Эрнэст Сабіла

беларускі пратэстанцкі актывіст
(Перанакіравана з «Эрнст Сабіла»)

Эрнэ́ст Сабі́ла (18 сакавіка 1932, Дзегцяроўка, Менскі раён — 5 лютага 2022) — беларускі пратэстанцкі рэлігійны і грамадзкі дзяяч, дысыдэнт.

Эрнэст Сабіла
Дата нараджэньня 18 сакавіка 1932(1932-03-18)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 5 лютага 2022(2022-02-05) (89 гадоў)
Месца вучобы
Занятак прэсьбітар
Сябра ў Беларуская хрысьціянска-дэмакратычная злучнасьць[d]
Узнагароды
Мэдаль да стагодзьдзя БНР

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў вёсцы Дзегцяроўцы Менскага раёну. Навучаўся ў Менскім мэдычным інстытуце[1].

Ад маленства далучыўся да эвангелістаў, чыя дзейнасьць была легалізаваная падчас нямецкай акупацыі ў Другую сусьветную вайну. На працягу 1943—1944 сям’я Сабілаў супрацоўнічала з адным з савецкіх партызанскіх атрадаў Бабруйшчыны. У 1949 годзе, калі Эрнст Сабіла заканчваў Барысаўскую сярэднюю школу, на яго завялі справу савецкія карныя органы: ён хацеў стварыць беларускую арганізацыю, якая б базавалася на абароне нацыянальных, рэлігійных і сацыяльных свабодаў беларусаў.

У 1951 годзе, будучы студэнтам, быў арыштаваны па арт. 72-Б Крымінальнага кодэксу БССР («актыўная агітацыя з ужываньнем нацыянальных і рэлігійных забабонаў»). Быў прысуджаны да расстрэлу[2], але расстрэльны прысуд быў заменены на 25 гадоў канцлягераў.

Зьбег зь лягеру, каля 700 кілямэтраў прайшоў па тайзе, быў зноў арыштаваны. Зноў уцякаў і зноў быў злоўлены.

У 1964, праз 13 гадоў зьняволеньня, быў вызвалены і вярнуўся да актыўнай рэлігійнай дзейнасьці. З часу вызваленьня знаходзіўся пад наглядам КДБ[2].

У 1970-х г. здолеў скончыць вячэрняе аддзяленьне Менскага інстытуту замежных моваў.

З 1988 г. прасьвітар Эвангельскай царквы.

У 1989 г. пастар Сабіла асьвяціў першы зьезд Беларускага народнага фронту: на першым зьезьдзе БНФ Эрнст Сабіла зачытваў Біблію, асьвячаючы палітычнае мерапрыемства[3].

З другой паловы 2000-х — сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, удзельнік яе Нацыянальнай рады[4].

Пераклаў Новы Запавет і Псальмы на беларускую мову. Узнагароджаны Радай БНР мэдалём да 100 БНР.

Пахаваны ў сваёй роднай вёсцы Дзегцяроўцы пад Менскам.

  1. ^ Пастар Сабіла Эрнст Канстанцінавіч. spadchyna.net. Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  2. ^ а б Віншаванні з днём народзінаў Эрнста Сабілы. Пакаяньне. Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  3. ^ Да Каваленкі дапусцілі пастара Сабілу. Наша Ніва (9 сакавіка 2012). Праверана 9 сакавіка 2012 г.
  4. ^ Сяргей Пульша. З’езд БХД абраў кіраўнікоў партыі, прыняў яе статут і праграму // БелаПАН, 28 лютага 2009 г. Праверана 8 красавіка 2013 г.