Пятро Глебка

беларускі паэт, навуковец

Пятро Глебка (6 ліпеня (23 чэрвеня паводле старога стылю) 1905, в. Вялікая Ўса, Узьдзеншчына, Расейская імпэрыя — 18 сьнежня 1969, Менск, БССР) — беларускі паэт, вучоны, арганізатар навукі. Акадэмік Акадэміі навук БССР (з 1957 году, сябра-карэспандэнт — з 1950 году).[1]

Пятро Глебка
лац. Piatro Hlebka
Пётр Фёдаравіч Глебка
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Язэп Касіла
Нарадзіўся 6 ліпеня 1905
в. Вялікая Ўса Узьдзеншчына, Беларусь)
Памёр 18 сьнежня 1969
Менск, Беларусь
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці беларускі паэт
Гады творчасьці 1925—1969
Жанр верш, паэма, лібрэта, вершаваная п’еса
Мова беларуская мова
Дэбют зборнік лірыкі «Шыпшына» (1927)
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн Чырвонай Зоркі ордэн «Знак Пашаны»

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў Беларускім пэдагагічным тэхнікуме (1924—1927). У тэхнікуме пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, зь якімі актыўна супрацоўнічаў у насьценнай газэце. У 1925 годзе ўступае ў аб’яднаньне «Маладняк». Зь пераходам у 1926 годзе ў літаратурна-мастацкае аб’яднаньне «Узвышша» зьмяніўся творчы стыль маладога паэта: ён стаў больш стрыманым, рэфлексійна-разважлівым, псыхалягічна-паглыбленым. У 1927 годзе перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне БДУ. Скончыў унівэрсытэт у 1930 годзе.

Працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў газэце «Калгаснік Беларусі» і ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». У 1934—1936 гг. — літаратурны кансультант кабінэта маладога аўтара СП БССР. Пад час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыях франтавых газэтаў «За Савецкую Беларусь» і «За свабодную Беларусь». Пад псэўданімам Язўэп Касіла друкаваў сатырычныя вершы і куплеты ў газэце-плакаце «Раздавім фашысцкую гадзіну» і ў сатырычным лістку «Партызанская дубінка». У 1942 годзе ўступіў у КПСС. У 1943—1945 гг. — рэдактар выдавецтва ЦК КП(б)Б «Савецкая Беларусь», галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР у Маскве.[1]

З 1945 году працаваў у АН БССР. З 1957 па 1969 гг. узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР. У 1968—1969 гг. адначасова зьяўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзяленьня грамадзкіх навук.[1]

Клапаціўся аб разьвіцьці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе. Ініцыяваў і прымаў непасрэдны ўдзел у выданьні зводу беларускай народнай творчасьці. Па яго прапанове распачата падрыхтоўка збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Дзейсна спрыяў разьвіцьцю беларускага тэатразнаўства і фальклярыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалёгіі.

 
Г. Валкавыцкі (зьлева) вітае гасьцей з СССР (зьлева направа): (прафэсар з Жэмойці) Кастусь Корсак, Пятро Глебка. ПНР, Беласток, 1956 год.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955—1967). У якасьці сябры дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у працы сэсій Генэральнай Асамблеі ААН.

Меў багаты хатні кнігазбор, эксьлібрысы для якога стварылі такія знаныя мастакі, як Яўген Красоўскі, Мікола Купава, Мікалай Тарасікаў, Анатоль Тычына і Яўген Ціхановіч[2].

Творчасьць

рэдагаваць

Першыя вершы надрукаваў у 1925 годзе ў газэтах «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», часопісах «Работніца і сялянка», «Беларускі піянэр». Першы паэтычны зборнік — «Шыпшына» (1927) — стаў красамоўным ўзорам лірычнай паэзіі, сьведчаньнем самабытнага таленту Глебкі.[3] Сярод лепшых вершаваных твораў ваеннага часу — «Партызаны», «Сьмерць салдата», «Родны хлеб», «Пасылка», «Гай», «Жывое слова», «Пра кнігі», «Беларусі», «Пералом», «Зварот» і інш. Лірыка Глебкі ваеннага пэрыяду адметная ў маштабе ўсёй беларускай літаратуры 1941—1945 гг., і можа лічыцца вяршыняй літаратурна-мастацкай працы паэта.

Галоўныя тэмы пасьляваеннай творчасьці паэта — аднаўленьне, памяць вайны, тэмы грамадзка-палітычнага гучаньня. Стылю паэта ўласьцівыя публіцыстычнасьць, грамадзкая страснасьць, героіка-рамантычны патас, лірызм, палемічная вастрыня, баявітасьць. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна («Барыс Гадуноў», вершы), М.Лермантава, М.Горкага, Ул. Маякоўскага, Т.Шаўчэнкі і інш.[3]

Глебка і Янка Купала

рэдагаваць

Пазнаёміўся з Купалам вясной 1926 году на кватэры паэта. На працягу многіх гадоў быў у цесным сяброўстве з Купалам і адчуваў яго падтрымку і дапамогу як паэт. Стаў адным з вучняў і пасьлядоўнікаў Купалы. Разам з Купалам рэдагаваў творы Т.Шаўчэнкі. У некаторых творах Глебкі адчуваецца ўплыў паэмы Купалы «Безназоўнае». Усьлед за Янкам Купалам разьвіваў у беларускае літаратуры жанр драматычнай паэмы. Прысьвяціў Купалу свае вершы «Песьня» і «Жывое слова». Аўтар шматлікіх артыкулаў, прысьвечаных Купалу, і ўспамінаў пра паэта: «Аб мове Янкі Купалы» («ЛіМ», 10 жніўня 1948 году), «Неапублікаваныя купалаўскія радкі» («ЛіМ», 30 чэрвеня 1951 году), «Шлях да сэрца народа» («Огонёк», 1952, №28), «Вялікі пачатак» («ЛіМ», 28 траўня 1955 году) і інш.[3]

  • Збор твораў: у 4 т. / Пятро Глебка; прадм. А. Вялюгіна. — Мн.: Маст. літ., 1984—1986.
  • На спатканні гадоў: вершы / Пятро Глебка; прадм. і ўклад. М. В. Няхая. — Мн.: Юнацтва, 1990. — 95 с.
  • Выбранае / Пятро Глебка // Семнаццаць песень: зб. паэзіі. — Мн.:, 1997. С. 38-64.

Літаратура

рэдагаваць
  • Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 2./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1985. — 702 с, 33 л. іл.: Артыкул «Глебка». — С. 98—99.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Глебка» / Аўтар — М.Барсток. — С. 158.
  • Барсток М. Пятро Глебка: Паэтычная творчасць. — Мн., 1955.
  • Перкін Н. С. Пятро Глебка. — Мн., 1955.
  • Пясняр Мужнасці: Кніга пра Пятра Глебку. — Мн., 1976.
  1. ^ а б в Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. Т. 2./ Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал.рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1985. — Артыкул «Глебка». — С. 98—99.
  2. ^ Віктар Сьвякла Ад Тычыны да Купавы: Зь гісторыі эксьлібрыса Пятра Глебкі // Літаратура і Мастацтва : Газэта. — 24 жніўня 2012. — № 34 (4680). — С. 21. — ISSN 0024-4686.
  3. ^ а б в Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Глебка». — С. 158.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Пятро Глебкасховішча мультымэдыйных матэрыялаў