Уладзімер Мяжэвіч

беларускі пісьменьнік

Уладзі́мер Наву́́мавіч Мяжэ́віч (нар.23 траўня 1907, Якаўлевічы, Зубаўскі сельсавет,Аршанскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 1 ліпеня 1982, Менск, Беларусь) — беларускі пісьменьнік.

Уладзімер Мяжэвіч
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Уладзімер Навумавіч Мяжэвіч
Нарадзіўся 23 траўня 1907
вёска Якаўлевічы, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь
Памёр 1 ліпеня 1982
Менск, Беларусь
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік, журналіст
Гады творчасьці 1924—1982
Кірунак рэалізм
Жанр Прозааповесьць, апавяданьне, нарыс
Мова Беларуская
Дэбют 1958 г. (літаратурна-мастацкі альманах «Дзьвіна»)
Значныя творы «Шляхам герояў» (1932 г.), «Землякі: Нарысы» (1969) «Спатканьні на дарогах : запіскі карэспандэнта» (1978 г.)

Біяграфія рэдагаваць

Нарадзіўся 23 траўня 1907 году ў сялянскай сям’і вёсцы Крывушча Горацкага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Якаўлевічы, Зубаўскі сельсавет, Аршанскі раён, Віцебская вобласьць. Пасьля двух гадоў вучобы ў школе пры царкве ў 1918 гаду вымушаны быў пайсьці працаваць. У 1925 г. працаваў загадчыкам хаты-чытальні, загадваў аддзелам прапаганды ў Копыскім, Горацкім райкамах камсамола. У 1927—1929 гг. — сакратар Горацкага райкама камсамола.

Займаўся самаадукацыяй. Паступіў на вячэрняе аддзяленьне літаратурна-гістарычнага факультэта БДУ, адначасова накіраваны на працу ў Менск у газэту «Звязда», быў літсупрацоўнікам, потым загадчыкам аддзела культуры. Ва ўніверсітэце з 1929 па 1933 год Уладзімер Мяжэвіч вучыўся разам з Антонам Адамовічам, Зьмітром Дуньком, Натальляй Вішнеўскай. На курс старэйшымі былі Сымон Баранавых, Пятро Глебка, Сяргей Дарожны, Алесь Звонак, Гірш Камянецкі, Максім Лужанін, Ян Скрыган, Макар Шалай, Тодар Кляшторны, Фёдар Скаблоў, Мікола Хведаровіч і Ганна Бараноўская.

Рэдактар бягомльскай раённай газэты «Калгасны змагар» у 1933 годзе. З 1934 па 1937 год працаваў карэспандэнтам газэты «Известия» па Беларусі. Быў жанаты, гадаваў двух дзяцей. Арыштаваны 27 студзеня 1937-га году ў Менску па адрасе: вул. Савецкая, д. 31, кв. 7. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 15 лістапада 1937 году як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую агітацыю» да 10 гадоў папраўча-працоўных лягераў . У 1942 тэрмін зьняволеньня быў скарочаны да 8 гадоў. Пасьля вызваленьня 27 студзеня 1945 году працаваў лесарубам у Краснаярскім краі ў Канску. Зноў арыштаваны 10 ліпеня 1947 году. 19 ліпеня 1947 году асуджаны лягерным судом на 4 гады паводле артыкула 109 КК РСФСР; адбываў у лягеры НКУС каля гораду Канску. У 50-я гады працаваў галоўным інжынэрам, дырэктарам Канскага леспрамгаса.

Рэабілітаваны судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда СССР 26 студзеня 1955 году. Асабовая справа Мяжэвіча № 4877-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Каля 20 гадоў быў за межамі Беларусі. Вярнуўся ў Менск і працаваў у часопісах «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнтам газэты «Лесная промышленность» па Беларусі. Памёр 01 ліпеня 1982 году. Пахаваны на Паўночных могілках у Менску.

Узнагароджаны медалямі, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Творчасьць рэдагаваць

Яго творчасьці ўласьцівы псіхалагічная дакладнасьць, лірызм у рэалістычнай манеры. Публікавацца пачаў як юнкор у 1924 годзе. Яго першыя кнігі нарысаў і апавяданьняў «Крок у будучыню» й «Шляхам герояў» выдадзены ў 1931 і 1932 гадах. Пісаў нарысы, фэльетоны, гумарэскі, артыкулы, якія публікаваліся ў рэспубліканскай пэрыёдыцы: «Беларуская работніца і сялянка», газэтах «Звязда» й «Чырвоная змена». Пры ператрусу пад час арышту ў яго забралі й не вярнулі рукапісы новых мастацкіх твораў. У 1960—70-я г. апублікаваў некалькі кніг нарысаў: «Землякі», «Спатканьні на дарогах. Запіскі карэспандэнта», й зборнікі апавяданьняў «Шляхам герояў», «Яны былі першымі, «Аксамітны бляск» Пісаў для дзяцей: кнігі апавяданьняў «Медунічкі», «Выдумшчыцы», аповесьць «Стрэлы на зялёнай палянцы».

Быў чальцом Аршанскай філіі літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк». З 1971 году ў Саюзе пісьменьнікаў БССР.

Ушанаваньне памяці рэдагаваць

  • У 1984 годзе на магіле пастаўлена стэла з барэльефам[1].

Бібліяграфія рэдагаваць

  • Цэмантны Гігант. (Нарыс). / рэдакцыйная калегія // Савецкая Краіна : штомесячнік Цэнтральнага Бюро Краязнаўства пры Беларускай Акадэміі Навук. — Менск: студзень 1931. — № 1 (3). — С. 76—89.
  • Праз нетры перашкод. Нарыс. / Міхась Чарот // Чырвоная Беларусь : грамадзка-палітычны і літаратурна-мастацкі часопіс. — Менск: «Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі», 1931. — № 24. — С. 12—14.
  • Людзі зямлі. // Савецкая краіна : часопіс. — 1931. — № 7 (9). — С. 24—44.
  • Крок у будучыню: аб героях другой бальшавіцкай вясны. — Менск: Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, 1931. — 47 с. — 5000 ас.
  • Шляхам герояў. — Менск: Дзяржаўнае Выдавецтва Беларусі, 1932. — 100 с. — 5000 ас.
  • Партызанскія сёстры. // Маладосць : часопіс. — 1957. — № 9 (55). — С. 128—131.
  • Медунічкі. Апавяданьні: «Дубава сястра», «Дактары», «Чырвоны бант», «Пралескі і дзяцел», «Чалавек з клеткай», «Грыўня», «Лідачка». Мастак У. Лось. Менск : Беларусь, 1966. 49 с. ; 10000 экз.
  • Землякі: Нарысы. Раздзелы: «Такі наш час», «Рысы характараў». Менск: Беларусь, 1969. 236 с.; 5000 экз.
  • Лясныя знаходкі. Апавяданьні і нарысы. Менск: Народная асьвета, 1969. 11000экз.
  • Яны былі першымі. Нарысы, апавяданьні: «З чаго пачалося», «Янка не Лойд ...», «Федзя Бабундзін», «Адплата», «Астап жэніцца», «Не з той кішэні», «Тайна Аршулінага склепа», «Схватка, «Нечаканая сустрэча», «У той дзень». Мн.: Народная асвета. 1970. 128 с.; 10000 экз.
  • Аксамітны бляск. Апавяданьні, гумарэскі. Менск: Выд-ва ЦК КП Беларусі, 1971. 48 с. 23382экз. Бібліятэка "Вожыка" ; N4(88)).
  • Выдумшчыцы. Апавяданьні: для дашкольнага ўзросту. Малюнкі В. Стасевіча. Менск : Беларусь, 1971. 38 с.; 50000 экз.
  • Стрэлы на зялёнай палянцы: Аповесьць. Мастак А.Філімонаў. Менск: Мастацкая літаратура, 1973. 7000экз.
  • Спатканьні на дарогах. Запіскі карэспандэнта. Цыклы: «Юнацтва камсамольскае маё», «На пачатку трыццатых гадоў», «Незабыўнае», «З блакнотам па Беларусі», «З усмешкай», «Падслуханае», «З народнага». Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. 283 с.; 10000 экз.
  • На ўсходзе сонца. Апавяданьні. Мастак В.В.Сакалоў. Менск: Юнацтва, 1982. 111с. 12000экз.
  • На лямпачку Ільліча. Быль. / Кастусь Кірэенка // Полымя : часопіс. — Менск: Полымя, 1982. — № 5 (637). — С. 124—133. — ISBN ISSN 0130—8086.
  • Паэт і газэта. 100 год з дня нараджэньня Якуба Коласа. / Кастусь Кірэенка // Полымя : часопіс. — Менск: Полымя, 1982. — № 10 (642). — С. 84—86. — ISBN ISSN 0130—8086.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Дулеба Г. І. Паўночныя могілкі (Даўгінаўскі тракт). № 484 Магіла Мяжэвіча. / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў(гал. рэд.) і інш. // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі : энцыкляпэдыя. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1988. — Т. Мінск. — С. 252.

Літаратура рэдагаваць

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць