Сяргей Дарожны

беларускі паэт, перакладнік, грамадзкі і культурны дзяяч

Сяргей Дарожны (сапр. — Сяргей Міхайлавіч Серада; 25 лютага 1909, Слонім, Гарадзенская губэрня — 19 ліпеня 1943, Камсамольск-на-Амуры, ГУЛАГ) — беларускі паэт, перакладнік, грамадзкі і культурны дзяяч.

Сяргей Дарожны
лац. Siarhiej Darožny
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Т.Трыкліні; Л.Трыер
Нарадзіўся 25 лютага 1909
Слонім, Гарадзенская губэрня
Памёр 19 ліпеня 1943
Камсамольск-на-Амуры, ГУЛАГ
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, перакладнік, грамадзкі і культурны дзяяч
Мова беларуская

Біяграфія

рэдагаваць
 
Літаратурнае аб’яднаньне «Ўзвышша». Сяргей Дарожны стаіць другі зьлева.

Нарадзіўся ў Слоніме ў сям’і прапаршчыка царскай арміі, пазьней — паплечніка Станіслава Булак-Балаховіча. У часе Першай сусьветнай вайны сям’я была ў бежанстве ў Варонежы. Паміж 1919 і 1920 вярнуўся ў вёску Ляскавічы Петрыкаўскага раёну. Праз жабрацкае становішча, у 1921 маці Сяргей Дарожнага аформіла яго разам зь сёстрамі Марыяй і Надзеяй у Мазырскі дзіцячы дом[1]. Увосень 1924 паступіў у Менскі пэдагагічны тэхнікум, з трэцяга курса перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1930 (у часе вучобы быў выключаны «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, але здолеў аднавіцца). У 1926 разам зь іншымі літаратарамі падпісаў ліст у абарону Сяргея Ясеніна[2]. Быў сябрам літаратурных аб’яднаньняў «Маладняк» (1926—1927), «Узвышша» (з 1928). Уваходзіў у нефармальнае згуртаваньне ТАВІЗ[3]. Часта выступаў на вечарынах, удзельнічаў у выданьні сумесных зборнікаў. Каб глыбей пазнаёміцца з жыцьцём рабочых, паэт працаваў на шкляной гуце ў Барысаве, адкуль прывозіў у сталіцу вершы[4].

Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газэт, стыльрэдактарам часопіса «Работніца і сялянка Беларусі» і з 1933 (разам з С. Ракітам) на радыё, адкуль быў звольнены за «сыстэматычнае працягваньне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону, нарачытае змазваньне ролі партыі ў барацьбе з контрарэвалюцыйным нацдэмакратызмам, паклёп на палітыку партыі на вёсцы». Сябар Саюзу пісьменьнікаў БССР з 1934. З прапановы Андрэя Александровіча выключаны ў 1935. Арыштаваны ГПУ СССР 29 жніўня 1936 у кватэры на Першым беларускім завулку 3-А (пры вобшуку былі канфіскаваныя творы Я. Лёсіка, М. Гарэцкага, У. Ігнатоўскага і кнігі на нямецкай мове). Асуджаны як «сябра антысавецкай нацдэмаўскай арганізацыі» на 8 гадоў пазбаўленьня волі[1]. Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б Мікалая Гікалу, пра якога зьбіраў матэрыялы для кнігі. Накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Сяргея Дарожнага прадугледжвалася «спальваць»[5].

Загінуў у Ніжне-Амурскім канцэнтрацыйным лягеры[6].

Па хадайніцтве сястры Сяргея Дарожнага Надзеі Юшкевіч быў рэабілітаваны прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 29 сьнежня 1957 і ўзноўлены ў Саюзе пісьменьнікаў[1].

Успаміны

рэдагаваць

Павал Пруднікаў успамінаў: «Сяргей Дарожны быў прыгожы, чарнабровы і чорнавалосы, высокі юнак. Заўсёды быў акуратна апрануты. Насіў белую сарочку з накрухмаленым каўнерыкам і чорны гальштук. Ніколі не хваліўся сваімі посьпехамі. Любіў і цаніў сяброўства». Максім Лужанін у кнізе «Трое» пісаў: «Моладзь ведала Дарожнага, вершы яго, не завучваючы, помнілі на зубок»[6]. Станіслаў Шушкевіч успамінаў: «Чорныя густыя і шырокія бровы Дарожнага, здалося, узьнялі свае крылы над пераносіцаю, карыя вочы бліснулі радасным агеньчыкам. Паэт чытае новы верш: І ў ранак, пад шэпат сасонак / Як заўсёды, у звычай стары - / Пераклікнуцца пеўні спрасонак / Па-зямляцку пагаварыць»[7].

Паводле ўспамінаў Васіля Хомчанкі: «асабістае знаёмства з С. Дарожным у мяне адбылося ў Камсамольску-на-Амуры ў канцы 40-га года… Аднойчы ў маладых рабочых я спытаў, ці ёсьць тут хто зь беларусаў. Мне паказалі на… хлопца, назвалі яго прозьвішча — Серада. Я павітаўся зь ім, не падазраючы, што гэта і ёсьць С. Дарожны… З таго дня і па красавік 1941 года я амаль кожны дзень сустракаўся з Дарожным… Калі мы разьвіталіся, Сяргей даў мне дзясятак новых вершаў, папрасіў перадаць іх яго сябрам, што жылі ў Менску. Але просьбу яго я ня выканаў. У Менск мне дабрацца не давялося… пачалася вайна… і пісьмы былі згублены…»[6].

Творчасьць

рэдагаваць
 
Заява беларускага паэта Сяргей Дарожнага на ўступленьне ў літаратурнае аб'яднаньне «Маладняк»

Друкавацца пачаў з 1925 у газэце «Беларуская вёска». Першымі вершамі паэта захапіўся тагачасны загадчык літаратурнага аддзела газэты Кузьма Чорны[8]. У 1926 выйшла першая паэтычная кніга «Звон вясны» (сумесна з Ізраілем Плаўнікам), «Васільковы россып» (1929), «Пракосы на памяць» (1932). Вельмі папулярнай у 1930-я гады была песьня Сяргея Дарожнага «Нявеста», якая часта гучала на радыё і ў выкананьні многіх харавых ансамбляў[1].

У 1966 выйшлі «Выбраныя вершы».

Пераклаў на беларускую мову раман Г. Караваевай «Лесазавод» (1932), асобныя творы У. Караленкі, А. Новікава-Прыбоя, Дз. Беднага, С. Кірсанава, І. Уткіна, М. Кальцова.

  1. ^ а б в г Чыгрын, С. Васільковы россып паэта // Czasopis. — 2009. — № 03/09.
  2. ^ Людміла Рублевская «Адзін, як месяц...». Комсомольская правда в Белоруссии. Праверана 14 студзеня 2012 г.
  3. ^ Юрэвіч, Л. Тавізаўцы. Пра лёсы ўдзельнікаў аднаго літаратурнага аб'яднаньня // Роднае слова. — 1997. — № 11. — С. 162.
  4. ^ Чыгрын, С. Наш каляндар. Сяргей Дарожны // Роднае слова. — М.: 1994. — № 2. — С. 41—42.
  5. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  6. ^ а б в Маракоў Л. «Ніколі нікуды не спяшаўся і засёды ўсюды паспяваў» Пра асобу Сяргея Дарожнага // Роднае слова. — 2003. — № 12. — С. 82—85.
  7. ^ Шушкевіч С. Ён песню насіў у грудзях // Шушкевіч С. Выюраныя творы: У 2 т. Т. 2. — Мінск, 1978. С. 206
  8. ^ Сяргей Дарожны // Першацвет адраджэння: Вучэб. дапам. па беларус. літ. для ст. кл. сярэд. шк. / Склад. М. А. Федасеенка, Т. П. Прохарава, Г. М. Разанава і інш. — Мн.: Нар. асвета, 1995. — С. 436. — 511 с ISBN 985-03-0216-X

Літаратура

рэдагаваць

Вонкавя спасылкі

рэдагаваць