Уладзіслаў Чарняўскі
Уладзісла́ў Чарня́ўскі (1916; засьц. Амружын, цяпер Ашмянскі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 2001, Менск) — беларускі каталіцкі сьвятар. Перакладчык Бібліі й Катэхэзіса на беларускую мову.
Уладзіслаў Чарняўскі | |
Род дзейнасьці | перакладнік, сьвятар |
---|---|
Дата нараджэньня | 14 студзеня 1916 |
Месца нараджэньня | засьценак Амружын, Гальшанская воласьць, Ашмянскі павет, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя |
Дата сьмерці | 22 сьнежня 2001 (85 гадоў) |
Месца сьмерці | Менск, Беларусь |
Месца пахаваньня | |
Занятак | каталіцкі сьвятар, перакладнік |
Біяграфія
рэдагавацьПаходзіць зь сялянскай сям’і, скончыў 4 клясы Вішнеўскай школе, вучыўся ў Крэўскай гімназіі. У 1931—1933 навучаўся ў настаўніцкай гімназіі ў Барунах Ашмянскага павету.
У 1934 пад уплывам свайго дзядзькі кс. Францішка Чарняўскага паступіў у гімназію ў Друі пры кляштары марыянаў. «Я ўжо з Друі быў сьведамым. Як калом увагналі, калі ксяндзоў-беларусаў вывозілі, усё гэта я перажываў. Таму ня трэба мне ні гаварыць, ні вучыць пра беларускасьць»[1]. У 1938 г. скончыў гімназію ў Друі і паступіў у навіцыят (паслушніцтва) Кангрэгацыі айцоў марыянаў. У сувязі з высяленьнем улетку польскай паліцыяй 6 айцоў марыянаў з кляштара ў Друі[2] правёў год навіцыяту ў мястэчку Скужэц(en) (Сядлецкі павет(pl), Люблінскае ваяводзтва, Польская рэспубліка)[3]. Затым паступіў у Сэмінарыю сьвятога Восіпа(en) ў Вільні, якую скончыў у 1945 годзе.
У кастрычніку 1944 г. атрымаў пасьвячэньне на каплянства ад летувіскага біскупа Мечыслава Райніса. Першую імшу адправіў у Крэве (Смаргонскі раён, Гарадзенская вобл., Беларуская ССР) на беларускай мове. Пасьля вярнуўся ў Вільню і пэўны час працаваў у касьцёле Сьв. Ігната. Пасьля арышту кс. Адама Станкевіча разглядаўся як кандыдат на ягонае месца, але прызначэньне не адбылося. Пазьней служыў у парафіях на ўсходзе Летувіскай ССР (Укмэрге, Гегужын, Ернішкі, Варэна, Эйшышкі). Затым перавёўся ў касьцёл Сьвятой Тройцы ў вёсцы Войстам (Смаргонскі раён). У кастрычніку 1953 г. стаў пробашчам касьцёла Панны Марыі ў в. Вішнеў (Валожынскі раён, Менская вобласьць), дзе пасьлядоўна да канца 1980-ых гг. карыстаўся ў пастырстве беларускай мовай[3].
Праводзіў беларускамоўныя імшы нават да ІІ Ватыканскага Сабору (1962—1965) які дазволіў карыстацца нацыянальнымі мовамі: «Я адразу стаў гаварыць па-беларуску. Мяне калі запрашалі, я казаў: калі хочаце ксяндза — буду гаварыць па-беларуску… Некаторыя крывіліся спачатку, казалі, што камуніст, усякая была гаворка. А час прайшоў — і ўсе прывыклі»[1].
У 1966 атрымаў ліст ад папы Паўла VI, у якім меў прапанову абняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Але на гэта не пагадзілася савецкае кіраўніцтва. А ў 1967 Чарняўскі наведаў Ватыкан, куды быў запрошаны Кангрэгацыяй Абрадаў. Там ён сустракаўся з Паўлам VI, які даручыў заняцца перакладам Бібліі на беларускую мову. Пераклаў на беларускую мову сем кніг літургічных тэкстаў. Пераклады былі высланы на апрабату ў Рым, і празь некаторы час айцец Уладзіслаў атрымаў запрашэньне зноў прыехаць у Ватыкан, але савецкія ўлады не далі дазволу на выезд[4].
Прапанова кс. Чарняўскага па ўвядзеньні беларускай мовы ў касьцёле не была падтрыманая іншымі сьвятарамі на Беларусі.
Рымскі папа рабіў захады перад савецкай амбасадай у Рыме пра прызначэньне Чарняўскага біскупам у Беларусі, але складаныя адносіны паміж касьцельным польскім кіраўніцтвам, афіцыйнай Масквой і Ватыканам не дазволілі гэтаму ажыцьцявіцца.
На беларускамоўныя службы ў Вішнева, і проста па маральную падтрымку прыяджалі шматлікія беларускія грамадзка-палітычныя дзеячы. Вёў перапіску зь беларускімі сьвятарамі Францішкам Чарняўскім і Чэславам Сіповічам. Камітэтам Ушанаваньня Ганараваны ордэнам «Гонар Айчыны» (25 сакавіка 1997) і адпаведным дыплёмам. Занесены ў Кнігу гонару «Рупліўцы твае, Беларусь».
Два разы яго запрашаў Ян Павал ІІ ў Ватыкан. «Але я адмовіўся. Адказаў: хай папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганьні…» — тлумачыць пасьля а. Чарняўскі[5].
Пахаваны ў м. Вішнева, Валожынскі раён.
Пераклады
рэдагаваць- Катахізмоўка
- Новы Запавет. Пераклад А. Уладзіслава Чарняўскага. Мн., 1999. 464 с.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Алесь Бяляцкі. Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове // Хрысьціянская думка : часопіс. — 1993. — № 3 (214).
- ^ Міхась Казлоўскі. Павадыр і слуга // Наша вера : часопіс. — 2001. — № 1 (15).
- ^ а б Ніна Баршчэўская. Кс.У.Чарняўскі – сымбаль духоўнага адраджэньня // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 13 студзеня 2006 г. Праверана 12 жніўня 2015 г.
- ^ Алег Гардзіенка. Уладзіслаў Чарняўскі // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991 гг. / рэд. Алег Дзярновіч. — Менск: Архіў найноўшае гісторыі, 1999. — С. 93-94. — 186 с. — 2000 ас. — ISBN 985-6374-08-1
- ^ Ганна Кандрацюк. Блакітная рэспубліка // Ніва : газэта. — 19 сакавіка 2000. — № 12 (2288). — С. 8. — ISSN 0546-1960.
Літаратура
рэдагаваць- Успаміны У. Чарняўскага / Памяць: Валожынскі раён. — Менск, 1996
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Алег Гардзіенка, Натальля Анофранка. Агляд моўнай палітыкі рыма-каталіцкага касьцёла ў Беларусі ў ХХ ст. // Terra Historica : часопіс. — 2002. — № 1.
- Кс. Уладзіслаў Чарняўскі(недаступная спасылка), а.Яўген Бартніцкі