Мікола Хведаровіч
Міко́ла Хведаро́віч (сапр. Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч; іншыя псэўд.: С. Старобінскі, Сабасьцян Старобінскі, Себасьцян Старобінскі, Н. Федаровіч; 24 сакавіка (6 красавіка) 1904, мяст. Капыль Слуцкага павету Менскай губэрні, цяпер у Менскай вобласьці — 20 жніўня 1981, Менск) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Брат пісьменьніка Н. Чарнушэвіча.
Міко́ла Хведаро́віч | |
Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Мікалай Фёдаравіч Чарнушэвіч |
Псэўданімы | С. Старобінскі, Сабасьцян Старобінскі, Себасьцян Старобінскі, Н. Федаровіч |
Нарадзіўся | 24 сакавіка (6 красавіка) 1904 мяст. Капыль Слуцкага павету Менскай губэрні |
Памёр | 20 жніўня 1981 Менск, БССР, СССР |
Пахаваны | |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | перакладнік, паэт, празаік |
Гады творчасьці | 1925—1981 |
Жанр | Паэзія |
Мова | беларуская |
Дэбют | верш «Ураджайнае» (1925) |
Прэміі | Ляўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтве «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове. |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1915—1918 жыў у прытулку для дзяцей бежанцаў у Калузе, вучыўся ў мескай вучэльні. Вярнуўшыся зь бежанства, вучыўся ў вучэльні мяст. Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 уступіў у камсамол. З 1921 у частцы асобага прызначэньня. У 1923 сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласьці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 камісар Слуцкага ваенкамату па дапрызыўнай падрыхтоўцы.
У 1928 скончыў рабфак у Менску, у 1931 — БДУ. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопісу «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 рэдактар двухтыднёвіку «Чырвоная Беларусь». Сябра СП Беларусі з 1934. У 1933—1934 загадчык кабінэта маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» і БелАПП.
Арыштаваны 3 жніўня 1938. У 1940 асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў лягерох на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорску, з 1941 ва Усьцьвытлагу (пасёлак Ваяжэль Комі АССР). З 1946 працаваў у Каршынах Узбэцкай ССР. Паўторна арыштаваны 22 траўня 1949; сасланы (1949) у Енісейск Краснаярскага краю. Рэабілітаваны 28 верасьня 1955. У 1956 вярнуўся ў Беларусь.
Творчасць
рэдагавацьЗ артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 выйшла першая кніга («Настроі»). Выйшлі таксама кнігі паэзіі «Рытмы» (1930), «Баявыя песьні» (1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Ха» (жарты, пародыі, 1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Пасьля навальніцы» (выбранае, 1965), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984). Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамох (1974). Для дзяцей выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973), «Сьветлы дзянёк» (1984).
Выдаў кнігі ўспамінаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданьне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976) і аповесьць «Споведзь перад будучыняй» (1978).
Пераклаў паэмы А. Пушкіна «Каўкаскі нявольнік» (1937), «Бахчысарайскі фантан» (1938), «Казку пра цара Салтана» (часопіс «Полымя рэвалюцыі», 1937), раман А. Фадзеева «Апошні з удэге» (з А. Звонакам, 1935), паэмы Э. Багрыцкага «Дума пра Апанаса» (часопіс «Маладняк», 1930) і Шата Руставэлі «Віцязь у тыгравай шкуры» (з А. Звонакам, 1966), раман У. Кочатава «Браты Яршовы» (з І. Грамовічам, 1960), кнігу паэзіі Шандара Пэтэфі «Ліра і меч» (1971), п’есы М. Стэгліка, А. Палявога, А. Талбузіна.
Выбраная бібліяграфія
рэдагаваць- Пасля навальніцы: Выбранае. 1925—1961. Мн., 1965.
- Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1974.
- Крынічка: Вершы. Мн., 1978.
- Любістак: Выбранае. Мн., 1984.
Прэміі і ўзнагароды
рэдагавацьЛяўрэат прэміі вугорскага агенцтва па літаратуры і мастацтве «Артысіуз» (1981) за прапаганду вугорскай паэзіі на беларускай мове.
Літаратура
рэдагаваць- Ермаловіч М. У страі паэзіі // ЛіМ. 1958, 12 ліп.
- Александровіч С. Незабыўнае, блізкае // ЛіМ. 1961, 12 мая.
- Александровіч С. Яго шчодрае і шчырае сэрца // ЛіМ. 1981, 28 жн.
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.