Сялец (Брагінскі раён)
Сялец[1] — вёска ў Малейкаўскім сельсавеце Брагінскага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.
Сялец | |
трансьліт. Sialec | |
Дата заснаваньня: | перад 1574 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Брагінскі |
Сельсавет: | Малейкаўскі |
Насельніцтва: |
|
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2344 |
Паштовы індэкс: | 247637 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°49′43″ пн. ш. 30°20′0″ у. д. / 51.82861° пн. ш. 30.33333° у. д.Каардынаты: 51°49′43″ пн. ш. 30°20′0″ у. д. / 51.82861° пн. ш. 30.33333° у. д. |
± Сялец |
Гісторыя
рэдагавацьКарона Каралеўства Польскага
рэдагавацьУ пісьмовых крыніцах паселішча ці не ўпершыню згаданае ў 1574 годзе пры разьдзеле Брагінскага маёнтку паміж князямі-братамі Аляксандрам Аляксандравічам і Міхаілам Аляксандравічам Вішнявецкімі. Тады «Село Селце з людми отчизными, куничниками, з даню грошовою и медовою, з лесы, дубровами, чертежами, полями, сеножатми и з гоны бобровыми и ловы зверинными» дасталося князю Аляксандру[2]. На 1581 год, калі маёнткам валодала яго ўдава княгіня Аляксандра (з роду Капустаў) Вішнявецкая, у Сяльцы налічвалася 22 дымы асадных сялянаў (×6 — прыблізна 132 чалавекі), зь якіх выбіралася па 15 грошаў, і 8 агароднікаў (каля 48 чалавек), зь якіх, у залежнасьці ад акалічнасьцяў, — па 4 альбо па 6 грошаў падатку[3]. 29 чэрвеня 1609 году спадчыньнікі часткі Брагінскіх добраў князя Аляксандра[a] яго сын князь Адам і княгіня Аляксандра з Хадкевічаў Вішнявецкія фундавалі ў Сяльцы царкву Сьвятога Спаса і мужчынскі манастыр, якому надалі сяло «Защовъбъе... зо всими доходами и пожытками». Заснаваны таксама манастыр жаночы з царквой Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, на ўтрыманьне якога адпісана трэцяя частка прыбыткаў мужчынскага манастыра. 19 жніўня 1613 году ў Кіеўскім гродзкім судзе быў складзены зыск аб нявыплаце Адаму і Аляксандры Хадкевічаўне Вішнявецкім, іх дачцэ Крысьціне панам Янам Юндзілам сумы, запісанай на добрах Зашчоб'е, Мікулічы, частцы мястэчка Брагін, на Сяльцы і Высокім[5].
З тэксту ліста ўдавы Крысьціны, княгіні Вішнявецкай, Мікалаевай Малінскай, датаванага 24 днём лютага 1632 году, вынікае, што абодва манастыры «на тот час суть спустошалые». І «ку лепшому чынечи розмноженю хвалы Бжои» княгіня аддала іх ігуменьні Кіеўскага Ўзьнясенскага Пячэрскага манастыра Алімпіядзе з дому Рагозаў Сілічавай, яе дачцэ Марыне «и иншим законницом при них мешкаючым и напотом будучым», а таксама пацьвердзіла бацькоўскае наданьне на[6]:
Село Защовбе с поддаными и зо всякими ихъ повинностями и послушенством, пожитками и приналежностями... А меновите теж и въ Селцу подданых трох з их кгрунтами, и з деревом бортным, ово зо всякими здавна приналежностями и звычаиными пожитками. Зособна теж до самого манастыра поля робочые и неробочые, сеножати, млынъ и з его вымелками на реце Щовби, также на тои реце волное рыб ловене на язах и иншими посудками, водле старых прыналежностеи звычаев и уживаня до тых манастыровъ належачих. Ничого на себе и на потомки свое тых добръ не имуючы и не зоставуючы...
20 ліпеня 1641 году пані Крысьціна з князёў Вішнявецкіх, на той час жонка Пятра Даніловіча, крайчага кароннага, саступіла князю Ярэмію Вішнявецкаму сваю палову замку і места Брагін зь сёламі, у ліку якіх быў і Сялец[7].
На 7 сакавіка 1650 году дзяржаўцам Брагіна і той часткі воласьці, якая да 1641 г. належала пані Крысьціне Даніловічавай, названы пан Даніэль Сіліч. Тады ў частцы Сяльца, Веляціне, Мікулічах, Лісьцьвіне разам налічвалася 130 дымоў (≈780 жыхароў)[8].
16 жніўня 1673 году кароль Міхал Карыбут Вішнявецкі пацьвердзіў даўні фундуш манастырам у Сяльцы, што быў у складзе Брагінскага графства, як запісана ў загалоўку граматы, альбо Брагінскага ключа — як у самым тэксьце[9]. Згодна з люстрацыяй падымнага падатку Оўруцкага павету Кіеўскага ваяводзтва ад 25 студзеня 1683 году, 3 дымы ў вёсцы Сялец трымаў пан Ясінскі, а з 6 дымоў (у другі пабор — з 3-х) вёскі Зашчоб’е (wsi Zaszczeblów) «czerniczek Brahińskich[b]» выплачваліся 3 злотыя [10].
28 чэрвеня 1687 году Сялец названы ў справе Оўруцкага гродзкага суда сярод паселішчаў часткі Брагінскага маёнтку ваяводзіча бэлзскага, каралеўскага палкоўніка Яна Канецпольскага, зруйнаваных працяглым (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) пастоем рэестравых казакоў запарозскага палкоўніка Паўла Апостала Шчуроўскага. У 20 яго дварах (каля 120 жыхароў) казакі, у адрозьненьне ад іншых месцаў, самі не стаялі, разьмясьцілі толькі трох коней на пакорм. Але вяскоўцаў прымусілі справіць ажно 7 вазоў, кожны з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю; зь іх выбралі здору, гарэлкі, за порах, 20 пар хустаў палатна на ўладкаваньне паходных шатроў агулам на 969 злотых, легуміны 44 вядры, аўса 67 вёдраў, 21 кабана (wieprzow), 58 падсьвінкаў, 143 кур, 9 баранаў; палкоўніку Шчуроўскаму і сотніку Русановічу далі адпаведна 24 і 6 злотых, каляды — 30 злотых[11].
26 траўня 1696 году ў Оўруцкім гродзкім судзе актыкаваная скарга, пададзеная ад імя пана Аляксандра Сіліча на яго стрыя Самуэля Сіліча, лоўчага ноўгарад-северскага, зяця Юрыя Гасоўскага і родных братоў Антонія і Паўла Сілічаў. У кастрычніку 1695 году Ю. Гасоўскі, падбухтораны панам лоўчым, раней маючым канфлікт зь нябожчыкам панам Рыгорам Сілічам, братам падаўца скаргі, наехаў на двор у Сяльцы, дзе без усялякай нагоды зьбіў пані гаспадыню. Пазьней ён, А. і П. Сілічы наехалі на тамтэйшы жаночы манастыр ritus Graeci, манахіню Софію зьбілі кіямі, да перадсьмяротнага стану давёўшы. І надалей Ю. Гасоўскі учыняў розныя гвалты, як тое — вокны ў карчме, сярод ночы наехаўшы, павыцінаў, зьбіў брагінсага арандатара Рушмана Давідовіча і яго сына. У красавіку 1696 году ізноў наехаў на манастыр, уварваўся ў царкву, адарваў са сьцяны партрэт нябожчыка Рыгора Сіліча, а манахіню, якая спрабавала супрацівіцца таму, словамі жорстка зьняважыў. Усяляк перашкаджаў завяршэньню сялецкімі падданымі збудаваньняў для лоўлі рыбы на рацэ Брагінцы (маўляў, усё спаліць), жадаючы той промысел узурпаваць. І з астатняга. Калі пан Казімер Янішэўскі, возны, зьявіўся па гэтай справе да двара Лісьцьвінскага, пры ўваходзе яму ў галаву патрапіла міска; магчыма, дайшло б і да большага, як бы не ўмяшаўся ксёндз, вікары астраглядаўскі[c], ды хоць часова супакоіў свавольнага[12].
У кастрычніку 1698 году складзены інвэнтар мужчынскага манастыра ў Сяльцы, які ўзначальваў ігумэн Феадосій Ханкевіч. Згодна зь ім, на манастырскіх землях жылі і працавалі альбо служылі 9 падданых зь сем'ямі: Грышка Стары (меў трох коней), Нічыпар Бондар (меў каня), Хведар Сьляпы (меў вала), Іван Вульскі, Андрэй Паўлоўскі, Васіль Вульскі, брат Васіля, Лукаш Козуман, Хвілька Баярын. 8 гаспадароў трымалі па 1 валоцы зямлі, зь якіх адпрацоўвалі паншчыну па 2 дні хлопскіх (мужчынскіх) і па 2 белагаловых (жаночых) на тыдзень. Баярын, як звычайна, быў на службе, на зямлі не працаваў, павіннасьцямі не абцяжараны[13].
Пасля сьмерці ў 1719 годзе апошняга спадчыннага ўладальніка пана серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і шматгадовага знаходжаньня (яшчэ і пры жыцці нябожчыка) ў заставе ў паноў Сілічаў[15], прыкладна ад 1733 году Сялец стаў уласнасьцю князя Міхала Сэрвацыя са старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта ў тым годзе ці не ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[16]. Лістом ад 14 чэрвеня 1742 году ваявода віленскі, вялікі гетман ВКЛ князь Міхал Сэрвацы і княгіня Тэкля з Радзівілаў Вішнявецкія пацьвердзілі фундуш Сялецкаму манастыру. Гэтым разам — айцам базыльянам[17].
Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Сялец быў сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[18]. У 1754 годзе з 32 двароў (каля 192 жыхароў) вёскі Сялец Брагінскага маёнтку «do grodu» (Оўруцкага замку) выплачваліся 5 злотых, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 20 злотых. З 5 двароў (≈30 чалавек) у Сяльцы айцоў базыльянаў адпаведна — 22 з паловай грошы і 3 злотыя[19]. У тым жа годзе маёнтак быў куплены ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай панам Францішкам Антоніем Ракіцкім.
Паводле перапісаў габрэйскага насельніцтва 1765, 1778 і 1784 гадоў у вёсцы Сялец (Sielce) пражывалі адпаведна 6, 3 і 3 чалавекі (głowy), плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Брагінскага кагалу[20]. Пэўна, на зьмяншэньне колькасьці габрэяў не магла не паўплываць Каліеўшчына 1768 году, што была апошнім і наймацнейшым уздымам гайдамацкага руху ва Украіне.
Расейская імпэрыя
рэдагавацьУ выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Сялец апынуўся ў межах Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[21].
Згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», на 1850 год паселішча мела 41 двор. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 138 жыхароў Сяльца абодвух полаў належалі да прыходу Праабражэнскай царквы[22].
У парэформавы пэрыяд Сялец належаў да Брагінскай воласьці. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Праабражэнскай царквы ў Сяльцы названыя настаяцель а. Андрэй Пяцельчыц, в. а. штатнага псаломшчыка Раман Тучкевіч і звышштатны Аляксандар Мігай. У складзе прыходу, акрамя Сяльца, — вёскі Гарадзішча, Малейкі, Катловіца, Зарэчча, Сьцяжарнае, Цюцькі, Крыўча, Пераносы, Юркавічы, Углы, Каманоў, Міхнаўка, Рудня Жураўлёвая, Лубенікі[23]. На 1879 год прыход складалі 1196 мужчынскага і 1119 жаночага полу верных[24]. У 1886 годзе паселішча налічвала 33 двары, 195 жыхароў, дзейнічалі царква і капліца[25]. 31 траўня 1890 году, на запрашэньне а. Андрэя Пяцельчыца, прыходзкую школу ў Сяльцы наведаў інспэктар зь Менску протаіерэй Павал Афонскі, які застаўся задаволены ведамі вучняў[26].
Паводле перапісу 1897 года ў Сяльцы было 44 двары з 283 жыхарамі, існавалі царкоўна-прыходзкая школа, царква, капліца, вятрак. На 1909 год — 57 двароў, 340 жыхароў[27].
Найноўшы час
рэдагаваць9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Сялец і Брагін, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Прычым, старастай (губэрнатарам) гэтман Украінскай Дзяржавы Павал Скарападзкі прызначыў былога ўладальніка маёнтку Гарадзішча, галаву Рэчыцкай павятовай управы П. А. Патона. Ад 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы»[28].
1 студзеня 1919 году, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Брагінская воласьць увайшла ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква далучыла яе разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі да РСФСР.
З 8 сьнежня 1926 да 30 сьнежня 1927 году Сялец — цэнтар Сялецкага сельсавету ў Брагінскім раёне Рэчыцкай, з 9 чэрвеня 1927 году Гомельскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас «Новы беларус», працавалі 2 ветракі, конная крупарушка, 2 гамарні, воўначоска. З 20 лютага 1938 году — у складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскай барацьбе загінулі 66 мясцовых жыхароў. У памяць пра загінулых у 1965 годзе ў скверы ўсталявана скульптура салдата.
З 8 студзеня 1954 году Сялец адміністрацыйна належыць да Гомельскай вобласьці. Паводле перапісу 1959 году у вёсцы — 661 жыхар. Цэнтар калгасу імя Э. Тэльмана. Працавалі клуб, пачатковая школа, бібліятэка, дзіцячы садок.
Геаграфія
рэдагавацьЗа 9 км на паўночны ўсход ад Брагіна, 35 км ад чыгуначнай станцыі Хвойнікі (на галінцы Васілевічы — Хвойнікі ад лініі Каленкавічы — Гомель), 122 км ад Гомля.
Гідраграфія
рэдагавацьРака Брагінка, на ўсходзе сетка мэліярацыйных каналаў.
Транспартная сетка
рэдагавацьПобач аўтадарога, якая злучае Брагін з дарогай Лоеў — Рэчыца.
Насельніцтва
рэдагаваць- 2004 год — 101 гаспадарка, 261 жыхар.
Забудова
рэдагавацьСкладаецца з просталінейнай вуліцы, арыентаванай з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, да якой на ўсходзе далучаецца просталінейная вуліца. Забудова двухбаковая, драўляная, сядзібнага тыпу.
Страчаная спадчына
рэдагавацьАсобы
рэдагаваць- А. І. Шаўчэнка — камісар партызанскай брыгады імя К. Я. Варашылава, якая дзейнічала на Вілейшчыне падчас Вялікай Айчыннай вайны.
- У. П. Чапега — беларускі перакладчык.
Заўвагі
рэдагаваць- ^ Аб'яднаў абедзьве паловы ў сваіх руках князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі толькі ў 1641 г.[4]
- ^ Маюцца на ўвазе сялецкія; пра манастыры ў Брагіне зьвестак няма.
- ^ На той час ім быў ксёндз Даніэль Міклашэвіч з ордэну братоў-прапаведнікаў (Ordo fratrum Praedicatorum) альбо дамініканаў.
- ^ Дзяніс Лісейчыкаў засьведчыў, што на сёньня гэта самы раньні зь вядомых адбіткаў сярод кляштараў Беларускай правінцыі базыльянскага ордэну, але ў артыкуле дасьледчыка сам Сялец чамусьці пазначаны ў Рэчыцкім павеце ВКЛ[14].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf)
- ^ Спиридонов М. Ф. Акт о разделе имения Брягин. 1574 г. // Беларускі археаграфічны штогоднік. Выпуск 1. – Мінск, 2000. С. 188
- ^ Źródła dziejowe (далей: ZD). T. XX. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym; T. IX: Ziemie ruskie. Ukraina (Kijów — Bracław). Dział I-szy. /Opisane przez Aleksandra Jabłonowskiego. — Warszawa, 1894. Wykazy… S. 36, 38
- ^ Czamańska I. Wiśniowieccy. Monografia rodu. — Poznań, 2007. S. 145, 171
- ^ ZD. T. XXI. Polska XVI wieku pod względem geograficzno-statystycznym. T. X. Dział II-gi. — Warszawa, 1894. S. 200—201
- ^ Собрание древних грамот и актов городов Минской губернии, православных монастырей, церквей и по разным предметам. — Минск, 1848. С. 68—71, 166—168
- ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 8-13
- ^ Національно-визвольна війна в Україні. 1648-1657. Збірник за документами актових книг / Керівник проекту Музичук О. В.; Упор.: Сухих Л. А., Страшко В. В. Державний комітет архівів України. Центральний державний історичний архів України, м. Київ. – Київ, 2008. С. 534
- ^ Князі Вишневецькі. — Київ, 2016 (2017). С. 213
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 7. T. 1. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 489, 490, 507
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 3. Т. 2. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 152
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 1. Т. 4. Акты об унии и состоянии православной церкви с половины XVII века (1648—1798). — Киев, 1871. С. 113—114
- ^ Львоўская навуковая бібліятэка Украіны імя В. Стэфаніка. Ф. 3. Спр. 820. А. 667 і наст.
- ^ Д. В. Лісейчыкаў. «TALIS EST BASILIUS MAGNUS»: пячаткі манастыроў Беларускай правінцыі базыльянскага ордэна канца XVIII – першай трэці XIX ст. // Архіварыус: зб. навук. паведамл. і арт.; вып. 18 / рэдкал.: В. Ф. Голубеў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: НГАБ, 2020. С. 160—161
- ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 284
- ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
- ^ НГАБ у Менску. Ф. 694. Воп. 5. Спр. 140. А. 129—132
- ^ Ks. Orłowski K. N. Defensa biskupstwa y dyecezyi Kiiowskiey. — Lwów, 1748. S. 148
- ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 192
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 302, 391, 710
- ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. С. 181—182
- ^ Расейскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 720
- ^ Минские епархиальные ведомости. – Минск, 1876. № 10. С. 457
- ^ Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 30
- ^ Волости и важнейшие селения Европейской России. — С.-Петербург, 1886. Вып. 5. С. 111
- ^ Минские епархиальные ведомости. — Минск, 1891. № 2. С. 78—80
- ^ Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 179
- ^ Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 – січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья. С. 85
Літаратура
рэдагаваць- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.