйшаў у 1995 року, калі стваральнікі часопісу — Сяргей Абламейка, Ірына Дубянецкая і Караліна Мацкевіч — працавалі ці навучаліся за мяжой. Яго рыхтавалі Натальля Альхова, Галіна Дубянецкая, Ірына Дубянецкая (рэдактарка), Ігар Іваноў, Сяржук Няхамес і Алена Ткачова (мастацкая рэдактарка)[6].

ЗьместРэдагаваць

Першы нумар адкрываўся зваротам ад выдаўцоў «Мілы браце!», які сфармуляваў першапачатковую задачу выданьня: «Называецца вера нашая Грэка-Каталіцкая, або Уніяцкая […] Мы паспрабуем расказаць у гэтым выданьні, што самі ведаем пра нашую Унію». Тры гістарычныя матэрыялы склалі асноўны аб’ём гэтага нумара: «Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі» Міхаліны (Ірына Дубянецкая), «Апалёгія Вуніі» Сяржука Мамчыца (Сяргей Абламейка) і выступ Адама Мальдзіса на канфэрэнцыі ТБМ «Мы павінны зьмяніць свае адносіны да Уніі…» Адзін з цэнтральных матэрыялаў — інтэрвію з а. Аляксандрам Надсанам, запісанае падчас першага прыезду сьвятара ў Беларусь у сакавіку 1990 року. Багаслоўе прадстаўлена кароткім нарысам Казімера Сваяка, а паэзія — вершамі Ўладзімера Жылкі і Алеся Разанава. Зь першага нумару пачаўся разьдзел «Хвалу Богу пяём, пяём», прысьвечаны беларускім царкоўным сьпевам. Першы нумар пачаў таксама публікаваць хроніку адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы.

Багатае графічнае аздабленьне часопісу зрабіла яго адметным сярод пазацэнзурных выданьняў у тагачаснай Беларусі. На вокладцы першага і другога нумароў — цярновы вянок, выкананы Міхалам Анемпадыставым.

Другі нумар меў новы падзагаловак — «Часопіс хрысьціянскага сумоўя» — які адлюстроўваў і новы інтарэс рэдакцыі: у разьдзеле «Шляхі да сумоўя» паэт Зніч (праваслаўны) і паэтка Данута Бічэль-Загнетава (рыма-каталічка) разважалі пра сутнасьць і зьмест хрысьціянскага адзінства для Беларусі. А грэка-каталіцкі погляд быў прадстаўлены перадрукам артыкулу Льва Гарошкі «Няўміручая ідэя» з часопісу «Божым шляхам», які гэты сьвятар выдаваў у Парыжы і Лёндане. Сучаснае багаслоўе было прадстаўлена трыма тэкстамі на тэму сьвятарскага пакліканьня, пачаткам «Катэхізма айца Пётры» (працяг якога зьявіўся ў трэцім нумары, але не атрымаў далейшага працягу) і артыкулам «Таямніцы Ружанцу» Яна Лук’яновіча. Зь літаратурных твораў — творы Трыпутніка (Галіна Дубянецкая), Ігара Бабкова, Натальлі Арсеньневай і Вольгі Куртаніч. Сяргей Горбік напісаў гісторыю Петрапаўлаўскай царквы ў Менску, а Караліна Мацкевіч і Сяржук Вітушка — пра традыцыі сьвяткаваньня Калядаў. У гэтым нумары зьяўляецца першы артыкул у разьдзеле «Беларускія абразы», які вёў знаўца ўніяцкага іканапісу Юры Хадыка. Зьяўляецца першы артыкул-агляд адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы Паўла Богдана (Сяржук Абламейка). Асобныя малюнкі багата ілюстраванага нумара падпісаны: А. Жыгоцкая, Г. Лойка, А. Ткачова.

У трэцім нумары заўважаецца прысутнасьць рыма-каталіцкіх аўтараў: Міхал Сапель (тады — пробашч першай у Менску беларускамоўнай рыма-каталіцкай парафіі сьв. Роха), Тамаш Кемпійскі (уступ да ўрыўку зь ягонага «Сьледам за Хрыстом» стварыў Эдвард Тарлецкі) і Казімер Сваяк. Пётра Смык і Алег Дзярновіч разважаюць пра пэрспэктыву адзінства царкоўнага календара ў Беларусі. Тацяна Шамякіна апублікавала першы тэкст у разьдзеле «У культурнай традыцыі сьвету», якія меўся ствараць дыскурс пра беларускую духоўную традыцыю ў сусьветным кантэксьце. У малітоўнай прозе «Дазволь прыйсьці» Міхаліна (Ірына Дубянецкая) распавядае пра першую грэка-каталіцкую пілігрымку, а ў канцы нумара — рэпартаж пра першую паездку беларускай моладзі на экумэнічную сустрэчу, арганізаваную супольнасьцю Тэзэ (грамада). Літаратура прадстаўленая творамі Алеся Гаруна і Галіны Дубянецкай, а разьдзел «Шляхі да сумоўя» — рэфлексіяй пастара Эрнста Сабілы.

Адной з тэмаў чацьвертага нумару стала сьвята Перамяненьня. Яму прысьвечаная казань а. Аляксандра Надсана, біблейскае эсэ Ірыны Дубянецкай і артыкул Юрыя Хадыкі ў разьдзеле «Беларускія абразы». Другая тэма — імёны любові і Бога, якой прысьвечаны пераклад з Максіма Вызнаўцы, эсэ Караліны Мацкевіч пра традыцыю Божага Імя ў старажытна-гэбрайскай і старажытна-хрысьціянскай традыцыях і артыкул-інструкцыя а. Віктара Данілава пра Ісусаву малітву. Гісторыя Грэка-Каталіцкай Царквы разглядаецца ў артыкулах Сяржука Абламейкі і Казімера Сваяка. Літаратура прадстаўленая творамі Якуба Коласа, Лукаша Трыпутніка (Галіна Дубянецкая) і Людкі Сільновай. У разьдзеле «Шляхі да сумоўя» — інтэрвію зь Ёзафам Марыяй дэ Вольфам, сакратаром дабрачыннай арганізацыі «Царква ў патрэбе». У нумары — пачатак цыклю пра ўсходнія каталіцкія абрады Алеся Ліцьвіна, а ў разьдзеле «Раздарожжа» — малітоўная проза Міхаліны (Ірына Дубянецкая) на тэму кнігі Псальмаў. Агляд «Царква» ў апошнім нумары часопісу занатоўвае і аналізуе грэка-каталіцкае жыцьцё за 1991—1995 рокі: рэгістрацыю першых парафіяў, складаныя стасункі зь дзяржаўнымі органамі, заснаваньне манастыра ў Полацку, безвыніковыя просьбы да Ватыкана аб прызначэньні біскупа.

КрыніцыРэдагаваць

  1. ^ Гісторыя беларускага самвыдату: часопіс “Унія” Mediakritika.by — Інтэрвію зь Ірынай Дубянецкай. Праверана 6 жніўня 2020 г.
  2. ^ Унія № 1, 1990, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
  3. ^ Лаўрык, Ю. і Андросік, л. Пазацэнзурны пэрыядычны друк Беларусі (1971-1990). Каталёг. — Менск: БГАКЦ, 1998. — С. 143. — ISBN 985-6012-58-9
  4. ^ Унія № 2, 1990, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
  5. ^ Унія № 1(3), 1991, стар. 32 (выходныя зьвесткі)
  6. ^ Унія № 4, 1995, стар. 48 (выходныя зьвесткі)

Вонкавыя спасылкіРэдагаваць