Сьпіс элемэнтаў фартыфікацыі

артыкул-сьпіс Вікімэдыі

Сьпіс утрымлівае фартыфікацыйную тэрміналёгію ўпарадкаваную ў альфабэтным парадку.


Абарончы храм
царква або касьцёл прыстасаваныя абароны, пры дапамозе шэрагу фартыфікацыйных элемэнтаў: флянкіруючых вежаў, байніц, машыкуляў па пэрымэтры збудаваньня, брамы з герсай.
Аблам ці забарол
бруствэр у 3—7 вянкі на абарончых сьценах, які дазваляў трымаць пад абстрэлам падэшву ўмацаваньня. Характэрны для драўлянай архітэктуры, у мураваным дойлідзтве гэтую функцыю выконвалі машыкулі.
Амбразура (франц. embrasure)
прастакутная арачная або круглая адтуліна ў сьценах ці земляных валах раструбам вонкі для вядзеньня вагня з гарматаў ці ручной зброі.
Апарэль
глядзі ўзвалок.
Арсэнал (франц. arsenal; італ. arsenale) або цэйхгаўз
будынак для захаваньня зброі, боепрыпасаў і іншага вайсковага рыштунку.
Артылерыйская вежа
вежа з байніцамі для вагняпальнай зброі. Буйныя артылерыйскія вежы часта называліся рандэлямі.
Арылён (анг. оreille)
у першых бастыённых сыстэмах (стара- і новаітальянскай) будаваліся для прыкрыцьця абарончай артылерыі ў флянках бастыёнаў.
Астрог
найбольш старажытная драўляная канструкцыя ў выглядзе суцэльнай сьцяны зь вэртыкальна або нахілена ўкапаных ў зямлю бярвеньняў, завостраных зьверху. Быў выцесьнены гароднямі і тарасамі.
Байніца або стрэльніца
адтуліна ў сьцяне абарончага збудаваньня для вядзеньня вагню са стралковай зброі (закрытая байніца) або між зубцамі ў завяршэньні замкавых сьценаў ці вежаў (адкрытая байніца).
Барбакан (ням. Barbakane)
перадбрамнае ўмацаваньне з унутраным дваром і баявой галерэяй па пэрымэтры звычайна цыліндрычнае або падковападобнае ў пляне. У адрозьненьне ад барбакана перадбрам'е было менш разьвіта і мела меншыя памеры.
Барбэт ці банк (фр. barbette, ням. Geschützbank)
насып ці ўзвышэньне ля бруствэра для гарматаў, якія страляюць праз бруствэр.
Бастыён (лац. bastillio; анг. bastion; анг. bastion)
выступаючая частка вала абарончага збудаваньня паліганальнай формы (трохкутная, пяцівугольная, серпавідная ці ромбавідная). На бастыён разьмяшчалася абарончая артылерыя для абстрэлу ворага на далёкай адлегласьці і флянкаваньня сумежных курцінаў і бастыёнаў.
Бастэя
абарончае збудаваньне ў форме землянога насыпу альбо каменнай двухпавярховай вежы формы паўкруга ці падковы, высунутай за пэрымэтр умацаваньняў. Элемэнт позьнесярэднявечнай абарончай фартыфікацыі: пераходная форма ад вежы да бастыёна.
Бастыённы замак
абарончае збудаваньне Новага часу, ўмацаванае з дапамогай бастыённых сыстэм рознага тыпу. Ад ранейшых замкаў бастыённыя замкі перанялі іх сацыяльную, вайсковую і адміністратыўна-палітычную ролю, аднак значна адрозьніваліся ад іх прынцыпам арганізацыі абароны.
Батарэя
умацаваньне, прызначанае для стральбы зь некалькіх гарматаў, разьмешчаных паблізу.
Башта (пол. baszta; ням. Mauerturm)
від вежы, якая мела функцыі флянкаваньня, выступала за пэрымэтр сьценаў і магла быць адкрытай унутр умацаваньня.
Баявая галерэя (анг. banquette; ням. Wehrgang)
асноўны элемэнт абарончага ўмацаваньня, які ўяўляў сабой бясьпечны для абаронцаў ход са спэцыяльнымі прыстасаваньнямі для вядзеньня вагня (байніцы, зубцы, машыкулі і інш.) ў боку праціўніка. У бастыённых фартэцыях баявая галерэя прыкрывалася бруствэрам.
Бэргфрыд (ням. Bergfried)
дамінуючая абарончая вежа замка, якая можа як і данжон служыць апошнім прытулкам абаронцам у выніку захопу астатняга замку, аднак ня мае ў адрозьненьне ад данжона жылых функцый, якія ў выпадку ўзьвядзеньня бэргфрыда пераносяцца на палац.
Бланкі ці блянкаваньне
1) сьценка баявой галерэі з байніцамі для стральбы, 2) зубчастае завяршэньне каменнай сьцяны альбо вежы, з-за якой вёўся агонь.
Бліндаж
сховішча для жывой сілы і рыштунку, якое робіцца ля вагнявой пазыцыі пад бруствэрам.
Больвэрк (ням. Bollwerk)
1) таксама бычок — абарончы элемэнт у выглядзе невялікай выступаючай вежы, форма прыстасаваньня да ўжываньня вагняпальнай зброі ў выглядзе паўкруглага выступа на ўзроўні сьцяны для фланкаваньня прылеглых сьценаў; 2) тое самае, што і кавальер.
Брама (ням. Tor)
абарончае збудаваньне, найчасьцей ярусная кампазыцыя ў выглядзе вежы з каменю ці цэглы. Служыла галоўным уваходам у абарончы комплекс (замак, фартэцыя, крэпасьць і інш.)
Брона
глядзі герса.
Бруствэр (ням. Brustwehr)
насып прызначаны для прыкрыцьця ад куляў і снарадаў баявой галерэі.
Бычок
глядзі больвэрк.
Вал
драўляна-зямельнае абарончае ўмацаваньне ў выглядзе штучнага ўзвышша, часам з мураванай аблямоўкай паверхні.
Вежа
асобнае збудаваньне ці частка будынка, вышыня якога значна перавышае шырыню.
Вежа валынскага тыпу або стоўп
тып манумэнтальных абарончых вежаў, якія ўзводзіліся на Валыні, а таксама на землях сучасных Беларусі і Польшчы ў другой палове XIII — XIV стагодзьдзі.
Вывад
1) тое ж, што і бастыён; 2) патаемны ход, які выводзіў з замку.
Воўчая яма
паглыбленьні ў зямлі з умацаванымі і завостранымі ўверх драўлянымі каламі.
Вэрк
асобнае ўмацаваньне, якое ўваходзіць у склад фартыфікацыйных умацаваньняў і здольна весьці самастойную абарону.
Гародня
зруб злучаны з падобныямі яму зрубамі ў адзіную лінію, утвараючы прасла абарончай сьцяны. Наверсе гародні мелі агульную баявую галерэю накрытую страхой.
Герса ці брона
мэталічныя альбо каваныя жалезам дубовыя пад’ёмныя краты ўязной брамы, якія дадаткова абаранялі ўваход.
Гласіс (анг., франц. glacis)
ахоўны земляны насып перад ровам і схаваным ходам у сыстэме абароны фартэцый Новага часу адкрыты для абстрэлу абарончай артылерыі.
Горжа (анг. rear, gorge)
шыя, тыльны бок ці заканчэньне бастыёна, равэліна.
Данжон (франц. donjon)
магутная ўмацаваная вежа, сумяшчае абарончыя і жылыя функцыі. Можа зьяўляцца як непасрэдна замкам так і яго часткаю.
Дзядзінец
цэнтральная частка старажытнага гораду, умацаваная драўляным тынам, равамі і валамі з драўлянымі сьценамі.
Дом-крэпасьць
тып жылога дома прыстасаванага да абароны з чатырма нарожнымі абарончымі вежамі.
Дэмібастыён (анг. demi-bastion)
бастыён з адным флянкам.
Дэмілюн (анг. demilune) ці паўмесяц
дадатковае абарончае ўмацаваньне фартэцыі ў рове перад бастыёнам. Падобны да равэліна, аднак у адрозьненьне ад яго мае завяршэньне ў форме паўмесяца.
Забарол
тое самае што і аблам
Замак
паводле архітэктурнай, археалягічнай і гісторыка-сацыялягічнай сутнасьці зьяўляецца абарончай прыватнаўласьніцкай сядзібай-рэзыдэнцыяй фэадала з пэўным наборам абарончых і жылых збудаваньняў, характэрнай для пэўнага этапу ў разьвіцьці грамадзтва (фэадалізму).
Ізьбіца
1) зрубная надбудова над замкавай вежай, завершаная шатром, крыху выступала за перымэтр муроў вежы і была абсталявана байніцамі тыпу машыкуляў або падсябіцьцяў; 2) зруб, які ставіўся перад брамай у рове для ўкладаньня на ім насьцілу для моста.
Кабыліна
драўлянае прыстасаваньне-загародка на чатырох апорах і бервяно, якім перагароджвалі ноччу зь сярэднявечным горадзе вуліцы ці подступы да брамаў для кантролю за перамяшчэньнем людзей.
Кавальер (анг. cavalier) ці надшанец
узвышэньне на бастыёне ці курціне, якое дае магчымасьць весьці больш эфэктыўны артылерыйскі абстрэл дальніх подступаў як і падножжа вала.
Казарма
Казэмат (ням. Kasematte)
надземнае, падземнае ці ўнутрывальнае перакрытае скляпеньнямі памяшканьне, якое служыла для абароны гарнізона. Часта казэматы разьмяшчаліся за эскарпам ці контрэскарпам, мелі вагнявыя пазыцыі для гармат, служылі для стабілізацыі вала.
Канвэнтхаўс (ням. Konventhaus)
замак-кастэль рэгулярнай формы з комплексам жылых, сакральных і гаспадарчых пабудоваў, згрупаваных вакол невялікага ўнутранага двара і маючых абарончыя прыстасаваньні на зьнешнім пэрымэтры.
Капанір (анг. caponier)
абарончае збудаваньне для вядзеньня флянгавага вагня ў двух супрацьлеглых кірунках ці абарончы ход са стралковымі пазыцыямі ад равэліна да курціны.
Кардэгарда (франц. corps de garde)
збудаваньне ў фартэцыях і замках XVI—XVIII стагодзьдзяў для разьмяшчэньня каравула. Звычайна будавалася ў комплексе з брамаю.
Каток (або слон)
масіўнае бервяно, якое замацоўвалася на спэцыяльных прыстасаваньнях на гарадзкіх або замкавых сьценах і ў час варожага штурму скідвалася на праціўніка.
Кастэль
1)пастаянны ўмацаваны вайсковы лягер часу Рымскай імпэрыі; 2)замак рэгулярнай формы з флянкуючымі вежамі або безь іх у Эўропе ў сярэднявеччы і раньнім Новым часе.
Контргардэн (анг. counterguard)
дадатковае абарончае збудаваньне фартэцыі, у адрозьненьне ад равэліна знаходзіўся перад бастыёнам. Умацаваньне распаўсюджанае ў раньніх бастыённых сыстэмах, узьнікла з патрэбы схаваць занадта добра бачны эскарп бастыёна.
Контр-мінная галерэя
падземныя збудаваньні дляабароны бліжэйшых подступаў да ўмацаваньня супраць мінных галерэй ворага.
Контрэскарп (анг. counterscarp)
мураваная сьцяна, або аблямоўка зьнешняга боку рова фартэцыі.
Кофр
абарончае казэматаванае збудаваньне, якое ўзводзілі на зыходзячых вуглах рвоў за контрэскарпам для флянгавага абстрэлу рва.
Кронвэрк (анг. crownwork)
разьвітае дадатковае ўмацаваньне фартэцыі, складаецца з двух франтоў фартыфікацыі, хорнвэрк — з аднаго.
Круглік
васьмігранная ў пляне драўляная абарончая вежа, вядомая ў ВКЛ ў XVI—XVII стагодзьдзях.
Курціна
частка абарончага вала між двума бастыёнамі.
Люнет (анг. lunette)
адкрытае з тылу абарончае ўмацаваньне фартэцыі блізкае па форме да бастыёна з двума флянкамі і фасамі.
Машыкулі (франц.machicoulis) або падсябіцьце
спэцыяльныя байніцы ў сьценах замкаў і гарадзкіх умацаваньняў, галоўнай функцыяй якіх было весьці абстрэл прылягаючай да сьцяны зоны. У драўляным дойлідзтве аналягічна Падсябіцьцям.
Мёртвая зона ці мёртвы вугал
зона перад абарончымі ўмацаваньнямі, якая не была даступнай для абстрэлу абарончай артылерыяй, і таму вельмі зручнай для нападу ці штурма ўмацаваньня. З мэтай ліквідацыі мёртвага вугла дойліды імкнуліся завастрыць зьнешні вугал нарожных вежаў, што і прывяло да ўзьнікненьня пяцівугольных бастыёнаў.
Надолбы
загароджаньне зь бярвеньняў, укапаных у грунт з нахілам у бок праціўніка.
Надшанец
тое самае, што і кавальер.
Падсябіцьце
у драўляным дойлідзтве абарончая канструкцыя ў выглядзе гарызантальнай байніцы. У мураваным дойлідзтве адпавядае машыкулямі.
Палісад
глядзі астрог.
Паркан ці баркан
абарончая агароджа ў выглядзе частакола альбо зрубленая ў паз.
Патэрна
падземны калідор ці галерэя для камунікацыі між фартыфікацыйнымі збудаваньнямі
Паўкапанір
флянкуючае збудаваньне, якое ўзводзілася ля эскарпа і магло весьці флянгавы агонь у адным кірунку.
Перадбрам’е
невялікае абарончае ўмацаваньне перад брамай у выглядзе прасла сьцяны прастакутнай ці паўцыліндрычнай формы. У адрозьненьне ад барбакана мела невялікія памеры і будавалася непасрэдна перад самой брамай.
Прадзамча
дадатковае фартыфікацыйнае ўмацаваньне замка. Прадзамча ставілася звычайна з найбольш небясьпечнага боку, каб абмежаваць прамы падыход да замка.
Прасла
1)частка сьцяны каркаснай канструкцыі або плоту з пакладзеных гарызантальна бярвеньняў, брусоў, жэрдак між двума вэртыкальнымі слупамі (шуламі); 2)частка сьцяны між дзвума абарончымі вежамі, бастэямі або бастыёнамі.
П’ятаформа (італ. piatta forma)
плоскі тупавугольны або паўцыркулярны бастыён, які ўзводзіўся дзеля ўзмацненьня курціны, калі адлегласьць між бастыёнамі была занадта вялікай. П’ятаформа характэрна для стараітальянскай абарончай сыстэмы.
Равэлін (анг. ravelin, франц. ravelin)
дадатковае абарончае ўмацаваньне фартэцыі перад курцінай у прамежку між бастыёнамі ці перад брамай.
Рандэль (франц. rondel)
магутная мураванай вежа прыстасаваная для ўжываньня вагняпальнай зброі, часьцей за ўсё паўкруглай формы.
Раскат
прымітыўны від абарончай вежы з пляцоўкай для ўстаноўкі гарматаў.
Роў (анг. ditch)
абарончае ўмацаваньне ў выглядзе штучна ўтворанага канала ці яра, галоўнай функцыяй якога было перакрыцьцё падыходу да ўмацаваньня (гарадзішча, грода, замка ці фартэцыі).
Рэдан (анг. redan)
простае абарончае ўмацаваньне фартэцыі у выглядзе вуглавога выступа ў абарончай лініі.
Рэдзюіт
унутранае ўмацаваньне ў замкнутых умацаваньнях для ўзмацненьня абароны на асобных участках. Апошні аплот абаронцаў.
Рэдут (анг. redoubt)
палявое ці часовае абарончае ўмацаваньне закрытае з чатырох ці больш бакоў валамі і рвамі, аднак без магчымасьці вядзеньне фланкіруючага вагня.
Стоўп
глядзі вежа валынскага тыпу.
Схаваны ход ці прыкрыты ход (анг. covered way)
упершыню ўзгадваецца ў 1554 годзе. Баявы ход у сыстэме бастыённай фартыфікацыі, які праходзіў перад ровам, быў прыкрыты бруствэрам і дазваляў трымаць абарону на бліжэйшых подступах да фартэцыі. Таксама меў баявую галерэю.
Тараса
сьцяна абарончага збудаваньня з двух шэрагаў бярвеньняў ці брусоў, прамежкі паміж якімі часам запаўняліся зямлёй ці каменьнем.
Травэрс (анг. travers)
папярочны вал ці перашкода для абароны ад куляў ці снарадаў.
Тын
глядзі астрог.
Тэналь (анг. tenail)
дадатковае ўмацаваньне ў рове фартэцыі, ніжэй за курціну, што дазваляла весьці агонь з апошняй, але абараняла яе ад прамога абстрэлу.
Тэт-дэ-пон
перадмаставая ўмацаваная пазыцыя.
Узвалок ці апарэль
нахілены памост перад баявой вежай ці галерэяй, па якім усьцягвалі гарматы.
Узвод
пад’ёмны мост на ланцугах.
Фас (шчака) бастыёна
пярэдні бок бастыёна ў кірунку нападу.
Флянк бастыёна
бакавая частка паліганальнага бастыёна, зь якой веўся флянкіруючы абстрэл суседняй курціны і бастыёна.
Форбург
глядзі прадзамча
Форт (лат. fortis — моцны)
фартыфікацыйнае збудаваньне, самастойны, вынесены элемэнт фартэцыі. Форт прыстасаваны да вядзеньня бою ў поўным акружэньні і ізаляцыі, аднак ён дзейнічае як частка буйных фартэцый новага і найноўшага часу, або як частка т.зв. фартыфікацыйных паясоў, дзе суседнія ізаляваныя форты пад час абароны падтрымлівалі адзін аднаго гарматным агнём.
Фортка
невялікая брамка ў абарончай сьцяне для выхаду з замка. Звычайна разьмяшчалася ў супрацьлеглым баку да напольнага і галоўнай брамы.
Фосэбрэй (анг. fausse-braye)
доўгая абарончая лінія на працягу ўсяго пэрымэтру ўмацаваньняў, якая перахоўвала іх ад прамога артылерыйскага абстрэлу.
Фронт фартыфікацыі (анг. front of fortification)
Хорнвэрк ці горнвэрк(ням. Hornwerk; анг. hornwork)
разьвітае дадатковае ўмацаваньне фартэцыі, якое складаецца з аднаго фронта фартыфікацыі, у той час як кронвэрк з двух.
Цьвінгэр
прастора перад абарончай сьцяной замка ці гораду, абмежаванай звонку другой ніжэйшай сьцяной.
Цэйхгаўз
глядзі арсэнал.
Цытадэль
Часнок
1) завостранае кольле, убітае альбо ўкапанае вэртыкальна ў зямлю на подступах да ўмацаваньня; 2) мэталічные чатырохшыповае прыстасаваньне для барацьбы з коньніцай і пяхотай ворага, якое раскідвалася на іх шляху.
Шанец
зямельнае ўмацаваньне тыпу акопа з бруствэрам.
Штурмфал
бярвеньні, ўкладзеныя шчыльна адзін да аднаго ў выглядзе нахіленага ці гарызантальнага палісаду па эскарпе ці контрэскарпе, звычайна пэрпэндыкулярна да іх.
Эскарп (анг. scarpe, escarpe)
мураваная аблямоўка ніжняй часткі абарончага валу на ўзроўні рва.

Літаратура

рэдагаваць
  • Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік. Мінск, 1993. ISBN 5-85700-078-5
  • Пивоварчик, С.А. Белорусские земли в системе фортификационного строительства Российской империи и СССР (1772-1941). — Гродно: ГрГУ, 2006.
  • Ткачоў, М. А. Замкі і людзі. Мн., 1991.
  • Festungen. Glossarium artis: [deutsch-französisch-englisch]. Wörterbuch zu Kunst. Band 7. München, 1997. ISBN 3-598-10806-0
  • Piper, Otto. Burgenkunde. Bauwesen und Geschichte der Burgen Zunächst innerhalb des deutschen Sprachgebietes. Augsburg,1992.