Тыгрынья

усходнеафрыканская сэміцкая мова

Тыгрынья (саманазва: ትግርኛ, вымаўл. /tɨɡrɨɲa/) — сэміцкая мова, на якой размаўляе народ тыграі. Распаўсюджаная перадусім у рэгіёне Тыграй (паўночная частка Этыёпіі) і прылеглых да яе памежных рэгіёнах Эрытрэі. Мова таксама мае ўжытак у асяродзьдзі этыёпскіх габрэяў, што эмігравалі з гэтых рэгіёнаў.

Тыгрынья
ትግርኛ (/tɨɡrɨɲa/)
Ужываецца ў Эрытрэі, Этыёпіі
Рэгіён Эрытрэя, этыёпскі рэгіён Тыграй
Колькасьць карыстальнікаў 4,2 млн чал. (у Этыёпіі[1]), 2,5 млн чал. (у Эрытрэі)
Клясыфікацыя Афразійскія мовы
  • Сэміцкія мовы
    • Паўднёвасэміцкія мовы
      • Этыёсэміцкія мовы
        • Паўночнаэтыёсэміцкія мовы
          • Тыгрынья
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Эрытрэі
рэгіёне Тыграй, Этыёпія
Статус: 2 Правінцыйны[d][2]
Пісьмо этыёпскае пісьмо[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ti
ISO 639-2(Б) tir
ISO 639-2(Т) tir
ISO 639-3 tir
Гэты артыкул зьмяшчае тэкст з выкарыстаньнем этыёпскай пісьмовасьці.
Без падтрымкі дадзенага віду пісьмовасьці замест ейных знакаў на вашай прыладзе адлюстроўвацьмуцца пытальнікі, квадраты або іншыя сымбалі.

Носьбіты мовы ў Тыграі складаюць 65% ад усіх носьбітаў мовы навогул, у Эрытрэі пражывае 35% ад гэтых носьбітаў. Назва мовы ў рэгіёне Тыграй гучыць як Tigrāwōt (у множным ліку — Tegaru), тыгрыньямоўныя ў Эрытрэі сваю мову называюць словам Tigrinya.

Мову тыгрынья ня варта блытаць з моваю тыгрэ — лінгвістычна блізкай ды тыгрынья мовы, носьбіты якой жывуць на поўнач і захад ад тыгрыньямоўных тэрыторыяў.

Гісторыя ды літаратура

рэдагаваць

Нягледзячы на тое, што мова тыгрынья істотна адрозьніваецца ад мовы геэз (мова, распаўсюджаная на тэрыторыі Этыёпіі III-ХІІІ стагодзьдзяў, цяпер зьяўляецца літургічнай мовай), апошняя аказала заўважны ўплыў на мову тыгрынья. Гэты ўплыў асабліва закрануў лексыку, зьвязаную з хрысьціянскімі паняцьцямі ды Біблейскімі імёнамі[3]. З тае нагоды, што геэз мела значны статус у культуры Этыёпіі і мела адносна простую канструкцыю, яна сталася своеасаблівым пасярэднікам для мовы тыгрынья і захоўвала гэтую функцыю да адносна нядаўніх часоў[4].

Найранейшым тэкстам на мове тыгрынья зьяўляецца тэкст мясцовых законаў, які быў знойдзены ў мясцовасьці Лагасарда (поўдзень Эрытрэі) і датуецца ХІІІ ст.[5]. Першым друкаваным выданьнем на мове стала газэта, якая выдавалася падчас брытанскага кіраваньня Эрытрэяй, яна мела тыраж 5000 асобнікаў штотыдзень[6].

Тыгрынья (разам з арабскай) зьяўлялася афіцыйнай мовай Эрытрэі падчас яе знаходжаньня ў фэдэрацыі з Этыёпіяй, аднак у 1958 року яна страціла свой афіцыйны статус на карысьць амхарскае мовы. Па набыцьці Эрытрэяй незалежнасьці тыгрынья зноў атрымала афіцыйны статус.

Назва, носьбіты і дыялекты

рэдагаваць

Саманазва мовы тыгрынья мае некаторыя асаблівасьці пры ўжываньні ў розных маўленчых сытуацыях. Так, напрыклад, у рэгіёне Тыграй саманазва мовы можа адрозьнівацца ў залежнасьці ад плоці носьбіта (tigrāwāy — для мужчынаў, tigrāweytī — для жанчын) або іх колькасьці (tegaru — для множнага ліку). Эрытрэйскія носьбіты мовы афіцыйна ўзгадваюцца як Bihér-Tigrigna (па-беларуску: нацыя тыгрыньямоўных).

Тыгрынья зьяўляецца трэцяй мовай у Этыёпіі паводле колькасьці носьбітаў (пасьля амхарскай і арамо), у Эрытрэі — першай. Мова таксама распаўсюджаная ў дыяспары па ўсім сьвеце, у прыватнасьці ў Судане, Саудаўскай Арабіі, Ізраілі, Нямеччыне, Італіі, Вялікабрытаніі, Канадзе ды ЗША.

Дыялекты

рэдагаваць

Дыялекты тыгрынья адрозьніваюцца ў сфэрах фанэтыкі, лексыкі ды граматыкі[7], пры гэтым ніводны дыялект не прыняты ў якасьці літаратурнага стандарту.

Асноўныя рысы

рэдагаваць

Фанэтыка

рэдагаваць
  • Зычныя:

У мовы тыгрынья існуе досыць тыповы для астатніх этыёсэміцкіх моваў набор зычных гукаў. Гэта выражаецца ў наяўнасьці ў мове сыстэм абруптыўных зычных і набору сямі галосных гукаў. Між тым, існуюць і адрозьненьні. Прыкладам, у мове тыгрынья захаваліся дзьве фарынгальныя зычныя, якія страчаныя ў астатніх этыёсэміцкіх мовах. Верагодна, гэтыя гукі зьяўляюцца спадчынай мовы геэз.

Ніжэй падаюцца гукі мовы тыгрынья. Гук /v/ сустракаецца толькі ў словах эўрапейскага паходжаньня, таму ён паказваецца ў дужках.

Білябіяльныя/
Лябіядэнтальныя
Зубныя Постальвэалярныя/
Палятальныя
Вэлярныя Фарынгальныя Глётальныя
Звычайныя Лябіялізаваныя
Насавыя m n [ɲ]
Выбухныя Глухія p t [tʃ] k [kʷ] [ʔ]
Звонкія b d [dʒ] [ɡ] [ɡʷ]
Абруптныя [pʼ] [tʼ] [tʃʼ] [kʼ] [kʷʼ]
Фрыкатыўныя Глухія f s [ʃ] (x) [xʷ] [ħ] h
Звонкія (v) z [ʒ] [ʕ]
Абруптныя [sʼ] [xʼ] [xʷʼ]
Апраксыманты l [j] w
Ратычныя r
  • Галосныя:
Пярэдняга шэрагу Сярэдняга шэрагу Задняга шэрагу
Верхняга ўздыму i [ɨ] u
Сярэдняга ўздыму e [ɐ] o
Ніжняга ўздыму a
  • Гемінацыя:

У мове тыгрынья існуе зьява гемінацыі (то бок, падваеньне зычных), пры гэтым яна адыгрывае сэнсаваадрозную ролю. У той час як гемінацыя адыгрывае ролю ў марфалёгіі дзеясловаў, яна звычайна суправаджаецца іншымі паказчыкамі. Але існуе невялікая колькасьць пар словаў, якія адрозьніваюцца адзін ад аднаго толькі дзякуючы падваеньню, напрыклад: /kʼɐrrɐbɐ/ (па-беларуску: «ён вынес наперад»), /kʼɐrɐbɐ/ (па-беларуску: «ён падышоў бліжэй»). Усе зычныя, апрача фарынгальных і глётальных, могуць падвойвацца[8].

  • Аляфоны:

Вэлярныя зычныя /k/, /kʼ/ адрозьніваюцца ў вымаўленьні толькі ў выпадку, калі яны стаяць пасьля галоснай і пры гэтым не зьяўляюцца двайнымі. У гэтых умовах /k/ вымаўляецца як вэлярны фрыкатыў, /kʼ/ — як фрыкатыў (часам — як афрыката). Гэты фрыкатыў або афрыката вымаўляецца часьцей за ўсё як увулярны зычны (хоць і прадстаўлены вышэй як вэлярны), аднак усе магчымыя рэалізацыі гэтага гуку (вэлярны абруптны фрыкатыў, увулярны абруптны фрыкатыў, вэлярная абруптная афрыката, увулярная абруптная афрыката) зьяўляюцца ў вымаўленьні даволі рэдка.

З прычыны таго, што пазыцыя гэтых гукаў залежыць ад суседніх зь імі іншых гукаў, гэтыя гукі можна лічыць аляфонамі (варыянт рэалізацыі фанэмы, які залежыць ад гукавага атачэньня) гукаў /k/ ды /kʼ/. Гэтая заканамернасьць асабліва шырока ўзьнікае ў пазыцыі каранёў дзеясловаў, дзе адна зычная рэалізоўваецца як адзін ці іншы аляфон у залежнасьці ад знаходжаньня перад тым ці іншым гукам. Напрыклад, для дзеяслова са значэньнем плачу (які мае канчатак -bky) існуе дзьве формы: /məbkaj/ (па-беларуску: «плакаць») і /bɐxɐjɐ/ (па-беларуску: «ён плакаў»), дял дзеясловаса значэньнем крадзяжу (мае канчатак -srkʼ) існуюць дзеясловы /jəsɐru/ (па-беларуску: «яны скралі») і /jəsɐrrə/ (па-беларуску: «ён скраў»).

Варта заўважыць, што гэтыя пары аляфонаў асаблівым чынам адлюстроўваюцца ў артаграфіі мовы тыгрынья — яны адбліваюцца рознымі сымбалямі ў пісьмовасьці, а таму іхная пазыцыя ў словах зьяўляецца цалкам прадказальнай.

  • Склады:

Склад у мове тыгрынья звычайна будуецца паводле схемы «зычны-галосны» або «зычны-галосны-зычны». У выпадках, калі тры зычныя гукі (або адзін гемінаваны плюс звычайны зычны гук) зьбягаюцца ў пачатку слова, яны разьбіваюцца (зазнаюць зьяву эпэнтэзы) галосным гукам (у мове тыгрынья ў якасьці такой галоснай выступае гук ə). У выпадку, калі дзьве зычныя (або адна гемінаваная) знаходзяцца ў любой пазыцыі апрача канца слова, пасьля гэтых зычных зьяўляецца галосны гук i. Калі гэтыя два гукі стаяць побач з суфіксам, перад суфіксам паўстае гук ə. Напрыклад:

  • käbdi, ləbbi;
  • суфікс -äy: käbdäy, ləbbäy;
  • суфікс -ka: käbdəxa, ləbbəxa;
  • суфікс -n...-n: käbdən ləbbən.

Націск у складзе не вылучаецца. Верагодна, гэта зьвязана са зьяваю гемінацыі, аднак дакладныя дасьледаваньні наконт гэтага не праводзіліся.

Граматыка

рэдагаваць

Паводле большасьці тыповых рысаў мова тыгрынья зьяўляецца тыповай этыёсэміцкай мовай. Прыкладам:

  • Назоўнікі ў мове маюць мужчынскі альбо жаночы род, неадушаўлёныя назоўнікі, аднак, ня маюць замацаванага роду.
  • Гэтая ж частка мовы ў тыгрынья мае два лікі — адзіночны й множны, пры гэтым у выпадках, калі лік у кантэксьце сказу зьяўляецца відавочным, множны лік зьяўляецца неабавязковым. Як у арабскай мове, а таксама тыгрэ ды геэз, множны лік можа ўтварацца шляхам унутраных зьменаў у слове (напрыклад, färäs (па-беларуску: «конь») — afras (па-беларуску: «коні»)) альбо даданьня афіксаў.
  • Прыметнікі маюць уласьцівасьці назоўнікаў, а таксама маюць жаночую і множную форму. Напрыклад, sʼǝbbuxʼ (па-беларуску: «добры»), sʼǝbbǝxʼti (па-беларуску: «добрая»), sʼǝbbuxʼat (па-беларуску: «добрыя»).
  • Побач з асабовымі займеньнікамі, дзеяслоў можа адрозьніваецца паводле роду. Напрыклад, täzaräb (па-беларуску: «кажы!» датычна мужчыны), täzaräbi (па-беларуску: «кажы!» датычна жанчыны).
  • Прыналежнасьць прыметнікаў выражаецца шляхам даданьня суфіксаў: gäza (па-беларуску: «дом»), gäza-y (па-беларуску: «мой дом»), gäza-xi (па-беларуску: «твой дом»[a]).
  • Дзеясловы звычайна маюць корань, які поўнасьцю складаецца з зычных, аднак пры зьмяненьні дзеясловаў яны могуць набываць галосныя гукі: sbr (па-беларуску: «разьбіваць») > säbärä (па-беларуску: «ён разьбіў»), yǝsäbbǝr (па-беларуску: «ён разьбівае»), mǝsbar (па-беларуску: «разьбіць»).
  • У сыстэме часу існуе адрозьненьне паміж закончанай формай, якая спрагаецца з удзелам суфіксаў і адлюстроўвае мінулы час і незакончанай, якая спрагаецца з удзелам прыставак або суфіксаў і якая ўказвае на цяперашні або будучы час.
  • Як і ў геэз ды амхарскай, існуе дзеепрыслоўная форма дзеясловаў, якая спрагаецца з удзелам суфіксаў і выкарыстоўваецца для сувязі дзеясловаў у сказе.
  • У дзеясловах прысутнічаюць асобныя імпэратыўныя і юсыўныя (загад, зьвернуты да трэцяй асобы) формы.
  • Дзякуючы дадаткам у словаўтварэньні, дзеяслоў можа мець форму закладу, вяртаньня, каўзатыву, шматразовасьці і рэцыпроку.
  • Дзеяслоў можа ўскладняцца суфіксамі са значэньнем дапаўненьня, прыназоўніка і пасьлялогу.
  • Адмаўленьне ў дзеясловах можа выражацца прыстаўкай ay- або (у выпадку знаходжаньня ў незалежным сказе) -n.
  • Зьвязка і дзеяслоў могуць існаваць у цяперашнім часе ў якасьці няправільнага дзеяслова.
  • У спалучэньні з суфіксамі дапаўненьня дзеяслоў можа выражаць маёмасьць або віннасьць, напрыклад: ’allo-nni (па-беларуску: «я маю, я павінны»).
  • Адносныя сказы выражаюцца шляхам даданьня прыстаўкі (zǝ-fälät'ä (па-беларуску: «той, хто ведаў»)).
  • Распаўсюджанасьць расколатых сказаў, даданых да адносных шляхам зьвязкі.
  • Выкарыстоўваньне паказчыкаў вінавальнага склону ў некаторых відаў дапаўненьняў шляхам даданьня прыстаўкі nǝ-.
  • Па ўзоры іншых сучасных этыёсэміцкіх моваў, парадак словаў у сказе строга замацаваны паводле схемы «дзейнік-дапаўненьне-дзеяслоў», а паказчыкі зьмяненьня назоўніка звычайна (аднак не заўсёды) папярэднічаюць уласна аснове назоўніка.

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Сучасны выгляд пісьмовасьці мовы тыгрынья.

Пісьмовасьць мовы тыгрынья
  ä u i a e (ə) o wi wa we
h  
l  
 
m  
ś  
r  
s  
š  
ḳʰ
b  
v  
t  
č  
n  
ñ  
ʾ  
k
x
w  
ʿ  
z  
ž  
y  
d  
ǧ  
g
 
č̣  
 
 
ṣ́  
f  
p  
  ä u i a e (ə) o wi wa we
  1. ^ датычна жанчыны
  1. ^ "Country Level". 2007 Population and Housing Census of Ethiopia. CSA.
  2. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  3. ^ The Bible in Tigrinya, United Bible society, 1997
  4. ^ Edward Ullendorff, The Ethiopians, Oxford University Press 1960
  5. ^ UCLA Language Materials Project Language Profiles Page: Tigrinya. UCLA (11 кастрычніка 2010). Праверана 22 верасьня 2013 г.
  6. ^ Ministry of Information (1944) The First to be Freed—The record of British military administration in Eritrea and Somalia, 1941-1943. London: His Majesty's Stationery Office.
  7. ^ Leslau, Wolf (1941) Documents Tigrigna (Éthiopien Septentrional): Grammaire et Textes. Paris: Librairie C. Klincksieck.
  8. ^ Rehman, Abdel. English Tigrigna Dictionary: A Dictionary of the Tigrinya Language: (Asmara) Simon Wallenberg Press. Introduction Pages to the Tigrinya Language