Украінская паўстанчая армія
Украінская паўстанчая армія (УПА) — армія, створаная ўрадам Украінскай Народнай Рэспублікі (у выгнаньні). У кастрычніку 1942 году назоў пераняты Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў (Бандэры)[1][2]. Мэтай УПА было стварэньне выключна нацыяналістычнай Украіны, дзе жылі б толькі этнічныя ўкраінцы, зь дзяржаўным ладам, дзе панавала б толькі адна партыя (АУН).
Украінская паўстанчая армія | |
укр. Українська повстанська армія | |
Сьцяг УПА | |
Гады існаваньня | 1942—1954 |
---|---|
Краіны | Украіна, Польшча, Беларусь, Расея, Славаччына |
Падпарадкаваньне | Украіна |
Тып | Партызанская армія |
Колькасьць | 20 000 — 100 000 асобаў (у розныя часы і паводле розных ацэнак) |
Дысьлякацыя | Валынь, Палесьсе, Галіцыя, Падольле, Карпаты |
Дэвіз | Слава Україні — Героям Слава! (Слава Ўкраіне — Героям Слава!) |
Колеры | чырвона-чорныя |
Войны | Другая сусьветная вайна |
Вядомыя камандзіры | Раман Шухевіч, Васіль Кук |
Дзейнасьць УПА ўлучала барацьбу супраць нямецкіх акупантаў, што, аднак, не перашкаджала ім дасягаць узаемнай згоды ў акцыях, накіраваных супраць савецкіх партызанаў, а часам і ў інтарэсах нямецкіх спэцслужбаў[3]. УПА, падначаленая бандэраўскаму крылу АУН, вяла барацьбу супраць іншых украінскіх нацыяналістычных арганізацыяў — АУН Бульбы-Бараўца, і мельнікоўцаў (АУН (м)). Яшчэ адным фронтам барацьбы была вайна з польскай Арміяй Краёвай. Пасьля прыходу савецкай улады УПА супрацьстаяла і савецкім войскам, пакуль не была канчаткова зьліквідавана ў сярэдзіне 1950-х гадоў[4], хаця фармальна арганізацыя спыніла сваю дзейнасьць 3 верасьня 1949 году[5].
Вядомымі зьяўляюцца акцыі УПА, накіраваныя супраць мірнага насельніцтва, найперш супраць палякаў, габрэяў і ўкраінцаў, якія не сымпатызавалі УПА, савецкіх грамадзянаў, якія апынуліся тут падчас прыйсьця Савецкай улады ў 1939, і супраць зьмяшаных сем’яў. На іх УПА арганізоўвала напады, якія выражаліся ў масавых забойствах, выгнаньнях і рабаваньні маёмасьці цывільнага насельніцтва[2][6][7].
Гісторыя
рэдагавацьПаўстаньне УПА
рэдагавацьУкраінская паўстанчая армія была створана праз Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў. Пастанова аб яе стварэньні была прынята на ІІІ канфэрэнцыі АУН, што праходзіла ў вёсцы Тэрнабежжа Олеўскага раёну Львоўскае вобласьці (17—21 лютага 1943). На гэтай канфэрэнцыі было вырашана распачаць актыўную барацьбу найперш супраць палякаў і асабліва савецкай партызанкі, якая сваёй дзейнасьцю правакавала карныя нямецкія экспэдыцыі супраць цывільнага люду[8]. Арганізацыя на пачатку мела назву АУН-СД (Самостийніків-Дэржавніків). Ужо вясной 1943 аддзелы АУН-СД мелі некалькі тысячаў асобаў. У сакавіку 1943 на тэрыторыях, якія кантраляваліся УПА, быў выдадзены загад аб мабілізацыі ўсіх паліцаяў у шэрагі УПА. Тым, хто гэтага ня зробіць, пагражаў расстрэл як дэзэртырам. У выніку гэтага загаду ў шэрагі УПА ўступіла калі 5 тысячаў паліцаяў.
Першы атрад УПА ўзьнік у 1942 годзе ў Дзівіне ў Беларусі[9].
Пазьнейшая назва УПА была ўзята ад збройнае фармацыі Тараса Бараўца (па-ўкраінску: Тарас Боровець), хоць звычайна для адрозьненьня аддзелаў Бараўца ўжываецца назва Палеская Сеч. Узброеныя фармацыі АУН-СД пачалі называцца УПА напрыканцы траўня 1943 году[10][11].
Баявыя дзеяньні УПА
рэдагавацьГалоўную ўвагу ў баявых дзеяньнях УПА канцэнтравала на савецкай партызанцы. Барацьба зь немцамі вялася ў межах «самаабароны ўкраінскага народу», а прапановы аб пачатку шырокамаштабных і адкрытых дзеяньняў супраць гітлераўцаў былі адкінуты, як ня маючыя шанцаў на посьпех[12].
Барацьба зь немцамі
рэдагавацьМэтаю УПА ў партызанскай барацьбе было назапашваньне сілаў для падрыхтоўкі ўсенароднага паўстаньня. У барацьбе супраць немцаў на пачатку галоўнай мэтай ставіўся ня іх разгром, а недапушчэньне нямецкіх нападаў на тэрыторыю, кантраляваную УПА.[13] Зь ліпеня па верасень 1943 у выніку 74 сутыкненьняў паміж немцамі і УПА загінула каля 3.000 гітлераўцаў, пры стратах УПА ў 1,237 забітых ці параненых.[14] У выніку дзеяньняў УПА немцы працягвалі кантраляваць толькі буйныя населеныя пункты, а правінцыя і вёска былі пад кантролем УПА.[15] Атакі праводзіліся галоўным чынам супраць невялічкіх нямецкіх ганізонаў, у выніку чаго гітлераўцы былі вымушаны вывесьці свае гарнізоны зь дзясяткаў населеных пунктаў.[16] Першыя баі зь немцамі былі досыць цяжкім выпрабаваньнем для УПА, бо адчуваўся брак на вопыт, зброю і належную падрыхтоўку, аднак дужа станоўча паўплываў на стаўленьне арганізацыі і ўзмацненьне вайсковае дысцыпліны, а значыць, на ўзвышэньне баяздольнасьці ў далейшым.[17] Аднак нельга перавышаць тую ролю, якую адыгрывала УПА ў барацьбу зь немцамі. У службовым данясеньні камандзіра партызанскага атрада И.Шитова УШПР дакладвалася, што:
«дыверсійнай дзейнасцю нацыяналісты не займаюцца, а ў бой з немцамі ўступаюць там, дзе немцы здзекуюцца над украінскім насельніцтва і калі нападаюць на іх»[16]
З увесну 1943 нацысты разгарнулі шырокую прапагандысцкую Капанен супраць паўстанцаў. Гэтыя мерапрыемствы праводзіліся ў рамках шырокай контрпартизанских барацьбы супраць украінскага руху супраціву.
7 чэрвеня 1943 камандуючы СС і паліцыяй камісарыяту «Валынь-Падолле» Гінцлер дакладваў аб падаўленьні шырокіх нацыянальных беспарадкаў у Валынскай і Ровенскай абласьцях. Перад войскамі ставілася задача «зламаць хрыбет» паўстанцам.
Найбуйнейшымі баямі УПА супраць немцаў сталіся баі на Гарахоўшчыне, дзе немцы прымянілі авіяцыю і танкі. Потым барацьба перакінулася на Берасьцячкоўскі раён, Кастапольшчыну і Калкоўшчыну, пашырыўшыся да канца чэрвеня 1943 на ўсю Валынь. Асблівае напругі баявыя дзеяньні дасягнулі ў ліпені і жніўні, калі паміж УПА і немцамі адбылося адпаведна 35 і 24 баі. Паводле дадзеных украінскіх партызанаў, зь нямецкага боку прынялі ўдзел каля 10 тыс. вайскоўцаў пры дапамозе танкаў, самалётаў і буйной артылерыі.[16]
Разам з тым трэба зазначыць, што барацьба УПА з гітлераўцамі ня мела стратэгічнага значэньня і не адыграла адметнай ролі ў вызваленьні Украіны ад нямецкіх акупантаў. Яна толькі абмежавала дзейнасьць нямецкай адміністрацыі і не была прыярытэтнай значнасьці, бо галоўным ворагам для АУН-УПА ўважаўся СССР.[18]
Пры гэтым, нягледзячы на барацьбу, УПА дасягала шмат лякальных паразуменьняў з гітлераўцамі, асабліва ў акцыях, якія датычылі барацьбы з савецкай партызанкай. Вядома, што камандуючыя УПА, такія, як Раман Шухевіч, самі раней служылі нямецкім уладам. Сярод дамоўленасьцяў паміж УПА і СС можна прывесьці сустрэчу ў ліпені 1943 Шухевіча зь афіцэрам сувязі Дывізыі СС «Галічына» Любамірам Маракушкай. На спатканьні было вырашана, што УПА ня будзе байкатаваць стварэньне дывізіі СС, але і дапамогу аказваць ня стане. Ужо потым аддзелы УПА з задавальненьнем прымалі ў свае шэрагі жаўнераў «Галічыны».[19]
Барацьба з Саветамі
рэдагавацьУ сьвяточным наказе Рамана Шухевіча ад 14 жніўня 1947 так ацэньвалася барацьба супраць СССР:
«На процібальшавіцкім фронце УПА не дапусьціла да заліву тэрыторыі бальшавіцкай партызанкай.[20]»
У гэтай вобласьці УПА дасягла вялікіх посьпехаў. Ім удалося ўскладніць баявую дзейнасьць партызанаў у шматлікіх раёнах Валыні-Палесься, стварыць ім перашкоды для дывэрсыйнае дзейнасьці на нямецкіх камунікацыях. Украінскія паўстанцы сумелі таксама ў значнай ступені сарваць пляны ЦК КП(б)У па ўвядзеньні партызанскіх злучэньняў на тэрыторыю Галіцыі. Да актыву УПА трэба аднесьці і дывэрсыйныя акты ў тыле Чырвонае Арміі, пачынаючы зь верасьня 1944, на тэрыторыі Заходняй Украіны. Арэалам дзейнасьці УПА супраць Саветаў служылі галоўным чынам Галіцыя і Валынь, хаця асобныя загоны УПА пасылала і ва Ўсходнюю Ўкраіну і нават на Кубань. Аднак жыхары Ўсходняй Украіны ўважалі УПА за пасобнікаў нямецкіх акупантаў, таму дасягнуць значных посьпехаў на тэрыторыі па-за Заходняй Украінай АУН-УПА ня здолела.[20]
На антыбальшавіцкім фронце мэтаю УПА было ачышчэньне тэрыторыі ад савецкіх партызанаў. УПА намагалася галоўным чынам абмежаваць дзейнасьць партызанаў, максымальна зьменшыць іх уплыў на мясцовае ўкраінскае насельніцтва і не дапусьціць узаемадзеяньня партызанскіх аддзелаў з палякамі. Калі ў Заходнюю Ўкраіну ўступіла Чырвоная Армія, Галоўная Ўправа УПА забараніла сваім аддзелам уступаць зь імі ў адкрытую барацьбу, аднак у той жа час не забараняючы атакаваць дробныя аддзелы Чырвонае Арміі з мэтаю захопу зброі і баепрыпасаў.[21] Барацьба з савецкімі партызанамі заўжды насіла ўпарты і жорсткі характар. Так, Л. Шанкоўскі пісаў:
«Барацьба з чырвонымі партызанамі была куды больш складанай за барацьбу зь немцамі. Партызаны — то быў баявы, адважны і жорсткі праціўнік, які ведаў мову і мясцовыя ўмовы, ды ўмеў цудоўна маскавацца. У барацьбе з тым праціўнікам УПА атрымоўвала важны досьвед для наступнай барацьбы.»[22]
У той жа час савецкія партызаны адзначалі, што біцца з УПА было складаней, чым зь немцамі. Так, камандзір партызанскага загону Кузкоў казаў, што ён ніколі не сустракаў такога фанатызму ў барацьбе і адзначаў, што аўнаўцы «б’юцца лепей за немцаў»[23]
Першыя зьвесткі аб актывізацыі аддзелаў украінскіх нацыяналістаў пачалі зьяўляцца ў пачатку 1943 году. У лютым 1943 украінскія нацыяналісты пачалі нападаць і раззбройваць невялічкія аддзелы савецкіх партызанаў. Гэта прымушала савецкіх партызанаў належным чынам рыхтавацца да наступных апэрацыяў. Так, падчас рэйду ў лютым 1943 па паўночных раёнах Роўненскае вобласьці Сумскога партызанскага аддзелу пад камандаваньнем Каўпака ў загадзе ўвесь асабовы склад і камандзіры былі папярэджаны, што яны ідуць на тэрыторыю, якая кантралюецца ўкраінскімі нацыяналістамі. Аднак да баявых сутыкненьняў справы не дайшло, бо УПА пазьбягала баёў.[24]
У стаўленьні да ўкраінскіх нацыяналістаў камуністычнае кіраўніцтва на чале з Хрушчовым зыходзіла з таго, што «кіраўнікі буржуазных украінскіх нацыяналістаў — то нямецкія агенты». Карыстаючыся такім падыходам, Хрушчоў зыходзіў з таго, што галоўнай мэтай барацьбы зьяўляецца разгром фашысцкіх акупантаў, таму атрадам партызан было рэкамэндавана не ўступаць у баі з нацыяналістычнымі загонамі, калі яны самі не нападаюць.[25]
Аднак за некалькі месяцаў УПА ўзмацнілася настолькі, што пачала адкрыта нападаць не толькі на малыя, але і на вялікія аддзелы партызан.[25] У адказ на гэта адзін з камандзіраў Сабураў выдаў жорсткі загад, дзе, у прыватнасьці, гаварылася: «Дзеяньні па зьнішчэньні нацяналістаў ухваляю. У кожным выпадку іх нападаў — жорстка караць. Лістоўкамі паведаміць, што за аднаго партызана будзе зьнішчана 15 аўнаўцаў ды іх нямецкіх гаспадароў.»[25]
19 чэрвеня 1943 ад камандзіраў атрадаў Алексенкі ды Шытава, якія спрабавалі прайсьці да беларускага Палесься да аэрадрому атрада Сабурава, прыйшло паведамленьне, што яны былі заатакаваны і аточаны вялікімі сіламі нацыяналістаў. Пасьля трохдзённага бою яны ня здолелі прарвацца і адступілі з адчувальнымі стратамі.[26] За лета 1943 актыўнасьць барацьбы украінскіх паўстанцаў з чырвонымі партызанамі ўзрасла. Вялікія баі адбыліся у ліпені за сяло Тэрэмне Астроскага раёну, каля чыгункі Ковель-Сарны і г. д. 10 верасьня 1943 Роўненскае партызанскае зьяднаньне № 2 і загон Яравога правялі тры баі з УПА, якая мела там каля 1.000 байцоў з гарматамі і мінамётамі. З прычыны нястачы патронаў савецкія партызаны вымушаны былі пазьбягаць бою.[26] У пэрыяд са жніўня па лістапад 1943 украінскія паўстанцы правялі з партызанамі 54 баі, у той жа час як зь немцамі — 47.[26]
Напрыканцы 1943 — пачатку 1944 узмацненьне барацьбы УПА з савецкімі партызанамі было немінучым з-за набліжэньня савецка-гэрманскага фронту і спробаў чырвоных партызанаў замацавацца ў Заходняй Украіне, што стварала сьмяротную небясьпеку для УПА. Гэта знайшло адбітак у загадах камандзіраў УПА, дзе адзначаецца неабходнасьць «канчаткова зьліквідаваць чырвоных партызанаў як „агентаў Масквы.“»[27] Аднак мэты ў бакоў былі розныя. УПА імкнулася эканоміць свае сілы, спадзеючыся на абяскрыўленьне дзьвух ворагаў — Масквы і Бэрліна. Савецкія партызаны бачылі сваёй галоўнай мэтай барацьбу зь немцамі. Былы камандзір Фёдараў успамінаў, што «бесперапынных баёў з бэндэраўцамі не вялося.»[27] Набліжэньне фронту і актыўнасьць пракамуністычных сілаў прымусіла УПА перавесьці барацьбу ў яшчэ больш кансьпіратыўны кірунак, пазьбягаючы атак Чырвонай Арміі, а галоўную ўвагу накіроўваць супраць агентаў НКУС. Аб гэтых плянах УПА стала вядома камуністычнаму кіраўніцтву.[22] На пачатак 1944 адносяцца і першыя баявыя сутыкненьні УПА з Чырвонай Арміяй. Нягледзячы на матэрыялы «Тактычнай інструкцыі», якая забараняла напады на аддзелы Чырвонае Арміі, мясцовыя камандзіры парушалі гэты загад.[28]
Першыя сутыкненьні адбыліся ў раёне дзеяньняў І Украінскага фронту на Валыні-Палесьсі. За пэрыяд ад 7 лютага па 2 сакавіка 1944 году ў тыле 13-й Арміі было зафіксавана каля 200 нападаў аддзелаў УПА-Поўнач на невялікія вайсковыя калёны ды на дробныя групы вайскоўцаў. У лютым 1944 баевікі УПА напалі на дарозе Карэц-Роўна на калёну камандуючага І Украінскім фронтам Ватуціна, які быў паранены, а пасьля памёр.[29]
Ужо першыя акцыі паказалі, што ў параўнаньні з «паднямецкімі» часамі дзеяньні паўстанцаў былі менш удалымі. Прыйсьце савецкае ўлады азначала пачатак канца дзейнасьці УПА.[29]
Барацьба з польскім насельніцтвам
рэдагавацьСупрацьстаяньне палякаў з УПА ахапіла такія тэрыторыі, як Валынь, Усходнюю Галіцыю, Холмшчыну, Падляшша, Надсеньне і Лемкоўшчыну. На працягу 1942—1943 гадоў палякі ня мелі тутай буйных узброеных аддзелаў, што фактычна рабіла польскае цывільнае жыхарства безабаронным перад атакамі і тэрорам з баку УПА.
У пачатку 1943 году на тэрыторыі Генэральнае акругі Валынь-Падольле прыхільнікі АУН(б) і ейнай вайсковае адзінкі УПА правялі масавае зьнішчэньне пераважна польскага цывільнага насельніцтва[30][31]. Акрамя этнічных палякаў зьнішчаліся таксама члены зьмяшаных польска-ўкраінскіх сем’яў, палітычныя апанэнты АУН(б) ды зьбеглыя савецкія ваеннапалонныя.
Разам з узрастаньнем тэрору і нападаў на польскае насельніцтва яшчэ ў 1942—1943 гг. пачалі зьяўляцца першыя аддзелы самаабароны. Звычайна гэта былі адносна невялікія па колькасьці і слаба ўзброеныя атрады, дзейнасьць якіх абмяжоўвалася патруляваньнем ваколіц і спыненьнем і папярэджваньнем атакаў. У 1943 на Валыні паўстала каля сотні такіх аддзелаў, якія кіраваліся праз цывільныя ўлады. Пры гэтым вытрываць напор украінскіх нацыяналістаў здолелі толькі найбуйнейшыя пункты самаабароны, і ў цэлым яны не змаглі спыніць забойствы.
Толькі ў пачатку 1944 Арміяй Краёвай была сфармавана 27 Валынская Дывізія пяхоты, у выніку чаго ініцыятыва перайшла на польскі бок. Аднак гэта акцыя была дужа запозьненай, бо ўжо не пасьпела паўплываць на трагічны лёс палякаў на ўсходніх землях.
(глядзіце далей — Ліквідацыя УПА)
Вайна зь мадзярскай арміяй
рэдагавацьУ Станіславоўскай вобласьці (сёньня Івана-Франкоўская) мадзярскія войскі ашчаджалі польскае насельніцтва ад тэрору УПА і ад траўня 1944 праводзілі баявыя дзеяньні супраць атрадаў УПА.[32]
Аднак, у студзені 1943 году ў Будапэшце (у тайне ад немцаў) спаткаліся дэлегаты УПА з вугорскімі ўладамі. Спатканьне скончылася заключэньнем паразуменьня, у якім Вугоршчына, наўзамен за недатыкальнасьць сваёй арміі абавязваліся паставіць УПА зброю і амуніцыю. Таксама пасылаліся вайсковыя інструктары, якія маскіраваліся пад палонных.[33]
Ліквідацыя УПА
рэдагавацьЛіквідацыя УПА на тэрыторыі СССР
рэдагавацьАктыўныя дзеяньні супраць Чырвонае Арміі прымусілі савецкае кіраўніцтва пачаць актыўную дзейнасьць па ліквідацыі УПА. Ужо ў сярэдзіне сакавіка 1944 са згоды Масквы ў Роўна быў створаны Апэратыўны штаб па барацьбе з АУН і УПА. Для правядзеньня працы па ліквідацыі ў Роўна прыехалі заступнікі міністра ўнутраных справаў СССР Круглоў і Сероў. 28 сакавіка таго ж году яны паведамлялі Хрушчову, што ў выніку 65 апэрацыяў было забіта 1129 чальцоў АУН і УПА, захоплена 2 гарматы, 36 кулямётаў, 54 аўтаматы, 406 дубальтовак, 49,6 тыс. патронаў. Таксама зазначалася, што ў рэгіён прыбыло 29 эшэлёнаў войскаў НКУС. Паводле словаў Круглова «войскі добра ўзброены і здольны выканаць пастаўленыя перад імі заданьні.» І ў наступныя дні, акцыі супраць АУН-УПА праводзіліся зь неаслабнаю сілаю.[34]
Наймаштабнейшыя баі паміж бальшавікамі і ўкраінскімі баевікамі адбыліся 22—25 красавіка 1944 пад Гурбамі, у раёне Крэмянецкіх лясоў. Тутай, у лясным масіве, знаходзілася каля 4—5 тысячаў баевікоў. Сілы СССР, паводле зьвестак УПА, налічвалі каля 30 000 асобаў з танкамі. Аднак, нягледзячы на значныя страты, шырокамаштабныя апэрацыі і прымяненьне вялікіх сілаў, разграміць УПА не ўдалося.[35] Барацьба УПА да канца вайны стала значным фактарам, які значна перашкодзіў радзкай уладзе правесьці палітычныя, эканамічныя ды іншыя захады ў рэгіёне.[36]
УПА былі вымушаны звузіць сваю дзейнасьць, а Савецкія сілы імкнуліся лякалізаваць і звузіць сацыяльную базу і дзейнасьць УПА. У 1946 у местах і сёлах былі разьмешчаны савецкія гарнізоны, а войскі НКУС праводзілі непарыўныя акцыі па перасьледу байцоў УПА.[37] У выніку УПА былі вымушаны перайсьці з партызнаскае да падпольнае дзейнасьці. Атрады УПА цяпер сталі малалікімі і ўлучалі ня больш за сто жаўнераў. Мноства з жаўнераў былі дэмабілізаваны і вярнуліся дадому, калі савецкая ўлада абвесьціла амністыю. Значную ролю адыгрывалі масавыя арышты і дэпартацыі, якія праводзіла савецкая ўлада супраць усіх, хто меў якое-небудзь дачыненьне да любых незалежных арганізацыяў. У выніку гэтых апэрацыяў, з тэрыторыі Заходняй Украіны было вывезена паводле розных ацэнак, ад 250.000 па 500.000 асобаў розных нацыянальнасьцяў. Найперш гэта былі сем’і сябраў УПА[38][39] Асноўныя свае акцыі УПА праводзіла цяпер супраць савецкай адміністрацыі і службаў бясьпекі. За пэрыод паміж лютым 1944 і сьнежнем 1946 былі забіты 11,725 савецкіх афіцэраў, агэнтаў і калябарантаў і 2.401 зьніклі на тэрыторыі Заходняй Украіны.[40]
З 1946 году УПА звычайна складалася зь невялічкіх груп колькасьцю 5—10 байцоў, а сваю асноўную актыўнасьць яны зьмяшчалі на савецка-польскай мяжы. Нягледзячы на кантакты са спэцслужбамі Вялікай Брытаніі і Францыі, УПА пастаянна скарачала сваю колькасьць.[41] 30 траўня 1947 году Шухевіч надаў загад аб аб’яднаньні УПА і ўзбройнага падпольля АУН. Афіцыйна, штабы УПА спынілі сваю дзейнасьць 3 верасьня 1949 году. Лідэр УПА Раман Шухевіч быў забіты недалёка ад Львова 5 сакавіка 1950 году. Многія з УПА пераходзілі на службу НКУС. Усяго, па 1954 год каля 150 такіх спэцыяльных груп колькасьцю 1800 асобаў працавалі на НКУС.[42] Апошнія атрады спынілі супраціўленьне толькі ў сярэдзіне 1950-х гадоў. Апошнім партызанам сябе называў Ільля Абершын, які пакінуў лес толькі ў 1991 годзе.[43]
Ліквідацыя УПА на тэрыторыі Польшчы
рэдагавацьСваю асноўную актыўнасьць УПА з 1946 засяродзіла на савецка-польскае граніцы. Тут, у 1947 УПА арганізавала забойства польскага камуністычнага міністра абароны генэрала Караля Сьвярчэўскага. Большасьць з дакумэнтаў [44] паказуе, што на дзень 1 красавіка 1947 УПА мела на тэрыторыі Польшчы збройныя сілы ў колькасьці 2402 асобы. Аднак, 1947 стаў апошнім годам для АУН і УПА на тэрыторыі Польшчы. У выніку правядзеньня Акцыі «Вісла» па перасяленьні насельніцтва і высокае актыўнасьці польскіх сілаў, рэшткі УПА вымушаны былі перабірацца на Захад праз Чэхаславакію. Зь некалькі тысячаў чалавек, да сваёй цэлі дабраліся толькі каля сотні.
Дзейнасьць і ліквідацыя УПА на тэрыторыі Беларусі
рэдагавацьВытокі дзейнасьці ўкраінскіх нацыяналістычных арганізацыяў на тэрыторыі Беларусі ляжаць яшчэ ў міжваенныя часы. На Палесьсі разнастайныя ўкраінскія культурна-асьветніцкія і палітычныя аб’яднаньні праводзілі мэтанакіраваную работу па ўкраінізацыі мясцовага насельніцтва, аб чым сьведчыць скарачэньне колькасьці «тутэйшых» і «палешукоў» пры перапісах насельніцтва ў міжваеннай Польшчы.[45][46] Акрамя таго, шырокую дзейнасьць разгарнулі ўкраінскія эмігранцкія арганізацыі.[46]
Дзейнічалі ўкраінскія фармаваньні ў раёнах, дзе пражывала некаторыя колькасьць украінскага насельніцтва.[46] Мэтаю дзейнасьці УПА і АУН на Беларусі было стварэньне ўкраінскага гаспадарства, што было чужым для беларусаў і што дужа паўплывала на тое, што беларускае насельніцтва рэзка адгарнулася ад украінскіх арганізацыяў.[47]
1941—1942 характарызуецца наяўнасьцю шматлікіх кансьпірацыйных партыяў, арганізацыяў і збройных фармаваньняў, якія праводзілі маштабныя апэрацыі ўласнымі вайсковымі сіламі. Украінскія арганізацыі адкрыта супрацоўнічалі зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі — як дыпляматычнымі, так і ваеннымі сродкамі. Так, узброеныя фармаваньні «бульбаўцаў» супольна зь беларускімі калябарантамі правялі на тэрыторыі Палесься супольную акцыю супраць рэшткаў Чырвонае Арміі.[48] У выніку на Палесьсі стварылася своеасаблівая сытуацыя — нямецкай адміністрацыі амаль не было, часткі Чырвонае Арміі альбо былі зьнішчаныя, альбо выцесьненыя ў бранскія лясы. Такая сытуацыя спрыяла ўзмацненьню ўплыву і аўтарытэту ўкраінскіх арганізацыяў у Беларусі.[49]
Непасрэдна стварэньне УПА як асобнай вайсковай структуры на Заходнім Палесьсі пачалося раньняй вясной 1943 году. У сярэдзіне 1943 году партызанская зона УПА ўтварылася ў Дзівінскім раёне (Берасьцейская вобласьць)[50]. Летам 1943 АУН-УПА аб’яднала пад сваім кіраўніцтвам усе вайсковыя фармаваньні ўкраінскіх арганізацыяў, у тым ліку створаную Тарасам Бульба-Бараўцом Палескую Сеч. Гэтая новая армія абавязвалася ашчаджаць украінскае жыхарства (ігнаруючы іншыя народы, якія пражывалі каля ўкраінцаў) на ўкраінскае тэрыторыі.[51] Ідэя стварэньня ўкраінскай дзяржавы была варожа сустрэтая як з боку нямецкіх акупацыйных уладаў, так і з боку савецкіх партызнаў і Арміі Краёвай, у выніку чаго УПА пачала барацьбу па ўсіх напрамках. УПА праводзіла дывэрсыі і рэйды супраць чырвоных партызанаў, вэрмахту і Арміі Краёвай, падчас якіх праводзіліся тэрарыстычныя акцыі і супраць мясцовага насельніцтва — беларусаў, палякаў і габрэяў[52].
У 1943 на тэрыторыі поўдня Беларусі адбываецца значнае ўзрастаньне колькасьці ўдзельнікаў УПА. Паводле папярэдніх падлікаў, колькасьць чальцоў АУН, акрамя моладзі і тых, хто спачуваў ім, дасягнула 10—15 тысячаў асобаў. Колькасьць асобаў, датычных да УПА на Беларусі — 8—10 тысячаў. Група «Тураў», якая дзейнічала на Валыні і ў сумежных раёнах Берасьцейшчыны, пасьля частковае дэмабілізацыі і перадачы ў групу «Заграва» загону «Катлавіна» налічвала на 1 студзеня 1944 3048 асобаў. З улікам дэмабілізацыі і фармаваньняў тылу УПА складала прыблізна 15—20 тыс. асобаў.[52] Улетку 1944 г., на час прыходу савецкага войска, у атрадах УПА ў Дзівінскім раёне бралі ўдзел больш за 3 тыс. жыхароў[50].
У пэрыяд зь лютага 1944 па канец 1945 банды УПА зьдзейсьнілі больш за 6600 дывэрсыйна-тэрарыстычных актаў з прыкладна 14,5 тысячы агульных ваенных нападаў (45%)[52][53]
Асноўнымі мэтодамі барацьбы ў гэты час былі дывэрсыі і тэрор супраць савецкай улады і камуністычных актывістаў у спалучэньні з агітацыяй і прапагандай сярод насельніцтва. Фактычна праводзілася рабаўніцтва, гвалт і насільле над мясцовым насельніцтвам, што нарэшце прывяло да покрышу і ліквідацыі УПА ў Беларусі.[52] У 1952 г. войскі НКУС зьнішчылі апошні атрад УПА ў Беларусі пад кіраўніцтвам «Грыця» Лукашука[50].
Забойствы мірных жыхароў
рэдагавацьЭтнічныя чысткі палякаў пачаліся з 1943 году. Арганізаваныя забойствы працягваліся зь лютага 1943 па люты 1944. Колькасьць загінутых застаецца па сёньня невядомай і вызначаецца ад 60 000 па 500 000. Лічбу 60 000-80 000 прыводзіць Jan T. Gross. Польская (камуністычная) камісія па дасьледваньні злачынастваў супраць польскага народу прапаноўвала лічбу ў 300 000—400 000. Леанід Кучма выказаўся, што «ўкраінскія шавіністы забілі каля паўмільёну палякаў на Ўсходніх землях», што аднак, не было пацьверджана доказамі і магчыма, зьяўляецца вынікам падману.[54]
Людабойства адбывалася ў Львоўскім, Станіславоўскім, Тарнапольскім, Валынскім, а таксама па-за Кэрзонавай лініяй — Люблінскім ваяводзтвах.[55][56]
Улетку 1943 былі праведзены этнічныя чысткі з мэтай канчатковага выдаленьня «польскага элемента», а ўвосень 1943 многія раёны Валыні сталі «этнічна чыстымі». Канфлікт меў моцны рэлігійны і нацыянальны падтэкст.
«Сьвятар Людвік Владарчык з Акопы быў расьпяты на крыжы; сьвятару Станіславу Дабржанскаму адрубілі сякерай галаву, разам зь ім загінула 967 вернікаў з Астроўкі; сьвятара Караля Бараня з Карытніцы расьпілавалі папалам на драўляным карыце; сьвятару Завадзкаму перарэзалі горла нажом…»[57]
10 ліпеня 1944 камандуючы УПА ва Ўсходняй Галіцыі Васыль Сідор загадаў: «пастаянна нападаць на палякаў — да поўнага зьнішчэньня астатняга на гэтай зямлі.»[58] Аднак выкананьне гэтага загаду было спынена наступам Савецкай Арміі, хаця акцыі супраць палякаў працягваліся і ў 1944—1947, пакуль савецкімі ўладамі не была праведзена «Акцыя Вісла» па перасяленьні палякаў на тэрыторыю Польскай Народнай Рэспублікі.
Сярод ахвяраў іншых нацыянальнасьцяў адзначаюцца габрэі, самі ўкраінцы, якія не сымпатызавалі УПА, а таксама калябарантаў і савецкіх грамадзянаў падчас першай савецкай акупацыі 1939—1941. У многіх вёсках габрэі і палякі разам змагаліся з агульным ворагам.[57] Ахвярамі стала таксама невялічкая грамада польскіх армянаў у Галіцыі, якіх забівалі за прывязанасьць да польскасьці (вядома, што армянскі архібіскуп Юзаф Тэадаровіч адкрыта казаў аб прыналежнасьці Львова да Польшчы. 19-21 чэрвеня 1944 у Кутах над Чэрэмошам на Пакуцю было забіта каля 500 польскіх армянаў і палякаў.[59]
Ідэалёгія УПА
рэдагавацьІдэалёгія УПА Бэндэры была тыповай для радыкальнага ўсходнеэўрапейскага нацыяналізму канца 1930-х гадоў. Яе падставамі былі абсалютызацыя арганічнасьці і прыроднасьці нацыі, цягласьць яе існаваньня, прымат інтарэсаў нацыі над інтарэсамі асобы, ідэалізм, культ зямлі й сялянства, стаўка на дзяржаўны патэрналізм, прапаганда этнічнае салідарнасьці, пропаведзь сацыяльнае гармоніі і надклясавую рэпрэзэнтацыйнасьць нацыяналістычнага руху.[60]
Паводле палітычнае арыентацыі, ідэалёгія УПА належыць да ўльтранацыяналістычных арганізацыяў, мэтай якой было стварэньне «Украіны для ўкраінцаў». Ідэі сацыяльнага міру і гармоніі і ксэнафобіі да іншых нацыянальнасьцяў (найперш супраць палякаў, расейцаў, габрэяў), набліжалі іх у гэтым да эўрапейскага нацыянал-сацыялізму. На чале створанай Украіны мела стаяць толькі адна партыя — АУН, а дзяржава мела кіравацца праз палітычныя эліты, безь якога-небудзь прадстаўніцтва ў выглядзе парлямэнту ці іншых палітычных партыяў.
Памяць аб УПА пасьля вайны
рэдагавацьСтаўленьне да УПА пасьля вайны застаецца досыць спрэчным. Ва Ўкраіне вядзецца дыскусія вакол пытаньня наданьня вэтэранам УПА гонару вэтэранаў Другой сусьветнай вайны і ўшанаваньня УПА як вызвольнага руху.[61] Аднак за час існаваньня незалежнай Украіны моцных зьменаў у тым кірунку не адбылося. 12 верасьня 1997 году кабінэт міністраў Украіны пастанавіў стварыць камісію па дасьледваньні дзейнасьці УПА.[62] 14 кастрычніка 2006 году прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка падпісаў дэкрэт, паводле якога УПА надаецца статус вызвольнага руху.[61][63] Аднак гэты дэкрэт ня быў адобраны парлямэнтам Украіны і застаўся актам прапагандычным. Штогод Юшчанка вітае вэтэранаў УПА з нагоды стварэньня гэтае арміі[64], а 12 кастрычніка 2007 году загадам Віктара Юшчанкі лідэру УПА Раману Шухевічу быў нададзены статус «Героя Ўкраіны».[65] Сытуацыя з намаганьнем Юшчанкі праз парлямэнцкі закон надаць УПА статус вызвольнага руху паўтарылася і ў 2008 годзе.[61] Падтрымліваюць ушанаваньне УПА ўкраінскія нацыяналістычныя партыі, а сама ідэя карыстаецца большай папулярнасьцю сярод жыхароў Заходняй Украіны. Супраць ушанаваньня выступае «Партыя рэгіёнаў» і камуністы, якія знаходзяць у гэтым падтрымку на ўсходзе краіны.
Супраць ушанаваньня УПА выступаюць суседзі Ўкраіны — Польшча і Расея. У Польскай Рэспубліцы перапісы паказваюць, што 49% палякаў нічога ня ведаюць пра тыя падзеі, 17% штосьці чулі, але дакладна ня ведаюць, 20% «ведаюць, але мала» і толькі 14% добра ведае аб людабойстве нацыяналістамі палякаў у часе ІІ Сусьветнай вайны.
11 ліпеня 2003 у памяць 60-годзьдзя забойстваў у Парыцку прэзыдэнты Польшчы Аляксандар Квасьнеўскі і Ўкраіны Леанід Кучма адкрылі там помнік забітым. Прэзыдэнт Квасьнеўскі тады паведзіў:
«Трэба, аднак, тутай выразіць маральны пратэст супраць ідэалёгіі, якая давяла да „антыпольскай акцыі“, заініцыяванай праз Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскай Паўстанчай Арміі. Ведаю, што тыя словы могуць зачапіць. Але жадная цэль, ані жадная вартасьць, нават такая важная, як вольнасьць і сувэрэннасьць народу, ня можа апраўдаць людабойства, разьні цывільных, насільле і гвалты…»
29 кастрычніка 2007 — праект наданьня статусу генацыду разьні палякаў украінцамі ў 1942—1944 на Валыні быў адрэгаваны праз чатырох польскіх эўрадэпутатаў, выбраных зь лістоў «Лігі польскіх сем’яў» і прэзэнтаваны дэлегацыям да Эўрапейскага Парлямэнту.[66] Праект, аднак, ня быў аддадзены на галасаваньне.[67]. У Польшчы дзейнічае «Агульнапольскі Камітэт Будовы Помніка Ахвяр Людобойства, дакананага праз АУН-УПА».[68][69][70] 15 ліпеня 2009 Сейм Польскай Рэспублікі прыняў ухвалу «у справе трагічнага лёсу палякаў на Усходніх Крэсах», дзе вядзецца аб распачатай праз Арганізацыю Ўкраінскіх Нацыяналістаў і Ўкраінскую Паўстанчую Армію на Крэсах ІІ Рэчы Паспалітай так званай антыпольскай акцыі — масавых забойстваў з характарам этнічнай чысткі…[71][72].
16 чэрвеня 2009 у парлямэнце Летувы была ўрачыста адкрыта выстава, у якой ухвалёўваецца памяць УПА. У адкрыцьці выставы, падрыхтаванай украінскім бокам, узяў ўдзел віцэ-сьпікер Сойму Летувы Альгіс Кашэта, дырэктар Цэнтру Процістаяньня Людабойству і Руху Адпору Жыхароў Летувы Тэрэзія Бірутэ-Бірускаітэ, пасол Летувіскага Сойму Даліа Коўдыце, эўрапасол Вітаўтас Ландсіукпшы, амбасадар Украіны на Летуве Ігар Пракапчук. Наступная выстава будзе прэзэнтавана ў Рызе і Таліне.[73]
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Військово-польова жандармерія — спеціальний орган Української повстанської армії (укр.)
- ^ а б Уладзімер Дзёбак, Ігар Ільлюшын(en), Георгі Касьянаў(uk) і Аналій Кенцій(uk). Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія = Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі(uk). — Кіеў: Навуковая думка(en), 2005. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 190-198. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Нацыяналістычнае падпольле ў 1949—1956 гг. // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 435-438. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Разьдзел 7. Антыкуманістычны супраціў АУН і УПА ў пасьляваенны пэрыяд (1946—1956 гг.) // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 394-444. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ І.Ільлюшын. Разьдзел 5. Баявыя дзеяньні АУН і УПА на антыпольскім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 222-302. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ W.Siemaszko, E.Siemaszko, Ludobójstwo dokonane przez nacjonalistów Ukraińskich na ludności polskiej Wołynia 1939—1945, Warszawa 2000 (пол.)
- ^ А.Кенцій. Разбудова тэрытарыяльных структураў і штабоў паўстанчай арміі // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 173. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Ці заслугоўваюць помніка тыя, хто змагаўся супраць савецкай улады?(недаступная спасылка)
- ^ А.Кенцій. Разьдзел 2. Пераход АУН(Б) на антынямецкія пазіцыі (1941—1942) // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 88-113. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ «Воєнна історія» #5-6 за 2002 рік УКРАЇНСЬКА ПОВСТАНСЬКА АРМІЯ ТА ЗБРОЙНІ ФОРМУВАННЯ ОУН У ДРУГІЙ СВІТОВІЙ ВІЙНИ
- ^ А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 176. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 183. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ «…Ось сумна статистика тих боїв: у липні відбулося 35 сутичок, у серпні — 24, у вересні — 15; втрати повстанців становили 1237 бійців і старшин, ворожі втрати склали 3000 чоловік…»
- ^ ВИСНОВОК УКРАЇНСЬКИХ ТА ПОЛЬСЬКИХ ІСТОРИКІВ ЗА ПІДСУМКАМИ IX—X МІЖНАРОДНИХ НАУКОВИХ СЕМІНАРІВ (Варшава, 5—11 листопада 2001 р.)(недаступная спасылка)
- ^ а б в А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 184. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Супрацьнямецкі фронт АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 181-182. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 199. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Чуев С. Проклятые солдаты. −2004. б. 362
- ^ а б А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 180. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Стратэгія «двухфрантавой» барацьбы АУН і УПА // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 178. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 206. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 203. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 200. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б в А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 201. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б в А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 202. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 205. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 210. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ а б А.Кенцій. Барацьба АУН і УПА на супрацьбальшавіцкім фронце // Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінская паўстанчая армія / рэд. Станіслаў Кульчыцкі. — Кіеў: Навуковая думка, 2005. — С. 211. — 495 с. — ISBN 966-00-0460-5
- ^ Władysław Filar Antypolskie akcje nacjonalistów ukraińskich (пол.). Mój Lwów - wspomnienia i aktualności ze Lwowa. Праверана 9 траўня 2010 г.
- ^ І.І. Ільюшин. Волинська трагедія 1943 (укр.). Інститут історії України Національної академії наук України. Праверана 9 траўня 2010 г.
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 5 [1] б. 288
- ^ Państwowe Archiwum Federacji Rosyjskiej w Moskwie, fond 9401, opis 1, dzieło 94, s. 132—140
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.213
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.211-212
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 15 https://web.archive.org/web/20120515165126/http://history.org.ua/LiberUA/Book/Upa/24.pdf стр.216
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 pp. 106—110
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 p. 92
- ^ external link
- ^ Jeffrey Burds (1997). «Agentura: Soviet Informants' Networks & the Ukrainian Underground in Galicia, 1944-48», East European Politics and Societies v.11 pp. 113—114
- ^ Institute of Ukrainian History, Academy of Sciences of Ukraine, Organization of [2]
- ^ https://web.archive.org/web/20071203015442/http://www.ukranews.com/eng/article/84498.html
- ^ Інтэрвію з Ільлём Абершыным
- ^ Grupa Operacyjna «Wisła», kalkulacja sił U.P.A. (sił zbrojnych U.P.A. i personalnej obsady terenowej) na terenie działania Grupy Operacyjnej «Wisła» na dzień 1.04-23.07.1947 r.
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 9-10
- ^ а б в Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 1
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 9
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 15
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 10-11
- ^ а б в Павал Берасьнеў. Барацьба за нацыянальную самасьвядомасьць беларусаў (частка 3) // Зьвязда : газэта. — 25 сакавіка 2011. — № 55 (26919). — С. 11. — ISSN 1990-763x.
- ^ Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 11
- ^ а б в г Черняк Ю. В. Деятельность украинских организаций и их вооружённых формирований на территории Западной Беларуси в годы Великой Отечественной войны / Черняк Юрий Вячеславович. — Минск, 2007. — 20 с б. 12
- ^ Малая война (организация и тактика действий малых подразделений): хрестоматия / Сост. А. Е. Тарас. — Минск : Харвест, 1998. б.419
- ^ Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 767
- ^ Wystawa ludobójstwa dokonanego na Polakach przez OUN-UPA na Kresach Południowo-Wschodnich II RP 1939—1947
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія..Інститут історії НАН України.2004р Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія, Раздел 5 [3] б. 166
- ^ а б Норман Дэвис. История Европы. — М.: АСТ., 2006 ISBN 5-17-024749-4 с 768
- ^ А.Русначенко «Украинско-польское противостояние» стр 101
- ^ Больш інфармацыі
- ^ Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія: Історичні нариси / НАН України; Інститут історії України / С. В. Кульчицький (відп.ред.). — К.: Наук. думка, 2005. — 495 с c. 472 [4]
- ^ а б в Мікола Бугай. Юшчанка: ушанаваць байцоў УПА — наш прыярытэт // Наша Ніва, 10 студзеня 2008 г. Праверана 1 кастрычніка 2014 г.
- ^ П О С Т А Н О В А від 12 вересня 1997 р. N 1004
- ^ Tarasiuk do Juszczenki: Uznać UPA za bojowników o niepodległość
- ^ Сайт прэзыдэнта Украіны (укр.)
- ^ УКАЗ ПРЕЗИДЕНТА УКРАЇНИ № 965/2007 Про присвоєння Р. Шухевичу звання Герой України (укр.)
- ^ [5], w: Rzeczpospolita 29 października 2007.
- ^ Patrz: https://web.archive.org/web/20110719050004/http://www.isakowicz.pl/index.php?page=news&kid=8&nid=943&PHPSESSID=cfb43afedc1625086e1d0b95e9201921
- ^ Apel Ogólnopolskiego Komitetu Budowy Pomnika Ofiar Ludobójstwa dokonanego przez OUN-UPA, mysl.pl [dostęp 11.04.2009]
- ^ Pomnik polskich ofiar OUN-UPA stanie w Warszawie?, wp.pl [dostęp 11.04.2009]
- ^ Przeciw pomnikowi ofiar UPA, rp.pl(недаступная спасылка) [dostęp 11.04.2009]
- ^ [6]
- ^ Браніслаў Камароўскі. Пастанова Сойму Польскай Рэспублікі ад 15 ліпеня 2009 г. у справе трагічнага лёсу палякаў на ўсходніх ускраінах (пол.) // Сойм Польскай Рэспублікі, 15 ліпеня 2009 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- ^ (Сайт ІА УНІАН)
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьУкраінская паўстанчая армія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Уладзіслаў Грыневіч. Міт вайны і вайна мітаў // ARCHE Пачатак : часопіс. — Травень 2006. — № 5 (45). — С. 103-117. — ISSN 1392-9682.
- Марка Баяслаў(uk). Любоў паўстанцкая сьвятая // Дзеяслоў : часопіс. — Кастрычнік 2006. — № 5 (24). — С. 193-198. — ISSN 2076-1309.
- Сайт ОУН УПА: легенда спротиву (укр.)
- Летапіс УПА (анг.) // InfoUkes, 2000 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- Выстава аб генацыдзе палякаў з боку АУН-УПА на паўднёва-ўсходніх ускраінах ІІ РП у 1939-1947 гг. (пол.) // Уроцлаўскае Таварыства ўвекавечаньня ахвяраў злачынстваў украінскіх нацыяналістаў(pl), 2008 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.
- Джэфры Бурдс. Савецкая агентура = Советская агентура. — Масква: Сучасная гісторыя, 2006. — 293 с. — 500 ас. — ISBN 0978993705
- Яўген Цыбуленка(en). Бандэраўцы — праўда і гістарычныя міты (рас.) // Дэлфі, 12 кастрычніка 2009 г. Праверана 3 кастрычніка 2014 г.