Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы
| |
Касьцёл Сьвятога Роха
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Каардынаты | 53°54′40″ пн. ш. 27°34′48″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.58° у. д.Каардынаты: 53°54′40″ пн. ш. 27°34′48″ у. д. / 53.91111° пн. ш. 27.58° у. д. |
Канфэсія | каталіцтва |
Эпархія | Менска-Магілёўская архідыяцэзія |
Архітэктурны стыль | нэаготыка |
Дата заснаваньня | 1864 |
Будаваньне | 1861—1864 гады |
Асноўныя даты: | |
Статус | Ахоўная зона |
Стан | дзее |
Сайт | roch.by |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы | |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы на Вікісховішчы |
Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы, таксама Касьцёл Сьвятога Роха — помнік архітэктуры XIX стагодзьдзя ў Менску. Знаходзіцца на Залатой Горцы[a], колішняя кампазыцыйная дамінанта прадмесьця. Дзее. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.
Утвараў адзіны архітэктурны комплекс з капліцай і брамай, зьнішчанымі савецкімі ўладамі.
Гісторыя
рэдагавацьВялікае Княства Літоўскае
рэдагавацьУ XIV ст. вялікі князь Ягайла заснаваў у Менску першую каталіцкую парафію пад тытулам Найсьвяцейшай Тройцы. У гэты час на Траецкай Гары збудавалі першы драўляны Фарны касьцёл.
У 1790 годзе на месцы сучаснага касьцёла ўзьніклі могілкі, якія атрымалі назву Залатагорскіх — ад мясцовасьці Залатой Горкі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
рэдагавацьУ 1796 годзе на Залатагорскіх могілках збудавалі драўляную капліцу Ўсіх Сьвятых. 19 ліпеня 1832 году ксёндз Матэвуш Ліпіц перанёс набажэнствы з Фарнага касьцёла ў капліцу. У 1842 годзе капліца стала парафіяльным касьцёлам.
6 ліпеня 1861 году біскуп Адам Вайткевіч атрымаў дазвол на пабудову новага мураванага касьцёла. 1 лістапада 1864[1] году касьцёл кансэкравалі пад падвойным тытулам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Марыі Панны і Сьвятога Роха. У правым алтары новага касьцёла паставілі фігуру Сьвятога Роха, перанесеную з старой капліцы. Гэтая фігура назвычай шанавалася: на сьвята Сьвятога Роха 16 жніўня на Залатой Горцы зьбіраліся тысячы пілігрымаў. У кастрычніку 1871 году пры касьцёле пачала працаваць школа арганістаў. У 1893 годзе вакол цьвінтару каля касьцёла збудавалі драўляную агароджу з мураванай брамаю.
У 1900—1901 гадох у касьцёле усталявалі паўстажковы арган на дзьве клявіятуры з пэдалямі на 18 галасоў і 7 рэгістраў. У 1902—1905 гадох у касьцёле адрамантавалі званіцу, уваход і закрысьціі, замянілі аконныя рамы, рэстаўравалі некаторыя абразы, пазалочаны і пасрэбраны алтары, жырандоль ды іншае. У 1905 годзе перарабілі арган на вінклевую сыстэму.
У 1910 годзе архітэктар Юзэф Дзяконскі распрацаваў праект новага будынка касьцёла, які аднак не рэалізавалі.
Найноўшы час
рэдагаваць3 траўня 1922 году савецкія ўлады канфіскавалі ў касьцёла срэбра вагой 1 пуд 54 залатнікі, золата — 45 долей, з капліцы побач з касьцёлам — срэбра 13 фунтаў 60 залатнікоў. У 1930 годзе яны зачынілі касьцёл, адабралі алтары, арганы, касьцельныя каштоўнасьці славутую фігуру Сьвятога Роха. За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1942 годзе ў касьцёле часова аднавіліся набажэнствы.
Па вайне будынак касьцёла прыстасавалі пад кнігасховішча Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, а разьмешчаныя вакол Залатагорскія могілкі — зьнішчылі. Суседнія вуліцы забудавалі жылымі дамамі, па чым захілены імі касьцёл апынуўся ўнутры квартала.
У 1983 годзе праводзілася рэстаўрацыя касьцёла, па якой у ім разьмясьцілася канцэртавая заля Беларускай дзяржаўнай філярмоніі. У 1984 годзе ў касьцёле ўсталявалі электрычны арган.
У 1991 годзе аднавілася парафія Найсьвяцейшай Тройцы і набажэнствы. 16 жніўня 1998 году мэталічную фігуру Сьвятога Роха працы скульптара Валер’яна Янушкевіча разьмясьцілі ў правым алтары касьцёла. Прызначэньне першымм пробашчам адроджанай парафіі атрымаў Міхал Сапель[2].
5 ліпеня 2006 году будынак касьцёла цалкам вярнулі каталікам. 17 лютага 2018 году ў касьцёле ўрачыста перапахавалі парэшткі Магдалены Радзівіл. Урну з прахам зьмясьцілі ў левай сьцяне будынка. На пахаваньне прыехалі Мацей і Мікалай Радзівілы, праўнукі Марылена і Адам Замойскія. Нашчадкі Магдалены Радзівіл выконвалі яе апошнюю волю — быць пахаванай у Менску[3].
Архітэктура
рэдагавацьПомнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Гэта 1-нэфавава 1-вежававая базыліка пад 2-схільным дахам зь 5-граннай апсыдай. Мае сымэтрычную аб’ёмна-прасторавую кампазыцыю. Галоўны фасад завяршаецца 2-яруснай прастакутнай у пляне вежай пад 4-схільным шатром. Абапал франтону — дэкаратыўныя вежачкі. Фасады будынка падзяляюцца стылізаванымі 3-прыступкавымі контрфорсамі і стральчатымі нішамі з аконнымі праёмамі. Пэрымэтрам сьценаў ідуць завершаныя разьвітым карнізы. Уваход вылучаецца высокім сьпічастым парталам.
Інтэр’ер мае сымэтрычную кампазыцыю. Цэнтральны нэф і апсыда перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі. У нартэксе — крыжовае скляпеньне. Унутраная паверхня сьценаў дэкаруецца пілястрамі, завершанымі карнізамі. Вокны аздабляюцца арнамэнтальным вітражом.
Галерэя
рэдагавацьГістарычная графіка
рэдагаваць-
Э. Гараздоўскі, 1868 г.
-
Праект рэканструкцыі касьцёла, 1910 г.
-
Г. Нікаля, 1942 г.
-
1942 г.
Гістарычныя здымкі
рэдагаваць-
Ю. Курачынскі, 1870-я гг.
-
1900 г.
-
1901 г.
-
1902 г.
-
С. Някрасаў, 1903 г.
-
1900—1904 гг.
-
А. Паўловіч, 1904—1909 гг.
-
1904—1909 гг.
-
1907 г.
-
1908 г.
-
А. Нядзьведзкі, 1909 г.
-
Э. Вассэр, 1911 г.
-
1912 г.
-
1914 г.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
1918 г.
-
1920-я гг.
-
1941 г.
-
1941—1943 гг.
-
1942—1943 гг.
-
сьнежань 1942 г.
-
15 сакавіка 1941 г.
-
травень 1944 г.
Сучасныя здымкі
рэдагаваць-
Бакавы фасад
-
З боку апсыды
-
Уваходны партал
-
Інтэр'ер
-
Інтэр'ер
-
Агульны выгляд былых могілак
У мастацкай літаратуры
рэдагавацьМенская капліца Сьвятога Роха згадваецца ў рамане Ўладзімера Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». Паводле тэксту рамана, у жніўні 1855 году пэрсанаж Кастуся Каліноўскага пісаў у лісьце Алесю Загорскаму наступнае[4]:
Вось я і еду. У Менску зрабіў прыпынак на чатыры дні і адсюль пішу. Горад вялікі і даволі-такі гразны. Толькі вельмі ўпадабаў Залатую Горку з капліцай старога Роха. Дрэвы вакол, і так прыгожа блішчыць наводдаль Сьвіслач, і дамы за ёй і цэрквы. Добра сядзець і марыць. | ||
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Цяперашні афіцыйны адрас — праспэкт Незалежнасьці, 44а
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 225—226.
- ^ Памёр ксёндз Міхаіл Сапель — першы пробашч адроджанай парафіі святога Роха на Залатой Горцы, Наша Ніва, 10 сьнежня 2021 г.
- ^ Трафімовіч А. «Цяпер яна будзе сярод сваіх людзей». У Менску перапахавалі прах Магдалены Радзівіл, Радыё Свабода, 17 лютага 2018 г.
- ^ Караткевіч У. Каласы пад сярпом тваім. Кніга першая. Выйсце крыніц // Збор твораў у васьмі тамах. Т. 4. — Менск, 1989. С. 304.
Літаратура
рэдагаваць- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Частка I / Тэкст і фота А. Яроменкі. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.: іл. ISBN 985-6628-37-7.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; фатограф А. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл. ISBN 978-985-11-0395-5.
- Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. Кулагін; маст. І. Бокі. — 2-е выд. — Менск: БелЭн, 2001. — 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000193 |