Бэнга́льская мова (саманазва: বাংলা; трансьл. Bāṇlā, вымаўл. [ˈbaŋla]) — мова бэнгальцаў, распаўсюджаная на паўночным усходзе Індыйскага субкантынэнту, зьяўляецца адной з самых пашыраных моваў сьвету. Паводле дадзеных ААН, бэнгальская — чацьвертая мова сьвету паводле колькасьці носьбітаў (больш за 260 млн чал.), яна саступае па гэтым паказьніку толькі кітайскай, ангельскай і гішпанскай. Бэнгальская мова часта няўдала завецца «бэнгалі», што зьяўляецца трансьлітарацыяй яе ангельскага найменьня. Самі носьбіты завуць сваю мову «бангла», або радзей — «бонго-бгаша».

Бэнгальская мова
বাংলা
літары бэнгальскай мовы
Ужываецца ў Банглядэш, Індыі
Рэгіён Індастан
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Банглядэш,
Індыі (штаты Заходняя Бэнгалія, Трыпура, Джхаркханд, Барацкая даліна штату Асам, хаўрусная тэрыторыя Андаманскія і Нікабарскія астравы)
Рэгулюецца Бэнгальскай Акадэміяй (Банглядэш)
Бэнгальскай Акадэміяй Пасчымбанга (Індыя)
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо бэнгальскае пісьмо[d] і Bengali Braille[d]
Коды мовы
ISO 639-1 bn
ISO 639-2(Б) ben
ISO 639-2(Т) ben
ISO 639-3 ben

Бэнгальская мова зьяўляецца дзяржаўнай мовай Народнай Рэспублікі Банглядэш і мовай штату Бангла (Заходняя Бэнгалія) у Індыі; канстытуцыя Індыі замацавала за ёй статус адной з афіцыйных моваў Індыі. Па-бэнгальску размаўляюць таксама ў індыйскіх штатах Асам, Біхар і Арыса. Мова мае афіцыйныя функцыі ў іншых тэрыторыях Індыі: Барацкай даліне штату Асам, штаце Трыпура[2], Джаркханд, на хаўруснай тэрыторыі Андаманскія і Нікабарскія астравы.

Пісьмовасьць

рэдагаваць

Пісьмовасьць бэнгальскай мовы — бангакгор, што, як і дэванагары, гурмукгі і іншыя, паходзіць ад графікі брагмі[2].

Клясыфікацыя

рэдагаваць

Бэнгальская мова залічваецца дасьледнікамі да ўсходняй падгрупы індаарыйскай групы індаіранскай галіны індаэўрапейскай моўнай сям’і. Бэнгальская блізкая да асамскай мовы і мовы орыя[2].

Лінгвістычныя рысы

рэдагаваць

Геаграфічна яна зьяўляецца адной з самых усходніх з індаэўрапейскіх моваў і на працягу многіх стагодзьдзяў кантактавала з мовамі іншых моўных сем’яў (сына-тыбэцкай, аўстразійскай і дравідыйскай), з-за чаго бэнгальская мова значна адрозьніваецца ад іншых моваў сям’і, дэманструючы і ў фанэтыцы, і ў граматыцы рысы, якія адрозьніваюць яе ад роднасных новых індаарыйскіх моваў[2].

Фанэтыка, фаналёгія

рэдагаваць

У фанэтыцы мовы згубленая фаналягічнасьць (сэнсаадрозная роля) даўжыні галосных, сыбілянты (сьвісьцячыя) фанэтычна прадстаўленыя адным варыянтам, зьнятае проціпастаўленьне паміж губна-губнымі і губна-зубнымі зычнымі, фанэтычна спрошчаныя або мадыфікаваныя спалучэньні зычных з глайдамі. Таксама варта адзначыць гармонію галосных (рэдкі для індаэўрапейскіх моваў), наяўнасьць насавых галосных, супрацьпастаўленых ненасавым галосным, прыдыхальных зычных — непрыдыхальным зычным, гемінацыю (падваеньне) зычных, оканьне.

Марфалёгія, сынтаксіс

рэдагаваць

Самымі яркімі граматычнымі адрозьненьнямі бэнгальскай мовы ад роднасных ёй індаарыйскіх моваў зьяўляецца страта дапасавальных катэгорыяў роду і ліку, утварэньне новых сынтэтычных асабістых дзеяслоўных формаў, страта эргатыўнай канструкцыі пры захаваньні шэрагу сэмантычных рысаў, уласьцівых мовам ненамінатыўнай кантэнсыўнай тыпалёгіі.

Граматычны лад мае аглютынацыйны характар словаўтварэньня і словазьмяненьня, распаўсюджаныя службовыя словы, рэдуплікацыя і разьмяшчэньне побач граматычна і сэмантычна зьвязаных адзінак. Постпазыцыя кіроўнага слова ў словазлучэньні і службовага элемэнту ў марфалягічных і сынтаксічных утварэньнях. Словаўтварэньне праз суфіксацыю і словаскладаньне. Прэфіксацыя ў лексыцы санскрыту. Словазьмяненьне субстантыўных імёнаў і займеньнікаў па склонах і ліках, дзеясловаў — па часах і асобах у індыкатыве і імпэратыве.

Адсутнічае катэгорыя роду. Адрозьніваюцца катэгорыі адушаўлёнасьці-неадушаўлёнасьці, пэўнасьці-няпэўнасьці, якія адлюстроўваюцца ва ўтварэньні формаў скланеньня і ў выкарыстаньні азначальна-паказальных афіксаў — часьціцаў, што далучаюцца да імёнаў і займеньнікаў. Наяўнасьць катэгорыі ветлівасьці (субардынацыі). Разьвітая сыстэма часавых формаў. Распаўсюджанасьць словазлучэньняў з службовымі дзеясловамі (дзеяслоўна-дзеяслоўных і дзеяслоўна-іменных). Адсутнасьць адмоўных формаў займеньнікаў і прыслоўяў.

Гісторыя

рэдагаваць

Гісторыя бэнгальскай мовы налічвае прынамсі тысячагодзьдзе, пра што сьведчаць як датыроўка першых літаратурных помнікаў (IX-X стагодзьдзі), гэтак і дадзеныя лінгвістычнай рэканструкцыі.

Цяпер мовы прадстаўленая дзьвюма літаратурнымі формамі: «шадгу-бгаша» і «чолці-бгаша» (або чоліт)[2]. Першая, архаічная, закансэрвавала старыя марфалягічныя формы, якія выйшлі з ужытку ў якасьці гутарковай[2], сфармавалася на аснове заходняга дыялекту Навадвіпу і да 1820-1830-х гадоў зьяўлялася адзінай літаратурнай формай. Неабходнасьць яе вывучэньня, побач з сучаснай літаратурнай формай «чолці-бгаша», дыктуецца тым, што і дагэтуль на «шадгу-бгаша» складаюцца афіцыйныя дакумэнты (у прыватнасьці — Канстытуцыя Банглядэшу), выдаецца навуковая літаратура. Акрамя таго, цяпер рэдакцыйныя артыкулы ва ўсіх рэспэктабэльных газэтах пішуцца на «шадгу-бгаша». Дыялектнай базай сучаснай літаратурнай формы «чолці-бгаша» стала гаворка Калкаты, буйнейшага места бэнгаламоўнага абшару[2]. Суіснуючы са старой літаратурнай формай спачатку толькі як гутарковая, а потым, высілкамі вялікага бэнгальскага пісьменьніка Рабіндраната Тагора і яго сучасьнікаў, узьведзеная ў ранг літаратурнай мовы, гэтая форма паступова выцесьніла сваю папярэдніцу, зьвёўшы яе ўжываньне да ўжо згаданых галінаў. Цяпер акурат «чолці-бгаша» зьяўляецца асноўным аб’ектам вывучэньня бэнгалістаў.

Побач зь літаратурнымі формамі, бэнгальская мова прадстаўленая шэрагам дыялектаў, найбуйнейшымі зь якіх зьяўляецца калкацкі, або заходні (што стаў асновай «чолці-бгаша»), дацкі, або ўсходні (асноўны дыялект Банглядэш), а таксама чытагонскі (дыялект найбуйнейшага партовага места Банглядэш Чытагонг), яны настолькі моцна адрозьньніваюцца ад літаратурнай мовы, што бэнгальцы зь іншых рэгіёнаў сьцьвярджаюць, што зь цяжкасьцямі разумеюць іх[2]. З 1947 году, гэта значыць з моманту падзелу бэнгаламоўнага абшару і ўключэньня заходняй і ўсходняй яго частак у розныя дзяржаўныя адзінкі (Індыю і Пакістан), працэс дыфэрэнцыяцыі заходняга і ўсходняга дыялектаў узмацніўся.

Стаўшы дзяржаўнай мовай Банглядэш (былога Ўсходняга Пакістану да 1975), усходняя норма мовы ўсё менш арыентуецца на традыцыйна больш прэстыжную калкакую гаворку (будучы адарванай ад яе індыйска-бэнгальскай мяжой), дыялектныя адрозьненьні робяцца нарматыўнымі. Пры вывучэньні бэнгальскай мовы даводзіцца ўлічваць фанэтычную, лексычную, а часам і граматычную своеасаблівасьць усходнебэнгальскага дыялекту. Такім чынам, перад бэнгалістамі стаіць складаная задача — авалодаць фактычна не адной, а трыма, хоць і блізкімі, але ўсё ж адрознымі мовамі, бо моўная сытуацыя ў Індыі і Банглядэш такая, што немагчыма пры вывучэньні бэнгальскае мовы занядбаць ніводнай з трох яе формаў.

Літаратура і кіно

рэдагаваць

Бэнгальская мова зьяўляецца захавальнікам і носьбітам вялікай бэнгальскай культуры. Ужо самы старажытны захаваны тэкст на бэнгальскай мове «Чар’ячар’ятыка», датаваны 10-11 стагодзьдзямі н. э., прыцягнуў да сябе ўвагу навукоўцаў-індолягаў ня толькі як першы помнік на новаіндыйскай мове, але і як выдатны твор літаратуры і як апошні створаны на тэрыторыі Індыі помнік будыйскай культуры. Сучасная бэнгальская мова склалася да канца 18 ст. Першая друкаваная кніга па-бэнгальску зьявілася ў 1778 годзе.

Імёны бэнгальскіх пісьменьнікаў, паэтаў, філёзафаў увайшлі ў скарбніцу ня толькі індыйскай, але і сусьветнай культуры. Адныя зь іх: Рабіндранат Тагор і Свамі Вівэкананда. Ня меншую, чым літаратура і філязофія, славу набыло ў сьвеце і бэнгальскае кіно. Шырока вядомыя бэнгальскія рэжысэры Ггатака, Сат'яджыта Рая, Мрынал Сэн, Гаўтама Ггош, Будадэва Дасгупты і іншыя.

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б в г д е ё ж Bengali language (анг.) Encyclopedia Britannica Праверана 7 ліпеня 2024 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Быкова Е. М. Бенгальский язык. — М.: 1966.
  • Chatterji S. К. The origin and development of the Bengali language. — Calcutta: 1926.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць