Рэспубліка Карэлія

рэспубліка Расейскай Фэдэрацыі
(Перанакіравана з «Рэспубліка Карэліі»)

Рэспу́бліка Карэ́лія (ліў. карэльск. Karjalan tazavaldu, уласн. кар. Karjalan tašavalta, фін. Karjalan tasavalta, вэпс. Karjalan Tazovaldkund, рас. Карелия, Карьяла, Республика Карелия) — адзін з суб’ектаў Расейскае Фэдэрацыі, разьмешчаны на паўночным захадзе краіны, рэспубліка. Адміністрацыйны цэнтар суб’екту — места Петразаводзк, якое месьціцца на паўднёвым усходзе рэспублікі. Насельніцтва рэспублікі на 2014 год складала 634 402 чалавек[1].

Рэспубліка Карэлія
карэльск. Karjalan tazavaldu

вэпс. Karjalan Tazovaldkund

рас. Республика Карелия

Сьцяг
Гімн Гімн Рэспублікі Карэліі
Агульныя зьвесткі
Краіна Сьцяг РасеіРасея
Эканамічны раён Паўночны
Статус Рэспубліка
Уваходзіць у Паўночна-Заходнюю фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Петразаводзк
Улучае 16 раёнаў,
2 мескія акругі
Найбольшы горад Петразаводзк
Іншыя буйныя гарады Петразаводзк, Кондапага, Кастамукша, Сягежа, Сартавала, Мядвежжагорск, Кем, Піткяранта, Беламорск
Дата ўтварэньня 8 ліпеня 1920 (як Карэльская Працоўная Камуна)
1923 (як АКССР)
5 сьнежня 1936 (як КАССР)
31 сакавіка 1940 (як КФССР)
16 ліпеня 1956 (як КАССР)
13 лістапада 1991 (як Рэспубліка Карэлія)
Кіраўнік Аляксандар Худзілайнэн
Старшыня
Заканадаўчага Сходу
Уладзімер Сямёнаў
Афіцыйныя мовы расейская
Мовы ва ўжытку расейская

карэльская вэпская фінская

Насельніцтва (2014)
634 402[1] (63-е месца)
Шчыльнасьць 3,51 чал./км²
Нацыянальны склад расейцы, карэлы, беларусы, украінцы, фіны, вэпсы
Плошча 180 520 км² (14,7%, 18-е месца)
Месцазнаходжаньне Рэспублікі Карэліі
Рэспубліка Карэлія на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +4
Скарачэньне RU-KR
Код ISO 3166-2 RU-KR
Код аўтам. нумароў 10
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Геаграфія

рэдагаваць

Рэспубліка Карэлія разьмешчаная на паўночным захадзе Расеі, распасьціраючыся між басэйнамі Балтыйскага й Белага мораў. Берагавая лінія тэрыторыі рэспублікі прыпадае на Белае мора й складае 630 км², агульная плошча рэспублікі складае 180 520 км².

У адміністрацыйна-тэрытарыяльным дачыненьні Рэспубліка Карэлія мяжуе з чатырма вобласьцямі Расеі: Архангельскай (усход), Валагодзкай (паўднёвы ўсход), Ленінградзкай (поўдзень, паўднёвы захад) і Мурманскай (поўнач); на захадзе праходзіць дзяржаўная мяжа Расеі ды Фінляндыі. Традыцыйна тэрыторыя сучаснае рэспублікі падзялялася між трыма гістарычнымі рэгіёнамі: Белай Карэліяй (цэнтар і поўнач рэспублікі), Ладаскай Карэліяй (паўднёвы захад, ля ўзьбярэжжа Ладаскага возера) і Алонецкай Карэліяй (поўдзень).

На тэрыторыі суб’екту працякае каля 27 000 рэк, найбольшыя зь якіх Водла (149 км), Кем (191), Коўда, Шуя, Суна й Выг. Акрамя гэтага, у рэспубліцы знаходзіцца блізу 60 тыс. азёраў, якія ўключаюць у сябе Ладаскае й Анескае азёры, адны з найбольшых азёраў Эўропы. У рэспубліцы месьцяцца тры нацыянальныя паркі Расеі, Вадлозерскі, Калевала й Паанаярві, 148 тыс. км² або 85% ад тэрыторыі рэспублікі складаюць землі дзяржаўнага ляснога фонду, агульны аб’ём лясных рэсурсаў налічвае прыблізна 807 млн. м³, пры гэтым 375,2 млн. зь якіх складаюць іглічныя пароды драўніны.

У Рэспубліцы Карэлія вядома каля пяцідзесяці карысных выкапняў, якія разьмеркаваныя па больш чым 400 радовішчах і руданосных слаёх. Сярод найбольш выбітных карысных выкапняў адзначаецца наяўнасьць жалезнае руды, алмазаў, ванаду й малібдэну.

Карэлія разьмешчаная ў атлянтычнай кантынэнтальнай кліматычнай зоне. Сярэдняя тэмпэратура студзеня — -8°C, ліпеня — 16,4°C, сярэднегадавая колькасьць ападкаў налічвае 500—700 мм[2].

Гісторыя

рэдагаваць

Першае засяленьне людзьмі сучаснага тыпу тэрыторыі цяперашняе Рэспублікі Карэлія датуецца VII—VI тыс. да н.э. Асноўнымі заняткамі людзей зьяўляліся паляваньне й рыбалоўства.

Паміж І ст. н.э. і канцом І тыс. н.э. у рэгіёне пачалася здабыча медзі, іншыя датыроўкі на І тыс. да н.э. адносяць вытворчасьць жалеза й зачаткі земляробства й жывёлагадоўлі.

Устаноўлена, што ўжо ў І тыс. н.э. тэрыторыю сучаснае Карэліі насялялі фіна-вугорскія плямёны, якія пазьней леглі ў аснову карэльскага й вэпскага этнасаў. Існуе гіпотэза, што карэлы сфармаваліся на аснове абарыгенных плямёнаў поўдня Карэліі й паўднёвага ўсходу Фінляндыі, адкуль яны потым расьсяліліся ў напрамку Белага мора й Заанежжа. У пачатку ІІ тыс. н.э. частка карэлаў перасялілася да берагоў Батнічнае затокі й Белага мора, адначасна з гэтым на ўсход Карэліі (г.зв. Абанежжа) і на ўзьбярэжжа Белага мора пранікла славянскае насельніцтва, якое спрыяла разьвіцьцю земляробства, вытворчасьці солі й марскім промыслам. Існуюць гіпотэзы, якія ўзводзяць паходжаньне карэльскага этнасу да кантактаў карэлы зь іншымі фіна-вугорскімі этнапляменнымі групамі, весьсю й лоп’ю, у часе якога апошнія былі асыміляваныя, а карэла магла ўспрыняць асаблівасьці іх мовы й культуры. Іншыя гіпотэзы зьвязваюць паходжаньне карэлаў з прыходам прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў у VI ст. н.э. на Карэльскі пярэсмык, дзе да гэтага пражывала лоп — этнапляменная група, якая пазьней утварыла этнас саамаў. Меркавалася таксама ўзаемадзеяньне весі й чудзі[3].

Найранейшыя меркаваныя згадкі карэлаў адносяць да працы Ярдана VI ст. «Аб паходжаньні ды дзеяньнях готаў», дзе ў сьпісе заваяваных Германарыхам народаў узгадваюцца Thiudos in Aunxis, што Ф. Браўнам трактавалася як «чудзь алонецкая».

Сярэднявечча

рэдагаваць

1065—1085 гг. прыпісваецца першая згадка племя карэла, дзе гэтае племя ўпаміналася як аб’ект вайсковых выправаў старажытнае Літвы[4].

З ХІ стагодзьдзя тэрыторыя сучаснае Рэспублікі Карэлія трапляе ў залежнасьць ад усходніх славянаў, урэшце над большай часткай рэгіёну была ўсталяваная ўлада Наўгародзкае рэспублікі.

З ХІІІ стагодзьдзя Карэлія становіцца аб’ектам нападаў Швэцыі, у выніку чаго апошняя атрымала значныя часткі карэльскіх земляў на поўдні сучаснае рэспублікі; з гэтага ж пэрыяду арэал карэльскага этнасу з прычыны дзяржаўнае прыналежнасьці быў падзелены на пераважна праваслаўную й каталіцкую (пазьней лютэранскую) часткі. У пачатку гэтага ж стагодзьдзя цэнтрам аўтаномнай наўгародзкай Карэліі стала мястэчка Карэла (цяп. Прыазёрск на паўночным захадзе Ленінградзкае вобласьці). У 1323 годзе Арэхаўскі мір падзяліў Карэльскі пярэсмык на заходнюю й усходнюю часткі, якія адышлі Швэцыі ды Ноўгараду адпаведна, пры гэтым да апошняга таксама адыходзілі карэльскія землі за поўнач ад усталяванае мяжы. Да гэтага ў 1314—1315 гадах у наўгародзкай Карэліі адбываліся антынаўгародзкія паўстаньні, падчас якіх карэлы перабілі славянскіх жыхароў Карэлы й упусьцілі ў места швэдаў. З 1333 году Арэхаў, які меў ролю вайсковае крэпасьці наўгародцаў, разам з гарадамі Карэліі, а таксама суседняе Воцкае зямлі быў перададзены ў кіраваньне літоўскаму князю Нарымонту, пасьля чаго перададзеныя Нарымонту землі ўтварылі асаблівае княства[5]. Тым ня менш, праз два гады Нарымонт зьехаў з Ноўгараду з прычыны ўласных палітычных амбіцыяў, пакінуўшы на пасадзе сына Аляксандра, у 1338 годзе адклікаў Аляксандра й нават адмовіўся аказаць падтрымку ў супраціве швэдам. Намесьнікі князя заставаліся ў Арэхаўскай крэпасьці да 1348 году[6].

Расейскае кіраваньне

рэдагаваць
 
Паўднёвы захад Карэліі ў складзе Швэцыі паводле Сталбоўскага міру

У 1478 годзе тэрыторыя Ноўгараду скараецца Масквой, у выніку чаго наступныя тэрытарыяльныя пераўтварэньні ў Карэліі вырашаліся дзякуючы расейска-швэдзкім зьнешнепалітычным зносінам. У 1500 годзе ўпершыню згадваецца Карэльскі павет (займаў Карэльскі пярэсмык і паўночнае Прыладажжа) у складзе Воцкае пяціны Наўгародзкае зямлі, аднак напрыканцы 1530 — напачатку 1550 гг. гадоў маскоўскі ўрад правёў адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу (вядомую як «губная»), падчас якой Арэшкаўскі, Ладаскі й Карэльскі паветы склалі Карэльскую палову Водзкае пяціны, усходнія карэльскія землі (г.зв. заанескія пагосты) увайшлі ў склад заанескае паловы Абанескае пяціны[7].

Цягам Смутнага часу ў Маскоўскай дзяржаве (1598—1613 гг.) Швэцыя заваёўвае Карэлію й суседнюю Інгерманляндыю, пры гэтым складзены 27 лютага 1617 году Сталбоўскі мір захаваў паўднёвы захад Карэліі за Швэцыяй, якія склалі асобную адміністрацыйна-тэрытарыяльную адзінку краіны — Карэльскае гэрцагства. Рэлігійная палітыка ўраду Швэцыі спрычынілася да ганеньняў на праваслаўнае карэльскае насельніцтва рэгіёну, што заклала пачатак масавага перасяленьня карэлаў у Расею і, у прыватнасьці, спрычынілася да ўзьнікненьня этнагрупы, вядомай як цьвярскія карэлы. У сваю чаргу, швэдзкую Карэлію займалі фінскія перасяленцы з суседняга гістарычнага рэгіёну Сава, што спрычынілася да складаньня субэтнічнае групы фінаў, вядомай як фінскія карэлы. Расейскія землі Карэліі ў 1708 годзе ўвайшлі ў склад Інгерманляндзкае губэрні, якая кіравалася з Санкт-Пецярбургу; з 1710 году губэрня пераназваная ў Санкт-Пецярбурскую.

Складзены ў 1721 годзе Ніштацкі мір разьмярковаў тэрыторыю Карэліі між Расеяй і Швэцыяй і сканчваў між краінамі Паўночную вайну, паводле гэтага міру большая частка сучаснае рэспублікі была далучаная да Расейскай імпэрыі[8]. Тым ня менш, фактычная заваёва суседняга Выбаргу была ажыцьцёўленая ў 1719 годзе празь дзеі Паўночнае вайны, у выніку чаго была ўтвораная Выбарская правінцыя Санкт-Пецярбурскае губэрні, якая існавала да 1744 году і ўключала тэрыторыю Карэльскага пярэсмыку.

Іншыя тэрыторыі Карэліі ў гэтым жа годзе ўключыла Наўгародзкая правінцыя гэтай жа губэрні. У 1741—1743 і 1788—1790 гадах Швэцыя прадпрымала спробы вяртаньня гэтых тэрыторыяў, што, аднак, апынулася беспасьпяховым[9]. 4 верасьня 1776 году было ўтворанае Наўгародзкае намесьніцтва, праз чатыры гады ўтворанае Валагодзкае намесьніцтва, між якімі й была разьмеркаваная тэрыторыя расейскае Карэліі.

У 1781 годзе Алонецкая вобласьць Наўгародзкага намесьніцтва (поўдзень рэспублікі) была перададзеная Санкт-Пецярбурскай губэрні, праз чатыры гады яна была падвышаная да статусу самастойнага намесьніцтва, але ў 1796 годзе гэтая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка была скасаваная. 21 верасьня 1801 году была ўтвораная Алонецкая губэрня, якая ахоплівала поўдзень сучаснае рэспублікі, астатнія тэрыторыі, як і дагэтуль, уключала ўтвораная Архангельская губэрня, якая да гэтага пэрыядычна мяняла статус і да 1784 году падпарадкоўвалася Волагдзе (гл. вышэй). У 1802 годзе адміністрацыйным цэнтрам Алонецкае губэрні стаў горад Петразаводзк, заснаваны як заводзкі пасёлак у 1703 годзе. У 1809 годзе Швэцыя перадае Расеі Фінляндыю, якая атрымлівае ў складзе Расеі аўтаномію як Вялікае Княства Фінляндзкае, пры гэтым праз тры гады расейскі імпэратар Аляксандар I перадаў Фінляндыі Выбарскі рэгіён, вылучаны на той час у якасьці асобнае губэрні.

Гэтая ж тэрыторыя захавалася ў складзе Фінляндыі па абвяшчэньні незалежнасьці краіны ў 1917 годзе, а паводле Тартускае мірнае дамовы 1920 году між Расеяй і Фінляндыяй апошняя адмовілася ад шэрагу тэрыторыяў на ўсходзе Карэліі, раней заваяваных Фінляндыяй у выніку шэрагу спробаў падтрымкі карэльскіх нацыянальных арганізацыяў і зрынаньня бальшавіцкага ўраду ў рэгіёне з боку фінскіх войскаў.

У 1914 годзе Расея будуе незамярзальны порт на Кольскай затоцы, у гэтым жа годзе было прынятае рашэньне пра збудаваньне чыгункі між Мурманскам і Петразаводзкам, што ў сукупнасьці дазволіла б кампэнсаваць транспартную блякіроўкую Расеі, зьдзейсьненую Цэнтральнымі дзяржавамі на Чорным і Балтыйскім морах у рамках Першае сусьветнае вайны.

Распад Расейскай імпэрыі

рэдагаваць
 
Першапачатковы сьцяг Паўночнакарэльскае дзяржавы
 
Другі сьцяг Паўночнакарэльскае дзяржавы

Пачынаючы з распаду Расейскай імпэрыі пасьля рэвалюцыі 1917 году ў рэгіёне ўзьнікае шэраг нацыянальных арганізацыяў, якія канкуравалі з агульнарасейскімі палітычнымі арганізацыямі й ставілі на мэце стварэньне ўласных палітычных утварэньняў на тэрыторыі Карэліі. Некаторыя нацыянальныя арганізацыі разгортвалі сваю дзейнасьць раней: так, у 1905 годзе быў заснаваны Зьвяз беламорскіх карэлаў, які імкнуўся да пашырэньня выкарыстаньня фінскае мовы ў грамадзкім жыцьці й абвяшчаў блізкасьць фінскага й карэльскага этнасаў. У 1911 годзе дзейнасьць арганізацыі была забароненая, але ў 1917 годзе ў фінскім Тампэрэ падобную дзейнасьць таксама арганізавала Карэльскае асьветніцкае таварыства.

3 сакавіка 1917 году ў Петразаводзку быў сабраны часовы камітэт грамадзкае бясьпекі з прадстаўнікоў мескае думы, духавенства, інтэлігенцыі й працоўных места. Неўзабаве ўдзельнікі камітэту дабіліся вызначанае лібэралізацыі (скарачэньне працоўнага дня, падвышэньне заработнае платы) і атрымалі некаторыя мясцовыя паўнамоцтвы. Падобныя камітэты ствараліся таксама ў суседніх Пудажы й Павянцы.

Напрыканцы сакавіка 1918 году падчас дзеяў савецка-фінскае вайны фінскія войскі занялі паўночны ўсход Карэліі, пры дапамозе войска было арганізаванае мясцовае карэльскае самакіраваньне. 21 чэрвеня 1918 году быў зацьверджаны сьцяг дзяржавы, 21 ліпеня 1919 году быў створаны Часовы ўрад Беламорскае Карэліі на чале з С. Ціханавым. 29 сакавіка 1920 году была зацьверджаная новая сымболіка краіны, пры гэтым неўзабаве ўрад дзяржавы, кіруючыся палітыкай самавызначэньня, нададзенай савецкімі ўладамі, аб’явіў незалежнасьць краіны, якая пазьней стала вядомая як Паўночнакарэльская дзяржава. Прысутны на пасяджэньнях прадстаўнік Фінляндыі запэўніў будучае аказаньне падтрымкі, пасьля чаго ў канцы красавіка гэтага ж году дэлегацыя ўраду Карэліі прыбыла на станцыю Белаостраў, дзе камісару савецкіх памежных войскаў было перададзенае патрабаваньне аб аддзяленьні Карэліі ад Савецкае Расеі[10]. У траўні 1920 году ўрад Карэліі быў прызнаны Фінляндыяй, але 18 чысла часткі РСЧА бяз бою ўвайшлі ў сяло Ўхта, дзе месьціўся ўрад Карэліі, пасьля чаго ўрад краіны эвакуяваўся ў суседняе сяло Вакнавалак, адкуль перабралося ў Фінляндыю. Паралельна з гэтым урадам, з 15 траўня 1918 году ў Алонецкай губэрні існаваў г. зв. Алонецкі ўрад, які ў кастрычніку 1920 году быў кааптаваны ў склад Карэльскага аб’яднанага ўраду.

Акрамя гэтага, фінскія войскі паралельна зь дзейнасьцю карэльскіх нацыянальных арганізацыяў праводзілі экспэдыцыі на ўсход Карэліі ў мэтах будучага аб’яднаньня з Карэліяй. 7 сакавіка 1918 году ўрад Фінляндыі ў рамках савецка-фінскае вайны 1918—1920 гадоў выказаў прэтэнзіі на сучасную Карэлію[11]. 21 сакавіка гэтага ж году была арганізаваная экспэдыцыя фінскага войска праз поўнач Карэліі, якая скончылася далучэньнем да Фінляндыі навакольляў вёсак Рэбалы й Порасазера, з красавіка па верасень 1919 году ў выніку пасьпяховага наступу Фінляндыі пад яе кантроль быў узяты поўдзень сучаснае тэрыторыі рэспублікі, Алонецкая Карэлія. У ліпені 1920 году расейская армія выбіла фінскае войска практычна з усёй Карэліі, пакінуўшы пад кантролем Фінляндыі толькі памежныя зь Фінляндыяй Порасазера й Рэбалы, 14 кастрычніка гэтага ж году пасьля чатырохмесяцовых перамоваў Фінляндыя згодна з Тартускім мірам адмовілася ад тэрытарыяльных прэтэнзіяў, у выніку чаго фінска-расейская мяжа ў Карэліі набыла дарэвалюцыйны выгляд[12].

Улетку 1921 году, будучы незадаволенымі нацыянальнай палітыкай Савецкае Расеі й умовамі Тартускага міру, фінскія актывісты на чале зь Я. Такінэнам узьнялі партызанскі рух г.зв. карэльскіх лясных партызанаў (фін. karjalan metsäsissit), які да восені гэтага ж году кантраляваў значную частку Белае Карэліі (паўночныя рэгіёны краю)[13]. У сярэдзіне кастрычніка быў створаны Часовы карэльскі камітэт і абвешчаная мабілізацыя, 6 лістапада адбылося ўварваньне ўзброеных добраахвотнікаў з боку Фінляндыі, якія да сьнежня гэтага ж году занялі захад сучаснае рэспублікі. Тым ня менш, баявыя дзеі й падтрымка карэльскіх паўстанцаў скончылася 21 сакавіка 1922 году шляхам падпісаньня савецка-фінскага пагадненьня аб прыняцьці захадаў па забесьпячэньні некранутасьці савецка-фінскае мяжы. Прыкладна 30 тыс. уцекачоў з Карэліі сышло ў Фінляндыю.

Савецкае кіраваньне

рэдагаваць

8 чэрвеня 1920 году сучасная тэрыторыя Карэліі трапляе ў склад Карэльскае Працоўнае Камуны РСФСР, якая была ўтвораная галоўным чынам з населеных карэламі частак Алонецкай і Архангельскай губэрняў, ейны статус 25 ліпеня 1923 году быў зьменены на аднайменную аўтаномную савецкую сацыялістычную рэспубліку (АКССР), кіроўчыя пасады ў аўтаноміі займалі таксама шэраг камуністычных дзеячоў Фінляндыі, якія перасяляліся ў Карэлію. 5 сьнежня 1936 году аўтаномія перайменаваная ў Карэльскую АССР.

З 1930-х гг. тэрыторыя рэспублікі актыўна выкарыстоўвалася для разьмяшчэньня рэпрэсійных пляцовак (урочышчы Красны Бор, Сандармох) і спэцыяльных папраўчых лягераў (Салавецкі лягер асаблівага прызначэньня). Прыкладам, у 1937 годзе прадугледжваліся рэпрэсійныя захады супраць 3 700 чалавек[14]. У 1938 годзе сучаснай Мурманскай вобласьці была перададзеная поўнач рэспублікі, Кандалацкі раён.

У 1940 годзе на базе КАССР, а таксама марыянэткавага прасавецкага ўраду Фінляндзкае Дэмакратычнае Рэспублікі, які дзейнічаў у памежных заходніх рэгіёнах сучаснае Карэліі й некаторых акупаваных Савецкім Саюзам тэрыторыях Фінляндыі, была ўтвораная шаснаццатая саюзная рэспубліка СССРКарэла-Фінская, якая па Зімовай вайне (1939—1940) была павялічаная за кошт гэтай жа савецкай акупацыі памежных тэрыторыяў Фінляндыі. У 1940 годзе між Фінляндыяй і СССР была заключаная дамова, якая прадугледжвала прызнаньне Фінляндыяй зьменаў на мяжы й эвакуацыю прыкладна 400 тыс. прадстаўнікоў насельніцтва акупаваных савецкімі ўладамі тэрыторыяў.

25 чэрвеня 1941 году ў рамках Другой сусьветнай вайны пачалася савецка-фінская вайна, падчас якой улетку-ўвосень Фінляндыя заняла практычна ўсе перададзеныя СССР тэрыторыі, пасьля чаго праз хуткі час быў заняты Петразаводзк і амаль уся тэрыторыя сучаснае Карэліі. 28 чэрвеня 1944 году пад савецкі кантроль быў вернуты адміністрацыйны цэнтар рэспублікі, 19 верасьня гэтага ж году Фінляндыя пагадзілася прызнаць папярэднія межы і, адпаведна, вяртаньне на карысьць СССР Карэльскага пярэсмыку й усходу Сала (паўночны ўсход Карэліі). Па акупацыі Фінляндыяй тэрыторыяў Карэліі на былыя землі вярнуліся вымушаныя перасяленцы з тэрыторыяў, перададзеных Савецкаму Саюзу ў 1940 годзе, якія, аднак, зноў былі змушаныя зьведаць эвакуацыю па паўторнай перадачы гэтых земляў Карэліі.

Пасьля савецка-фінскай вайны 1941—1944 гадоў Карэльскі пярэсмык быў перададзены суседняй Ленінградзкай вобласьці. З 1944 году Фінляндыя прызнала страту памежных паўднёва-ўсходніх тэрыторыяў, аднак сярод пэўных палітычных рухаў краіны існуе рух г.зв. карэльскага пытаньня, якое дабіваецца вяртаньня гэтых тэрыторыяў пад юрысдыкцыю Фінляндыі. У 1956 годзе Карэла-Фінская ССР была пераназваная ў Карэльскую й пераўтвораная ў АССР, прычынамі чаго маглі стаць меркаваная мажлівасьць выхаду рэспублікі са складу СССР і перавага этнічна расейскага насельніцтва ў рэгіёне. Шэраг гісторыкаў мяркуе, што ўтварэньне Карэла-Фінскае рэспублікі магло стаць своеасаблівай падставай для будучай анэксіі Фінляндыі з боку СССР[15][16].

9 жніўня 1990 году Вярхоўны Савет КАССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце рэспублікі, 4 ліпеня наступнага году Вярхоўным Саветам рэспублікі было прынятае рашэньне аб удзеле ў падпісаньні дамовы аб Саюзе Сувэрэнных Дзяржаваў. 13 лістапада 1991 году па распадзе СССР тэрыторыя Карэльскай АССР была пераўтвораная ў Рэспубліку Карэлія. 31 сакавіка 1992 году дэлегацыя рэспублікі падпісала фэдэрацыйную дамову, канстытуцыя Карэліі была прынятая 28 лістапада гэтага ж году. Пазьней, у 1993, 2001 ды 2006 гадах прымаліся новыя папраўкі ў канстытуцыю, у выніку якіх у рэспубліцы была зацьверджаная пасада кіраўніка рэспублікі, а яе Заканадаўчы Сход скарочаны да аднае палаты. 16 лютага 1993 году зацьверджаны цяперашні афіцыйны сьцяг рэспублікі, пасьля чаго 6 красавіка й 28 верасьня гэтага ж году адпаведна рушылі ўсьлед прыняцьце гімну й гербу.

Насельніцтва

рэдагаваць

Паводле перапісу насельніцтва Расеі ў 2010 годзе, насельніцтва Рэспублікі Карэлія склала 643 548 чал.[17], ацэнка Дзяржаўнага камітэту статыстыкі Расеі на 2014 год падае лічбу ў 634 402 чал.[1] На ўзор большае часткі суб’ектаў Расеі, назіраецца тэндэнцыя да спаду колькасьці насельніцтва ў параўнаньні з паказчыкамі папярэдніх гадоў. Ніжэй прыведзеная статыстыка зьмены паказчыкаў насельніцтва ў рэспубліцы з 1970 году:

Колькасьць насельніцтва
(тыс. чал.)
Нараджэньняў Сьмерцяў Натуральны прырост Агульны каэфіцыент нараджальнасьці
(тыс.)
Агульны каэфіцыент сьмяротнасьці
(тыс.)
Натуральны прырост
(тыс.)
Фэртыльнасьць
1970 714 11 346 5 333 6 013 15,9 7,5 8,4
1975 723 12 748 6 086 6 662 17,6 8,4 9,2
1980 741 12 275 7 374 4 901 16,6 10,0 6,6
1985 770 13 201 8 205 4 996 17,1 10,7 6,5
1990 792 10 553 8 072 2 481 13,3 10,2 3,1 1,87
1991 790 8 982 8 305 677 11,4 10,5 0,9 1,62
1992 788 7 969 9 834 -1 865 10,1 12,5 -2,4 1,46
1993 782 7 003 11 817 -4 814 9,0 15,1 -6,2 1,30
1994 774 6 800 13 325 -6 525 8,8 17,2 -8,4 1,26
1995 767 6 729 12 845 -6 116 8,8 16,7 -8,0 1,24
1996 760 6 461 11 192 -4 731 8,5 14,7 -6,2 1,19
1997 753 6 230 10 306 -4 076 8,3 13,7 -5,4 1,15
1998 747 6 382 10 285 -3 903 8,5 13,8 -5,2 1,18
1999 740 6 054 11 612 -5 558 8,2 15,7 -7,5 1,12
2000 732 6 374 12 083 -5 709 8,7 16,5 -7,8 1,18
2001 725 6 833 12 597 -5 764 9,4 17,4 -7,9 1,25
2002 717 7 247 13 435 -6 188 10,1 18,7 -8,6 1,33
2003 707 7 290 14 141 -6 851 10,3 20,0 -9,7 1,32
2004 696 7 320 13 092 -5 772 10,5 18,8 -8,3 1,31
2005 686 6 952 12 649 -5 697 10,1 18,4 -8,3 1,24
2006 676 6 938 11 716 -4 778 10,3 17,3 -7,1 1,22
2007 667 7 319 11 007 -3 688 11,0 16,5 -5,5 1,28
2008 659 7 682 11 134 -3 452 11,7 16,9 -5,2 1,35
2009 651 7 884 10 599 -2 715 12,1 16,3 -4,2 1,58
2010 644 7 821 10 471 -2 650 12,1 16,2 -4,1 1,58
2011 641 7 711 9 479 -1 768 12,0 14,7 -2,7 1,60
2012 640 7 980 9 761 -1 781 12,5 15,3 -2,8 1,71
2013 636 7 603 9 354 -1 751 12,0 14,7 -2,7 1,66

Згодна зь перапісам насельніцтва гэтага ж году, этнічны склад насельніцтва Карэліі разьмяркоўваўся наступным чынам: расейцы — 82,2%; карэлы — 7,4%, таксама прысутнічалі беларусы (3,8%), украінцы (2%), фіны (1,4%) і вэпсы (0,5%), дзель іншых этнічных групаў у сукупнасьці складала ня больш за 0,5%. 25 880 чалавек не аднесьлі сябе да будзь-якой нацыянальнасьці[17]. З часу першага перапісу насельніцтва ў СССР у Карэліі прасочваецца наступная дынаміка зьмены этнічнага складу насельніцтва:

Нацыянальнасьць 1926 1939 1959 1970 1979 1989 2002 2010
Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель Колькасьць Дзель
расейцы 153 967 57,2% 296 529 63,2% 412 773 62,7% 486 198 68,1% 522 230 71,3% 581 571 73,6% 548 941 76,6% 507 654 82,2%
карэлы 100 781 37,4% 108 571 23,2% 85 473 13,0% 84 180 11,8% 81 274 11,1% 78 928 10,0% 65 651 9,2% 45 570 7,4%
беларусы 555 0,2% 4 263 0,9% 71 900 10,9% 66 410 9,3% 59 394 8,1% 55 530 7,0% 37 681 5,3% 23 345 3,8%
украінцы 708 0,3% 21 112 4,5% 23 569 3,6% 27 440 3,8% 23 765 3,2% 28 242 3,6% 19 248 2,7% 12 677 2,0%
фіны 2 544 0,9% 8 322 1,8% 27 829 4,2% 22 174 3,1% 20 099 2,7% 18 420 2,3% 14 156 2,0% 8 577 1,4%
вэпсы 8 587 3,2% 9 392 2,0% 7 179 1,1% 6 323 0,9% 5 864 0,8% 5 954 0,8% 4 870 0,7% 3 423 0,5%
іншыя 2 194 0,8% 20 709 4,4% 29 869 4,5% 20 726 2,9% 19 565 2,7% 21 505 2,7% 25 734 3,6% 16 422 2,7%

На цяперашні час у Рэспубліцы Карэлія афіцыйны статус мае расейская мова, мовы фіна-вугорскага насельніцтва рэспублікі ня маюць падобнага статусу з прычыны карыстаньня ў пісьмовасьці гэтых моваў лацінскага альфабэту, што, зыходзячы з заканадаўства Расейскае Фэдэрацыі, не надае гэтым мовам мажлівасьці атрыманьня афіцыйнага статусу ў рэспубліцы Расеі. Тым ня менш, 17 сакавіка 2004 году ў Рэспубліцы Карэлія прыняты закон «Аб дзяржаўнай падтрымцы карэльскай, вэпскай і фінскай моваў у Рэспубліцы Карэлія», які вызначае пакет мераў па выкарыстаньні й захаваньні карэльскай, фінскай і вэпскай моваў у рэспубліцы. З канца 1980-х гг. прадпрымаліся іншыя спробы заканадаўчага замацаваньня статусу фіна-вугорскіх моваў рэспублікі, падобныя намаганьні ставіліся таксама ў 1998 і 2000 гг.[18] З 1940 году да 1980-х гадоў у Карэліі афіцыйны статус мела таксама фінская мова поруч з расейскай. Карэльская мова падзяляецца на тры адрозныя дыялекты, лівікаўскі, людзікаўскі і ўласнакарэльскі, пры гэтым з прычыны іх параўнальна высокага разыходжаньня кожны з трох дыялектаў мае ўласную літаратурную мову, наддыялектная літаратурная мова адсутнічае (аднак у 1930-х гг. прадпрымаліся няўдачныя спробы стварэньня падобнае нормы); кожны дыялект мае замацаваны правапіс і выкарыстоўваецца ў друкаваных выданьнях.

У рэлігійным дачыненьні паводле зьвестак на 2012 год 27% ад насельніцтва Рэспублікі Карэлія аднесла сябе да вернікаў расейскага праваслаўя, яшчэ 44% ад насельніцтва рэспублікі аднесла сябе да вернікаў без указаньня канкрэтнага вызнаньня, 2% указалі сваю прыналежнасьць да хрысьціянскае канфэсіі без указаньня пэўнае плыні[19]. З часоў уваходжаньня тэрыторыяў сучаснае Карэліі ва ўплыў усходніх славянаў у рэгіёне здаўна мае трывалыя пазыцыі праваслаўе, дзякуючы палітычным кантактам з Швэцыяй і міграцыі фінскага насельніцтва прыкметную дзель складалі вернікі каталіцкага і, пазьней, лютэранскага спавяданьня. У рэспубліцы дзейнічае некаторая колькасьць лютэранскіх парафіяў.

Культура

рэдагаваць

Карэльскія землі адыгралі вялікае значэньне ў традыцыйнай сьпеўнай культуры Фінляндыі, у прыватнасьці, карэльскі фальклёр складае значную частку карэла-фінскага эпасу Калевала.

Палітыка

рэдагаваць

Рэспубліка Карэлія — адзін з суб’ектаў Расейскае Фэдэрацыі, як і іншыя рэспублікі дзяржавы, паводле канстытуцыі Расеі характарызуецца як дзяржава, што таксама адзначаецца ў мясцовай канстытуцыі, якую паводле расейскага заканадаўства мае рэспубліка ў складзе Расеі. На ўзор іншых суб’ектаў фэдэрацыйных краінаў, паўнамоцтвы на тэрыторыі рэспублікі падзеленыя на фэдэральныя, мясцовыя й зьмяшаныя. 12 лютага 2001 году была зацьверджаная канстытуцыя рэспублікі.

Вышэйшая кіроўчая пасада рэспублікі — кіраўнік рэспублікі, якім зьяўляецца абраны ў траўні 2012 году Аляксандар Худзілайнэн. Рэспубліка мае прадстаўнічы орган — Заканадаўчы Сход, які складаецца з абраных на чатырохгадовы тэрмін пяцідзесяці дэпутатаў.

У сучаснай Фінляндыі дзейнічаюць грамадзкія арганізацыі, якія ставяць на мэце перагляд палітычнага статусу карэльскіх тэрыторыяў, перададзеных у склад СССР у 1940 годзе. Дадзеная палітыка неафіцыйна мае тэрмін карэльскае пытаньне, найбольш значнымі яе прадстаўнікамі зьяўляюцца арганізацыі Karjalan Liitto (бел. Карэльскае таварыства) і ProKarelia.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

рэдагаваць
 
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Рэспублікі Карэлія.

Рэспубліка Карэлія падразьдзяляецца на адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі другога ўзроўню, агульная колькасьць якіх складае 18 і якія ўтрымліваюць адзінкі меншага, сельскага, пасялковага або мескага ўзроўняў. У Рэспубліцы Карэліі разьмешчаныя дзьве мескія акругі (Петразаводзкая й Кандалацкая, эквівалентныя местам абласнога падпарадкаваньня Беларусі), а таксама шаснаццаць муніцыпальных раёнаў, кожны зь якіх, у сваю чаргу, падразьдзяляецца на мескія й сельскія паселішчы (аналягі местаў раённага падпарадкаваньня й сельскіх саветаў, агульная колькасьць — 22 і 87 адпаведна).

Пры стварэньні Карэльскае Працоўнае Камуны быў захаваны павятовы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел, успадкаваны з Алонецкай і Архангельскай губэрні, які ўключаў у сябе Алонецкі, Петразаводзкі, Павянецкі й Кемскі паветы. У 1923 годзе са зьменай статусу ў аўтаномную рэспубліку былі ўтвораныя новыя паветы — Ухцінскі й Паданскі, 3 лістапада 1924 году рэспубліцы была перададзеная частка суседняга Ладзейнапольскага павету Ленінградзкае губэрні. У 1927 годзе быў уведзены падзел на раёны, пры гэтым іх колькасьць паступова скарачалася, а ў 1952 годзе рэспубліка была падзеленая на дзьве акругі, Петразаводзкую й Сягескую, якія праз год былі адмененыя. У 1940 годзе на перададзеных Фінляндыяй тэрыторыях былі ўтвораныя Выбарскі, Кексгальмскі, Куркіёцкі, Піткяранцкі, Сартавальскі, Суаярваўскі й Яскінскі раёны, зь якіх у 1944 годзе ў склад Ленінградзкае вобласьці былі перададзеныя раёны Карэльскага пярэсмыку: Выбарскі, Кексгальмскі й Яскінскі (гл. вышэй).

У 1994 годзе на паўднёвым усходзе рэспублікі ў рэгіёне кампактнага пражываньня вэпсаў была створаная Вэпская нацыянальная воласьць, якая была скасаваная ў 2006 годзе. У гэтым жа годзе на тэрыторыі Расеі была ўсталяваная муніцыпальная рэформа, якая ўвяла новыя назвы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак суб’ектаў краіны (гл. вышэй).

Ніжэй прыведзены пералік адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Карэліі першага ўзроўню, нумар адзінкі адпавядае нумару адзінкі на мапе:

І. Петразаводзкая меская акруга;
ІІ. Кастамуцкая меская акруга;

  1. Беламорскі;
  2. Калевальскі;
  3. Кемскі;
  4. Кондапаскі;
  5. Лахдэнпох’янскі;
  6. Лоўскі;
  7. Мядвежжагорскі;
  8. Муязерскі;
  9. Алонецкі;
  10. Піткяранцкі;
  11. Прыанескі;
  12. Пражынскі;
  13. Пудаскі;
  14. Сягескі;
  15. Сартавальскі;
  16. Суаярваўскі раёны.

Эканоміка

рэдагаваць

Сукупны рэгіянальны прадукт Рэспублікі Карэлія паводле зьвестак на 2007 год складаў 109,5 млрд расейскіх рублёў, што ў пераліку на душу насельніцтва складала 151 210 рублёў на душу насельніцтва, што, у сваю чаргу, менш за агульнарасейскі паказчык у 198 817 рублёў[20]. У 2010 годзе сукупны рэгіянальны прадукт рэспублікі налічваў 127 733,8 млн расейскіх рублёў.

У прамысловых галінах Карэліі пераважаюць лясны й дрэваапрацоўчы сэктары эканомікі. Нарыхтоўка лесу ажыцьцяўляецца пры дапамозе вялікае колькасьці адносна малых прадпрыемстваў, у той час як цэлюлёзна-папяровая вытворчасьць галоўным чынам засяроджаная на пяці буйных прадпрыемствах рэспублікі, якімі вырабляецца прыблізна чвэрць ад агульнае вытворчасьці паперы ў Расеі. Аб’ём продажаў сярод трох найбуйнейшых кампаніяў цэлюлёзна-папяровае галіны Карэліі ў 2001 годзе складаў 328,8 млн даляраў[2]. Здабыўчая дзейнасьць паводле зьвестак на 2007 год складала 30% ад усяго аб’ёму прамысловае вытворчасьці рэспублікі, у Карэліі месьцяцца 53 адпаведных прадпрыемствы, на якіх занята 10 тыс. чалавек[21]. Апрацоўчая вытворчасьць ад агульнага аб’ёму вытворчасьці ў 2007 годзе складала 56,4%, зь якіх 23,6% прыпадалі на цэлюлёзна-папяровую галіну, 7,9% — на галіны мэталаздабычы й мэталаапрацоўкі, 7,1% — на галіны дрэваапрацоўкі, 5,8% — на вытворчасьць харчовых тавараў, 3,9% — на машынабудаваньне; вытворчасьць і разьмеркаваньне электраэнэргіі, газу й вады складала 13,6% ад вытворчасьці рэгіёну.

Асноўнымі экспартнымі партнэрамі рэспублікі ў 2001 годзе зьяўляліся Фінляндыя (32% ад агульнага аб’ёму экспарту), Нямеччына й Нідэрлянды (па 7%) і Вялікабрытанія (6%)[2]. Сярод экспартных тавараў галоўнае месца займалі лесаматэрыялы (больш за 50% экспарту), жалезарудны пэлет (13—15%), папера й кардон (6—9%), а таксама піламатэрыялы (5—7%). Прыкметнае значэньне маюць эканамічныя інвэстыцыі з боку Фінляндыі[2].

Транспарт

рэдагаваць

У Карэліі адзначаецца даволі шырокая сетка транспартнай інфраструктуры.

Праз усю тэрыторыю Карэліі праходзіць Кіраўская чыгунка, якая злучае рэспубліку з суседняй Мурманскай вобласьцю й Санкт-Пецярбургам, а таксама Масквой і Фінляндыяй. Чыгунка таксама праходзіць праз адміністрацыйны цэнтар рэспублікі места Петразаводзк.

Водныя камунікацыі аб’ядноўваюць тэрыторыю Карэліі з Баранцавым, Балтыйскім, Чорным і Касьпійскім марамі дзякуючы сыстэме рэк, азёраў і водных каналаў. Існуе сетка аўтамабільнае камунікацыі, зь іншымі рэгіёнамі Расеі й Фінляндыяй існуе авіяцыйнае паведамленьне.

  1. ^ а б в Гл. зьвесткі на партале Дзяржаўнага камітэту статыстыкі Расейскае Фэдэрацыі.
  2. ^ а б в г Republic of Karelia // Russia: All Regions Trade & Investment Guide. — CTEC Publishing LLC, 2003.
  3. ^ С. Кочкуркина. Прибалтийско-финские народы России. — М.: 2003.
  4. ^ А. Б. Варенов. Карельские древности в Новгороде. Опыт топографирования // Новгород и Новгородская Земля. История и археология. — № 11/97.
  5. ^ Кочкуркина С. И. Археологические памятники Корелы в V-XV вв. — Л.: Наука, 1981. — 158 с.
  6. ^ А. Белы. Нарымонт // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
  7. ^ История Карелии с древнейших времен до наших дней / науч. ред. Н. А. Кораблев и др. — Петрозаводск: Периодика, 2001. — 944 с. — ISBN 5-88170-049-X
  8. ^ Никифоров Л. А. Внешняя политика России в последние годы Северной войны. Ништадский мир. — М.: 1959.
  9. ^ Frost, Robert I. The Northern Wars. War, State and Society in Northeastern Europe 1558–1721. — Longman, 2000. — С. 296. — ISBN 951-99487-0-8
  10. ^ Дубровская Е. Ю. Судьбы приграничья в „Рассказах о Гражданской войне в Карелии“ / Составитель О. П. Илюха. — Межкультурные взаимодействия в полиэтничном пространстве пограничного региона: Сборник материалов международной научной конференции. — Петрозаводск: КарНЦ РАН, 2005. — С. 102—105.
  11. ^ Похлёбкин В. В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах. — Вып. II. Войны и мирные договоры. Кн.3: Европа в 1-й половине XX в. Справочник. — М.: 1999. — С. 140.
  12. ^ 3 // League of Nations Treaty Series. — С. 6—79.
  13. ^ Niinistö, Jussi. Heimosotien historia. — SKS, 2005. — С. 239.
  14. ^ Басова Н. А., Сорокина Т. В. Репрессии против заонежских священников в 1937 г. / ред. И.В.Мельников, Р.Б.Калашникова // Кижский вестник. — Петрозаводск: 2004. — № 9.
  15. ^ Ronald Arthur Helin. Economic-geographic Reorientation in Western Finnish Karelia: A Result of the Finno-Soviet Boundary Demarcations of 1940 and 1944. — National Academy of Sciences, National Research Council, 1961. — С. 101.
  16. ^ Rein Taagepera. The Finno-Ugric Republics and the Russian State. — C. Hurst & Co. Publishers, 1999. — С. 109. — ISBN 1850652937
  17. ^ а б Усерасейскі перапіс насельніцтва-2010. Том 1. Колькасьць і разьмяшчэньне насельніцтва (рас.). Дзяржаўны камітэт статыстыкі Расейскае Фэдэрацыі. (2010). Праверана 23 жніўня 2014 г.
  18. ^ Наталья Антонова. (2004) Карельский, вепсский и финский языки получили государственную поддержку в Республике Карелия (рас.) Афіцыйны партал органаў дзяржаўнае ўлады Рэспублікі Карэлія. Праверана 20 жніўня 2014 г.
  19. ^ Республика Карелия (рас.). Арена. Атлас религий и национальностей России (2012). Праверана 20 жніўня 2014 г.
  20. ^ Валовой региональный продукт на душу населения (рублей) (рас.). Фэдэральная служба дзяржаўнае статыстыкі Расейскае Фэдэрацыі (2007). Праверана 20 жніўня 2014 г.
  21. ^ Горнопромышленный комплекс республики подвел итоги работы за полугодие (рас.) Афіцыйны партал органаў дзяржаўнае ўлады Рэспублікі Карэлія. Праверана 20 жніўня 2014 г.

Літаратура

рэдагаваць
  • Мулло И. М. Памятники истории и культуры Карелии. — Петрозаводск: Карелия, 1984. — 240 с.
  • Пашков А. М. Гербы и флаги Карелии. — Петрозаводск: Карэко, 1994. — 351 с.
  • Писцовые книги Новгородской земли / сост. Баранов К. В. — М.: «Древнехранилище», «Археографический центр», 1999. — Т. 1.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць